нізашто́, прысл.

1. Ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах. [У хаце] было свежа і чыста, як у лесе пасля дажджу. «Цяпер хоць сам не заходзь, каб не набрудзіць, — падумаў Шурка. — Паслязаўтра мама вернецца з бальніцы, а тут поўны парадак.. Хаця, праўда, адзін я нізашто не ўправіўся б». Шыловіч.

2. Дарма, без прычыны. Стары кальнуў .. [Ганну] злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пагро́злівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае пагрозу. Пагрозлівы выраз твару. Пагрозлівыя словы. □ Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны і пагрозлівы бацькаў позірк. Шамякін.

2. Які тоіць у сабе пагрозу. Толькі жоўтыя трасіры памчаліся ў невядомую, цяпер пагрозлівую цемень... Лупсякоў. З першых сваіх крокаў шахтапраходчыкі сустрэліся з вельмі пагрозлівымі з’явамі. Кулакоўскі. Алесь расказаў пра дарогу, пра размову з прафесарам, пра тое, як гучала песня ў снягах, пра пагрозлівы сон. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.

1. Крыху, злёгку нагрэць. Падагрэць ваду на сонцы.

2. Зрабіць гарачай ежу. Падагрэць суп. □ [Вільгельміна:] — Можа вам гарбаты падагрэць, Рыгор? Гартны. Гаспадар сабраў сваё паляўнічае начынне, а.. [гаспадыня] падагрэла падрыхтаванае звечара сняданне. Кірэенка.

3. перан. Давесці да стану ўзбуджэння. Рашучасць, з якой выступіў Мазоўка, падштурхнула і падагрэла Кучука. Лобан.

4. перан. Зрабіць мацнейшым; узбудзіць. Падагрэць азарт. □ Цяпер Граноўская спяшалася падагрэць і без таго гарачыя спрэчкі. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назіра́льнік, ‑а, м.

Той, хто назірае за кім‑, чым‑н. Тонкі назіральнік. □ Усё, што адбылося далей, Алесь ўспрымаў, як старонні назіральнік. Шыцік. // Той, хто па сваім абавязку, прафесіі, прызначэнню назірае за кім‑, чым‑н. І вось там [у лесе] нехта з хлопцаў насцярожна выхіліўся з гушчару і трапіў на вочы варожаму назіральніку. Брыль. [Старшыня сельсавета і Язэп Каліна] сядзелі ў бункеры, з якога нямецкія назіральнікі, мабыць, карэкціравалі агонь сваіх батарэй, — са столі яшчэ і цяпер тырчала стэрэатруба. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прапа́шчы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, якога нельга вярнуць, атрымаць назад, які прапаў. Прапашчыя грошы. □ Магло задажджыцца, а тады лічы ячмень прапашчым. Васілевіч.

2. Безнадзейны, няўдачны. [Сузон:] — Ты то, Тарэнта, будзеш жыць, ты цяпер на ногі ўстанеш, а мая справа прапашчая. Галавач.

3. Ні да чаго не прыгодны, дурны, непапраўны. Аднак жа, калі гаварыць шчыра, Адам Свірыдзёнак не быў ужо такім прапашчым гультаём. Сабаленка. [Стары:] — Прапашчы я чалавек, таварыш... Гарэлка губіць мяне... Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праслы́ць, ‑слыву, ‑слывеш, ‑слыве; ‑слывём, ‑слывяце; пр. праслыў, ‑слыла, ‑слыло; зак.

Разм. Заслужыць якую‑н. рэпутацыю, стаць вядомым у якасці каго‑, чаго‑н. Вось чаму і не хацеў верабей уступаць цяпер ластаўцы гнязда. Уступіць — азначала б паказаць не толькі сваю слабасць, але і праслыць на ўвесь вераб’іны род баязліўцам і хвальком. Пальчэўскі. Бляхару чамусьці вельмі хацелася праслыць рэвалюцыянерам, і ён нават дробязныя свае дзеянні заўсёды выстаўляў напаказ. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́ўнук, ‑а, м.

1. Сын унука ці ўнучкі. [Бобрык:] — Я яшчэ дужы, хоць ужо семдзесят шосты закругляецца і ўнукаў дзесяткі з два маю, і праўнукаў больш за дзесятак, але за спіны іхнія хавацца не стану. Дуброўскі.

2. звычайна мн. (пра́ўнукі, ‑аў). Патомкі. — Дык от цяпер і ты і твае дзеці, а за імі — унукі з праўнукамі будуць ведаць, хто такі быў Гогаль. Пальчэўскі. Продка адвечную думу Праўнук санлівы пачуе. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пілі́паўка, ‑і, ДМ ‑паўцы, ж.

Уст. Пост перад калядамі. Калядныя куцці, як вядома, дзве: адна посная, другая — скаромная, або багатая. Посная куцця.. спраўлялася ў канцы піліпаўкі, перад самымі калядамі. Якімовіч. // Адпаведны час перад калядамі. На купалле там птушка садзіцца, пяе, У піліпаўку воўк нема вые. Купала. «Ваўкі нападаюць на чалавека, калі гуляюць сваё вяселле. А цяпер жа не піліпаўка, павінны збаяцца чалавека», — стараўся разважаць спакойна Сяргей. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паступа́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад паступаць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які наступае (на вучобу, у якую‑н. арганізацыю).

3. у знач. наз. наступа́ючы, ‑ага, м. Той, хто наступае (на вучобу, у якую‑н. арганізацыю). Паступаючыя здаюць экзамены вусна па матэматыцы, хіміі, геаграфіі і пішуць сачыненне. «Маладосць». Групорг, для парадку папрасіўшы, каб было ціха, даў слова першаму з паступаючых у камсамол. Шахавец.

4. Дзеепрысл. незак. ад паступаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць скаванага (у 2 знач.); адсутнасць свабоды, лёгкасці ў дзеянні або ў праяўленні чаго‑н. Неяк хутка асвойтаўшыся, Хрысціна разгаварылася, і яе першая скаванасць мінулася, а просты твар набыў нейкую асаблівую жывасць, нават узнёсласць. Кухараў. Хацелася быць прыгожым, як і ўсе тут, умець трымаць сябе вольна, без гэтай няёмкай скаванасці. Карпаў. Яе сталі віншаваць, і толькі цяпер пакінула Таццяну скаванасць, шчаслівая ўсмешка азарыла яе твар. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)