Катала́жка ’каталажка’ (БРС, Сл. паўн.-зах.). Магчыма, запазычанне з рус. мовы. Параўн. рус. катала́жка ’каталажка, турма’, ’памяшканне для арыштантаў’. У рус. мове гэта вытворнае ад дыял. каталаж ’камора, памяшканне на судне для захоўвання снасцей і прыпасаў’. Апошняе ўзнікла ў выніку метатэзы з такелаж ’снасці на судне, прыстасаванне для пад’ёму і перамяшчэння грузаў’ (аб гэтым пісаў яшчэ Даль: «…каталажка… от каталаж искаж. морс. такелаж»). Слова такелаж (сустракалася таксама ў форме такалаж) узята з гал. takelage ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Катыльён ’катыльён, бальны танец франц. паходжання’ (БРС). Параўн. рус. котильо́н, укр. котильйон ’тс’. Лічыцца запазычаннем з франц. cotillon ’тс’, якое узнікла на базе іншага франц. слова — cotillon ’сподняя спадніца’ (< cotte ’сукенка’). У рус. мове запазычана з франц. на пачатку XVIII ст. Бел. і ўкр. словы непасрэдна ўзяты з рус. Адносна франц. cotillon гл. яшчэ тлумачальны слоўнік Wahrig G. Deutsches Wörterbuch — Mosaik Verlag, 2229; Meyers Neues Lexikon, 2. Aufl., Bd. 8. 1974, S. 107.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́гада1 ’разлік’ (БРС, Касп., Яруш., Шат.) і выго́да ’тс’ (Шат.), укр. ви́года, рус. вы́года. Ад выгадаць ’мець прыбытак’, што да гадзіць ’пападаць, цаляць’ (гл.); параўн. рус. дыял. годи́ть ’мерыцца, цэліцца’, серб.-харв. га́ђати ’цэліцца, страляць, кідаць’ і інш.

Вы́гада2 (БРС) ’раскоша, прыемнасць’ (Касп.); ’паша’, рус. ’угодье’ (Мядзв.: «Выгадай або пашай называецца ўся прастора памешчыцкай зямлі, куды сялянам дазваляецца ганяць жывёлу, за што яны павіяны адрабляць у памешчыка пэўны час»). Гл. выгода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гала́нка ’парода кароў, курэй’ (БРС). Параўн. рус. гола́нка, гала́нка, якое азначае ’галандскую гародніну’, а таксама ’пароду курэй, кароў, гатунак селядца і г. д.’ З гала́ндка < гол(л)андка; ад назвы краіны. Сюды ж і гала́ндка ’грубка’ (Сцяшк. МГ), рус. гала́нка ’тс’. Назва ўзнікла на базе словазлучэння тыпу голландская печь з дапамогай суфікса ‑к(а). Гл. Фасмер, 1, 385; Шанскі, 1, Г, 118. Прынамсі, для назвы ’грубкі’ крыніцай бел. слова з’яўляецца, магчыма, рус. назва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гнуць ’гнуць’ (БРС). Рус. гнуть, укр. гну́ти, польск. giąć, чэш. hnouti пасунуць’, балг. гъ́на ’гнуць’, ст.-рус., рус.-ц.-слав. гънꙋти ’гнуць’ і г. д. Агляд шматлікіх форм у слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 188. Лічыцца роднасным з літ. gùbti ’гнуцца’ (для прасл. праформай з’яўляецца *gъbnǫti, якое чаргуецца з *gubiti, *gybnǫti, *gybati). Гл. Трубачоў, там жа, 166, 216, 218. Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 422–423; гл. таксама гіба́ць, гібе́ць, гі́бель.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мні́цельны ’недаверлівы, беспрычынна падазроны’ (ТСБМ). Да рус. мнительный ’тс’, якое з рус. мнить, ст.-рус. мьнѣти, ст.-слав. мьнѣти і г. д. Прасл. mьněti, роднаснае да літ. minė́ti ’ўспамінаць’, ст.-прус. minisnan ’памяць’, ст.-інд. mányatē, manutḗ ’думае’, ст.-грэч. μέμονα, лац. meminī ’ўспамінаю’. Ст.-слав. мѣнити ’згадваць, успамінаць’, славен. méniti, ст.-чэш. mieniti, польск. mienić, аднак, з’яўляюцца роднаснымі да ст.-в.-ням., с.-в.-ням. meinen ’думаць, меркаваць’ (Фасмер, 2, 633).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мужчы́на, драг. мушчэ́на ’асоба мужчынскага полу’, ’мужны чалавек’ (ТСБМ, Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ; міёр., Нар. словатв.; драг., КЭС), ласк. мужчы́нка ’тс’ (Шат.). Рус. арханг. мужчи́на (ж. р.) ’тс’, ’селянін’, карэльск. (КАССР) мужчи́нья ’мужчыны’, польск. mężczyzna ’мужчына’, ст.-польск. mężczyzna (зб.) ’мужчыны’. Паўн.-слав. Да муж (гл.). Утворана ад прыметніка mǫžьskъ (Брукнер, 327) і суфікса ‑in‑а (бел. ‑ін‑а — гл. Сцяцко, Афікс. наз., 203), ст.-рус. мѫжьщина. Параўн. рус. том. мужски́ ’мужчыны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асна́ч ’плытагон, сплаўшчык’, асна́к (Янк. БП) ’тс’. Рус., укр. оснач, ст.-рус. осначь ’тс’; рус. арханг. таксама пераносна ’легкадумны чалавек’. З остьнъ ’вастрыё’, ’бусак’ (> асон, гл.) + суфікс ‑ачь (остьнъ мае той жа корань *akʼ‑, што востры, гл.) ці ‑акъ (Супрун, Веснік БДУ, 1971, 1, 72–73). Думка Даля пра паходжанне ад снасть, оснастка, а таксама думка Мацэнауэра, 12, 173 (гл. таксама Міклашыч, 4; Бернекер, 32; Фасмер, 3, 162), пра паходжанне ад гоц. asneis ’падзёншчык’ непераканаўчыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ба́лка1 ’бэлька’ (Сцяшк. МГ), ужо ў ст.-бел. (Гіст. лекс., 115), балкі бярвенні, якія кладуцца ўпоперак зруба ў верхнім вянку’ (Інстр. I), ба́лка ’перакладзіна, якою замацоўваюць кроквы’ (Лысенка, ССП). Рус. ба́лка (з XV ст.), укр. ба́лка (з XVIII ст.; < рус.). Запазычанне з с.-н.-ням. balke ’тс’. Фасмер, 1, 115. Можна лічыць, што бел. і ўкр. формы з рус. мовы (параўн. Шанскі, 1, Б, 24). Параўн. бэ́лька, ба́лька.

Ба́лка2 ’роў, яма’. Гл. баліна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Башма́к1 ’чаравік’ (Шат., Касп., Сакал.). Рус. башма́к, укр. башма́к. Запазычанне з цюрк. моў (тур., чагат. bašmak). Міклашыч, 8, 415; Бернекер, 45; Фасмер, 1, 139, параўн. яшчэ Заянчкоўскі, Stud. orient., 37; Рудніцкі, 92; Шанскі, 1, Б, 63–64.

Башма́к2 (тэхн.) (БРС). Укр. башма́к ’тс’. Запазычанне з рус. башма́к ’тс’ (а гэта да башма́к ’чаравік’ < цюрк., гл. вышэй). Рус. башма́к як тэхнічны тэрмін — калька з зах.-еўрап. моў (параўн., напр., ням. Schuh ’чаравік; башмак’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)