спе́ласць, ‑і, ж.
1. Якасць і стан спелага (у 1 знач.). Спеласць пшаніцы. Спеласць лесу. Спеласць глебы.
2. перан. Высокая ступень развіцця чаго‑н.; дасканаласць. Ідэйная спеласць. Палітычная спеласць. □ Сапраўдная творчая спеласць прыйшла да Э. Самуйлёнка значна пазней, калі ён напісаў раман «Будучыня» і п’есу «Пагібель ваўка». Кучар. Па шырыні абагульненняў, па спеласці пачуцця і выразнасці малюнка гэта [«Палессе»], бясспрэчна, адзін, з лепшых вершаў Броўкі. Бярозкін.
•••
Вясковая спеласць — фаза спеласці збожжа перад поўным паспяваннем.
Малочная спеласць — пачатковая фаза выспявання зерня збожжавых, калі яно напоўнена малочна-белай вадкасцю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фарма́льна, прысл.
1. З захаваннем неабходных фармальнасцей. [Максім:] — Мне перайсці ў каталіцкую веру фармальна лёгка, — але ж я ўсёй сваёй істотай супроць любой рэлігіі. Машара. // Па фармальных прыкметах, афіцыйна. Самуйлёнак фармальна не быў членам партыі, але творы яго прасякнуты духам партыйнасці. «Маладосць».
2. Знешне. Булай прадставіў заводакіраўніцтву шырокі план па ўкараненню знойдзеных рэзерваў. Фармальна гэта выглядала правільным. Шыцік. // Не ўнікаючы ў сутнасць справы. Рэальная, узятая з жыцця сітуацыя сапраўды магла прывабіць аўтара і паслужыць канвой для цікавага апавядання, калі 6 пісьменнік не паставіўся да сваёй задачы фармальна. «Полымя».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фэст, ‑у, М ‑сце, м.
Царкоўнае прастольнае свята (часцей каталіцкае). Увесну, у дзень Ефрасінні — заснавальніцы манастыра.. наладжваўся квяцісты і шумлівы фэст, на які прыязджаў народ з шырокага наваколля. Хадкевіч. // Наогул свята з кірмашамі і пагулянкамі. Яны [дочкі] думаюць, што тут па-ранейшаму спраўляюць старыя фэсты, і пераходзяць па чарзе з хаты ў хату сваёй шматлікай радні. Ракітны. // Разм. Якое‑н. мерапрыемства пад гэтай назвай. — Мы свой «фэст» наладзім, — казаў Сцёпка, бо моладзь згаварылася пусціць канал якраз у гэты дзень, калі збярэцца народ каля «святога калодзежа». Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чо́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць рэзкія, адрывістыя гукі пры ўдары аб што‑н. шкляное, металічнае, пры хадзьбе па бруку і пад. Чуваць, як чокаюць абцасы, Нібы ходзікі, І танга плаўнае кранае слых. Чарняўскі. На яліне крывой дзяцел стукаў яму. Па суку дзюбай цвёрдаю чокаў: — Падымайся, салдат! Не ўцякаеш чаму? Бялевіч.
2. Абзывацца гукамі, падобнымі на «чок-чок» (пра некаторых птушак і жывёл). Чокае вавёрка на суку.
чо́каць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Спец. Вымаўляць гук «ч» на месцы гука «ц».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шпа́ла, ‑ы, ж.
1. Брус, які кладзецца ўпоперак чыгуначнага насыпу як апора пад рэйкі. Пахла мазутам, пагрэтымі за дзень шпаламі, жвірам і нечым асаблівым, станцыйным. Карпаў. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю. Колас. Адноўлены Касцюковіцкі райпрамкамбінат пачаў вырабляць шпалы для Беларускай чыгункі. Лыч.
2. Знак адрознення старшага каманднага саставу ў Савецкай Арміі (да 1943 г.), які меў форму прамавугольніка. Наперадзе ўсіх ішоў высокі чалавек, на пятліцах камандзірскай гімнасцёркі ў яго было па чатыры «шпалы», а на рукаве гарэла пяціканцовая зорка палітработніка. Лупсякоў.
[Ад гал. spalk — падпорка.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шушу́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Гаварыць пра каго‑, што‑н. шэптам па сакрэту, нашэптваць. Шушукалі, хіхікалі Падсуседзі дасужыя, Назад вярнуцца клікалі — З натугі, бач, нядужае. Купала. І вось ён, Аляксандр Іванавіч Сідарчук, храбры камандзір партызанскага атрада, сядзіць цяпер у рэстаранчыку, дзе працуе яго жонка Ніна, пра якую шушукаюць яе сяброўкі па працы, што яна хоча пакінуць свайго Сашу, бо Саша не можа перастаць піць. Пестрак.
2. перан. Тое, што і шушукацца (у 2 знач.). Над страшнай працягла сасонка Шушукала з ветрам начным. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шчаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
1. Памянш.-ласк. да шчацінне, шчаціна. Наставіўшы рэдкую шчацінку хібкоў, .. [парасяты] заядла наскоквалі адзін па аднаго. Самуйлёнак. Сталеў, мужнеў Юзік. Прабілася нарэшце і рэдкая мяккая шчацінка на ягонай барадзе. Хадановіч.
2. Разм. Адзін кароткі жорсткі валасок. На .. шыракаватым бялявым твары таксама месцамі тырчалі шчацінкі: дзе пучкамі, дзе па адной. Кулакоўскі.
3. толькі мн. (шчаці́нкі, ‑нак). У батаніцы — жорсткія валасні на паверхні сцябла і лісцяў раслін.
4. толькі мн. (шчаці́нкі, ‑нак). У заалогіі — рухомыя вырасты ў членістаногіх, што служаць органамі дотыку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шырата́, ‑ы, ДМ ‑раце; мн. шыроты, ‑рот; ж.
У геаграфіі — адна з каардынат, якая вызначае месцазнаходжанне пункта па зямной паверхні; адлегласць ад экватара па мерыдыяну, якая выражаецца ў градусах. 1 студзеня 1820 года шлюпы.. дасягнулі 69°21′ паўднёвай шыраты. «Беларусь». // толькі мн. (шыро́ты, ‑рот). Месца, мясцовасць, якія знаходзяцца на той ці іншай адлегласці ад экватара. Высокія шыроты. □ Радыст з Беларусі, змакрэлы ад поту, лавіў галасы незнаёмых шырот. Вялюгін. Некаторыя відныя кіраўнікі і нават вучоныя пярэчылі ўкараненню новага незвычайнага ў нашых шыротах тыпу будынкаў. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сачыць, наглядаць, назіраць, цікаваць, выцікоўваць, пільнаваць, сцерагчы; паляваць (перан.) □ не спускаць вока, не спускаць вачэй, ісці назіркам, хадзіць па пятах
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)
тады, у той час, у тыя часы, па тым часе, пад той час, на той час, той раз, таго дня
Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)