учы́нак, ‑нку, м.
Дзеянне, учыненае кім‑н., тое, што здзейснена кім‑н. Думкі Насці былі накіраваны да таго, каб зменшыць сваю віну і як-небудзь апраўдаць свой учынак. Мележ. Ніяк не верылася, што.. [Клінцэвіч] рашыўся на такі смелы ўчынак, як забойства мацёрага правакатара. Машара. [У вачах дзеда Талаша] часамі блукаў і затоены агеньчык гатовы разгарэцца .. пажарам рашучых учынкаў. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адгаво́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Спасылка на што‑н. з мэтай ухіліцца, адмовіцца ад чаго‑н. — Ды вось білет у кішэні. — сказаў .. [Гвозд], засоўваючы белую, з рудымі галаскамі, вузкую руку за борт пінжака, нібы збіраўся дастаць білет, каб Зыбін не падумаў, што гэта адна адгаворка. Мележ. Лёка заўсёды магла выдумаць якую-небудзь адгаворку. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́прастацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
1. Прыняць прамое становішча; разагнуцца, выпраміцца. □ Вудзільна сагнулася і тут жа выпрасталася. Ляўданскі. Жнеі выпрасталіся і пачалі паглядаць на дарогу, на жанчын, што падыходзілі ўсё бліжэй і бліжэй. Мележ.
2. Разм. Легчы, выцягнуўшыся на ўвесь рост. Стомленасць і позні час спараджалі жаданне легчы, выпрастацца і моцна заснуць. Галавач.
3. Разм. Памерці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абры́вак, ‑рыўка, м.
Адарваны кавалак, частка чаго‑н. Неяк, бегаючы з дзецьмі па вуліцы, Ніна басанож ступіла на абрывак калючага дроту. Мележ. Вецер гнаў па небе абрыўкі хмар, і, калі месяц хаваўся за імі, рабілася, цёмна. Мікуліч. // перан. Няпоўная, незакончаная частка чаго‑н., асобны кавалак. У галаве роіліся абрыўкі думак, і іх цяжка было прывесці да парадку. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аба́пал,
1. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназ. выражае прасторавыя адносіны. Паказвае на размяшчэнне з абодвух бакоў чаго‑н. Часам па лесе, што абапал выбоістага шляху, пройдзецца Лясун і засвішча, застогне. Лупсякоў. Над ракою, над лугамі абапал ракі ні клубочка ні каснічка — палоскі туману. Янкоўскі.
2. прысл. З абодвух бакоў. Абапал пацягнуліся сады, агароды, ягаднікі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кі́дкі, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які рэзка кідаецца ў вочы; яркі, прыметны. — Надзень сабе так што, не кідкае, — прасіла і павучала маці. Паўлаў. Рабіна заружавела .. яркім, кідкім хараством. Мележ.
2. Падатлівы, ахвочы, схільны да чаго‑н. Самі ж радульцы — людзі не гаваркія, не надта кідкія на размовы з незнаёмымі людзьмі, і ад іх мы даведаліся мала што... Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кро́ква, ‑ы, ж.
Два брусы, верхнімі канцамі злучэння пад вуглом, а ніжнімі прымацаваныя да бэлек або да верхняга вянца падоўжных сцен. // толькі мн. (кро́квы, ‑аў) Аснова для страхі, утвораная з раду злучаных такім чынам брусоў. [Зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль. Калгасныя цесляры паспелі паставіць толькі зруб і кроквы ды пакласці столь над адным пакоем. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
крыжаві́на, ‑ы, ж.
1. Дзве планкі, два брусы і пад., змацаваныя ў форме крыжа. Крыжавіна рамы. □ Пры ўваходзе ў горад на ўсіх вуліцах былі пастаўлены крыжавіны з рэек і ўкапаны надаўбні. Сабаленка.
2. Прыстасаванне на месцы перасячэння рэйкавых пуцей для пераводу цягніка на другі пуць. Грукаючы на крыжавінах, цягнік прайшоў міма ўваходных стрэлак, паступова суцішаючы ход. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
варо́жы, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі непрыязны, поўны варожасці, нянавісці. Варожыя адносіны. Варожы позірк. □ Лес рабіўся больш і больш непрыхільным, чужым, .. варожым. Колас. // Які знаходзіцца ў стане варожасці. Варожыя класы.
2. Непрыяцельскі. Хутка танкі прарваліся ў варожы тыл. Мележ. Вестка аб акружэнні з хуткасцю маланкі даляцела і да варожай абароны, наганяючы смяртэльны жах і дэзарганізуючы абарону. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
лаго́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Дабрадушны, ласкавы. Вася быў лагодным і не памятлівым на зло чалавекам. Мележ. Помню маму ў дні свят — паружавелую, гаманлівую і бясконца лагодную... Марціновіч.
2. Мяккі, прыемны. Лагодная ўсмешка. Лагодны настрой. □ Пашумліваў вецер лагодны, ласкавы. Колас. Стаяла ціхае, лагоднае летняе надвор’е. Кавалёў. У пакой улятаў лагодны шум вясковага лесу, наперабой спявалі птушкі. Шчарбатаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)