праму́драсць, ‑і, ж.

1. Уст. Глыбокая, вышэйшая мудрасць.

2. чаго. Разм. жарт., іран. Што‑н. цяжкае для разумення, засваення. Ніхто лепш за .. [Рэню] не разбіраўся ў каварных нетрах алгебры і іншых прамудрасцях дакладных навук. Лынькоў. У душы я паабяцаў .. [дзядзьку] старацца як мага лепш, каб авалодаць усёй прамудрасцю правапісання. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праяўле́нне, ‑я, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. праяўляць — праявіць і праяўляцца — праявіцца.

2. Выяўленне, увасабленне чаго‑н.; разнавіднасць, форма. Тое, што .. [Наташа] хварэла за поспехі і няўдачы брыгады, было звычайным праяўленнем яе натуры. Краўчанка. Багдановіч сваёй паэзіяй імкнуўся асэнсаваць і адлюстраваць навакольную рэчаіснасць ва ўсіх яе праяўленнях. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыкуры́ць, ‑куру, ‑курыш, ‑курыць; зак., што і без дап.

Запаліць папяросу ад чаго‑н. (запалкі, іншай папяросы і пад.). Дрыжачымі ад хвалявання рукамі.. [паручнік] запаліў запалку і прыкурыў даўно патухлую цыгару. Якімовіч. Усклаўшы карчы на агонь, Высейка прыкурыў ад галавешкі і доўга маўчаў. Бялевіч. — Прабачце, пане, дазвольце прыкурыць. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прынараві́цца, ‑раўлюся, ‑ровішся, ‑ровіцца; зак.

Прызвычаіцца, прыстасавацца да чаго‑н. З цягам часу ўсё ўвайшло ў свой звычай. Галя прынаравілася, прыплакалася да новай маткі, а Параска прызвычаілася да чужой дачкі. Сабаленка. [Сымон:] — Пажывём, мо як і прынаровімся да нечага лепшага, новага. Нікановіч. З цяжкасцю [Валера] прынаравіўся да дарогі, прыбавіў скорасць. Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прычапны́, ‑ая, ‑ое.

Які, не рухаючыся самастойна, прычэпліваецца да чаго‑н. Прычапная веялка. Прычапны вагон. □ Брыгады ўжо мелі па тры-чатыры трактары з багатым камплектам прычапных машын і інвентару. Хадкевіч. Камбайны і іншыя складаныя машыны пастаўлены ў закрытыя памяшканні і пад павеці, прычапны інвентар — на асобнай пляцоўцы. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэмірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., каго-што.

Узнагародзіць (узнагароджваць) прэміяй. — Прыёмнік трэба. Такога бацьку, — .. [Аржанец] усміхнуўся, гледзячы на старога, — трэба прэміраваць самым найлепшым. Брыль. Праўленне калгаса, праводзячы Захарку на пенсію, прэміравала свайго ветэрана стрэльбай. Сіняўскі. // Адзначыць прэміяй адмысловыя якасці каго‑, чаго‑н. Прэміраваць пародзістую сабаку. Прэміраваць песню.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пуцяво́дны, ‑ая, ‑ае.

Які паказвае дарогу, напрамак; які вядзе куды‑н., да чаго‑н. Ён відаць адусюль — пуцяводны маяк, — З новых плошчаў і вуліц, з-за Свіслачы зоркай, Дзе шуміць галасамі і музыкай парк,.. Быццам мора пасля праляцеўшага шторму. Танк.

•••

Пуцяводная зорка гл. зорка.

Пуцяводная ніць гл. ніць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбо́рлівы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які лёгка разабраць, успрыняць на слых, зрокам і пад.; выразны. Разборлівы почырк.

2. Патрабавальны, строгі ў выбары або ацэнцы каго‑, чаго‑н. Больш разборлівыя танцоры, якім надакучыць прасіць прабачэння за штуршкі, пакідаюць залу з жалем, уздыхаючы: — Эх, нават і сёння не дадуць патанцаваць. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскуда́хтацца, ‑хчуся, ‑хчашся, ‑хчацца; зак.

1. Пачаць кудахтаць моцна і доўга (пра курэй).

2. перан. Разм. Раскрычацца без толку, без прычыны. [Нічыпар:] — Толькі ж не я збег ад цябе, а ты. Дык чаго ты раскудахталася годы? Асіпенка. — Раскудахталіся! — раптам раззлаваўся Хамутоўскі. — У ступі ды ўступі. Сам ведаю, што рабіць. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раствары́цца, ‑творыцца; зак.

Утварыць у злучэнні з вадкасцю аднародную сумесь. Цукар растварыўся ў вадзе. // Спец. Утварыць раствор, змяшаўшыся з якім‑н. рэчывам. // перан. Згубіцца сярод каго‑, чаго‑н. Дарога даўно растварылася ў густым травастоі. Беразняк. Як лёгка патануць у натоўпе, растварыцца ў стракатым мільганні капелюшоў, каўняроў, .. паліто! Гамолка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)