перакруці́цца, ‑кручуся, ‑круцішся, ‑круціцца; зак.

1. Павярнуцца кругом, процілеглым бокам або канцом. На сярэдзіне рэчкі кругляк перакруціўся, [плывец] бухнуўся галавой у ваду, а ногі са шкарпэткамі задраліся ўгору! Колас. Юрка скінуў шапку і, папляваўшы на рукі, так пацягнуў пілу, што аж палена перакруцілася. Курто. Жанчына ўздрыганулася і, як вяртлявы звярок, у момант перакруцілася тварам да чалавека — у профіль да акна. Чорны. — Во! Гэта дарэчы! — перакруціўся на адной назе Віктар. Маўр.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сапсавацца ад частага або празмернага закручвання. Кран перакруціўся. // Распасціся напалам, на часткі ад кручэння. Алюмініевы дрот лёгка перакруціўся.

3. перан. Разм. Рэзка перамяніцца, перайначыцца. Віхляй уголас пераказваў Вінцусю Шавелю нечаканае яму рашэнне акругвыканкома. А той пазіраў на сакратара з лёгкім недаверам і не ведаў, як яно так раптам усё перакруцілася... Гартны.

4. Заблытацца, зблытацца. Перакруціліся ніткі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., што.

1. Сыплючы, перамясціць, высылаць у другое месца, другую тару. Ігнат Андрэевіч зачэрпнуў жменю зярнят, перасыпаў з далоні на далон[ь], узяў адно зерне на зубы. Шамякін.

2. і чаго. Насыпаць больш, чым трэба; перадаць. Перасыпаць цукру ў чай.

3. чым. Насы́паць чаго‑н. паміж чым‑н.; абсыпаць, насыпаць. Перасыпаць адзенне нафталінам.

4. перан.; чым. Перапоўніць (мову) якімі‑н. заўвагамі, спецыфічнымі зваротамі, словамі і пад. Перасыпаць апавяданне дыялектызмамі.

5. Разабраць і сабраць нанава што‑н., замяніўшы пашкоджаныя часткі; абнавіць. А ўрэшце яно і не так важна, каму належала хата, тым болей, што дзед Талаш перасыпаў яе і можа па справядлівасці лічыцца яе гаспадаром. Колас. Кола трэба перасыпаць, шасцярню зрабіць зусім новую. Чорны.

перасыпа́ць ​1, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да перасыпаць.

перасыпа́ць ​2, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.

Незак. да пераспаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праме́нь, ‑я; мн. прамені, ‑яў і прамяні, ‑ёў; м.

1. Вузкая паласа святла, якая ідзе ад якой‑н. крыніцы святла або прадмета, які свеціцца. Тонкаю ніткаю прашыўся з неба прамень сонца. Арабей. У левай руцэ Фёдар Цімафеевіч трымаў ліхтар, які кідаў уперад нядоўгі, але шырокі прамень святла. Васілёнак. // перан.; чаго. Хуткае, нечаканае праяўленне чаго‑н., пробліск. [Лютынскі:] Ніводзін прамень славы іх [бальшавікоў] не ўпадзе на тваю галаву. Крапіва.

2. звычайна мн. (прамяні́, ‑ёў). Спец. Лініі распаўсюджання энергіі хваль (электрамагнітных, светлавых і пад.). Рэнтгенаўскія прамяні. Прамяні радыя.

•••

Інфрачырвоныя прамяні — нябачныя прамяні, якія складаюць частку спектра, што працягваецца далей бачнай часткі ад чырвонага яго канца.

Касмічныя прамяні — асобыя прамяні, якія пранікаюць у атмасферу з космасу і нясуць у сабе вялікую энергію.

Катодныя прамяні — паток электронаў, які наглядаецца пры электрычным разрадзе ў трубцы з разрэджаным газам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раздзялі́цца, ‑дзялюся, ‑дзелішся, ‑дзеліцца; зак.

1. Распасціся на часткі; падзяліцца. Калі ж Марыя зусім блізка нагнулася над гняздзечкам, пуховы мячык раздзяліўся на пяць жывых істот. Кулакоўскі. Настаўнікі раздзяліліся на дзве групы. На чале адной стаяў Садовіч, другую павёў Лабановіч. Колас. // Даць два або некалькі адгалінаванняў, разгалінавацца. Неўзабаве, за крутым паваротам, Быстранка раздзялілася на два рукавы. Брыль.

2. Размеркавацца паміж кім‑, чым‑н. Функцыі раздзяліліся. Абавязкі раздзяліліся.

3. перан. Разысціся ў чым‑н., выявіць розніцу, не супасці. Камандзір прапанаваў усё ж ісці нацянькі ў Шчотаўку. Думкі раздзяліліся. Федасеенка.

4. Падзяліць паміж сабой маёмасць, гаспадарку; адасобіцца адзін ад другога. Кавалёва больш не слухала Фёклу. Перад ёй сядзеў Іван Лазоўскі і пераконваў, што з дачкою Лідай жыць не можа, раздзяліліся, а адшчапіцца няма куды. Дуброўскі.

5. У матэматыцы — не даць астачы пры дзяленні; падзяліцца. Шэсць раздзеліцца на тры.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хо́бат, ‑а, М ‑баце, м.

1. Выцягнутая рухомая насавая частка морды ў сланоў і некаторых іншых жывёл, якая служыць для дыхання, нюху, дотыку, хапання. Хобат тапіра. □ Хобатам матляе слон Ды вачыма лыпае. Барадулін. // Выцягнутая пярэдняя частка або выраст пярэдняй часткі цела ў некаторых бесхрыбетных жывёл, якая служыць для абароны, хапання, забівання здабычы і пад. Хобат п’яўкі.

2. Спец. Частка механізмаў, машын або прыстасаванняў, якая па форме або функцыі нагадвае выцягнуты нос жывёлы. Хобат экскаватара. □ Рытмічна махаючы сваім хобатам, пагрузачны кран падымаў і апускаў на платформы кантэйнеры. Шыловіч.

3. Спец. Задняя падоўжаная частка лафета артылерыйскай гарматы або задняя частка станка кулямёта, якая служыць для ручной наводкі на цэль. // Ствол гарматы. Хобаты гармат уздымаліся гнеўна ў неба, у заходні бок. Мележ. І хобаты жэрлаў Паволі Гарматы спускаюць на дол. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкра́баць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. што, чым і без дап. Пакідаючы драпіны ці зачэпліваючы, вадзіць чым‑н. вострым ці цвёрдым па якой‑н. паверхні. Як толькі ён [Рэкс] заўважыў, што мяне няма ў бліндажы, падышоў да дзвярэй і давай шкрабаць кіпцюрамі, прасіцца, каб яго выпусцілі на двор. Пальчэўскі. Нават вярбы не было відаць, хоць галіна шкрабала шыбу зусім блізка. Шамякін. А потым зноў елі моўчкі, толькі чулася, як шкрабалі лыжкі ў талерках. Гаўрылкін. // Разм. Чухаць, скрэбці асобныя часткі цела. Грэчка шкрабае за вухам, хоча нешта сказаць, але тут умешваюцца другія кабеты, і ён маўчыць. Няхай.

2. Зачэпліваючы за што‑н., скрабучы па чым‑н., утвараць шум, шапаценне, шоргат. Па тратуары шкрабалі чыесьці падэшвы... «Работніца і сялянка». Маці ўжо шкрабае доўгім ключом-адмычкай, прасунутай праз дзірку ў вушаку. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пера..., прыстаўка.

Абазначае:

1) накіраванасць дзеяння з аднаго месца на другое, з аднаго боку на другі, напр.: перабегчы, перавярнуць, перайсці;

2) накіраванасць руху цераз што-н., напр.: перакінуць, пераплысці, пераскочыць;

3) змену накіраванасці дзеяння, перадачу каму-, чаму-н., напр.: перадаць (у спадчыну), пераслаць;

4) паўтарэнне дзеяння нанава, напр.: перарабіць, перачытаць, перашыць;

5) празмернасць дзеяння, а таксама давядзенне дзеяння да адмоўнага выніку, напр.: пераесці, перасаліць, перахваліць;

6) перавагу, першынство ў дзеянні, напр.: перакрычаць, ператанцаваць, перахітрыць;

7) паслядоўны ахоп дзеяннем усіх або многіх асоб, прадметаў і вычарпальнасць такога дзеяння, напр.: пералавіць, перамыць (увесь посуд), перапэцкаць (рукі), перахварэць (усімі дзіцячымі хваробамі);

8) падзел чаго-н. папалам, на часткі, напр.: перакусіць (нітку); пераламаць;

9) запоўненасць дзеяннем якога-н. прамежку часу, напр.: перазімаваць, пераначаваць;

10) пераўтварэнне ў што-н. іншае, пераход у іншы стан, від, напр.: перакласці (на іншую мову), перарасці (сяброўства перарасло ў каханне), перамяніць (свой колер);

11) спыненне якога-н. дзеяння, стану, напр.: перабалець (перабалела сэрца), перабрадзіць;

12) слабае праяўленне дзеяння або яго кароткачасовасць, напр.: перадыхнуць, перакусіць;

13) узаемнасць дзеяння (у дзеясловах з часціцай -цца), напр.: перагаворвацца, перапісвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ко́рань, ‑я; мн. карані, ‑ёў; м.

1. Падземная частка расліны, пры дапамозе якой яна замацоўваецца ў зямлі і атрымлівае пажыўныя рэчывы. Галіністы корань. Вырваць дрэва з коранем. □ У глыб зямлі ўвайшлі Карані яго. Крэпка дуб стаіць, Не варушыцца! Колас. // Драўніна або рэчыва гэтай часткі расліны. Дзед кадраў у бары сасновых каранёў і пачаў плесці кош. Якімовіч. // Сцябло тытуню, з якога прыгатаўляюць махорку ​2. Пакрышыць корань. □ Дубовік зноў набіваў піпку, трушчачы ў потнай і цвёрдай руцэ карані самасаду. Сіўцоў.

2. Частка зуба, ногця, воласа і пад., якая знаходзіцца ў целе. Корань зуба. // Месца злучэння органа з целам. Корань языка.

3. перан. Пачатак, аснова, крыніца чаго‑н. Корань зла. Корань недахопаў. // Разм. Род, пачатак пакалення. — Няхай жа гарыць, выгарае [панскі палац], каб і кораня панскага не засталося... Лынькоў.

4. Асноўная частка слова (без суфікса і прыстаўкі), якая далей не раскладваецца на значымыя састаўныя часткі.

5. Матэматычная велічыня, якая пры ўзвядзенні яе ў пэўную ступень дае даны лік. Здабыць корань. Квадраты корань.

•••

Фіялкавы корань — карнявішча некаторых відаў касачоў, у склад якіх уваходзіць эфірнае масла.

Вырваць з коранем гл. вырваць.

Глядзець у корань гл. глядзець.

Корань жыцця — адна з назваў жэньшэня.

На корані — не зжаты, не скошаны (пра траву, злакі).

Пад корань — а) ля самай асновы (ссякаць, зразаць што‑н.). Высякаць лазу пад корань; б) зусім, канчаткова (разбураць, падрываць і пад.). Развіццё чыста капіталістычнай наёмнай работы падрывае пад корань сістэму адработкаў. Ленін; в) усіх пагалоўна, нікога не пакідаючы (нішчыць, забіваць і пад.).

Пусціць карані гл. пусціць.

У корані — а) абсалютна, зусім (не згаджацца з чым‑н.). — Не так, Мацвей Пятровіч. У корані не так. Ракітны; б) у самай аснове, карэнным чынам (змяняць і пад.). У выніку перамогі сацыялізма ў корані змянілася аблічча народнай гаспадаркі нашай краіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калоць 1 ’датыкаючыся чым-н. вострым, выклікаць боль; утыкаючы што-н. вострае, рабіць дзірку, адтуліну ў чым-н., праколваць’, ’бадаць, пароць (рагамі); забіваць чым-н. вострым (свіней)’, ’рассякаць на часткі; расшчапляць, раздрабняць’ (ТСБМ). У гаворках адзначаюцца значэнні ’датыкаючыся вострым, выклікаць боль і да т. п.’ (Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’забіваць свінню’ (Сержп. Прымхі), ’забіваць (рыбу) васцямі’ (полац., З нар. сл.), ’рассякаць на часткі, расшчапляць’ (Радч., Юрч.); у форме калоцца ’бадацца’ адзначаюць Мат. Гом.; калоць ’бадаць; забіваць; адчуваць востры боль, шчапаць’ (Сл. паўн.-зах.), калоць ’расшчапляць, калоць дровы; біць рагамі’ (ТС). У іншых мовах: укр. колоти ’калоць, бадаць, забіваць’, ’калоць свіней; расшчапляць, калоць дровы’, рус. колоть ’калоць; раздрабляць; забіваць свіней; калоць дровы і да т. п.’, у гаворках яшчэ і ’бадаць’, ’жаліць’. Польск. kłuć ’калоць; праколваць чым-н. вострым; раніць вочы’, ст.-польск. таксама ’змагацца на турніры’, літар. і дыял. ’забіваць (свінню) і інш.’, ’расшчапляць, калоць дрэве’ і цікавае ў Ліндэ, дыял. ’прарастаць’ (у Карловіча, 2, 377: «Pszenierka się kole»). Шэраг польск. значэнняў (гл. Слаўскі, 2, 275) безумоўна пад беларускім уплывам, параўн. адпаведныя спасылкі ў Карловіча, там жа, в.-луж. kłóć ’калоць; расшчапляць і да т. п.’, н.-луж. kłojś у падобных значэннях, чэш. kłáti ’калоць, забіваць; змагацца на турніры’, чэш. мар. ’бадаць; расшчапляць’, славац. klať ’забіваць (свіней)’, славен. kláti ’калоць; расшчапляць; біць; забіваць; кусаць; мучыць і да т. п.’, серб.-харв. кла́ти ’забіваць; мучыць; калоць; кусаць і да т. п.’, макед. колам ’забіваць, мучыць’, балг. коля ’пераразаць горла або адразаць галаву жывёле, калоць’, дыял. ’разразаць’, ст.-слав. клати ’заколваць, забіваць’. Узнаўляецца прасл. kolti з відавочна даўняй дыферэнцыяцыяй значэнняў на базе ’калоць (біць, датыкацца чым-небудзь вострым’, што давала і ’расшчапляць’ і ’забіваць’ (адкуль ’мучыць’ і інш.), гл. Слаўскі, 2, 275, дзе шырока прыводзіцца ранейшая літаратура. З і.-е. адпаведнікаў звычайна прыводзяць літ. kálti ’каваць, выдзёўбваць’ (цікава, што адпаведнае да слав. kovati літ. káuti мае значэнні ’біць, забіваць’ зусім не кавальскія тэрміны), лат. kalt ’біць’; з улікам іншых і.-е. форм узнаўляюць і.-е. kol параўн. БЕР, 2, 564.

Кало́ць 2 ’свідраваць’ (Юрч.). Адпаведнікаў да гэтай лексемы як быццам няма. Магчыма, мясцовы наватвор на базе калоць ’праколваць дзірку’, адкуль ’рабіць дзірку’ > ’свідраваць’.

Кало́ць 3 у выразе калоць‑калоць ’ківаць з боку на бок, патрасаючы’ (Нік. Напаў.), да калаціць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

во́чка, ‑а; Р мн. ‑чак; н.

1. Памянш.-ласк. да вока (у 1 знач.); маленькае вока. Малыя шэранькія вочкі... Глядзяць з-пад броў зусім панура. Колас.

2. Невялікая (звычайна круглая) адтуліна ў якім‑н. прадмеце. Вочкі гузіка. Дзвярное вочка. □ Два чорныя вочкі дзедавай стрэльбы пільна сачылі за кожным рухам Каралька. Паслядовіч.

3. Круглы, яркі прадмет на фоне чаго‑н. З травы выглядалі.. чырвоныя вочкі суніц. Уперадзе запалілася зялёнае вочка светафора.

4. Пупышка, зрэзаная з дрэва для прышчэпкі. І прышчапіў ёй пад кару Цудоўных пару вочак. Лужанін. // Зародкі парасткаў на клубнях бульбы. Кожны клубень разрэзалі на дзве-тры часткі. Было б вочка, то прарасце. Паўлаў.

5. Значок на ігральнай карце.

6. Пятля ў вязанні. Спусціць вочка. □ [Андрэй] глядзеў, як спрытна варушацца.. пальцы [нянькі], накідваючы адно вочка за другім на пруток, і як лоўка мяняюцца адзін за другім пруткі. Васілевіч.

•••

Строіць вочкі каму гл. строіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)