рату́нак, ‑нку, м.

1. Тое, што і ратаванне. Рух гэты .. [Міхалковіча] падобен на тое, быццам ён кінуўся на свой ці на чый ратунак. Чорны.

2. Магчымасць, сродак выратавацца, пазбавіцца ад чаго‑н. (небяспечнага, непрыемнага). І няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак. Гарэцкі. Гэта быў слабы, але радасны крык чалавека, які пасля смяртэльнай небяспекі ўбачыў ратунак. Шамякін. Казінае малако лічылася найлепшым ратункам ад сухотаў, ад усякай знямогі, кашлю, болю ў грудзях. Кулакоўскі.

3. Дапамога, абарона, выручка. Прасіць ратунку. □ З трахомаю, з праказаю Калекі ўсе ідуць. Ускраіны паказваюць Вялікую бяду. Пара ратунак даць ім, Пара іх выручаць! Панчанка.

•••

Ратунку няма гл. няма.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смех, ‑у, м.

1. Характэрныя перарывістыя гукі, што ствараюцца кароткімі выдыхальнымі рухамі, як праяўленне весялосці, радасці і пад. Залівацца смехам. □ А дзеці, крыху асвойтаўшыся, пачыналі гусці смялей і весялей. Часамі чулася іх бега[тня] па лаўках, смех і крыкі. Колас. На верандзе казармы на поўныя грудзі спявае прыёмнік.. Да цямна раздаецца здаровы вясёлы смех. Брыль. // Весялосць, жарты або кпіны. І смех там быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас. Ведаюць здаўна на свеце пра тое — смех памагае знішчаць нам ліхое. Дубоўка. / мн. (смехі, ‑аў). Дзяўчат спаткаю — смехі-жарты Пасыплюцца, нібы з мяшка: «Дзень — добры, але ты што варты?!» — «А можа ўзяць за прымака?!» Лойка. // у знач. прысл. сме́хам. Разм. Жартуючы, несур’ёзна. Сказала [Юлька] смехам: «Глянцую драты на лічыльніку, каб блішчалі...» Марціновіч.

2. у знач. вык. Разм. Пра тое, што можа рассмяшыць; смешна. Давялося мне там [на «Трэку»] бачыць, У мяшках як людзі скачуць: Два хлапцы залезлі ў мех Ды валтузяцца — аж смех, Так, як тыя парасяты. Крапіва. Смех з панскіх ботаў: адзін згарэў, другі сабака з’еў. З нар.

•••

Гамерычны смех (рогат) — нястрымны, грамавы смех.

Адзін смехтое, што і смех (у 2 знач.).

Без смеху — сур’ёзна, без жартаў.

Выставіць на смех гл. выставіць.

Дзеля смеху — з мэтай пажартаваць, пасмяяцца.

(І) смех і гора; (і) смех і грэх — пра тое, што адначасова і смешна і сумна.

Качацца са смеху гл. качацца.

Кіснуць ад смеху гл. ціснуць.

Класціся ад (са) смеху гл. класціся.

Курам на смех гл. курыца.

Лопнуць са смеху гл. лопнуць.

Не да смеху каму — няма прычыны, жадання весяліцца, смяяцца.

Не на смех — усур’ёз; як след. [Харытон:] — Але ж калі рабіць — трэба не на смех рабіць. Баранавых.

Падняць на смех каго гл. падняць.

Пакаціцца (паехаць) ад (са) смеху гл. пакаціцца.

Паміраць (лопацца) са смеху гл. паміраць.

Смех бярэ — хочацца смяяцца.

Смех ды і годзе; смех сказацьтое, што і смех (у 2 знач.).

Смеху варта — смешна.

(Як) на смех — як для насмешкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. давёз, ‑везла; зак., каго-што.

1. Везучы, даставіць да якога‑н. месца. Камандзір.. сам стаяў на паравозе. Як мага ён стараўся хутчэй давезці часць да месца. Чорны.

2. і чаго. Разм. Прывезці тое, чаго не хапала дзе‑н. Давезці матэрыялы на будаўніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

далічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што і без дап.

1. Скончыць лічэнне чаго‑н.; злічыць, пералічыць да якога‑н. ліку. Далічыць грошы. Далічыць да тысячы.

2. (звычайна з адмоўем). Разм. Тое, што і далічыцца. Вярнуўшыся з дальніх этапных дарог, Мы шмат каго з нас не далічым... Танк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даляжа́цца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.

Разм.

1. Тое, што і даляжаць. Лес ляжаў, ляжаў і аж да восені даляжаўся. Скрыпка.

2. Доўга лежачы, давесці сябе да непрыемных вынікаў. Мой сусед старшына Тарасюк .. падняўся і сказаў, звяртаючыся да мяне: — Пайшлі, браток, паглядзім, як і што, а то даляжымся. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́ясніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Тое, што і высветліць. [Назарэўскі:] — Я тут нядаўна, а ўжо многа чаго выясніў. Чорны. [Рылю і Талашу] трэба было на нешта наважыцца, выясніць сваё становішча, пазбавіцца гэтай няпэўнасці. Колас. Куніцкі ж скрозь быў спакойны. І ў спрэчку ўмешваўся толькі тады, калі нешта сам для сябе выясніў. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкра́сці, ‑краду, ‑крадзеш, ‑крадзе; зак., каго-што.

Украсці тое, што было забрана, адабрана. Позна ўночы вярнуўся Максім, прывёз трохі сена. Проста сказаць, адкраў у палякаў. Колас. // Украсці. І Лявону Шулю раптам робіцца сорамна і ніякавата, што ён адкраў улоў, адкраў не ў каго-небудзь, а ў свайго пляменніка. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аско́лак, ‑лка, м.

Адколаты ад чаго‑н. кавалак. Асколак каменя, гранаты. □ Даходзяць толькі гукі — выццё снарадаў, скрогат выбухаў, сіпенне асколкаў... Мележ. Сярод лужыны валяліся асколкі цудоўнай Сонінай чарніліцы. Курто. // перан.; чаго. Тое, што захавалася ад мінулага, зніклага. Асколкі старога свету. □ Трухлявая салома і паркан — Далёкае мінуўшчыны асколкі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асла́бнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. аслаб, ‑ла; зак.

Разм.

1. Тое, што і аслабець.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць менш нацягнутым, тугім. Бабуля ляжыць галавой на покуце, нізка над вачыма абвязаная хусткай, якая аслабла і аб’ехала на вочы. Брыль.

•••

Аслаблі гайкі ў каго гл. гайка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а́спід 1, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Ядавітая змяя, якая водзіцца ў трапічных і субтрапічных краінах.

2. Разм. лаянк. Пра благога, падступнага чалавека.

[Грэч. aspis.]

а́спід 2, ‑у, М ‑дзе, м.

Уст. Слаісты мінерал чорнага колеру, які раней ішоў на вытворчасць грыфельных дошак; тое, што і аспідны сланец (гл. сланец).

[Ад грэч. iaspis — яшма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)