Кальсо́ны ’споднія мужчынскія штаны’ (БРС, ТСБМ; клец., іўеў., КЭС; Сцяц., Сцяшк.). Як паказвае геаграфія, слова ў гаворкі магло трапіць з польск. мовы; польск. kalesony (фіксуецца і ў Віленскім слоўніку) узыходзіць да франц. caleçon ’споднікі’ і ў сваю чаргу перадае італ. calzoni ’споднія штаны’ (ад calza ’панчоха’, лац. calceus, якое да calx ’пятка’). У франц. мове зафіксавана і calçon (з 1680 г.), аднак, відаць, кальсоны да яе не ўзыходзіць. Бел. фармальна ідэнтычнае з рус. кальсоны, ва ўсякім выпадку ў слоўніку літаратурнай мовы, можа быць і русізмам, для якога мяркуюць польскае пасрэдніцтва, параўн. Шанскі, 2, К, 33.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кату́рн ’катурн’ (ТСБМ, БРС). Рус. кату́рны ’абутак антычных артыстаў’, укр. кот́урни, польск. koturny, чэш. kothurny, балг. коту́рна і г. д. У бел. мове, магчыма, непасрэднае запазычанне з рус. мовы. У рус. мове слова з’явілася ў канцы XVIII ст. (упершыню адзначаецца ў слоўніку ў 1803–1804 гг.). Паводле Шанскага, 2, К, 360, запазычанне з лац. або грэч. мовы. Параўн. ст.-грэч. назву κόθορνος ’высокі паляўнічы бот’, потым ’высокі абутак трагічных акцёраў’ (адсюль лац. cothurnus ’тс’). Гл. яшчэ Encyklopedie antiky. — Academia, Praha, 1974. с. 313; Lexikon der Antike. — Leipzig, 1979, с. 296–297.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кафалі́чны ’сусветны, усеагульны’, эпітэт праваслаўнай царквы (ТСБМ). Параўн. рус. кафолический ’сусветны’, якое ўпершыню папала ў помнікі ў 1612 г. Першакрыніцай з’яўляецца грэч. καθολικός ’сусветны’ (гл. Шанскі, 2, К, 97–98). Бел. кафалічны, як можна меркаваць, з’яўляецца адносна новым запазычаннем з рус. мовы. Адносна рус. слова Шанскі, там жа, думае, што яно, магчыма, вытворнае ад прыметніка кафоликии (вядомага ў помніках ст.-слав. мовы) або запазычанне грэч. слова, якое не папала ў старажытныя помнікі, якія захаваліся. Параўн. яшчэ Фасмер, 2, 212. Ст.-бел. католицкий, католический < лац. calhoticus С грэч. (гл. Булыка, Запазыч., 143).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Каўчу́к ’каўчук, эластычнае рэчыва, якое здабываецца з млечнага соку некаторых трапічных раслін або штучным спосабам і выкарыстоўваецца для вырабу гумы’ (ТСБМ, БРС). Паводле Фасмера, 2, 211, запазычана з ням. Kautschuk або франц. caoutchouc. Шанскі (2, К, 100) удакладняе, што ў рус. мове гэта слова ўзята з франц. на пачатку XIX ст. і ўпершыню фіксуецца ў слоўніку 1816 г. Франц. слова ўзята з мовы лацінаамерыканскіх індзейцаў. Паводле Фасмера, там жа, крыніцай з’яўляецца слова cahuchuc з індзейскай мовы майнас. Не абгрунтаваны пункт погляду аб запазычанні слова з англ. крыніцы. Гл. Шанскі, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Батлажка ’біклага’ (Сцяшк. МГ). Параўн. бакла́га і бікла́га. Незразумела, адкуль тут ‑т‑ (замест ‑к‑). Ці не лепш думаць пра рум. крыніцу слова (параўн. тлумачэнне ‑і‑ ў бікла́га)? Тады батла́жка < *батла́га < *бутла́га. Параўн. рум. butlagă ’бачонак’, bâtlag, bîtloagă, bătlag ’тс’. Як вядома, пра ўплыў рум. мовы на ўкр. формы тыпу баклаг(а), боклаг думаў Шалудзька, Rum., 126. Некаторае пацвярджэнне ўплыву рум. мовы на бел. ёсць: параўн. ‑і‑ ў форме біклага (гл.) і спалучэнне ‑тл‑ (замест ‑кл‑) у слове батла́жка. Але незразумелы шлях румынскіх уплываў. Гл. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 65.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Мі́стыка ’вера ў надпрыродныя, таямнічыя сілы і зносіны з імі чалавека’, ’нешта загадкавае, нерастлумачальнае’ (ТСБМ). З рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77), якое праз зах.-еўр. мовы прыйшло са ст.-грэч. μυστικός ’таямнічы’. Не выключана ў якасці пасрэдніцы польск. мова, як у лексемы містэрыя ’тайныя абрады ў гонар бажаства ў старажытных краінах’, ’рэлігійная драма ў сярэднія вякі’, ст.-бел. мистерия ’містэрыя, таінства’ (XVI ст.), якое са ст.-польск. misteryjum < с.-ням. Mysterium (мн. л. Mysteria) < лац. mystērium < ст.-грэч. μυστήριον ’тайна, таінства’ (Булыка, Лекс. запазыч., 179; Фасмер, 2, 627) < ст.-грэч. μύω ’закрываю вочы, стульваю губы’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рахава́ць ’рабіць разлікі, падлікі’ (ТСБМ, Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), рахава́цца ’раіцца, меркаваць’ (слуц., Гіл.; Сл. ПЗБ), рахова́ць ’улічваць, браць пад увагу’, рахова́цца ’раіцца, меркаваць’ (ТС), ст.-бел. раховати ’лічыць’ (Ст.-бел. лексікон; 1388, Булыка, Запазыч.). Параўн. рус. дыял. раховать, укр. рахувати ’тс’. Праз польск. rachować (Булыка, Лекс. запазыч., 81), што ад ням. rechnen ’рабіць падлікі, лічыць’ (Брукнер, 451). Борысь (507) дадаткова падае ад с.-в.-ням. rechen ’лічыць, падлічваць’. Адаптацыя карнявога ненаціскнога е > а пасля зацвярдзелага р, што было ўласціва для фанетыкі польскай мовы і праяўляецца ў іншых запазычаннях з нямецкай мовы (параўн. ратаваць, гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Інтэліге́нцыя. Крыніца: лац. intelligentia ’разуменне’. Значэнне ’грамадскі слой людзей, якія прафесіянальна займаюцца разумовай працай’ сфарміравалася раней, відаць, у польск. мове (першапачаткова inteligencja ’цямлівасць, кемнасць’), адкуль трапіла ў рус. у сярэдзіне XIX ст.; да гэтага часу рус. интеллиге́нция ўжывалася ў значэнні ’разумнасць, свядомасць, дзейнасць розуму’ (Вінаградаў, Этимология. 1964, 111–113; Шанскі, 2, I, 94). З рускай слова запазычана ў зах.-еўрап. мовы (Баравы, Путь слова, 330). У беларускай інтэлігенцыя ў пачатку XX ст. з рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77). Паводле Шанскага (2, I, 94), интеллиге́нт — зваротнае ўтварэнне ад интеллигенция.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бру́кі ’верхнія мужчынскія штаны’ (ДАБМ, 930). Мабыць, запазычанне з рус. мовы (а там з н.-ням. brôk або гал. broek; усё з лац.-гальск. brāca). Фасмер, 1, 224; Праабражэнскі, 1, 49; Шанскі, 1, Б, 206.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ва́ва ’болька, балячка, рана’ (Шпіл., Клім.); ’баліць, болька, балюча’ (Янк. II, Бяльк.); ’кроў; ранка, балячка’ (Яўс.). Слова дзіцячай мовы, утворанае шляхам рэдуплікацыі выклічніка ва(й). Гл. Рудніцкі, 1, 287; Праабражэнскі, 1, 61; Фасмер, 1, 263.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)