перадо́к, ‑дка, м.

1. Тое, што і перад ​1 (у 1 знач.).

2. Пярэдняя палавіна калёс, саней і пад. [Стараста] стаяў на каленях у перадку рысоркі і дзвюма лейчынамі люта сцябаў і без таго ўзмыленых коней. М. Ткачоў. Стукаюць камякі снегу аб перадок, вішчаць і спяваюць палазы. Хомчанка. // Пярэдняя развадная частка калёс, машын і пад. Каваль.. з ранку да вечара рамантаваў са сваімі памочнікамі плугі, бароны, перацягваў колы, акоўваў перадкі. Курто. Перад.. [Святланаю] ляжаў коламі ўверх перадок газіка. Кулакоўскі.

3. Двухколка са снараднай скрыняй, прызначаная для перавозкі гармат. «Саракапятчыкі» — маладыя загарэлыя хлопцы з голенымі галовамі — адчапілі сваю гармату ад перадка і пакацілі. Карпюк.

4. звычайна мн. (перадкі́, ‑оў). Тое, што і перад (у 3 знач.). Бот з хромавымі перадкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перашко́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Тое, што перагароджвае шлях, перапыняе, затрымлівае рух. Прыродныя перашкоды. □ Бліснула сталь, і калючая перашкода была прарвана. Самуйлёнак. Тваім цудоўным песням-гукам Ні перашкод няма, ні меж. Астрэйка. // пераважна мн. (перашко́ды, ‑код). Роў, узвышэнне або іншая загарода, прызначаная для пераадольвання ў мэтах ваенна-спартыўнай падрыхтоўкі. Браць перашкоды. Бег з перашкодамі. □ Партызаны займаліся ў глыбіні лесу звычайнай салдацкай справай: вучыліся перабягаць пад агнём, перапаўзаць, акопвацца, пералазіць праз розныя перашкоды, кідаць гранаты. Шамякін.

2. перан. Тое, што перапыняе якое‑н. дзеянне, затрымлівае ажыццяўленне чаго‑н.; цяжкасць. Бюракратычныя перашкоды. □ На жыццёвым шляху ў.. [каменданта] не было ніякіх перашкод. Шамякін. На радасць хлапчуком, маці .. дома не было, і яны сабраліся ў дарогу без перашкод. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. на што і без дап. Паступаць нейкім чынам у адказ на што‑н., праяўляючы свае адносіны да чаго‑н. Сыпаліся ўдалыя запытанні і адказы, аўдыторыя рэагавала то востраю цішынёю,.. то лёгкім смехам. Лужанін. Вінцэнт не адыходзіў ад стала, ён гэтак рэагаваў на мае папраўкі, на маё выкрэсліванне, быццам я кроіў не тое, што ён напісаў, а рэзаў тупым нажом яго жывое цела. Сабаленка. Як не аднеквайся, як не абурайся, усё ж на скаргу ў газету неабходна рэагаваць. «Звязда».

2. на што. Адказваць якімі‑н. рухамі, рэфлексамі на тое ці іншае раздражненне. Рэагаваць на святло. Сэрца па-рознаму рэагуе на фізічную пагрузку.

3. Уступаць у хімічную рэакцыю. Вокіслы цяжкіх металаў з вадой не рэагуюць.

[Ад лац. re — проці і agere — уздзейнічаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

све́тач, ‑а, м.

1. Уст. Тое, што і дзед ​3. Датлела ў светачы лучына, Памалу вочы жмурыць сон. Танк. Здавалася тады, што ў хаце ля стала гарыць у светачы смаляны агарак. Пташнікаў.

2. перан. Пра тое, што з’яўляецца носьбітам праўды, свабоды, культуры і пад. Як магутная сіла сусветнай сацыялістычнай садружнасці, як несакрушальная цытадэль міжнароднай салідарнасці, як светач міру і сацыяльнага прагрэсу ўзвышаецца сёння наша вялікая Радзіма — правобраз будучага сусветнага брацтва працоўных. Машэраў. О радзіма! мой светач цудоўны, адзіны, Явар мой, мой агністы снягір на сасне. Караткевіч.

3. перан. Пра таго, хто нясе з сабою ісціну, асвету, свабоду і пад. На разняволенай зямлі Шлях асвятліў нам светач вечны: І Правадыр, і Чалавек, І мудры, і сардэчны. Пушча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старо́ства, ‑а, н.

Гіст.

1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.

2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то́рмаз, ‑а і ‑у; мн. тармазы, ‑оў; м.

1. ‑а. Прыстасаванне для запавольвання або спынення руху машыны, цягніка і пад. Ручны тормаз. Аўтаматычны тормаз. □ Машына, гучна скрыгануўшы тармазамі, спынілася. Ваданосаў. У машыне раптам закрычаў чалавек — нема, бы яго разануў хто. Заскрыпелі тармазы. Пташнікаў. // Пляцоўка чыгуначнага вагона, дзе знаходзіцца такое прыстасаванне. На тормазе нікога больш не было, і Сцёпка адчуваў сябе вольна. Колас.

2. ‑у. Тое, што і тармажэнне. Выхад адзін — кінуць машыну і выбрацца з горада пешшу. Тормаз. Машына спынілася. Пятніцкі. Вацік даў трактару тормаз, прарэзлівым лопатам аглушыў Харытона. Баранавых.

3. ‑у; перан. Тое, што з’яўляецца перашкодай у развіцці чаго‑н. Пераправа адыграла сваю ролю ў першыя месяцы будоўлі, а цяпер з яўляецца тормазам усяго ходу работ. Грахоўскі.

[Грэч. tormos — адтуліна, утулка.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уце́ха, ‑і, ДМ уцесе, ж.

1. Радасць, забава. Уцехі лепшай не згадаць малому: Кусалі яблыкі на дзве шчакі, Тапталі залацістую салому, Гарохавыя лушчылі стручкі. Гаўрусёў. // Задавальненне. Абудзіўшыся ўранку ад штуршка, Васіль убачыў над сабою Яўхіма Карча, які, мусіць, вяртаўся з начной уцехі. Мележ. [Усцін Тарасавіч:] Не таіся, было, што ты балюча крыўдзіў жанчын, браў ад іх толькі кароткія ўцехі. Марціновіч. // Той, хто (або тое, што) з’яўляецца крыніцай, прадметам задавальнення, радасці. Гэта, у школу праводзячы сына, Ад глыбінь усяго пачуцця Шэпча маці ўцесе адзінай: — Мір табе, дарагое дзіця! Глебка. — Сад быў яго [Захарыя] уцехай, крыніцай ягоных радасцей, месцам адпачынку. Самуйлёнак.

2. Той, хто (або тое, што) прыносіць радасць, задавальненне. [Жанчына:] — Толькі ў працы і знаходзіш уцеху. Шамякін. Вышамірскаму асталася адна ўцеха — успаміны. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адня́ць, -німу́, -німеш, -німе; -ня́ў, -няла́, -ло́; -німі́; адня́ты; зак.

1. што. Аддзяліць ад чаго-н., адвесці ўбок.

А. драбіны ад сцяны.

2. што. Тое, што і ампутаваць.

А. хвораму нагу.

3. што. Паменшыць лік на некалькі адзінак.

Ад пяці а. два.

4. што. Прымусіць патраціць час, сілы і пад.

Нарада адняла цэлы дзень.

5. безас., што. Паралізаваць, пазбавіць здольнасці гаварыць, хадзіць і пад.

Адняло мову.

Адняло ногі.

|| незак. адніма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е і адыма́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. адніма́нне, -я, н. і адыма́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мільга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.

1. З’яўляцца, паказвацца на кароткі час і знікаць.

Між дрэў мільгала постаць.

2. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Хутка праносіцца адзін за адным.

Мільгалі тэлеграфныя слупы.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Тое, што і мігаць (у 3 і 4 знач.).

Мільгаюць агеньчыкі.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Праносіцца ў свядомасці.

Ужо не раз мільгала думка стаць ляснічым.

|| аднакр. мільгану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́.

|| наз. мільга́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

каро́на, -ы, мн. -ы, -ро́н, ж.

1. Галаўны ўбор манарха з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца сімвалам улады манарха.

Царская к.

2. перан. Улада, першынство ў чым-н.

Барацьба за карону.

Барацьба за шахматную карону.

3. Тое, што і крона¹.

4. Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення (спец.).

Сонечная к.

5. у знач. прысл. каро́най. Вакол галавы (пра жаночую прычоску).

Улажыць касу каронай.

Карона з галавы не зваліцца (не спадзе) (разм.) — гонар не будзе закрануты, аўтарытэт не пацерпіць.

|| прым. каро́нны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)