По́йма1 ’частка рачной даліны, якая затапляецца вадой у час разліву’ (ТСБМ), ’разводдзе’ (Сл. ПЗБ), ’сена, скошанае ў такім месцы, якое было заліта ракою, што выйшла з берагоў’ (Нас.). Параўн. укр. по́йма ’пойма’, пойма́ти ’пакрываць; заліваць (пра ваду)’, рус. паём ’пойма’, ’глыбокае месца ў рацэ з вірам’, займа ’пойма’, ’заняты ўчастак зямлі’, поимать ’заліваць вадой у паводку’. Ад *pojęti < *jęti, да імаць (гл.).

По́йма2 ’астаткі нітак з боку бёрда’ (ТС). Гл. пайам ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Празму́ста ’спакушальны’ (Бяльк.). Вытворнае пры дапамозе прыстаўкі пра- (гл.) ад зму́ста ’спакуса; дрэнны прыклад’ (Нас., Гарэц.), змусці́ць ’спакусіць’ (Нас., Гарэц.), параўн. рус. смусти́ть, сомусти́ть ’збянтэжыць, спакусіць’, сомусти́тель ’спакушальны’, якія разглядаюцца як вынік кантамінацыі мутить і мясти ’бянтэжыць’ (Фасмер, 3, 694), што да *męsti ’бянтэжыць, блытаць’, ітэратыў mǭtiti ’тс’ (гл. муціць параўн. ст.-бел. смятатися ’бянтэжыцца, хвалявацца’ (Ст.-бе. п. лексікон). На канец беларускага слова, несумненна, паўплываў назоўнік шуста ’падбухторванне’, утвораны ад знушчацца ’глуміцца, здзекавацца’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прайма́ць ’прабіраць, пранізваць (пра мароз, холад, вецер і пад.); глыбока, моцна дзейнічаць, рабіць вялікае ўражанне на каго-небудзь’ (ТСБМ), ’прасоўваць (нітку) праз ігольнае вушка’, ’пранікаць (аб ветры, марозу)’ (Нас.), пройма́ць ’праймаць, прабіраць’ (ТС), зак. тр. пройняты ’спехам прашыць, прыхапіць ніткай’ (Клім.), ст.-бел. проимати ’разабраць, зрабіць у чым-небудзь адтуліну’. Прыставачны дзеяслоў ад імаць (гл.). З семантычных паралеляў параўн. рус. пронимать ’прабіраць (аб холадзе)’ і ўкр. пройма́ти ’абхапіць (аб холадзе); прасоўваць нітку (у іголку)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́лубка, пралу́бка ’палонка’ (Нас.; Нік. Очерки; Гарэц.; Касп.; Бяльк.; паўн.-усх., КЭС; ашм., Стан.), про́луб, пролу́б(к)а, пралы́бка ’тс’ (Сл. ПЗБ), рус. про́лубь, пролу́бка ’тс’; укр. про́луб ’тс’, польск. дыял. przełąbka ’тс’, славац. prieluba ’палонка; засек’. Лічыцца другасным да адпаведных форм з *rǫbati і *rǫbiti ’рубіць’ (гл. прарубка); л (ł, l) у выніку дыстантнай асіміляцыі да р (r) у прэфіксе *pro‑, *prě (гл. пра-). Гл. Борысь, Зб. Ліміту, 194; Фасмер, 3, 377.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярэ́сціць ’рабіць пярэстым’; экспр. ’біць, сцябаць, лупіць’ (ТСБМ, люб., Жыв. сл.; Сержп.), ’біць дубцом, палкай, рабіць пісягі’ (Некр.), ’збіваць паленам, палкай’ (Шат.), ’секчы дубцом; лаяць’; параўн. укр. пері́щити ’моцна біць, секчы; моцна, бесперапынна ісці (пра дождж)’, балг. пера́стим ’біць; сварыцца’, пере́стим ’лаяць’. Вытворнае ад пе́рыць ’біць; лупцаваць’ (гл.), аналагічна тлумачацца ўкраінскае (< пе́рити ’тс’, ЕСУМ, 4, 350) і балгарскае (< пе́ря ’біць, лупцаваць’, ’праць’, БЕР, 5, 167) словы. На семантыку, магчыма, паўплывала пярэсты (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раз’яш́чыць ’расчыніць (пра дзверы)’ (Ян.), ’расчыніць насцеж’ (Жыв. сл.), разья́шчыць ’расчыніць (дзверы, акно)’ (З нар. сл.). Экспрэсіўнае ўтварэнне цьмянага паходжання. Магчыма, роднаснае да яшчык (гл.), параўн. больш ранняе польск. дыял. jaszcz ’пасудзіна, выдзяўбаная з дрэва’ (адносна яго гл. Саднік-Айцэтмюлер, 1, 33; Банькоўскі, 1, 577), што, аднак, не тлумачыць семантыку слова. Семантычна бліжэй н.-луж. jašk ’адтуліна ў жаку’, што ўзводзіцца да прасл. *askъ (Трубачоў, ЭССЯ, 1, 81), якія таксама не маюць надзейнай этымалогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раске́па ’расцяпа, някемлівы, рассеяны, няўважлівы чалавек’ (карэл., З нар. сл.; дзярж., Нар. сл.; Сл. рэг. лекс.). Непалаталізаваны варыянт да расцяпа, які, паводле Векслера (Гіст., 92), рэалізаваўся на поўдні Беларусі на месцы спалучэння sk у skʼ у пачатку і сярэдзіне слова. Пра сувязь з кеп ’дурань; блазан’ (гл.) спецыяльна Слаўскі, 2, 151. Сюды ж і раске́па ’раздвоены дышаль у вупражы валоў’ (Лексика Пол.), раске́паць ’зразумець, здагадацца’ (Жд. 2), магчыма, пад уплывам кепова́ць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Светагля́д ‘кругагляд, светапогляд, светабачанне’ (Ласт., Некр. і Байк.). Як і светапо́гляд ‘тс’ (ТСБМ), з’яўляецца інтэрнацыянальнай калькай, параўн. рус. мировоззрение ‘тс’, польск. światopogląd ‘тс’, крыніцай якіх лічыцца ням. Weltanschauung ‘тс’ (< Welt ‘свет’ і Anschauung ‘погляд ), гл. Фасмер, 2, 626; Нававейскі, Zapożyczenia, 15. Меркаванне пра калькаванне польскага слова (Цімошук, Studia z filologii ros. i słów.: Białorutenika, 22, 30) цяжка давесці, паколькі ўпершыню сьветагля́д (Гарэц. 1) фіксуецца ў 20‑я гг. XX ст. як пераклад рус. миросозерцание.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сква́па ‘прагнасць, зайздрасць, хцівасць’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Бяльк.), сквап ‘тс’ (Нас.), сква́пны ‘прагны’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Др.-Падб., Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), сква́пін ‘тс’ (Мат. Маг.), сква́піцца ‘зайздросціць’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Жыв. сл., Інстр. 3). Укр. сква́пний, сквапли́вий ‘паспешлівы, таропкі’, польск. skwapliwy ‘паспешны, ахвотны’. Да квапіць, квапны (гл.). Збліжэнне Насовіча (там жа) з літ. skaugeti ‘зайздросціць’ і меркаванне Карскага (Белорусы, 163) пра запазычанне з польск. skwapa нельга прызнаць аргументаванымі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сле́цце (сьле́цьце) ‘плады’ (Arche, 2007, 3), сьле́ціва ‘зеляніна, гародніна’, сьле́ціўя ‘тс’ (Ласт.). Параўн. рус. дыял. сле́тье ‘ураджай; жыта; гародніна’. Відаць, да лета ‘летняя пара, пара спеласці’ (гл.); меркаванні Пацюпы (Arche, 2007, 3, 209) пра сувязь з укр. літь ‘цечка’, лі́тити ‘апладняць’ могуць мець падставы пры ўмове паходжання гэтых слоў ад лі́то (гл. лета), параўн. ЕСУМ, 3, 272. Параўн. таксама сле́тнік (сьле́тнік) ‘стары зняможаны конь, якога куплялі танна вясной для выкарыстання летам’ (полац., Шатал.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)