Бабі́зна 1 ’спадчына ад бабулі’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Укр. баби́зна, польск. babizna ’тс’. Утварэнне ад ба́ба 1 (гл.) суфіксам ‑izna (параўн. otьčizna), які выступаў з абстрактным значэннем, што часта канкрэтызавалася (і тады націск пераходзіў на першы склад суфікса ‑izna). Утварэнне babizna 1, як бачым, ёсць толькі ў некаторых слав. мовах.
Бабі́зна 2 ’вялікі баязлівец’, ’высакарослая жанчына’ (Нас.). Суф. ‑izna ўтвараў абстрактныя і калектыўныя назоўнікі, што часта канкрэтызаваліся, а ў некаторых мовах атрымлівалі і пейаратыўнае значэнне (параўн. і ст.-польск. mężczyzna — калектыўны назоўнік, які пазней стаў азначаць адну асобу; Брукнер, 327). Бел. слову дакладна адпавядаюць: чэш. babizna ’агідная, брыдкая, злосная баба, старая жанчына’, славац. babižna, babizeň ’старая або агідная жанчына, баба’. Аб пейаратыўнай функцыі ‑izna гл. Оберпфальцэр, Rod, 157.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бага́тка ’адуванчык лячэбны, Taraxacum officinale Web.’ (да геаграфіі гл. Кіс., 128), назва расліны’ (Янк. Мат., 94: «Бага́ткамі на Купалля абразы́ аптыка́яць»). Мабыць, вытворнае ад багаты (кветка мае вялікую колькасць пялёсткаў). Аднак не выключаецца, што ў аснове назвы ляжыць уяўленне аб лячэбных або магічных (культавых) уласцівасцях расліны. Другая, «купальская», расліна, якую азначае бага́тка — гэта тое ж самае, што і рус. бога́тка, бога́тница ’Conyza; Erigeron’, укр. богатинка, богатниця, на якой гадаюць аб багацці (адсюль і назва, гл. СРНГ, 3, 44–45). Параўн. і польск. bogatka (XV ст., гл. Брукнер, 34). Паколькі бага́тка ’Erigeron’ мае і іншую назву: рус. пушки, бел. пушкі (Кіс., 50), то магчыма, што на адуванчык проста перанеслі назву багаткі (па падабенству).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барана́. Рус., укр. борона́, польск. brona, чэш. brána (brány), в.-луж. bróna, н.-луж. brona, балг. бра́на́, серб.-харв. бра́на, славен. brána і г. д. Прасл. borna (bor‑na) ад асновы *bor‑ (параўн. bor‑zda ’баразна’). Параўноўваюць з лац. forāre ’свярліць’, ст.-в.-ням. borōn ’тс’, грэч. φαρόω ’ару’, φάρω ’расколваю’, лат. beȓzt церці, чысціць’ і да т. п. Гл. Бернекер, 74; Праабражэнскі, 1, 38; Фасмер, 1, 196–197; Брукнер, 41; Слаўскі, 1, 43; Махэк₂, 64; БЕР, 1, 74. Параўн. яшчэ Машынкі, Pierw., 74 (спецыфічная сувязь слав. і ст.-грэч. моў). Вельмі няпэўнай (з пункту погляду фанетыкі) з’яўляецца версія Аткупшчыкова, ЭИРЯ, IV, 87–96 (*borna < *bhorgná або *bhorgsná, да лац. frangere разбіваць’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Бу́ра (Сцяшк. МГ, Інстр. I, Бесар., БРС), бу́ря (Бяльк.). Рус. бу́ря, укр. бу́ря, польск. burza, чэш. bouře, ст.-слав. боурꙗ, серб.-харв. бӳра, балг. бу́ра, бу́ря і г. д. Прасл. *burʼa ’бура’. Сюды ж, відаць, прасл. *buriti (гл. бурыць). Спрэчным з’яўляецца пытанне, ці *burʼa — аддзеяслоўнае ўтварэнне ці не. У аснове гэтай групы слоў ляжыць, мабыць, і.-е. гукапераймальнае *bhou̯r‑, *bhur‑. Параўноўваюць з лат. baûŗuôt, нарв. būra ’рыкаць’, ст.-ісл. byrr ’спадарожны вецер’, лац. furō ’шалею’, грэч. φυρμός ’беспарадак’, ст.-інд. bhuráti ’рухаецца, валтузіцца’ і г. д. Траўтман, 28; Мейе, RS, 2, 65; Слаўскі, 1, 51; Фасмер, 1, 250; Праабражэнскі, 1, 55; Брукнер, 50. Параўн. яшчэ Махэк₂, 62. Няпэўна Шанскі, 1, Б, 236–237. Параўн. бу́рыць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Варо́ты ’вароты’, ворота ’дзверы ў хляве’ (Шушк.). Ст.-рус. ворота, рус. воро́та, укр. воро́та, польск. wrota, чэш. vrata, ст.-слав. врата, балг. врата́, серб. вра́та ’дзверы’ і г. д. Прасл. *vorta ’вароты, дзверы’ (мн. л. да назоўніка н. р. *vorto ’тс’, які не захаваўся) — утварэнне суфіксам ‑t‑ да прасл. кораня *ver‑: *vor‑ ’адкрываць, закрываць і да т. п.’ Падобныя ўтварэнні ёсць і ў іншых і.-е. мовах: літ. var̃tai мн. л., лат. vàrti мн. л. ’вароты, дзверы’, прус. warto, ст.-англ. weorð, worð ’агароджа каля будынка’, тахар. B wärto, warto ’сад’, ст.-інд. vr̥tís ’агароджа’ (Фасмер, 1, 354–355; Траўтман, 353; Махэк₂, 699; Шанскі, 1, В, 168; Брукнер, 632–633 і інш.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аме́ла ’Viscum album’ (БРС, Сцяшк., Кіс., БелСЭ), амяла ’Festuca orientalis’ (Кіс., Інстр., Шат.), ’Poa trivialis’ (Кіс.), омела (КСТ), укр. омела, рус. омела, чэш. jmelí, славац. omela, польск. jemioła, н.-луж. jemjoł, балг. имел, серб.-харв. ѝмела, славен. imela, mela. Прасл. *omela/ьmela ∼ літ. ãmalas, лат. amals, Траўтман, 7. Славянскія паралелі звязваюць з jęti, jьmǫ + ela (як bъč‑ela ’пчала’) (Брукнер, KZ, 45, 296). Вельмі праблематычна, улічваючы, што балтыйскія прыклады сведчаць аб балта-славянскай інавацыі. Параўн. Хэмп, ЗФЛ, 14, I, 1971, 253–255, які рэканструюе праславянскія формы *omela/*jemelьje: адсюль фанетычныя і марфалагічныя варыянты ў жывых славянскіх мовах. Паводле Хэмпа (там жа, стар. 255), прасл. omelá (*amélā) генетычна звязана з лац. amārus ’горкі, едкі, востры’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дзёгаць ’дзёгаць’. Рус. деготь, укр. де́готь, польск. dziegieć, чэш. dehet. Прасл. *degъtь ’тс’. Лічыцца роднасным з літ. degùtas ’тс’ (параўн. літ. dègti ’паліць’). Раней меркавалі, што слав. слова запазычана з балт. моў (аргументам тут было тое, што няма адпаведнага слав. дзеяслова: у слав. мовах выступае аснова *žeg‑ < *geg‑ ’паліць’, а не *deg‑, як у балт.). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 204–205; Фасмер, 1, 493; Бернекер, 1, 182–183; Брукнер, 109. Незалежна ад праблематыкі існавання слав. базавага дзеяслова для *degъtь трэба звярнуць увагу, што ў ст.-чэш. мове dehet абазначае таксама пэўнае дрэва (Terpentinbaum, terebinthus; гл. у слоўніку Гебаўэра). Гэта магчымы каштоўны рэлікт даўніны, які, мяркуем, зусім не падмацоўвае ідэю запазычання з балт. моў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жыць. Рус. жить, укр. жи́ти, польск. żyć ’жыць’, в.-луж. žić ’загойвацца’, уст. ’жыць’, н.-луж. žyś ’загойвацца, цешыцца’, чэш. žiti ’жыць’, славац. žiť ’тс’, славен. žiti ’жыць’, серб.-харв. уст. жи̏ти ’жыць’, балг. дыял. жѝя ’жыць’, макед. (у складаных словах) жи‑ ’жыць’. Ст.-слав. жити ’жыць, ажыўляць, карыстацца з чагосьці’, ст.-рус. жити ’жыць’, ’быць’, ’адбывацца’, ’загойвацца’. Літ. gýti ’загойвацца’, лат. dzît ’жыць’, лац. vita ’жыццё’, грэч. βιοτή ’жыццё сродкі для жыцця’. І.‑е. корань *gu̯ei̯‑: *gu̯ī, часта з пашырэннем *‑ụ‑: *gu̯ī̆u̯‑o‑s ’жывы’, gu̯ī̆u̯‑to‑s ’жывот’ (гл.). Фасмер, 2, 52; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 294; Брукнер, 669; Махэк₂, 728; БЕР, 1, 549; Траўтман, 76; Покарны, 1, 467.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Заўча́сна, дыял. заўча́су (Сл. паўн.-зах.). Укр. завчасно, завчасу, польск. za wcześnie, zawczas(u), чэш. zavčasu ’заўчасна’, славац. zavčas(u) ’хутка’, н.-луж. zawcasa ’своечасова, рана’. Заўчасна ад прыметніка заўчасны, утворанага з прыслоўя (ці прыслоўнага выразу) заўчасу (za + vъ‑čas‑u) ці za + vъ‑časъ; параўн. у час ’своечасова’. Пашырэнне на зах.-слав., бел. і ўкр. тэрыторыях можа тлумачыцца ці як агульная інавацыя для моў, у якіх час (гл.) атрымала значэнне ’tempus’ у адрозненне ад моў, дзе гэту функцыю маюць словы тыпу рус. время (параўн. вовремя, заблаговременно), альбо як запазычанне ў бел. і ўкр. з польск., дзе зах.-слав. форма. У карысць апошняга можа сведчыць выкарыстанне за ў знач. ’надта’. Брукнер, 646, 73.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Па́сека, пасе́ка, па́сіэка, па́сіка, па́сяка ’поле на месцы расчышчанага лесу’ (ТСБМ, Нас., Шат., Сл. ПЗБ, Бес.), ’поле ў лесе’ (Выг.), ’невялікая купа дрэў або гай у полі (дубняк, алешнік)’ (ТС), ’месца, дзе нядаўна быў высечаны лес’ (Некр., Серб.), ’папялішча’ (Маш.), ’месца, дзе стаяць вуллі’ (ТСБМ, Грыг., Маш., Сл. ПЗБ). Укр. па́сіка, рус. па́сека, польск. pasieka, чэш. paseka. Прасл. po‑sěka, якое з po‑sěkti ’пасячы’ — першапачаткова ’высечаныя кусты, якія спальваліся, і на іх месцы рабілася поле’ (Махэк₂, 436), пазней і ’расчышчанае месца для вулляў’ (Праабражэнскі, 2, 26; Брукнер, 398; Фасмер, 3, 211). Сюды ж бяроз. па́сек ’пчаляр’ (Сл. ПЗБ). Больш падрабязна гл. таксама Мюллер (ZSl., 17, 1972 (1), 27), Каткоў (УЗ МОПИ, 341 (1969), 139).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)