зняве́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., каго-што.
Нанесці каму‑, чаму‑н. фізічныя пашкоджанні; пакалечыць. Твар цяжка было разгледзець, так яго знявечылі фашысты перад павешаннем. Новікаў. // Нанёсшы значныя пашкоджанні, давесці да непрыгоднасці, сапсаваць (пра рэчы, прадметы). Даніла даўно пайшоў пехатою да тых далёкіх непраходных хмызоў, якія сваёй дрыгвою зусім знявечылі канал. Пестрак. // перан. Зрабіць дрэнны ўплыў; сапсаваць. Знявечыць душу. Знявечыць жыццё.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
каке́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны да какецтва; які імкнецца спадабацца, какетнічае. Какетлівая дзяўчына. // Уласцівы какетцы; разлічаны на тое, каб падабацца, звярнуць на сябе ўвагу. Какетлівы позірк. □ [Жанчына] зірнула ў люстра, што стаяла ля сцяны насупроць, паправіла какетлівым рухам капялюш. Мурашка.
2. Які мае прыгожы, прывабны выгляд. Какетлівае ўбранне. □ Карычневы шалік з нейкай какетлівай вясёлкай на махрыстых капцах атуляў яе твар. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
запэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. у што, чым і без дап. Забрудзіць, вымазаць. Максім запэцкаў рукі і гімнасцёрку ў ліпучую смалу. Шамякін. Барада за гэтыя дні адрасла, і здаецца, што гэта .. [Раман] твар свой нечым запэцкаў. Чорны.
2. перан. Зняславіць, зганьбіць. Маёй душы нікому не запэцкаць. Панчанка. А я ганарлівы, што ў палкіх гадах Імкненні свае не запэцкаў. Лявонны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мармуро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мармуру. Мармуровае радовішча. Мармуровыя работы. // Зроблены з мармуру. Цагліны, як у казцы, самі клаліся адна на другую, а ўслед за гэтым прыгожыя ўзоры з мармуровых плітак пакрывалі сцены. Шахавец.
2. перан. Падобны на мармур; белы, гладкі. Мармуровы твар. □ Мармуровыя званочкі ландыша цягнуцца да сонца, сумна праводзячы яго, недаступнае і ні разу не ўбачанае. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́тавы 1, ‑ая, ‑ае.
1. Без глянцу, без бляску. Матавая фотапапера. // Роўны, без румянцу (пра колер твару). Ад чарнаты барады матавы твар рэдактара прымае шэрае адценне. Бядуля. // Няяркі, мяккі. Месячык заліваў матавым святлом бяскрайнюю прастору поля. Шамякін.
2. Паўпразрысты. Недарагая люстра з матавымі абажурчыкамі залівала пакой роўным, мяккім святлом. Карпаў.
ма́тавы 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мата 1. Матавая пазіцыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вясёлы, ‑ая, ‑ае.
1. Поўны радасці; жыццярадасны. Вясёлы настрой. Вясёлы характар. □ [Лейтэнант:] — Выключны быў таварыш, вясёлы хлопец, жартаўнік... Васілевіч. // Які перадае весялосць. Вясёлы твар. Вясёлыя вочы.
2. Які выклікае, нараджае весялосць, жыццярадаснасць. Вясёлы спектакль. Вясёлыя песні. □ Хутка песні і вясёлая музыка паланілі атрад. Лынькоў. // Светлы, яркі. Вясёлы ранак. □ Поезд хаваўся то пад кронай свежай яркай зелені, то імчаўся паміж вясёлых пералескаў. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вясня́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Абрадавая веснавая песня. Дзяўчаты хорам спявалі «вяснянкі». Колас.
2. Абл. звычайна мн. (вясня́нкі, ‑нак). Тое, што і вяснушкі. І шчокі і кірпаты нос былі ўсеяны такім мноствам вяснянак, што, калі твар трапляў пад сонца, здавалася, ён, успыхваў, як касцёр. Лынькоў.
3. Насякомае атрада сятчастакрылых.
4. Аднагадовая травяністая расліна сямейства крыжакветных.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
аце́слівы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Пра хлеб, спечаны з дрэнна прыгатаванага цеста; не пульхны, глёўкі. Хлеб быў жоўта-шэры, ацеслівы, рэдкі, ён нават не пах хлебам, а так нечым кіслым. Арабей.
2. перан. Нясвежы, памяты. Сонны ацеслівы твар. // Прыдуркаваты, недапечаны. [Шпакоўскі:] — Маці не хоча аддаць Наташу за Высоцкага. Той характарам круты. А Наташа не хоча ісці за Саладуху. Гэты нейкі ацеслівы. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бяскро́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Пазбаўлены крыві або які змяшчае ў сабе малую колькасць крыві; вельмі бледны. Твар [Шабуні] быў бледны, бяскроўны, як у мёртвага. Мележ.
2. Які адбываецца без праліцця крыві. Бяскроўная рэвалюцыя.
3. перан. Нежывы, мёртвы. [Собіч:] — Хіба ж не паэзія ў тым, што, беручы вось гэтыя сухія, бяскроўныя лічбы, дзе няма ні аднаго слова, я чытаю цэлую найцікавейшую кнігу. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пухо́ўка 1, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.
1. Пучок мяккіх, пушыстых валокнаў, які ужываецца для пудрання.
2. Разм. Пуховая шапка. А я глядзеў на яе — знізу ўверх — на маленькія спартыўныя бацінкі,.. на румяны, атулены белай пухоўкай, твар... Брыль.
пухо́ўка 2, ‑і, ДМ ‑хоўцы; Р мн. ‑ховак; ж.
1. Тое, што і рагоз.
2. Тое, што і порхаўка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)