механі́зм, ‑а, м.

1. Унутраная частка машыны, прылады, апарата і пад., якая прыводзіць іх у дзеянне. Ледзь чутна цікаў гадзіннікавы механізм заведзенай міны. Шамякін. // Машына, прыстасаванне для чаго‑н. Цяпер .. ідзе ўборка багатага ўраджаю, на палі выйшлі механізмы. «Звязда».

2. перан. Унутраны лад, сістэма чаго‑н. Дзяржаўны механізм. Гаспадарчы механізм.

3. чаго. Сукупнасць працэсаў, з якіх складаецца якая‑н. фізічная, хімічная, фізіялагічная і пад. з’ява. Механізм хімічнай рэакцыі.

[Новалац. mechanismus, ад грэч. mēchanē — машына.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крэ́мень, ‑ю, м.

1. Вельмі цвёрды мінерал, разнавіднасць крэменязёму, які раней выкарыстоўвалі для высякання агню (цяпер скарыстоўваецца ў керамічнай і шкляной прамысловасці). Высякаць агонь з крэменю. □ Пахадзіўшы ля камення, адшукаў ён моцны крэмень і нарэзаў ім узоры, а яны — зіхцяць, як зоры. Дубоўка.

2. перан. Пра чалавека з цвёрдым, стойкім характарам. — Вы ў гэтага хлапчука ні аб чым не пытайцеся. Не скажа. Гэта не хлопец, а крэмень. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нізашто́, прысл.

1. Ні ў якім разе, ні пры якіх абставінах. [У хаце] было свежа і чыста, як у лесе пасля дажджу. «Цяпер хоць сам не заходзь, каб не набрудзіць, — падумаў Шурка. — Паслязаўтра мама вернецца з бальніцы, а тут поўны парадак.. Хаця, праўда, адзін я нізашто не ўправіўся б». Шыловіч.

2. Дарма, без прычыны. Стары кальнуў .. [Ганну] злым, вострым позіркам. Гора горам, а трэба ведаць, што гаворыш! Такое страхоцце нізашто ўзвяла. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нагрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; ‑грабём, ‑грабяце; пр. нагроб, ‑грэбла і ‑грабла, ‑грэбла і ‑грабло; зак., што і чаго.

1. Зграбаючы, сабраць нейкую колькасць чаго‑н. — Я цяпер каровы і не пасу! — сказаў я. — Я хаджу сена разбіваць. Дзядзька кажа — і я нейкую капу награбу. Баранавых. Бондар з Драгуном адасобіліся. Нагрэблі падсушанага марозам лісця, прыляглі пад хвойкай. Навуменка.

2. перан. Разм. Прысвойваючы, сабраць вялікую колькасць чаго‑н. Нагрэбці чужога дабра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

назіра́льнік, ‑а, м.

Той, хто назірае за кім‑, чым‑н. Тонкі назіральнік. □ Усё, што адбылося далей, Алесь ўспрымаў, як старонні назіральнік. Шыцік. // Той, хто па сваім абавязку, прафесіі, прызначэнню назірае за кім‑, чым‑н. І вось там [у лесе] нехта з хлопцаў насцярожна выхіліўся з гушчару і трапіў на вочы варожаму назіральніку. Брыль. [Старшыня сельсавета і Язэп Каліна] сядзелі ў бункеры, з якога нямецкія назіральнікі, мабыць, карэкціравалі агонь сваіх батарэй, — са столі яшчэ і цяпер тырчала стэрэатруба. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

касмы́ль, ‑я, м.

Разм. Скудлачаная пасма валасоў. Міхась.. стаў поркацца каля хамута: выцягнуў з-пад яго касмыль грывы і роўна расчасаў пальцамі. Якімовіч. Мядзведзі цяпер выглядалі неяк сіратліва. Поўсць на іх звісала бруднымі касмылямі, бакі пазападалі. Даніленка. // Пук, шматок (сена, ваты і пад.). Карней Адамавіч на пальчыках падышоў да другой сцяны, выдраў з паза касмыль моху. Жычка. // перан. Клубок, шматок, абрывак (хмары, туману і пад.). [Туман] кудзеліўся яшчэ невялікімі касмылямі. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

буржуазі́я, ‑і, ж.

1. Пануючы клас капіталістычнага грамадства, які з’яўляецца ўласнікам прылад і сродкаў вытворчасці і жыве капіталістычным даходам, атрымліваючы прыбавачную вартасць эксплуатацыяй наёмнай працы. З усіх класаў, якія процістаяць цяпер буржуазіі, толькі пралетарыят прадстаўляе сабой сапраўды рэвалюцыйны клас. Маркс і Энгельс.

2. У феадальным грамадстве — саслоўе гараджан.

•••

Дробная буржуазія — дробныя ўласнікі, якія валодаюць сродкамі вытворчасці і карыстаюцца наёмнай працай у нязначнай ступені або зусім не карыстаюцца ёю.

[Фр. bourgeoisie.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бутафо́рыя, ‑і, ж.

1. Прадметы абстаноўкі ў спектаклі (мэбля, зброя, пасуда і інш.), а таксама штучныя прадметы, выстаўленыя на вітрынах магазінаў замест сапраўдных. [Артысты] самі майстравалі ўсю бутафорыю, дапамагалі шыць адзенне, развучвалі песні і танцы. Сяргейчык.

2. перан. Падман, бачнасць, фальш, разлічаныя на знешні эфект. Смешна цяпер Змітраку, што ён тры гады жыў марамі аб ёй, вучыўся лепш за ўсіх толькі дзеля яе, а яна [Іна] аказалася для яго бутафорыяй. Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бытава́ць, ‑туе; незак.

Існаваць, мець пашырэнне, месца, быць вядомым. Колас ўжываў шмат слоў і выразаў, якія з аднолькавым правам бытуюць у рускай і беларускай мовах, але ніколі не рабіў штучных калек. Юрэвіч. Ва ўсім цяпер раскрываўся перад .. [Марынаю] новы сэнс, быццам усё, што жыло і бытавала навокал яе, стала раптам такім, якім павінна было быць заўсёды. Чорны. // Прадаўжаць існаваць. У Кушлянах да гэтага часу бытуе нямала вусных расказаў пра Францішка Багушэвіча. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зацалава́ць 1, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.

Абсыпаць, пакрыць пацалункамі. Мы павіталіся з.. [малой], як дарослыя, а любасці ў маёй душы было настолькі больш, што мне, каб выказаць яе, трэба было б на рукі ўзяць, зацалаваць дзяўчынку, як дзіця. Брыль. // Стаміць пацалункамі. Сашка і цяпер памятаў, як.. [цётка] яго ледзь не зацалавала, як увесь час гладзіла па стрыжаных жорсткіх валасах. Ус.

зацалава́ць 2, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак.

Разм. Пачаць цалаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)