упача́тку, прысл.

Спярша, спачатку. Гэтая сустрэча, радасная ўпачатку, пад канец зусім сапсавала .. настрой [Івана Іванавіча]. Быкаў. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны. // На самым раннім этапе. Вясна была яшчэ ўпачатку, Але снягі ўжо раставалі, І дружна ў полі балбаталі Раўкі, рачулкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

упо́тайку, прысл.

Разм. Тое, што і употай. На вечары засталася толькі моладзь. Сярод яе была нават адна сама па сабе прывабная дзяўчына Вера Іжыцкая, з заняпалага дваранскага роду. Лабановіч употайку наглядаў за ёю. Колас. Аўстра замілавана глядзела на .. [Каспара]. «Не, не можа быць, каб такі хаваў нешта ўпотайку ад мяне». Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урукапа́шную, прысл.

Змагаючыся з праціўнікам ручной зброяй, рукамі. Гвардзейцы другой роты, на якую была накіравана нямецкая атака, прапусцілі ўсіх у сваё размяшчэнне, далі жанчынам магчымасць разбегчыся і толькі пасля гэтага кінуліся ўрукапашную. «Маладосць». З мядзведзем тады біліся ўрукапашную: камень пад рукою — дык каменем, дубіна — дык дубінаю, рагаціна — дык рагацінаю. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хле́бніца, ‑ы, ж.

1. Дзяжа, у якой рашчыняюць хлеб. Хлебніца была пакрыта надзежнікам.

2. Талерка ці карзінка для хлеба. Афіцыянтка на дзіва хутка прынесла заказ: хлеб, памідоры, салат і графінчык з залацістым напіткам. І нібы між іншым на хлебніцы побач з хлебам ляжаў рахунак. Дамашэвіч. // Невялікая скрынка для захавання хлеба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цыклі́чнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць цыклічнага; чаргаванне. У «Гусляры» паэт [Я. Купала] авалодваў таксама кампазіцыяй, у аснове якой была цыклічнасць падзей, звязаных ці з земляробчай працай, ці са зменаю пор года. Лойка.

2. Сістэма арганізацыі вытворчасці, пры якой яна складаецца з вытворчых цыклаў, якія ажыццяўляюцца строга па графіку. Цыклічнасць вытворчасці. Графік цыклічнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кабы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Памянш.-ласк. і зніж. да кабыла. Пярэстая кабылка худая, нядужая, а натурыстасць у яе была такая, што ва ўсім жывёльным свеце падобнай не знойдзеш. Кулакоўскі. Худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбай. Колас.

2. Драўляная падстаўка пад струны ў музычных інструментах (скрыпцы, балалайцы і пад.).

3. Адна з дзвюх пласцінак з калёсікамі ў кроснах, да якіх падвешваюцца ніты.

4. Тое, што і кабыла (у 2 знач.). — Мне расцягвалі жылы і косці. І пасля гэтага я не прызнаваўся.. Але, калі ізноў паставілі мяне на кабылку, я не вытрываў, змогі не было вытрываць. Колас.

•••

Была кабылка, ды з’ездзілася — пра тое, што страціла свае вартасці, перастала быць карысным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзьмуць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Несці, гнаць струмень паветра; веяць (пра вецер). Дзьмуў лёгкі ветрык, ласкаючы твар і зганяючы спякоту. Гартны. Ноч была халаднаватая, вецер дзьмуў няроўна: і гусцеў і зменшваўся. Чорны. / у безас. ужыв. Была ўжо глыбокая восень. Дзьмула халоднымі вятрамі, напаўняла канавы дажджом. Ракітны. // безас. Цягнуць, прабіваць (пра скразняк). — Настаюць сапраўдныя халады. Вы бачыце, як дзьме праз вокны?.. Скразняк! Грамовіч.

2. З сілаю выпускаць з рота струмень паветра. Дзьмуць на агонь. □ І хлопчык стаў у дудку дзьмуць, Гамоніць дудка галасліва. Колас. Коля стаяў на каленях і дзьмуў на невялікі грудок сухіх галінак. Ставер.

•••

І ў вус (сабе) не дзьме — не звяртае ўвагі на што‑н., не турбуецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падзя́ка, ‑і, ДМ ‑дзяцы, ж.

Пачуццё ўдзячнасці за што‑н. добрае. Выказаць падзяку. □ Відаць, у падзяку за давер Саша хацеў расказаць пра дзяўчыну як можна больш харошага і прыемнага. Кулакоўскі. У .. вялікіх карых вачах [Лазарэўскай] была ціхая падзяка і даверлівасць. Паслядовіч. // Словы або іншы знак выражэння гэтага пачуцця, а таксама што‑н. матэрыяльнае, што даецца ў знак удзячнасці. Адчуўшы ў руках жаданыя кнігі, Ігнась прамармытаў нейкую падзяку і выйшаў. Мурашка. За радасць, шчасце наша Маскве падзяку шлём. Астрэйка. [Міхал:] А прынясеш што — без падзякі Ужо не выпусціць, заплаціць, А на дарэмшчыну не квапіць. Колас. // Афіцыйная высокая ацэнка чыёй‑н. работы. Абвясціць падзяку. □ Алесю Голубу ад мясцовых органаў за пільнасць і аказаную дапамогу ў выяўленні злачынцаў была вынесена падзяка. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сабра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сабраць.

2. у знач. прым. Які ўмее з’асяродзіцца, сканцэптраваць увагу, думкі на чым‑н. важным. Ураўнаважаны, унутрана сабраны, сядзіць Ігнат Грынявіцкі. Мехаў. // Стрыманы, валявы, заўсёды гатовы да якога‑н. дзеяння. У ім [Ярмоленку] была затоеная, сабраная ўнутраная сіла, упартасць салдата. Сіўцоў. У гэтым быў увесь Вуйніцкі — сабраны, падцягнуты і сам прасякнуты пачуццём дысцыпліны. «Полымя». // Акуратны, упэўнены, дакладны. Хада другога [Паходні] была больш сабраная, крокі раўнейшыя і больш упэўпеныя, нібы ён добра бачыў у цемры. Хадкевіч.

3. у знач. прым. Стройны, зграбны, падцягнуты (пра фігуру, паставу). Фрунзе ўвайшоў у кабінет — падцягнуты, сабраны. Гурскі. І словы, што [Зося] вымаўляла, і іскрысты позірк, і ўся тонкая, сабраная постаць нібы ўвасаблялі энергію і волю. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чырво́нец, ‑нца, м.

1. Руская назва замежных залатых манет у дапятроўскай Русі.

2. Руская залатая манета вартасцю ў тры рублі, якая была пашырана ў Расіі ў 18–19 стст. // Уст. Руская залатая манета вартасцю ў пяць і дзесяць рублёў, якая была ва ўжытку ў дарэвалюцыйнай Расіі.

3. Грашовы крэдытны білет вартасцю ў дзесяць рублёў, які быў ва ўжытку ў СССР з 1922 да 1947 г. // Дзесяць рублёў. Новыя — у руках шапацяць, як бярэш, — чатыры чырвонцы прыйшліся Адасю. Калюга.

4. звычайна мн. (чырво́нцы, ‑аў). Разм. Наогул манеты, золата, грошы. Песня мая не шукае чырвонцаў. Купала. А сёння стаіць вось у сонцы І вочы красою чаруе. Такую не ўзяць за чырвонцы, — Душу аддасі за такую. Буйло.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)