сляпы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не бачыць, пазбаўлены зроку. Бацька стары, з чорна-сівою барадою і на адно вока сляпы. Чорны. Быў.. [Арцём] спачатку павадыром у сляпога жабрака. Бядуля. / у знач. наз. сляпы́, ‑ога, м.; сляпа́я, ‑ой, ж. З вакзала, па дарозе ў горад, Лабановіч зайшоў да былога сябра Балоціча, з якім ён дружыў у семінарыі і які быў цяпер настаўнікам у школе сляпых. Колас. // Разм. З слабым зрокам; блізарукі. // перан. Які не заўважае, не разумее таго, што адбываецца навокал. [Іван Пракопавіч:] — Але ж і сляпыя мы былі, гэта таксама праўда.. Знайшліся Адамчукі, Касарэвічы, плюнулі ў твар, здрадзілі. А мы ж іх сваімі лічылі. Ды яшчэ самымі перадавымі. Навуменка. «Ну і Свідраль! Аказаўся кар’ерыстам. Сляпы я, сляпы. Не разгледзеў. Малавата ў мяне партыйнага чуцця, відаць...», — абвінавачваў .. [Пазняк] сам сябе. Дуброўскі. Закаханыя людзі бываюць крыху сляпыя. Скрыган. // перан. Цёмны, неадукаваны. [Ян Нітка:] — Гэта ж сорам вялікі перад сабою быць такім сляпым, цёмным, быць рабом, маліцца каменю, якога прыгналі сюды леднікі недзе аж з фінскіх гор тысячы і тысячы гадоў таму назад. Пестрак. Нам дыхаць на роднай зямлі было нечым, А дзеці сляпымі раслі без навукі... Васілёк.

2. перан. Які дзейнічае, не ўсведамляючы сваіх учынкаў, не раздумваючы. Сляпы ад злосці ехаў Глушак мястэчкам. Мележ. // Які не мае разумных падстаў; безразважны. Сляпое перайманне моды. Сляпая любоў. □ У тую хвіліну мне не хацелася верыць, што ў малога магла быць такая сляпая злосць да ні ў чым не вінаватай птушкі. Паслядовіч. Колькі вёсен жыццёвых яшчэ Мы сустрэнем, — ну хто яго знае? Неўпрыкметку каханне ўцячэ. І пакіне нас рэўнасць сляпая. Хведаровіч. Адразу даверыцца.. [камандзір], вядома, не мог: вопыт падказваў, што сляпое давер’е часам вельмі дорага каштавала партызанам. Кулакоўскі. // Які дзейнічае стыхійна; выпадковы. Сляпыя сілы прыроды. □ І хоць сляпая, дзікая была [куля], Усё-такі ляцела і знайшла. Чэрня.

3. Невыразны, неразборлівы (пра тэкст, шрыфт і пад.). Сляпы шрыфт. □ У кутку абразы цудатворцаў, Даўна ад дыму сляпых. Танк. // Ледзь бачны, непрыкметны (пра сцежку і пад.). Міхал і Клін ужо мінае. Направа сцежачка сляпая Вядзе балотцам. Колас. // Вельмі слабы (пра святло). Пры.. сляпым святле [газоўкі] бацька чытаў уголас. Вітка.

4. Праз які дрэнна відаць або нічога не відаць. Сляпыя шыбы ў вокнах. □ На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца.., як астрог, Па свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. // З маленькімі вокнамі. Сляпыя, Нізенькія хаты Травой і мохам параслі. Глебка. // Які не мае акон. Так разглядаючы, непрыкметна зайшоў аж да кутка сляпой сцяны. Там, як звычайна, стаяў ложак. Пестрак.

5. Непраглядны, беспрасветны. Белыя маланкі то азаралі дачны лясны пасёлак, то зноў кідалі яго ў сляпую цемру. Лось. Навакол стаяла шэрая, сляпая цішыня. Лынькоў.

6. Які адбываецца без удзелу зроку. Сляпы метад друкавання. // Які праходзіць, адбываецца ў цемры, тумане і пад. пры дапамозе прылад (пра рух і пад.).

7. Які не мае выхаду, праходу. Сляпая вулачка. Сляпая шахта.

•••

Сляпая кішка гл. кішка.

Сляпая пляма гл. пляма.

Сляпы дождж гл. дождж.

Сляпы палёт гл. палёт.

Сляпая курыца гл. курыца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тон, ‑у, м.

1. Гук пэўнай вышыні, які ўтвараецца перыядычнымі хістаннямі паветра; музычны гук. Нізкі тон. Высокі тон.

2. звычайна мн. (то́ны, ‑аў). Гукі сэрца, яго клапанаў; гук, які ўтвараецца пры выстукванні полых органаў цела чалавека. Смірын вухам прыпаў да потных грудзей нампаліта, намагаўся выслухаць тоны сэрца. Яны выразна чуліся і былі чыстыя. Алешка.

3. Інтэрвал тэмпераванай тамы, што складаецца з двух паўтонаў і прымаецца за адзінку пры вызначэнні рознасці гукаў па іх вышыні. [Ермашоў:] Ідзіце, ідзіце, яшчэ ёсць час. І скажыце, што я дазволіў аркестру ўзяць на два тоны вышэй. Губарэвіч.

4. Тое, што і танальнасць (у 1 знач.). Мажорны тон. Мінорны тон. □ Эх, песні, адвечным песні зямлі! Калі заспяваюць вас на вясёлы, радасны тон? Колас. // перан. (звычайна са словамі: «мажорны», «мінорны»). Эмацыянальная настроенасць, настрой. Мажорны тон вершаў. □ Мінорны тон песні больш чуецца не праз сцяну, а праз адчыненае акно. Дуброўскі.

5. Характар гучання інструмента або голасу. Малы ўзяў дудку. Перш агледзеў. А потым сам, як і Сымон, Паднёс да губ, і, нібы ў заедзі, Пачуўся мяккі яе тон. Колас. // Характар гучання, які надае выканаўца інструменту або голасу. Вось настроіў, навёў тон у струнах як след, Не зірнуўшы на гулі ні разу, І сядзіць гэты сумны, як лунь белы, дзед. Купала.

6. Вышыня або сіла гучання голасу чалавека, які гаворыць. — Дагэтуль яшчэ не было выпадкаў, — знізіўшы тон, сказаў дзед. Чарнышэвіч.

7. звычайна каго або які. Характар гучання маўлення, манера гаварэння (або пісьма), якія выражаюць пачуццё гаворачай асобы, адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці душэўнага складу. Афіцыйны тон. Жартаўлівы тон. Адміністрацыйны тон. □ Генерал і Бяссонаў перайшлі на той таварыскі тон, што вельмі лёгка ўстанаўліваецца паміж франтавікамі. Мележ. [Камбрыг] урачыста, тонам камандзіра сказаў: — Добра, Саковіч! Я так і ведаў, што ты не падвядзеш братву. Брыль. — Стой! Не страляй, не трэба! — сказаў .. [Пракоп Адамавіч] тонам загаду. Ляўданскі. За спакойным тонам пісьма чуваць вялікае хваляванне, можа, нават гора. Дамашэвіч. // Манера, стыль пісьма, апавядання. Палемічны тон артыкула. □ Сама тэма шырокага паказу жыцця народа абумовіла эпічны тон апавядання. Хромчанка. // Манера, стыль тэатральнай ігры. Глебаўскія персанажы афарбаваны камедыйнымі тонамі.

8. з азначэннем. Характар, стыль паводзін, жыцця. Правілы добрага тону. Трымаць рукі ў кішэнях — адзнака благога тону. // Характар або агульны выгляд чаго‑н. Аркавы пояс з байніцамі падаў нейкі новы асноўны тон усёй арнаментыцыі будынка. Ліс.

9. Колер, афарбоўка, а таксама адценне колеру, якое адрозніваецца ступенню яркасці, насычанасці. Фарбы цёплых тонаў. Светлы тон карціны. Залацістыя тоны восені. □ Люся паспрабавала злічыць, колькі фарбаў у .. [вясёлцы], — і не змагла: адзін тон непрыкметна пераходзіў у другі, трэці. Даніленка.

•••

Задаць тон гл. задаць.

Збавіць тон — тое, што і знізіць тон (гл. знізіць).

Знізіць тон гл. знізіць.

Павысіць тон — тое, што і павысіць голас (гл. павысіць).

Трапіць (патрапіць) у тон гл. трапіць.

У тон (пад тон) — а) аб гармоніі колераў, адценняў колеру. Светлы, добра скроены пінжак. Чыстая, адпрасаваная сарочка. У тон да іх удала падабраны гальштук. Сабалеўскі; б) у тым жа духу, стылі. Мэбля пад тон архітэктуры; в) з тым жа настроем, з той жа інтанацыяй (гаварыць, сказаць і пад.). — Што ў вас, вяселле, ці што? — падладжваючыся пад вясёлы тон гасцей, спыталася .. [Валя Ягадка]. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ха́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.

Разм. Браць, прысвойваць што‑н. незаконна; красці.

хапа́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што.

1. Рэзкім парывістым рухам рукі (рук) браць, захопліваць каго‑, што‑н. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Пяціпудовыя мяхі.. [мужчына] хапаў так лёгка, нібы гэта былі не мяхі, а падушкі. Чарнышэвіч. Антон Пракопавіч хапае шапку, ускідвае на плечы ватоўку і ..бяжыць у кантору. Карамазаў. // Захопліваць, лавіць ротам, зубамі. Страказа палюе: на ляту хапае дробную машкару і глытае. Бяспалы. Цяпер, разглядаючы сваю здабычу, я пачынаю разумець у чым справа: ляшча хапала больш буйная рыбіна, але праглынуць не здолела. Лупсякоў. // Прагна або з цяжкасцю глытаць, удыхаць (паветра). [Васіль] хапаў паветра на поўныя грудзі, і тады было трохі лягчэй... Гаўрылкін. // Затрымліваць каго‑н., парывістым рухам схапіўшы за што‑н. Гандляры запрашаюць пакупнікоў, хапаюць прахожых за рукі, за адзенне. В. Вольскі. — А вось паедзем у сельсавет, там пагаворым, — кажу я і хапаю за ланцуг Сенькаву лодку. Краўчанка. // перан. (звычайна са словамі «за сэрца», «за душу»). Выклікаць пачуццё смутку, болю. радасці і пад.; глыбока хваляваць. Акалічны народ гуслі знаў гусляра: Песня-думка за сэрца хапала. Купала. [Кот] люта екатаў і жаласна, ажно хапала за душу, мяўкаў... Чыгрынаў. // перан. Шчыпаць, выклікаць адчуванне холаду. Хутчэй бы ўжо зіма, марозік! Такі, не вельмі сярдзіты, проста, каб крышачку хапаў за вушы, нос, шчокі, калі раніцою ідзеш на працу. Каршукоў. / у вобразным ужыв. Мне ветла мігаюць агнямі будынкі, А вецер асенні хапае ў абдымкі. Панчанка.

2. Разм. Лавіць, браць сілай, пазбаўляць волі каго‑н. [Маладых людзей] хапалі і пасылалі на работу ў Германію або проста на фронт — капаць акопы. Якімовіч.

3. перан. Разм. Прагна, хутка ўспрымаць, засвойваць, лавіць (органамі пачуццяў, розумам і пад.). І не прыкмеціў Адам, як захапіўся ён прамовамі, як разам з усімі схіліўся ў бок рупара і прагна хапаў кожнае слова. Шынклер. Калгасныя курсанты, відаць, яшчэ сядзелі ў клубе над канспектамі, хапалі там тое, што не паспелі схапіць за дні вучобы. Шашкоў.

4. З прагнасцю купляць усё без разбору. [Мужчыны] хапалі ўсё, што траплялася пад рукі: духі, сумачкі, туфлі, сурвэткі, хустачкі, чамаданчыкі, парасоны. Шыцік.

5. Незак. да хапіць (у 9, 10 знач.).

•••

Гэтага яшчэ не хапала! — вокліч, якім выказваецца абурэнне, незадаволенасць з якой‑н. прычыны.

Зорак з неба не хапае — пра чалавека з пасрэднымі здольнасцямі.

Зоркі з неба хапаць — вылучацца розумам, здольнасцямі.

Клёпкі ў галаве не хапае (не стае) — пра дурнаватага, з дзівацтвамі чалавека.

Наколькі вока хапае — наколькі можна бачыць.

Не хапае пораху — мала, недастаткова сіл, энергіі для ажыццяўлення чаго‑н.

Ног не хапае — ад стомы няма магчымасці рухацца, ісці.

Слоў не хапае (не стае) — пра цяжкасць у падборы слоў для перадачы якога‑н. моцнага пачуцця.

(Толькі) птушынага малака не хапае — пра поўны дастатак.

Хапаць за горла (за глотку, жабры) — тое, што і браць за горла (за глотку, жабры) (гл. браць).

Хапаць на ляту — тое, што і лавіць на ляту (гл. лавіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. прывёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. прывядзі; зак.

1. каго-што. Ведучы, памагаючы ісці, указваючы шлях, даставіць куды‑н. Прывяла гусляра з яго ніўных сяліб Дворня князева ў хорам багаты. Купала. Раніцаю пасыльны штаба прывёў групу дзяўчат да зямлянкі камбрыга і загадаў чакаць. Шчарбатаў. Ніна Іванаўна, настаўніца, прывяла.. [новага вучня] у клас перад першым урокам. Арабей. // Кіруючы якім‑н. рухомым прадметам, якім‑н. сродкам перамяшчэння, даставіць куды‑н., давесці куды‑н. Прывесці машыну. □ У новым салдацкім шынялі, там-сям запэцканым машынным маслам у танку, які ён прывёў з Лепеля ў Гродна, Трахім ездзіў па вёсках. Корбан. — Марыся, — сказаў Дубіцкі, — прывядзі з каморы мой веласіпед. Чарнышэвіч.

2. каго-што. Пралягаючы ў пэўным напрамку, паслужыць шляхам куды‑н., даць магчымасць прыйсці куды‑н. (пра дарогу, сцежку, след і пад.). [Алесь] выбраў лыжню наўздагад. Праз хвілін дваццаць яна прывяла да невялічкай палянкі на ўзгорку. Шыцік. Саша і Данік дабеглі да пясчанага берага, куды прывялі сляды. Шамякін.

3. перан.; каго-што. Стаць прычынай, повадам для прыезду, прыходу куды‑н. — Трэба будзе сказаць, што вас сюды [у дэпо] прывяло, як вы думаеце працаваць? Гурскі. Я сеў, адразу растлумачыў, што прывяло мяне сюды, хто параіў кватэру. Ваданосаў. // Схіліць, давесці да якога‑н. вываду, рашэння і пад. Прывесці да заключэння. □ Велізарны жыццёвы вопыт, цяжкія нягоды, перажытыя ў час вайны, прывялі Янку Маўра да.. думкі пра тое, што шчасце — у жыцці, барацьбе, працы. Кучар.

4. перан.; каго-што і без дап. Давесці да якога‑н. выніку, выклікаць што‑н., паслужыць прычынай чаго‑н. Прывесці краіну да перамогі. □ — Марына тут ні пры чым, Міхаль Пятровіч, — спакойна адказаў Собіч.. — Але ж гэта можа прывесці да вялікіх непрыемнасцей і для яе і для нас... Скрыган.

5. каго-што. Давесці да якога‑н. стану, падаць які‑н. выгляд. Прывесці ў рух. Прывесці веды ў сістэму. □ [Грабок:] — Дапамажы нашым кавалям інвентар у спраўнасць прывесці, да вясны падрыхтавацца. Краўчанка. Каб падрыхтавацца, прывесці сябе ў адпаведны выгляд, я прыйшоў з работы нават трошкі раней. Ракітны. // Прымусіць перажыць якія‑н. пачуцці, стан і пад. Прывесці гледачоў у здзіўленне. Прывесці ў захапленне. □ Чаму іменна гэтая жанчына прыводзіць мяне ў такі ганебны страх, чаму ад позірку яе чорных праніклівых вачэй у мяне ўсё нямее і я губляю раўнавагу. Рамановіч. Упартасць Петруся прывяла Алёну ў замяшанне. Мележ.

6. каго. Разм. Даць жыццё каму‑н., нарадзіць (пра жывёлу). Перадавалі [па радыё] нават аб тым, што карова «Елка» прывяла двух бычкоў. Шамякін. [Назар:] — Гэта доечы сучка мая прывяла трое шчанят. Сачанка. // Разм. Нарадзіць. У той дзень стала вядома на ўсім двары, што ў «прыбудоўцы абарваная дзеўка прывяла дзіця і яно крыху неданошанае». Чорны.

7. што. Паведаміць што‑н. для падмацавання свайго меркавання, спаслацца на каго‑, што‑н.; працытаваць. Прывесці прыклад. Прывесці выказванне вучонага. □ — Прывяду па памяці хоць пару лічбаў і фактаў у адказ на вашы сцвярджэння.. Марціновіч. — Ногі — дугі. Значыцца — кавалерыст, — прыводзіць .. [цесць] пераканаўчы доказ свайго кавалерыйскага мінулага. Хомчанка.

•••

Прывесці да агульнага назоўніка — ураўнаваць рад прадметаў або з’яў, зрабіць іх падобнымі ў якіх‑н. адносінах.

Прывесці да ладу — тое, што і давесці да ладу (гл. давесці).

Прывесці да парадку каго — прымусіць весці сябе належным чынам.

Прывесці ў выкананне (прыгавор, рашэнне і пад.) — выканаць, здзейсніць.

Прывесці ў сябе (да памяці) — а) вывесці са стану непрытомнасці; б) вывесці са стану разгубленасць задуменнасці і пад. Гром апладысментаў прывёў.. [Любу] у сябе. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «ад» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні месца, прадмета, ад якіх пачынаецца рух, перамяшчэнне каго‑, чаго‑н.; прыназоўнік «ад» у такім знач. процілеглы прыназоўнікам «да» і «к». Зірнуў.. спадылба Міколка, моўчкі адышоў ад бацькі. Лынькоў. Калі гаварыць праўду, то хлопцам не вельмі хацелася адыходзіць ад агню. Кулакоўскі. // Ужываецца пры абазначэнні месца, пункта, ад якога ў пэўным напрамку пашыраецца, разыходзіцца, пачынаецца што‑н. Мястэчка малое: ад незабрукаванай плошчы разыходзіцца шэсць вуліц. Брыль. // У злучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам акрэслівае прастору, у межах якой адбываецца дзеянне, перамяшчэнне і г. д. [Сенька:] — Пад самым Барысавам знялі з экспрэса маю Фаню — ездзілі мы тады ад Мінска да Уладзівастока. Лынькоў. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні чарговасці, паслядоўнасці дзеяння. Па гэтых сцежках можна было ісці па адным чалавеку ад купіны да купіны, месцамі прабіраючыся па бярвенцах-кладках. Колас.

2. Ужываецца пры абазначэнні месца, якое з’яўляецца зыходным пунктам пры вызначэнні месцазнаходжання чаго‑н. Скіп’ёўскае Нераброддзе стаіць за сем кіламетраў ад вялікага мястэчка Якубавічы. Чорны. // У злучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адлегласці паміж чым‑н., працягласці граніц чаго‑н. Да Ганусаў ад Глухога вострава было кіламетраў пяць на ўсход — у бок пазіцыі Чырвонай Арміі. Колас.

3. Ужываецца ў значэнні прыназоўнікаў «каля», «збоку», «непадалёку», пры абазначэнні прадмета, на мяжы з якім адбываецца дзеянне. Касіў ад ракі. Легчы ад сцяны.

Часавыя адносіны

4. У спалучэнні з назоўнікам, які мае часавае значэнне, паказвае на момант, з якога пачынаецца якое‑н. дзеянне, стан і пад. Ад калыскі ў нас Пра Радзіму — найлепшыя думы. Панчанка. Вісарыён Коркія жыў у Тбілісі ад самай вясны. Самуйлёнак. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да і да — ад) і другім назоўнікам ужываецца пры абазначэнні адрэзка часу, у межах якога адбываецца дзеянне, захоўваецца стан і пад. Ад вясны вясёлай, ранняй Да восені позняй Пяе поле трактарамі Весела, пагрозы. Купала. — Будзь здарова! — кажу школе, Сам — на луг, у лес, у поле. Там я з пугай-дратаванкай Аж да вечара ад ранку, Покуль мой атрад рагаты Не захоча зноў дахаты. Крапіва.

5. Пры паўтарэнні назоўніка з часавым значэннем утварае прыслоўныя спалучэнні, якія ўказваюць на характар працякання дзеяння — перыядычнасць, паслядоўнасць, нарастанне інтэнсіўнасці яго і пад. Год ад году. □ Пад самым вільчыкам час ад часу пераклікаюцца сонныя ластаўкі. Навуменка.

6. Ужываецца пры абазначэнні прыкметы прадмета паводле часу яго ўзнікнення. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 чэрвеня 1977 года.

Аб’ектныя адносіны

7. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, ад якіх выходзіць што‑н. Ад мазаля тая радасць ідзе, ад работы. Лынькоў. Ад сонца Даніку не цёпла — цёпла ад бацькавага салдацкага башлыка, ад вялікага, з чужых плячэй, паўкажушка, ад хады па глыбокай сцежцы. Брыль. // Ужываецца пры абазначэнні асобы, пад уздзеянне якой падпадае другая асоба ці прадмет. Мне часта панавала ад сястры, але, улучыўшы хвілінку, я забываўся пра кару і зноў уцякаў. Скрыган.

8. Ужываецца пры назве прадмета, ад якога аддзяляецца што‑н. Ад сасны адламалася вялікая галіна і павісла над галовамі. Шамякін. Ад родных ніў, ад роднай хаты У панскі двор дзеля красы Яны, бяздольныя, узяты Ткаць залатыя паясы. Багдановіч. / у перан. ужыв. Ад неба адарваўся і зямлі не дастаў. Прыказка. / у безас. ужыв. У Міці адлягло ад сэрца. Навуменка. // Ужываецца пры ўказанні на цэлае, ад якога засталася толькі частка. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса. Брыль.

9. Ужываецца пры назвах прадметаў, з’яў і пад., ад якіх пазбаўляюцца, якія ліквідуюцца дзеяннем, выражаным кіруючым словам. Ачысціцца ад пылу. □ Навокал было пуста і ціха. Нават птушкі і тыя некуды пахаваліся ад спякоты. Шамякін.

10. Ужываецца пры абазначэнні з’явы, стану, супраць і для папярэджання якіх выкарыстоўваецца што‑н. [Міхась:] — Мама шмат якія расліны ведае. Яна нават збірае іх. Тая, кажа, ад горла, а тая ад жывата. Чарнышэвіч. Ад старасці ды ад смерці няма лекаў на Свеце. Прыказка.

11. Ужываецца пры абазначэнні грамадскага асяроддзя, арганізацыі, ад імя якіх дзейнічае, выступае хто‑н. Гаварылі выбарныя ад сялян. Вынесці падзяку ад усяго калектыву.

12. Ужываецца пры абазначэнні прадмета, асобы, з’явы, з якімі супастаўляюцца другія, падобныя да іх. Аповесць адрозніваецца ад апавядання больш шырокім ахопам жыццёвых з’яў.

Адносіны параўнання

13. Абл. Ужываецца ў значэнні прыназоўніка «за» (звычайна пры вышэйшай і найвышэйшай ступені) пры ўказанні на прадмет, з якім у нейкіх адносінах параўноўваецца другі прадмет. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала.

Азначальныя адносіны

14. Ужываецца пры вызначэнні цэлага, асобнай часткай якога з’яўляецца прадмет, названы кіруючым назоўнікам. Ключы ад кватэры. Струны ад гітары. □ Матка ўставала, ставіла самавар, раздзьмухваючы яго старой халяўкай ад ботаў. Лынькоў. // Ужываецца пры абазначэнні прычыннай залежнасці чаго‑н. Цень ад бярозы. След ад калёс.

15. У спалучэнні з лічэбнікам і прыназоўнікам «да» і другім лічэбнікам ужываецца пры вызначэнні велічыні, узросту, вагі, якія абмяжоўваюць што‑н. У сад прымаюцца дзеці ад трох да сямі год. // У спалучэнні з прыназоўнікам «да» (ад — да) і другім назоўнікам або прыметнікам ужываецца пры абазначэнні поўнага ахопу ўсіх прадметаў, уласцівасцей і пад., пачынаючы ад дадзенага і канчаючы яшчэ якім‑н. На полі былі ўсе — ад старога да малога.

Адносіны прыналежнасці

16. Ужываецца пры вызначэнні сферы дзейнасці асобы, названай кіруючым назоўнікам. [Пан Мацкевіч-Цат:] Цясней нам сысціся даўно пара: Вы [кат] — ад пятлі, а я — ад пяра, А працуем над супольнай справай, Карыстаемся роўнаю славай. Крапіва. // Пры вызначэнні грамадскага асяроддзя, арганізацыі, установы, прадстаўніком якіх з’яўляецца названая асоба. Прадстаўнік ад райкома партыі.

Прычынныя адносіны

17. У спалучэнні з назоўнікамі, якія вырашаюць пачуцці, перажыванні, фізічныя адчуванні, ужываецца пры абазначэнні прычыны якога‑н. дзеяння або стану. Чырванець ад сораму. □ У Лёні аж голас задрыжаў ад хвалявання. Кулакоўскі.

18. Ужываецца пры выражэнні падставы, матывіроўкі дзеяння або стану, названага кіруючым словам. У Хомчыка ад усмешкі прыгнуўся яго крыху дзюбаты нос. Пестрак. Радзіўся новы рупны дзень Ад рос, ад сонца яркі. Панчанка.

Адносіны спосабу дзеяння

19. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні спосабу працякання дзеяння. Пісаць ад рукі. Плаціць ад соткі. □ Міхаіл Андронавіч раззлаваўся. — Ведаю, ведаю... Ведаеш, дык дай параду, пагавары ад душы. Шамякін.

20. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні ўзаемадзеяння асоб або прадметаў. Хаваліся адзін ад аднаго. □ [Пятрусь і Рыгор] зрабілі па некалькі крокаў адзін ад другога. Гартны.

21. Ва ўстойлівых прыслоўных спалучэннях ужываецца пры абазначэнні прадмета, з якім проціпастаўляецца другі прадмет. Адрозніваецца, як неба ад зямлі.

•••

Ад сілы гл. сіла.

Ад цёмнага да цёмнага гл. цёмны.

Ад (чыстага, шчырага, усяго) сэрца гл. сэрца.

Ад душы гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бі́цца, б’юся, б’ешся, б’ецца; б’ёмся, б’яцеся; заг. біся; незак.

1. Біць адзін аднаго. Старэйшы сын Сухавеяў Ваця трымаў у страху ўсю ваколіцу, біўся на вечарынках, прыставаў да дзяўчат. С. Александровіч. Не раз біліся маладыя Драздзюкі і Дзятлюкі за Мэру. Бядуля. Неяк спатрэбілася дзеду насячы роўных жардзінак, каб на іх садзіліся пеўні і сядзелі сабе, а не біліся з-за месца. Даніленка. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Трапечуцца дрэвы, кусты ў дзікім тлуме, Размахваюць, б’юцца галінай. Колас.

2. Весці бой; змагацца; ваяваць. Сержант расказаў, што да вайны служыў у Брэсце, што пад Баранавічамі, калі дывізія білася ў акружэнні, яго раніла ў нагу. Мележ. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, пішчаць людзей. В. Вольскі.

3. Ударацца, стукацца аб што‑н. або ў што‑н. [Мікалай] з усіх бакоў натыкаўся на дрэвы, біўся аб іх галавою, адпаўзаў. Шамякін. // Парывіста, моцна ўдарацца аб што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). А хвалі Анегі шумелі і біліся ў гневе аб скалы. Машара. Позні дождж Бесперапынна ў шыбы б’ецца. Танк. Вецер скуголіў, свістаў, біўся ў сцяну, у вокны. Шамякін. Б’ецца завея аб шыбы марозныя. Купала. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці; імкнуцца пранікнуць куды‑н. (пра святло, гукі і пад.). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. / Пра пачуцці. У сэрца б’юцца ўспаміны хваляю — Ды не ўзбегчы ёй на стромы бераг... Барадулін.

4. Калаціцца, кідацца. [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. Бабка ўсхапілася, убачыўшы, як натужліва б’ецца бусел на твані, часта-часта захрысціла худыя грудзі. Дуброўскі. // Трапятацца, дрыжаць. Пад казырком ссунутай на патыліцу шапкі Злобіча білася на ветры пасма чорных валасоў. М. Ткачоў. // перан. Мітусіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). «Людзі павінны ведаць, што гаворыць Масква!» — білася ў галаве [Ганны] думка. Ус. // Імкнучыся вырвацца, трапятацца дзе‑н., ударацца аб што‑н. [Віктар] нешта трымаў, а гэтае нешта білася і вырывалася. Маўр. Трапеча, б’ецца шэры камячок у пастцы кіпцюроў. Пысін. Зялёны жук уляцеў у акно, нудна гудзеў і біўся ў шыбу. Хомчанка.

5. без дап. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Гукамер прыклаў [доктар] да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало... Крапіва.

6. перан.; над чым, з кім-чым і без дап. Прыкладаць намаганні, каб дасягнуць чаго‑н.; дамагацца з усіх сіл ажыццяўлення чаго‑н. Колькі ні біўся, колькі ні намагаўся новы шэф, яму ніяк не ўдавалася наладзіць як след паравозную службу. Лынькоў. // Разм. Жыць у цяжкіх умовах, празмерна працуючы. Але як ні б’ецца.. [Сымон] на бацькавай палосцы — усё без хлеба, усё ў нястачы жыць даводзіцца. Якімовіч.

7. Выцякаць імклівым струменем. Мішурын трымаўся за правую руку вышэй локця, стараючыся заціснуць кроў, што білася з раны. Чорны. // Выбівацца (пра бурныя праявы энергіі, пачуццяў і пад.). У іх [вершах] б’ецца гарачае пачуццё да роднай зямлі, да яе нязломнай сілы, да пакут і радасцей. Грахоўскі.

8. Прабівацца праз што‑н. Праз лісце білася наверх парыжэлая трава. Чорны.

9. Раздзяляцца, дзяліцца. Рубанаўка б’ецца на пасёлкі. Галавач.

10. Разбівацца (пра шкло, пасуду).

11. Зал. да біць (у 2, 10 знач.).

•••

Біцца аб заклад — тое, што і ісці ў заклад (гл. ісці).

Біцца галавой аб сцяну — рабіць марныя намаганні дамагчыся чаго‑н.

Біцца за пусты мех — настойліва даводзіць відавочнае, вядомае, за што няма патрэбы спрачацца.

Біцца як рыба аб лёд — гараваць, бедаваць, дарэмна дабіваючыся лепшага; жыць у бядзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак.

1. з кім-чым і без дап. Забаўляцца, пацяшацца (звычайна пра дзяцей). Гуляць з цацкамі. □ Дзеці пабеглі гуляць, і Святлана засталася ў хаце са Сцепанідай Андрэеўнай. Шахавец. Аднойчы Гошка прапанаваў сябрам сабраць усіх малых дзяцей у адно месца і гуляць з імі. Даніленка. // у што. Праводзіць час за якім‑н. заняткам з мэтай адпачынку, забавы. Гуляць у жмуркі. Гуляць у шахматы. Гуляць у карты. □ Перад выхадам на дэманстрацыю група дзяўчат і хлопцаў гуляла ў валейбол. Лынькоў. // перан.; у што. Займацца якой‑н. справай несур’ёзна, для выгляду; прыкідвацца занятым чым‑н. Гуляць у дэмакратыю. □ [Лютынскі:] Я не з’яўляюся непраціўленцам злу: міндальнічаць і гуляць у шляхетнасць не буду. Крапіва.

2. Хадзіць паціху для адпачынку, задавальнення; прагульвацца. Гуляць па парку. Гуляць па калідоры. □ Першы раз Лабановіч зайшоў да падлоўчага вечарам таго ж самага дня, калі хадзіў гуляць на чыгунку. Колас. // перан. Раз’язджаць, расхаджваць усюды, адчуваючы сябе гаспадаром становішча; гаспадарыць. — Лубян з гранатамі па вёсках гуляе, машыны нямецкія па шашы падрывае. Шамякін. // перан. Перамяшчацца ў розных напрамках, прыводзіць што‑н. у рух (пра з’явы прыроды). Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя вятры. Шчарбатаў. Па саламяных стрэхах гуляў агонь. Бядуля. // перан. Біць, сячы (пра плётку, бізун і пад.). Цень мінуўшчыны праклятай, Дзе бізун гуляў з нагайкай, Змецяцё вы, арляняты, сваёй новай сілай, байкай. Купала. // перан. Шырока распаўсюджвацца (пра хваробу, чутку і пад.). Па Караліне гуляла ўжо чутка, што Салвесевы сыны ледзь не пазабіваліся. Сабаленка.

3. на чым, у чым. Пералівацца рознымі колерамі. Па небе гулялі паўночныя сполахі. Шамякін. // Быць у руху, змяняцца (пра ўсмешку і пад.). У мельніка гуляла па твары сытая ўсмешка. Чорны.

4. Быць свабодным ад работы, не працаваць. Гуляць увесь выхадны дзень. □ [Стары:] — Цэлае лета, кажаш, гуляеш? Гм, дык чым жа табе нядобра? Дзівак чалавек... Хе-хе! Галавач. // Быць свабодным, незанятым, нявыкарыстаным (пра зямлю, рэчы і пад.). — Нам можна і на падлозе пераспаць, — прапанавала Галя. — Дык чаго гэта на падлозе, калі ложак гуляе. Ён жа ў мяне толькі для красы і стаіць. Сабаленка. Хто часта мяняе, у таго хамут гуляе. Прыказка.

5. Весяліцца (з песнямі, танцамі і пад.). Збірайцеся, людзі, Заходзьце, сябры. Сягоння мы будзем Гуляць да зары. А. Александровіч. // Быць удзельнікам якога‑н. свята, урачыстасці. Гуляць вяселле. Гуляць дажынкі. // што. Абл. Танцаваць, скакаць. — Умею адну толькі польку, дык тут жа яе не гуляюць. Арабей. // перан. Хутка рухацца; весяліцца (пра рыбу, жывёл). На сярэдзіне [азярца] час ад часу разыходзяцца кругі, чуваць усплёск — гуляе рыба. Навуменка.

6. з кім. Разм. Знаходзіцца ў любоўных адносінах; любіцца. У Васіля была дзяўчына, з якою, як казалі на сяле, ён гуляў ужо каля двух гадоў. Васілевіч. Колькі год я з ім гуляю, А не прыйдзе ў сваты, Толькі ўвечары ад гаю Давядзе да хаты. Дзеружынскі.

•••

Вецер (гуляе) у галаве гл. вецер.

Гульма гуляць — зусім нічога не рабіць; лодарнічаць. — Чаго ты там молішся? — азвалася мачыха. — Вазьмі ды карове вынесі, а то прывык гульма гуляць, дык работа яму і не рупіць. Сабаленка.

Гуляць з агнём — брацца за рызыкоўную справу, не думаючы аб выніках.

Гуляць па руках — перадавацца ад аднаго чалавека да другога, пераходзіць з рук у рукі.

Гуляць у бірулькі — займацца пустымі справамі, дарма траціць час.

Гуляць у жмуркі (хованкі) — хітраваць, утойваць што‑н. ад каго‑н. — А кінь ты, Астап, у жмуркі гуляць, не дзеці мы. Падпілавалі мост Шведавы хлопцы. Лынькоў. — Нешта ты ў хованкі пачаў гуляць? Круціш-круціш. Не чакаў я ад цябе. Кандрусевіч.

Гуляць у ката і мышку (мыш) — хітраваць, імкнуцца абмануць каго‑н.

Гуляць у маўчанку — ухіляцца ад размовы, адмоўчвацца.

Хоць у жмуркі гуляй — цёмна, нічога не відаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

во́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑льна.

1. Нікому не падпарадкаваны, ні ад кога не залежны, які мае магчымасць адвольна распараджацца сваім часам, ажыццяўляць свае жаданні. Каля мяне, як цень, Праходзіць да вадапою Вольны лясны алень. Караткевіч. Гэй у неба птахам вольным На спатканне навальніцам! Крапіва. [Максім:] — Ты ж адзін. Ні жонкі, ні дзяцей — вольны, як вецер на прасторы! Машара. // Выпушчаны на волю. — Быў палонны, а цяпер вольны, — казаў.. [Васілёк], едучы побач. Маўр. // Які вызваліўся ад якіх‑н. абавязкаў. Спектакль павінен быў адбыцца ў нядзелю, калі ўсе суседзі вольныя ад працы. Бядуля. Цяпер Гушка быў вольны ад даўгоў і меў сваю ўласную зямлю. Чорны. // Не заняты ніякай работай, які мае час. [Волька:] Вера то ўжо скончыла заняткі ў сваёй школе, цэлае лета будзе вольная. Чорны. // Які мае права, магчымасць дзейнічаць па ўласнаму жаданню. Вольны ўсюды я ляцець. Колас.

2. Свабодны ад сацыяльнага і інш. прыгнёту. Вольная праца. Вольнае жыццё. □ Вольным народам сталі вы сёння. Колас. Мы з вольнае краіны, Адной на цэлы свет, І кожная дзяўчына Глядзіць нам доўга ўслед. Глебка.

3. Нікім, нічым не заняты; пусты, свабодны. Яўхім знайшоў каля століка ў кутку два вольныя зашмальцаваныя крэслы. Мележ. [Суседка] трымалася, як дзяўчынка, гойдалася на нагах і ўсё адкідвала вольнай рукой з ілба, попельныя кудзеркі. Ракітны. У бібліятэках нават з самай раніцы цяжка знайсці вольнае месца. Шахавец. У праціўніка заставалася вольная дарога на вёску Бабровічы. Казлоў. // Нікім не замешчаны, вакантны. Вольная пасада. // Нічым не заняты (пра час). Раніцу вырашылі абвясціць вольнай, гэта значыцца ніякіх агульных паходаў не праводзіць, а здацца цалкам на самадзейнасць моладзі. Дубоўка. Кожную вольную хвіліну Люба бралася за кніжку. Васілевіч.

4. Не абмежаваны якімі‑н. перашкодамі, прадметамі, бязмежны, бяскрайні. Зноў вольны акіян усіх, Змёў чорных ворагаў сваіх. Куляшоў. Волен свет мне кругом. Колас. // Які знаходзіцца на свабодзе, не запёрты ў што‑н.; нічым не абмежаваны. Ці пачую крык іх [птушак]? Ці ўбачу? Шлях далёкі — горы і вада... Вунь ля гаспадарскіх тлустых качак Села вольных птахаў чарада. Сербантовіч. // Пра неабмежаваны нічым рух, неабмежаванае пашырэнне. Але паршываму сабачаняці, відаць, спадабалася вольная беганіна пасля надакучлівай язды ў машыне. Лынькоў. Даўшы хвалям вольны ход, Прыпадыме бацька Нёман На хрыбце магутны лёд. Багдановіч. Пустое бязмежнае снегавое поле — ці ёсць дзе большая прастора вольным разлётам гарачай фантазіі чалавека? Зарэцкі.

5. Нястрыманы, які выходзіць за межы прынятых нормаў. Вольныя жарты. Вольнае абыходжанне. // З якога знята абмежаванне. Дазволены законам. Вольны продаж сельскагаспадарчых прадуктаў.

6. Уласцівы свабоднаму жыццю. Льецца ў полі песня вольная На вясковай паласе. Бядуля. Вольным гоманам хвоек высокіх Клічам, сонца, цябе, як адзін! Купала.

7. Які заклікае, абуджае імкненне да волі; свабодалюбны. Вольнае слова. Вольная думка, натура.

8. Больш чым дастатковы па велічыні, прасторны. Вольны касцюм.

9. Які робіцца без выкарыстання спартыўных прылад. Вольныя рухі, практыкаванні.

10. Які адбываецца на свабодзе, не ў памяшканні, не пад наглядам. Вольная злучка. Вольнае ўтрыманне жывёлы.

11. У якім не прытрымліваюцца пэўнага парадку. Людзі рухаліся вольнымі шарэнгамі.

12. Не заціснуты, не замацаваны ў чым‑н. Вольны канец вяроўкі.

•••

Вольная барацьба гл. барацьба.

Вольная прафесія гл. прафесія.

Вольная тэма гл. тэма.

Вольны верш гл. верш.

Вольны горад гл. горад.

Вольны пасяленец гл. пасяленец.

Вольны пераклад гл. пераклад.

Вольны слухач гл. слухач.

Вольны стыль гл. стыль.

Вольнаму воля — гавораць таму, хто робіць што‑н. па-свойму, не звяртаючы ўвагі на слушныя парады.

Вольная воля гл. воля.

Вольная птушка гл. птушка.

Вольны казак гл. казак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і падымуся, падымешся, паднімецца; пр. падняўся, ‑нялася, ‑нялося; заг. падніміся і падыміся; зак.

1. Перамясціцца куды‑н. уверх; узысці. [Хмара] моўчкі вылез з машыны, моўчкі падняўся на ліфце і прайшоў у свой нумар. Васілевіч. Спачатку мы паблукалі каля волатаў-таросаў, а потым нам захацелася падняцца на сопку. Бяганская. // Праплыць нейкую адлегласць супраць цячэння. Падняцца ўверх па Дняпры.

2. Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. Дзіцячая рука сутаргава паднялася і.. кранулася рудой шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Кіра падбегла да.. [Арыны], абвіла шыю рукамі, паднялася на пальчыкі і пацалавала ў шчаку. Карпаў. // Перамясціцца ўверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Шлагбаум падняўся. □ Зноў паднялася заслона, зноў, затаіўшы дух, усе сачылі за тым, што тварылася перад імі. Пальчэўскі. // перан. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча. Падняцца па службовай лесвіцы.

3. З’явіцца над гарызонтам, узысці. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка. Над полем падняўся вялікі чырвоны месяц. Грахоўскі. // Узвышша над чым‑н., стаць відным на фоне чаго‑н. Раптам над мураванай агароджай, якой абнесен сад, падняліся дзве бялявыя галавы. Гарбук. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). За рэчкаю, у лузе, падняўся туман. Шамякін. Над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Чорны.

4. Устаць на ногі. Рыгор падняўся і стаў у акне вагона. Гартны. Грузны шасцідзесяцігадовы генерал падняўся з дарагога скуранога крэсла і, цяжка адсопваючыся, прайшоўся па кабінеце. Якімовіч. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Зранку.. [Волька] старалася раней падняцца, з апаскаю глядзела на яго пасцель і скоранька адзявалася, пакуль .. [Уладзімір] не прачнуўся. Скрыган. // перан. Разм. Паправіўшыся пасля хваробы, пачаць хадзіць, рухацца. Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Цяпер ён мог, Хоць і трымаючыся за сцяну, З смалярні выйсці. Танк.

5. Устаўшы, рушыць з месца. Ваня радасна падняўся насустрач [гаспадару], нібы забыўшыся на сціпласць, працягнуў рукі. Кулакоўскі. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. // Узляцець. З трывожным крыкам паднялася з куп’я чародка маладых цыранак. Бажко. // перан. Перайсці да якіх‑н. актыўных дзеянняў. [Талаш:] — Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Колас. [Іван Маеўскі:] — Увесь народ падняўся на супастата. Шамякін.

6. Пачацца, узнікнуць. Усе заціхлі, а потым адразу падняўся гоман. Колас. У стане ворагаў паднялася паніка. Гурскі. Узышло сонца.., адтала зямля, але падняўся сівер, працінаў холадам да касцей. Шамякін.

7. Павялічыцца ў росце, дасягнуць вышэйшага ўзроўню. — Па суседству з нашай сядзібай падняўся невялічкі хвойнічак. Лужанін. Хата пачынае набываць выгляд: падняліся сцены, прарэзаліся вокны, дзверы. Навуменка. // Павялічыцца ў аб’ёме; успучыцца, стаць рыхлым. Шчака ў Алены, як гарбуз, паднялася, а вачэй у Ганны зусім не відаць, пазапухалі. Ермаловіч. На правым баку календара заставаліся лічаныя лісточкі, а левы бок яго разбух, падняўся, як цеста на добрых дражджах. Арабей. // Стаць большым за існуючую або сярэднюю норму. Цэны падняліся. □ Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература, і медсястра мусіла даваць ёй уколы. Карпюк. // перан. Вырасці, стаць дарослым. Як падрос, падняўся Янка, Як ганяць стаў ў поле стада, — На жалейцы граў дзень цэлы, А зязюлька кукавала. Купала. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Мы за год памацнелі, Да новых Падняліся вышынь у жыцці. Калачынскі. [Сцяпан:] — Яна, брат, у нас паднялася. Звеннявая. Ракітны.

8. Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. раней запушчанае, заняпалае). Гаспадарка паднялася. Дысцыпліна паднялася. // перан. Стаць больш бадзёрым (пра настрой).

•••

Падняцца (узняцца) на ногі — а) устаць з месца; б) пачаць хадзіць пасля хваробы. Нарэшце, [Рауберман] паправіўся, падняўся на ногі і паехаў да свайго грознага генерала. М. Ткачоў; в) стаць дарослым, самастойным.

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сачы́ць 1, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. што, за кім-чым і з дадан. сказам. Назіраць за тым, што рухаецца, пераводзячы за ім позірк. Там спіць салдат, які не раз Сачыў кірунак іх палётаў, Хоць воблакаў было ў той час На небе менш, чым самалётаў. Гаўрусёў. Малашкін доўга сачыў за воблачкам, аж пакуль яно не растала ў паветры. Пестрак. Вось і цяпер Грыша прылажыў брылём руку да ілба і сочыць, як жаваранак падае каменем на зямлю. Пальчэўскі. // і без дап. Глядзець на каго‑, што‑н., не адрываючы вачэй. Туравец, які сачыў за полем, убачыў наводдалек постаці. Мележ. [Мірон] пяшчотна падкладаў трэскі і сачыў, як языкі полымя лізалі іх. Маўр. // у што. Пазіраючы куды‑н., падглядваць. Маці прычыніла дзверы і нават у шчылінку не сочыць. Гарбук. — Вартавы не сочыць у шкельца, — пахлопаў [Петруся] па плячы Рыгор. Гартны.

2. за чым і з дадан. сказам. Цікавячыся чым‑н., назіраць за развіццём, станам, ходам чаго‑н. З неаслабнай увагай.. [дзяўчаты] сачылі за ўсім ходам такой урачыстасці. Дубоўка. Чытач увесь час напружана сочыць, як Леапольд Гушка ажыццяўляе сваю мару аб зямлі і свабодзе. Луфераў. Наста цвёрда вяла падлік святам і строга сачыла за квадрамі месяца. Колас. // Цікавячыся ўсім, што адбываецца ў якой‑н. галіне, быць у курсе справы. Асабліва сачыў.. [Алесь] адзін час за падзеямі ў Грэцыі. Паслядовіч. // перан. Уважліва ўглядвацца, услухвацца ў што‑н., каб правільна зразумець, не ўпусціць чаго‑н. Сачыць за размовай. □ — Пракоп, унурыўшыся, слухае, а потым перастае сачыць за словамі Чыкілевіча, разважаючы над пытаннем, ці пойдзе ён у калгас, ці не пойдзе. Колас. Падпёршы шчаку далоняй, Алесь сачыў за выразам яе [Варвары] твару і чакаў адказу. Васілевіч.

3. за кім-чым, што, са злучн. «каб». Назіраць, наглядаць за кім‑, чым‑н. (з мэтай кантролю, аховы і пад.). Сачыць за паказаннямі прыбораў. □ Толькі ходзяць вартавыя, За спакоем лесу сочаць. Кірэенка. Парадак сочыць сыч-глушак і клопату багата мае. Дубоўка. [Якуб Андрэевіч:] — Вы тут сачыце, каб ноччу ніхто святла не паліў. Жычка. // Апекаваць каго‑н., клапаціцца аб кім‑, чым‑н., пра што‑н. Маці дзеда прасіла, каб сачыў ён за ўнукам. Лынькоў. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Грахоўскі.

4. за кім-чым, што. Устанавіць пастаянны нагляд за кім‑, чым‑н. з тым, каб выкрыць, выявіць што‑н., злавіць каго‑н. на чым‑н. Андрон добра ведаў, што за ім сочыць стараста Макей — хітры багаты мужык, і даносіць гэта ўрадніку. Каваль. [Ліда] кожны дзень выязджала машынай з мястэчка.., што давала ёй магчымасць сачыць за рухам аўтатранспарту на шашы. Брыль. Многа дзён сачыў.. [Багданёнак] са сваім атрадам за бандыцкім гняздом. Чарнышэвіч.

5. што. З нецярплівасцю чакаць. Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі І на ляту блінцы лавілі, Заядла мазалі іх здорам. Колас.

6. каго-што. Падпільноўваць, асочваць. Ой, гуляй жа, Бандароўна, З вечара да ранку! Цябе вораг ужо сочыць, Сочыць на каханку. Купала.

7. каго-што. У мове паляўнічых — адшукваць па следу, высочваць. Ды ў той жа дзень наказ быў даны Ісці Міхалу пад буданы Сачыць ваўкоў. Колас.

сачы́ць 2, сачу, сочыш, сочыць; незак.

1. Выцякаць па кроплі, струменьчыкамі, цячы (пра вадкасць). // Выдзяляць (пах і пад.). А сосны сочаць і струменяць Густы, духмяны пах смалы. Колас.

2. Здабываць што‑н. з чаго‑н. Сачыць мёд з сотаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)