ускаламу́ціць, ‑мучу, ‑муціш, ‑муціць; зак.
1. што. Зрабіць каламутным; замуціць (ваду, вадкасць). Першыя купальшчыкі так ускаламуцяць ваду, што ніхто не захоча больш лезці. Пальчэўскі.
2. перан.; каго-што. Вывесці са стану спакою, усхваляваць. Гэты чалавек не толькі нечым кінуўся.. [Галі] ў вочы. Сваім праніклівым позіркам, здавалася, ён зірнуў ёй у душу і там усё ўскаламуціў, узрушыў. Сабаленка. Страшна.. [Антанюку] парушыць свой пенсіянерскі спакой, ускаламуціць абывацельскую самазадаволенасць жонкі, дачок. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
услу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Уважліва прыслухацца, стараючыся пачуць, зразумець што‑н. Насцярожанымі вачыма акінуў.. [Паніковіч] сход, прэзідыум і ўслухаўся ў гаворку прамоўцы. Быкаў. Генадзь услухаўся ў мелодыю, у словы песні і далучыўся да ўсяго спеўнага гурту. Сабаленка. Тады.. [Ірка] ўслухалася: нехта стукаў далёка ў лесе, і недзе рыпеў снег. Пташнікаў. Стаўшы пасярэдзіне гумна, яшчэ раз прагна ўслухалася [Аксіння] ў начную цемень, сілячыся ўлавіць, учуць след жывога чалавечага дыхання. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усце́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго.
Выклікаць у каго‑н. пачуццё задаволенасці, радасці. Павышэнне, якое Паўлу неўзабаве прапанавалі, не вельмі ўсцешыла яго. Брыль. Як нямнога трэба, каб усцешыць жанчыну. Пару збітых, банальных фраз і трошкі цеплыні ў голасе. Навуменка. // Супакоіць. Чыгуначнік доўга стаяў у роздуме, а потым сказаў няўпэўнена, мо толькі для таго, каб усцешыць няшчасную жанчыну, каб зараніць у яе душу хоць маленькую надзею. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утну́ць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Абл. Уцяць 1. Ліха на яго, на таго авадня, сеў мне на левую руку ды так утнуў, што я не ўтрымаў і ўпусціў насілы. Сабаленка. А як.. [Піліп] іграў на гармоніку! Бывала, як утне са скрыпачом Тодарам полечку, дык ніхто не ўстоіць і не ўседзіць. Якімовіч.
утну́ць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Абл. Уцяць 2. Утнуць канец жэрдкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утрамбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., што.
1. Ушчыльніць і выраўняць што‑н. ударамі, ціскам. Перш чым паставіць колца, асабліва першае, хапіла марокі. Трэба было разраўняць грунт, утрамбаваць, падвесці пад ровень. Гроднеў. Зямля, дзе толькі яе не ўтапталі, не ўтрамбавалі нагамі, выгнала зялёную мураву. Сабаленка.
2. Трамбуючы, убіць у зямлю, пясок і пад. Каменне грудамі ляжала ля ям, яго трэба было яшчэ як след утрамбаваць вакол слупоў. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утрапёны, ‑ая, ‑ае.
Нястрымны ў праяўленні якіх‑н. пачуццяў. Успомнілася акушэрка, што ўляцела тады ноччу ў хату, як утрапёная. Як яна ўвіхалася ля Анэты, старалася, бегала. Пташнікаў. // Які выражае ўтрапенне. — Кругом агонь! — адказалі.. [Максіму Астаповічу] сотні ўтрапёных галасоў. Чорны. Усе глядзелі на.. [Галезнікаў] утрапёнымі позіркамі. Сабаленка. // Раз’юшаны; ашалелы. Кідалася [Марфа], як утрапёная, лаялася на чым свет стаіць. Сіняўскі. Аксіння, як утрапёная, дабегшы да рэчкі, кінулася за дачкою. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хо́рам, ‑а; мн. хорамы, ‑аў; м.
Вялікі жылы будынак; палац. Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму, Недаступны і грозны, як хорам. Купала. / Жарт. Пра дом, жыллё. [Гаспадыня:] — Дык куды ж я вас пушчу. Бачыце ж, які ў мяне хорам, няма дзе нават сесці, не тое што легчы. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Які прастор! Здалёк стаяць Чатыры сценкі бору, І неяк дзіўна пазіраць На гэты светлы хорам. Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчарбі́на, ‑ы, ж.
1. Шчыліна, дзірка на месцы зуба. Даўно на месцы шчарбіны вырас новы зуб, але мянушка Крывы Зуб так і засталася за Венькам... Шыловіч.
2. Зазубрына, выбоіна, выемка і пад. у выглядзе невялікай ямкі. Вуліцы былі вышчарбленыя і, здавалася, яшчэ адчувалі боль ад тых шчарбін. Сабаленка. / у перан. ужыв. Прагаліна раптам павузела, а ніжэй, паміж стваламі таполяў, ператварылася ў нейкую незвычайную шчарбіну. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узві́цца, узаўюся, узаўешся, узаўецца; узаўёмся, узаўяцеся; зак.
1. Наматацца. Ніткі ўзвіліся на шпульку.
2. Імкліва падняцца ўверх, узляцець увысь. Клубок агню ўзвіўся ўгору і на міг асвятліў зямлю. Няхай. Над горадам узвіліся рознакаляровыя ракеты. Дудо. Глянуў заяц і здзівіўся — Раптам віхрам снег узбіўся. Танк. Чарада галубоў пранеслася пад соснамі, нізка абляцела вакол дома, памкнулася да вышкі, дзе была галубятня, і... зноў узвілася ўгару. Шамякін. / Пра песні, гукі, галасы і пад. Узвілася песня за гарой высокай. Панчанка. Быццам хочучы спалохаць мяне, прарэзліва ўзвіўся гудок над сцішаным прасторам. Сабаленка. / Пра каня. Конь узвіўся на дыбкі. Кулакоўскі. / Пра сцягі, заслоны і пад., якія хутка ўзнімаюцца ўверх. Строгія столкі заслоны ўзвіліся. Глебка. Над галовамі людзей, якія сышліся ў адзін гурт, узвілося, затрапятала, як жывое, чырвонае палотнішча. Сабаленка.
3. перан. Прыйсці ў раздражнены стан; узбурыцца. «Як з ночы? — узвіўся Селязнёў. — Чаму не далажылі адразу?» А Пракапенка толькі цепае плячыма. Быкаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мацу́нак, ‑нку, м.
Разм.
1. Уласцівасць моцнага; моц, трываласць. — Гэта ж квас, як вада. У ім жа мацунку ўсяго, можа, адзін градус, — заспакоіў Косцік. Сабаленка. Дваццаць пяць год не кранулі перабродаўскіх будынкаў .. Яшчэ і да самай Айчыннай вайны яны захавалі свой мацунак і свежы колер гладка вычасанага бярвення. Чорны. Ядранымі зорнымі начамі набіраў мацунак мароз. Марціновіч.
2. Тое, чым можна падмацавацца, чаго можна пад’есці. Хлеб чорны, хлеб жытні, — Мацунак здаровы. Броўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)