назнаро́к, прысл.
Разм. Спецыяльна, з якой‑н. мэтай; знарок. [Дзіма:] — Значыць, назнарок накіравалі мяне на луг, каб я вам не перашкаджаў? — Голас яго задрыжаў і асекся. Гамолка. // Несур’ёзна, для выгляду. [Рыгор:] — Ну, што ты, сапраўды, сумняваешся... Ці мо назнарок? Гартны. // Насуперак, назло каму‑н. Сашка гатовы быў да ўсяго. Ад каго, ад каго, а ўжо ад Надзі ён не чакаў літасці. А яна быццам назнарок: — Схуднеў ты. Аж вочы пасалавелі. Гроднеў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няўклю́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм.
1. Той (тая), хто мае нязграбную паставу, пазбаўлены зграбнасці, спрыту ў рухах. — Толькі зразумеў — не дагнаць мне.. [партызан]: яны на пары лепшых коней, у мяне — адзін няўклюда, ламавік. Шамякін.
2. Неахайны чалавек, мурза. Жонка Нічыпара Мартыневіча, Кацярына, была такая няўдалая,.. такая няўклюда, што нават сарочка ў яе вісела на цэлую пядзю ніжэй спадніцы. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падбухто́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Разм. Падгаварыць каго‑н. да якога‑н. дзеяння. Падбухторыць да бунту. □ [Валя] ведала, што сам .. [Лёня] не здольны на такія ўчынкі — хіба падбухторыць хто ... Васілевіч. [Паходня:] — Пярэчу, і калгаснікаў падбухтору, каб не адпускалі [Зосю]. Такога намесніка страціць? Хадкевіч. // Настроіць супроць каго‑н. [Верамейчык:] А ты хочаш за калгасны кошт для ўсіх добрым быць? Каб людзі пра твае грахі маўчалі? І таму падбухторыў супроць мяне ўсю камсамольскую арганізацыю? Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паддзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.
1. Тое, што і пададзець. Анісім пашкадаваў пра сябе, што не паддзеў пад спод ватовай камізэлькі. Сачанка.
2. Падчапіць чым‑н. Большы [зубр] спыніўся каля веласіпеда, абнюхаў яго і, матнуўшы галавой, паддзеў рогам за раму. Хадкевіч.
3. перан. Разм. Задзець субяседніка калючай заўвагай; укалоць. Да мяне ў гэты момант дайшло, што Алёшка не жартуе, хлопец ён, рашучы, ды яшчэ калі паддзенеш яго. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
1. Незак. да падмыць.
2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падрадзі́цца, ‑раджуся, ‑радзішся, ‑радзіцца; зак., з інф.
1. Наняцца, абавязаўшыся выканаць што‑н. на пэўных умовах. [Герасім Іванавіч:] — Прыходзіць неяк ранічкаю Ахрэм да мяне і кажа: давай, Гараська, падрадзімся настаўніку хату рубіць. Карамазаў.
2. Даць згоду зрабіць што‑н., узяцца зрабіць якую‑н. работу каму‑н. З вучнямі пятага і шостага класаў [Ніна] яшчэ хадзіла на калгасны ячмень [свірэпу] рваць. Сама падрадзілася. Лобан. Кукарэка, ахвотны да размовы, падрадзіўся ісці і паказаць дом старшыні. Грамовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папрака́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго, чым і без дап.
Выказваць дакор, нездавальненне чым‑н., дакараць каго‑н. — Ты б, Макар, хоць бы ў святы дзень крыху ласкавейшым быў, — папракае яго цётка. Жычка. — Я паступаю на работу, — Міця стараецца гаварыць спакойна. — Хопіць папракаць мяне хлебам. Навуменка. // Абвінавачваць у чым‑н., асуджаць за што‑н. [Калатухін:] Я прашу, капітан, абдумана выбіраць словы! Хто дрыжыць, каго вы папракаеце ў трусасці?!.. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасме́шышча, ‑а, м.
1. Той, з каго (тое, з чаго) смяюцца, кпяць; прадмет насмешак, кпінаў. — Пасмешышча ці дурня з мяне зрабілі, — злосна сказаў .. [Вова] маці. — Разумнікі! Марціновіч. Прыйшлося браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках, і каб не быць пасмешышчам у Ясенях, выбірацца на хутар. Арочка.
2. Здзек, здзекаванне. [Маці:] — Кісні, кісні, ён [Антось] табе нос утрэ і паедзе, а ты на пасмешышча людзям застанешся. Васілевіч.
•••
Выставіць на пасмешышча гл. вымавіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перасу́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Разм.
1. Паўторны суд. [Сцяпан:] А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд, добрым складам над гэтым гадам. Купала. — Што ж, схадзі ў сельсавет, Заявіся... Усё яны высветляць... — Не. З’яўлюся: адразу ж пад варту мяне, Покуль суд, перасуд той — За краты... Куляшоў.
2. звычайна мн. (перасу́ды, ‑аў). Нядобразычлівыя выказванні пра чые‑н. учынкі, словы, дзеянні; плёткі. Ты перасудаў не лякайся, Што людзі зложаць у паспех... Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пла́ха, ‑і, ДМ пласе, ж.
1. Палавіна расколатага ўздоўж бервяна; плашка. Партызаны валілі асіннік і ельнік, калолі яго на доўгія плахі. Грахоўскі.
2. Вялікая калода, на якой даўней адсякалі галаву прыгаворанаму да пакарання смерцю, а таксама памост, на якім адбывалася пакаранне. І за мяне кладзе пры ўсім народзе На плаху Сценька Разін галаву. Грахоўскі. Земан выпадкова Глянуў на падворак і замёр ад жаху: Там ужо камусьці рыхтавалі плаху. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)