Пяры́ла1 (перы́ло) ’аер, плюшнік’ (мазыр., Жыв. сл.), сюды ж, відаць, пяры́льцы ’хваснік, Hippuris’ (Кіс.). Параўн. укр. пери́ла, пери́ля ’расліна Perilla’, рус. пери́лла ’тс’, чэш. perilla ’тс’. Фармальная тоеснасць назваў дазваляе дапусціць перанос лацінскай назвы на іншыя расліны, магчыма, з-за знешняга падабенства: новалац. perilla узыходзіць да pira ’груша’ (плод-арэшак прыпамінае плод грушы), параўн. ЕСУМ, 4, 348. Больш верагодна да пяро́ ’доўгі ліст’ (гл.), параўн. перо́ ’перыстая трава’: накосіў колеснік сена, одно перо (ТС).

Пяры́ла2 ’прыстаронак’ (палес., Бел.-укр. ізал.), параўн. укр. бойк. пери́ло ’адгародка ў хляве для сена, саломы, збожжа’. Відаць, да пе́рыць ’біць’, параўн. перабо́йка ’перагародка’, перабі́ць ’адгарадзіць’ (гл.), польск. przepierzenie ’лёгкая перагародка’ ад przepierzyć ’перагарадзіць, раздзяліць’, паводле Банькоўскага (2, 887), з не зусім празрыстай семантыкай (< польск. pierzyć ’аздабляць пер’ем’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пітава́цца ’харчавацца’ (Ян.), стараж.-рус., ст.-рус. питовати ’карміць’ (XIII–XIV стст. < XI ст.), питоватися ’ўжываць ежу’ (XI ст.), ’мець асалоду’ < питати < прасл. *pitati ’карміць’, параўн. рус. питать ’тс’, укр. пити́мий ’родны, блізкі’, пи́томець ’выхаванец’, славен. pítati ’карміць’, серб.-харв. пи̏тати, макед. питом ’прыручаны, свойскі’, ’лагодны, ціхі, рахманы’, питомец ’выхаванец’, ст.-чэш. pitomý ’ціхі, лагодны’, чэш. ’дурны’ (у выніку мены значэння паводле назірання за жывёламі, якіх гадуюць у няволі: яны страчваюць свае прыродныя рысы і становяцца нібы “атупелымі” — Махэк₂, 452), ст.-слав. питѣти, пазней питати ’насычаць, карміць’, якое параўноўваюць з літ. piẽtūs ’абед’, pietáuti ’абедаць, перакусваць’, ст.-інд. pitú‑(m) ’ежа’, авест. pitu‑ ’тс’, piϑwā ’тс’, ’частка ежы’, і.-е. *poi̯‑, *pi‑ (гл. пе́ставаць; пір, піць). (Покарны, 833; Фасмер, 3, 268; Бязлай, 3, 44).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ра́жанка ’брага’ (Сцяшк. Сл.), ра́жанка, ряжанка ’паранае малако, запраўленае смятанай’ (Сл. Брэс.), ражэнка ’тс’ (ТС), ражы́нка ’пена ад масла’ (Бяльк.), ра́жанка, ра́жынка ’скіслае гатаванае малако, змешанае са смятанай’ (Вешт.), польск. дыял.бел.) rażanka ’адтопленая смятана’ (Карл.), рус. ря́женка ’квашанае топленае малако’, дыял. ра́женка ’заквашанае гатаванае малако’. Этымалогія цьмяная. Можна выказаць некалькі версій. Хутчэй за ўсё, да ра́дзіць1 ’настройваць, наладжваць’ (гл.). На карысць гэтай версіі сведчыць гомельская назва ражанкі — ро́блянка, а таксама сінонім ря́жаная сараква́ша (Растарг.) пры рядный ’харошы, прыгожы’ (там жа). Кал і дапусціць запазычанне, то не выключана, што рускае слова магло быць утворана ад ра́жий ’гожы, харошы’, адносна якога гл. Фасмер, 3, 432; гэта значыць, што ра́жанка літаральна ’апрацаванае (палепшанае) малако’. Менш верагоднае ўзвядзенне да прасл. *ręd‑ ’трасці, калыхацца’ (> польск. дыял. rzężowisko ’балота, дрыгва’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рачане́ц ’гадавіна’ (Арх. Федар.), ’падарунак на свята, святочны гасцінец’ (маладз., Гіл.), рача́нец (račánic) ’устаноўлены час’ (Варл.), ’рэжым’ (Сцяшк. Сл.), ’тэрмін’ (пух., рагач., Сл. ПЗБ), ’гадавое свята’ (Сцяц.), ’вялікае свята, якое святкуецца праз год’ (ваўк., віл., Сл. ПЗБ), часцей у мн. л. рачанцы́ ’тэрмін ачышчэння пасля родаў’ (Гарэц.), ’дванаццацідзённы тэрмін пасля нараджэння (жывёлы)’ (Касп.), ’пэўная колькасць дзён ад нараджэння, да заканчэння якіх за грэх лічылася ўжываць у ежу маладых жывёл’ (Нас., Янк. Мат.), рычанцы́ ’тэрміны, прызначаныя для выканання чаго-небудзь’ (Растарг.), сюды ж рачанца́ ’зрэдку, несістэматычна (пра ўжыванне ежы)’ (Янк. Мат.). Параўн. укр. речене́ць ’тэрмін’. Насовіч праз форму роченцы́ (Нас., 567) выводзіць з рок1 ’год; устаноўлены тэрмін’ (гл.); першапачаткова, відаць, ад *рэчаны ’сказаны, абумоўлены’, што да ракці́ ’сказаць’, гл. рэкнуць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рэ́пка1 ’драўляны блок, які прыводзіць у рух шпульку ў калаўроце’ (Касп., Нар. сл., Скарбы), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’кальцо для прымацавання шыйкі касы да касся’ (Шатал.), рипа ’дэталь самапрадкі, якая злучае верхнюю частку з падстаўкай’ (Уладз.). Форма рэ́пка ўтварылася паводле народнай этымалогіі, магчыма, з-за знешняга падабенства дэталі да рэпы. З лат. ripa ’дыск; круг; шайба’.

Рэ́пка2 ’надкаленная косць’ (ТСБМ, Жд. 2; смарг., Сл. ПЗБ), анат. ’макаўка (у жывёлін)’ (гродз., Сл. ПЗБ). Укр. рі́пиця ’тс’. Іншая назва чашка (гл.). Паводле знешняга падабенства звязана з рэпка1 (гл.).

Рэ́пка3 ’скрутак лык’ (Жыв. сл., ЛА, 4), ’звязка апрацаванага льну’ (Сцяшк. МГ), ’скрутак’ (віл., раг., Сл. ПЗБ). Паводле знешняга падабенства звязана з рэпка1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́ўзка, ско́ўзко ‘слізка, коўзка’ (Скарбы, ТС), скоўзну́ць ‘саслізнуць’ (ТС). Формы суадносныя з прасл. *skl̥zati (*skl̥ziti), працягам якога з’яўляюцца ўкр. сковзати(ся), рус. дыял. ско́льзать, ско́льзать(ся) ‘коўзацца на лёдзе’, ст.-польск. skiełzać się ‘нахіляцца да чаго-небудзь’ (параўн. прыслоўе skiełzem ‘крыва, коса’, гл. скелз), чэш. sklouzati (se) ‘коўзацца, катацца на лёдзе, снезе’, славац. sklzať (sa) ‘коўзацца’, прадстаўленыя пераважна на паўночнаславянскай тэрыторыі, акрамя харв. кайк. skuzek ‘слізкі’, што з’яўляецца выключным архаізмам на паўднёваславянскай тэрыторыі. Названыя формы з рухомым s‑ проціпастаўлены формам без яго з каранямі *kl̥z‑ (гл. коўзацца) і *chl̥z‑, параўн. балг. хлъ́згаво ‘слізка’ (Борысь, Czak. stud., 93–94; Etymologie, 354–355). Па паходжанні названыя карані, хутчэй за ўсё, маюць анаматапеічны (імітатыўны) характар, параўн. выклічнік коўзь!, які можа быць старой дэрывацыйнай асновай слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скіпе́ць1 ‘ускіпець, адкіпець, сплысці пры кіпенні, зварыцца (пра малако)’ (Бяльк., Сцяц., Сл. ПЗБ; мядз., Нар. словатв., Федар. 4; драг., Ск. нар. мовы; Юрч. Вытв.). Да кіпе́ць (гл.).

Скіпе́ць2 ‘згарэць яркім полымем’ (ТСБМ, Юрч. Вытв., Сл. ПЗБ), ‘разнервавацца, абурыцца’ (ТСБМ, Арх. Федар., Бяльк.), ‘зайсціся ад плачу’ (Бяльк., Юрч. Вытв.), ‘прапасці, згінуць’ (ТС), ‘раптоўна памерці, хутка скончыцца (пра жывёлу)’ (Сцяц. 2, Сцяшк. Сл.), скіпець на нажы ‘загінуць ад нажа, ад нажавой раны, вакол якой спяклася кроў’ (ТСБМ, Бяльк., Юрч. Вытв., Нар. Гом., ТС). Да скіпець1; спецыфічнае значэнне ў выразе скіпець на нажы вядома ва ўкр. скипі́ти на ножы ‘тс’ і ўзнікла, паводле Ларына (История, 34), на базе пераносных значэнняў *kipěti (гл. кіпець), што перадаюць душэўны стан: ‘дайсці да шаленства, лютасці’, ‘так раз’юшыцца, што схапіцца за нажы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сты́гнуць ‘стыць’ (Гарэц., Нар. Гом.), сты́гці ‘стынуць; зябнуць’ (Нас.), ‘астываць’ (шальч., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сти́гнути ‘халадзець, зацвердзяваць, згушчацца’, рус. сты́гнуть, дыял. пск. сту́гнуть ‘тс’, польск. stygnąc ‘тс’ (з XVIII ст., гл. Борысь, 585). Паводле Бязлая (3, 338), ад таго ж і.-е. кораня, што і ў *stydnǫti (гл. стынуць), але з іншым дэтэрмінатывам: *(s)teu‑g‑, *(s)teu‑d‑. Да *stydnǫti, параўн. польск. stydnąć ‘тс’ (XVI ст., Брукнер, 523), узводзяць Міклашыч (327), Сабалеўскі (РФВ, 62, 234). Сумненні ў Фасмера (3, 789), які следам за іншымі аўтарамі набліжае слова да літ. stū́gti ‘тырчаць, рабіцца жорсткім’, грэч. στυγέω ‘ненавіджу, пагарджаю, баюся’, ст.-грэч. στύγε мн. л. ‘ледзяны холад’. Гл. таксама Коген, УЗ БГУ, 1, 190–194; Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 81–82 (гутарка ідзе пра пазнейшую інавацыю).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Табурэ́т, табурэ́тка ’род мэблі для сядзення, столак’ (ТСБМ, Касп., Янк. 1, Сл. ПЗБ), сюды ж формы з фанетычнымі ваганнямі рознага кшталту (асіміляцыя, субстытуцыя галосных кораня і г. д.): табарэ́тка (Скарбы, Сл. Брэс., Жд. 2), табарэ́зік, тубарэ́тка (Сл. Брэс.), табарэ́чык ’тс’ (Жд. 3), табарэ́тачка ’маленькі столак’ (Сцяшк.). Хутчэй за ўсё, праз польск. taboret з франц. tabouret, якое да сярэдзіны XVI ст. ужывалася ў першасным значэнні ’круглая падушачка для іголак’ і з’яўлялася памянш. формай ад tabour (< tambour) ’барабан’. Пазнейшае значэнне франц. tabouret ’табурэт’ з’явілася на падставе круглай формы мяккага сядзення, у польскай мове дагэтуль абазначае столак менавіта з круглым сядзеннем. З французскай ням. Taburett ’табурэт’, якое лічыцца непасрэднай крыніцай запазычання для рускай мовы (Фасмер, 4, 7; Чарных, 2, 224), а таксама і для часткі беларускіх слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

хава́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Размяшчаць, класці дзе‑н. так, каб ніхто не змог знайсці або ўбачыць. Дома Валодзя ўвесь час хваляваўся. Ён то хаваў, то зноў даставаў з-пад шпалераў кавалачак паперы з тэкстам лістоўкі. Федасеенка. // Класці дзе‑н. так, каб зберагчы ў цэласці, акуратнасці, бяспецы. І тады ўбачыў Міколка, як таропка хавалі сяляне ў кусты свае старыя стрэльбы, як дзед Астап, прыгнуўшыся да зямлі, хаваў у стары абымшэлы корч зброю, старанна абкруціўшы яе старой хусцінкай. Лынькоў. Іван Кузьміч дастае падобны на цыбуліну гадзіннік, здымае акуляры і акуратна хавае іх у футляр. Даніленка.

2. Даваць прытулак каму‑н., ахоўваць таго, каму пагражае небяспека. [Другі афіцэр:] — Пан маёр. У вёсцы знойдзены пераапранутыя рускія афіцэры... Іх хавалі тутэйшыя людзі. Кучар. // Прыхоўваць, скрываць, маскіруючы. [Селянін:] — Ёсць у мяне парсючок падгладжаны: хаваю ў гумне пад саломай ад злыдняў. Брыль.

3. перан. Не выяўляць адкрыта, таіць (свае думкі, пачуцці, дзеянні). Ганне ні за што не хацелася паказваць перад свёкрам і перад свякрухаю свой боль. Хавала яна яго і ад чалавека. Мележ. Хлопцы і не падазравалі, што радыстка мяне пакарыла больш як каго, толькі я гэта старанна хаваў. Карпюк.

4. Рабіць нябачным, ледзь бачным, закрываючы, засланяючы сабой. [Грасыльда:] — Сагнулася я і пайшла наперадзе, спатыкаючыся ў бульбоўніку. А бульбоўнік тады вялікі парве за плотам, чалавека хаваў. Пташнікаў. Густыя лазовыя кусты хаваюць ад людскога вока мурожную паляначку. Жычка. Непрыкметна, але няўмольна насоўваецца вечар, ён і хавае сонца за лес, што цёмнай сцяною стаіць на даляглядзе, хавае раптоўна і адразу. Сачанка.

5. перан. Мець дзе‑н., змяшчаць, маскіраваць (што‑н. знешне нябачнае або невядомае). За гумарам пісьменнік хавае сваё глыбокае захапленне чалавекам працы, у гонар якога складае прачулы і велічны гімн. Гіст. бел. сав. літ. Але пад гэтым бушаваннем [дзед Юрка] Хавае гумар з насміханнем: Больш жарты строіць, чым ваюе. Колас.

6. Трымаць што‑н. у пэўным месцы. // Захоўваць у надзейным месцы. Хаваць грошы ў ашчаднай касе. □ У сенцах яшчэ і бакоўка. Там.. [Янка] хавае вёслы, фуганкі, скрыні, бляшанкі з гаспадарчым начыннем. Лупсякоў. Імшанік — для пчол, у яго на зіму хаваюць вуллі... Навуменка. // Змяшчаць, утрымліваць у сабе. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе.. астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва. Мар’іна балота, .. Колькі ты хаваеш Багаццяў без меры! Купала. // Зберагаць для пэўнай патрэбы; не траціць. Для крутой талакі Хата скварку хавала. Барадулін. // Захоўваць, не выдаваць (тайны). Паўлік мужна хаваў даручаную тайну, дарма, што быў маленькі. Шамякін.

7. Берагчы, як скарб, трымаць у памяці, сэрцы. У сваім сэрцы я на працягу многіх год хаваю чысцейшую і бязмежную любоў да вялікага рускага народа. Купала. Я голас твой Усё глыбей, усё старанней Хаваў у памяці сваёй. Панчанка. Надзіны пісьмы.. Салаўёў хаваў як самы дарагі ўспамін. Шахавец.

•••

Хаваць вочы — баяцца глядзець прама, адкрыта ў твар каму‑н.

Хаваць канцы (у ваду) — знішчаць доказы правіннасці. — Вось што, Піліп, — помніцца, схапіў мяне за руку Іван. — Калі хочаш жыць, давай разам думаць, як з бяды выбавіцца. Трэба хаваць канцы... Ваданосаў.

хава́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Закопваць у зямлю нябожчыка. Пад вечар.. [Захара] хавалі. За труною ішло не больш дзесятка людзей. Краўчанка. І заплакала Ўкраіна — Плакала нямала, — Як хавала свайго сына, Песняра хавала. Купала. Параненых адпраўлялі ў Мінск, забітых хавалі ноччу каля дарог, на вясковых кладах і проста ў полі. Грахоўскі. // перан. Лічыць аджыўшым, аддаваць забыццю; забываць. Хаваць устарэлыя звычкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)