варо́чацца 1, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да вярнуцца 1.
варо́чацца 2, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Паварочвацца, пераварочвацца з боку на бок. Доўга не мог [Мікіта] заснуць, усёварочаўся з боку на бок, скідаючы з сябе коўдру. Галавач. // Разм. Рухацца, варушыцца. Тыя, хто ведаў, што ў зале вось-вось павінна паявіцца дэлегацыя сялян, неспакойна варочаліся, аглядаліся і гэтым парушалі цішыню. Барашка.
2. Круціцца, вярцецца. Магчыма, там грыміць пярун? Ці дзе варочаюцца жорны? Дубоўка. Хвалі злосна штурхалі нязграбную лодку, яна цяжка варочалася на адным месцы, увесь час памыкаючыся стаць бокам пад вецер. Зарэцкі.
3. Хіліцца, нахіляцца на бок. Марцін ішоў з аднаго боку, Гілёрык — з другога і дзяржалі вулей, каб ён не варочаўся. Колас.
4. Зал. да варочаць 2 (у 1–3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лі́шні, ‑яя, ‑яе.
1. Які перавышае патрэбную ці ўстаноўленую колькасць, норму. Лішні экземпляр кнігі. Лішнія грошы. □ [Гарлахвацкі:] Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце... Крапіва. // Празмерны, залішні. У пакоі свежа, хвоі, стоячы каля самых вокан, не прапускаюць у дом лішняга сонца. Лужанін. [Егер] трымаў сябе вельмі асцярожна, не дазваляючы сабе ніводнага лішняга руху. В. Вольскі.
2. Такі, без якога можна абысціся; непатрэбны. [Дзіміна:] Кашын патрэбен быў пры штурмаўшчыне. Пры рытмічнай жа рабоце ён лішні. Карпаў. // Непажаданы. Марыля зрабілася зусім чужой і лішняй у .. хаце. Брыль. Сцёпка дастаў з кішэні некалькі памятых лісткоў, азірнуўся, каб не было лішніх сведак. Колас.
3. Дадатковы, дабавачны. — Маленькі агонь можна і ў будане трымаць. — Дым будзе, ды і месца для яго лішняе трэба. Маўр.
•••
Без лішніх слоў гл. слова.
Лішняя капейка гл. капейка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лю́стра 1, ‑а, н.
1. Адшліфаваная паверхня (шкла, металу), здольная даваць адбіткі тых прадметаў, якія знаходзяцца перад ёю, а таксама спецыяльна зроблены прадмет з такой паверхняй. Алёша спыніўся ў вестыбюлі перад вялікім люстрам і спачатку нават не пазнаў сябе. Васілевіч. // перан., чаго. Спакойная, гладкая паверхня вады. Нерухомае возера-старыца нібы застыла, ашклела, люстра яго з незвычайнай яскравасцю адбівала такія ж нерухомыя хмары і дубы. Шамякін.
2. перан.; чаго. Аб тым, што з’яўляецца адлюстраваннем якіх‑н. з’яў, працэсаў і пад.; адбітак. Паэзія, па думцы Купалы, павінна быць праўдзівым люстрам жыцця народа. Івашын.
3. Спец. Паверхня, плошча чаго‑н. Люстра гарэння. Люстра цыліндра.
лю́стра 2, ‑ы, ж.
Падвесны асвятляльны прыбор з некалькімі крыніцамі святла (электралямпамі ці свечкамі) і аздобленай арматурай. Вялікая люстра пад столлю запалілася мяккім рассеяным святлом. Васілёнак.
[Фр. lustre.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ля́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Дзіцячая цацка ў выглядзе фігуркі чалавека. Гуляць у лялькі. □ Дзеці бегалі, крычалі, складалі з кубікаў розныя хітрыя і няхітрыя пабудовы, вазілі ў аўтамабілях лялек. Якімовіч. Як маленькую сяброўку, Ляльку любіць Каця: То расчэша ёй галоўку, То памые плацце. А. Александровіч. // Макет фігуры чалавека ці жывёлы для тэатральных прадстаўленняў, ігрышч і пад. Тэатр лялек.
2. Разм. Пра каго‑, што‑н. вельмі прыгожае, прывабнае па свайму знешняму выгляду. Шалёўка .. ўсюды, пафарбаваныя дзверы, вокны, аканіцы — лялька, а не хата стаіць... Васілевіч. Праз тыдзень Кабінет прасторны Лялькай стаў. Корбан.
•••
Як лялька — прыгожы, зграбны, прывабны. [Сабастыяніха:] — Дзяўчына, як лялька, адно паглядзець на яе. Чорны. Дамок быў трэці ад ракі з правага боку, абшаляваны і пафарбаваны. Як лялька дамок. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Тое, што і ляцець (у 1 знач.), з той толькі розніцай, што лятаць абазначае дзеянне, якое паўтараецца ці адбываецца ў розных кірунках. Зграі крумкачоў ляталі ў паветры, апускаліся сям-там на гарачых папялішчах. Лынькоў. На ўласныя бачыў я вочы, Як чайкі над морам ляталі. Бялевіч. // Мець здольнасць трымацца і перамяшчацца ў паветры. Не ўсе птушкі лятаюць. З нар.
2. перан. Разм. Хутка бегаць, хадзіць, ездзіць, насіцца. З палаты ў палату .. [Марына] лятала быццам на крыл[ах] у сваім лебядзіна-белым халаце і накрухмаленай касынцы. Грамовіч. А немцы ляталі па полі, перапорвалі кусты і канавы — усё шукалі парашутыста і не маглі знайсці. Дайліда. // Хутка рухацца. Лятаюць рукі па клавішах.
•••
Летам лятаць — тое, што і летам ляцець (гл. ляцець).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́сці, мяту́, мяце́ш, мяце́; мяцём, мецяце́; пр. мёў, мяла́, мяло́; незак., што.
1. Ачышчаць якую‑н. паверхню ад смецця, пылу мятлой, шчоткай і пад. Месці вуліцу. □ Як толькі замільгалі ў акне чырвонаармейскія шапкі, «дзяўчына» старанна ўзялася месці хату. Крапіва.
2. З сілай гнаць, пераносіць што‑н. з месца на месца. Вецер мяце сухі снег.., і, здаецца, што дзесьці адчышчаюць іржавыя нажы наждачнаю шкуркаю ці сыпкім жвірам. Лужанін. Калі садзяць сады, вецер лісце мяце І на сцежках сляды засыпае. Прыходзька. // без дап. З сілай ісці, кружыць (пра мяцеліцу, завею). І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі. Завея мяце, завывае, намятае вялізныя сумёты. Лынькоў. / безас. Пайшоў снег, пачало месці, зраўняла і дарогу, і поле... Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кацёл, катла, м.
1. Металічная пасудзіна акруглай формы і розных памераў для награвання вады, гатавання ежы і пад. Пад дашчатым навесам гарэў агонь, у катле варылася вячэра. Шчарбатаў. Чвэрць кухні займала нізкая ёмкая печ з двума ўмураванымі катламі для награвання вады і для варкі бульбы. Колас. // Пра харчаванне з агульнай кухні. Партызанскі кацёл. Армейскі кацёл. □ Побач .. спрачаліся дзве кабеціны: рэзаць цяля для агульнага катла на сенакос ці не. Ваданосаў.
2. Закрытая пасудзіна для выпрацоўкі пары. Паравы кацёл. □ А ўжо з катлоў, зноў-такі па трубах, вада, ператвораная ў сухую пару, пойдзе ў турбіну. Краўчанка.
3. Поўнае акружэнне вялікіх варожых групіровак. Папасці ў кацёл. Бабруйскі кацёл.
•••
Як піўны кацёл — вельмі вялікіх памераў (пра галаву чалавека).
Як у катле кіпіць гл. кіпець.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наве́рх,
1. прысл. На верхнюю частку чаго‑н., у напрамку да верху чаго‑н. Усеўся зубр бліскучы Наверх на радыятар. Аўрамчык. Мільёны вялікіх і дробненькіх рыб Наверх усплываюць, ныраюць углыб. Глебка. // На верхні паверх. І тут раптам абставіны змяніліся: мяне перавялі працаваць наверх, на кухню. Даніленка.
2. прысл. На знешні бок; з сярэдзіны на паверхню. Смала выступіла наверх. □ Мядзведзя граў хлапчук.., апрануты ў вывернуты шэрсцю наверх кажух. Бядуля. // перан. На паверхню. Праўда выйдзе наверх.
3. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, на верхнюю частку якіх ці паверх якіх накіравана дзеянне. [Букрэй] сядзеў на бярвеннях каля агню, накінуўшы наверх салдацкага шыняля яшчэ болей шырокае, чым ён сам, шляхецкае футра з шырачэзным каўняром. Колас.
•••
Выйсці (усплыць) наверх гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неразлу́чны, ‑ая, ‑ае.
Які ніколі не разлучаецца, заўсёды знаходзіцца разам з кім‑н. Здарылася так, што неразлучныя сябры разлучыліся: загад ёсць загад. Васілёнак. Міхаліна забяжыць па сваю неразлучную сяброўку Джэму Рог ці Джэма па яе, а там глядзіш — выходзяць з двароў дзяўчаты, то адна, то другая. Палтаран. // Які знаходзіцца заўсёды пры кім‑, чым‑н. (аб прадметах). Прыйшоў, накульгваючы пасля ранення, неразлучны са сваім кіёчкам, старшыня калгаса Іван Ануфрыевіч Грабок. Краўчанка. // Які з’яўляецца адным цэлым, адзіным. Магутна, велічна гучыць наш гімн, які спяваюць тыя, для каго ён цяпер неразлучны са словамі воля і шчасце. Брыль. // Які заўсёды звязаны з чым‑н. (аб пачуццях, з’явах). Прыйшло каханне, а разам з ім і яго неразлучныя спадарожнікі: шчасце і пакуты... Васілевіч. [Настаўнік:] — Страх і цемната — неразлучныя прыяцелі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
неўгамо́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не можа супакоіцца, утаймавацца; вельмі рухавы. Неўгамонныя дзеці. □ Журботныя думкі навявалі гэтыя могілкі сваёю закінутасцю і адзіноцтвам. Толькі неўгамонныя птушкі парушалі зняменне і цішыню. Колас. Дагасалі ліхтарыкі светлякоў, неўгамонныя матылі кідаліся над вогнішчам і трапяткімі пялёсткамі падалі на росную траву. Самуйлёнак. // Які не спыняецца, не змаўкае. Цішыня, толькі неўгамонны шум мора і соснаў парушаюць яе. Хадкевіч.
2. Неспакойны, турботны. Пасёлак спіць, і ціха ўсюды, Хіба што ў хаце дзе якой Дзіця заплача з перапуду Ці птушка свісне за ракой. І толькі ў дзедавай каморы У тон знямелае цішы Дзве неўгамонныя душы Вядуць сакрэтна разгаворы. Колас. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Адноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)