павыво́дзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Перастаць існаваць, знікнуць; аджыць свой век — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Усе плямы павыводзіліся. Не будзе вады — павыводзіцца рыба. □ Госці і пачастункі сярод хутаранцаў павыводзіліся ўшчэнт. Чорны.

2. Вывесціся з яйца, лічынкі і пад. — пра птушак, насякомых. Буслы, якія павыводзіліся ў гнёздах, сталі дарослыя і цяпер кожную раніцу разам са сваімі бацькамі кружылі высока ў небе. Сіняўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

векава́ць, вякую, вякуеш, вякуе; незак.

Увесь час жыць дзе‑н., знаходзіцца ў якім‑н. стане, існаваць. [Серадзіха:] — Я меркавала, што мне давядзецца векаваць у зямлянцы, і раптам такая навіна. Гурскі. Нас вывелі ў свет з завуголляў глухіх, А то векавалі б у пана падпаскамі. Лужанін. [Даніла:] Замак, хлопчыку, стары: Многа ўжо вякоў вякуюць Тыя цёмныя муры. Колас.

•••

Век векаваць (звекаваць) — тое, што і векаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

згі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Знікнуць, прапасці. Дзень няма козліка, другі няма, цэлы тыдзень няма. Мы ўжо так і падумалі, што ён згінуў назаўсёды. Брыль. // Перастаць існаваць у выніку разбурэння, знішчэння. Дзе была адна пустыня — Елкі ды бярозкі, — Поле будзе, пушча згіне, Стануць хаты, вёскі. Купала. // Загінуць, памерці. Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дымарфі́зм, ‑у, м.

1. Наяўнасць у аднаго і таго ж віду жывёл дзвюх розных форм, напрыклад, адрозненне самцоў і самак (палавы дымарфізм), адрозненне ў афарбоўцы адных і тых жа жывёл у розную пару года (сезонны дымарфізм).

2. Наяўнасць у аднаго віду раслін дзвюх форм або наяўнасць у адной расліны якога‑н. органа дваякай формы (напрыклад, рознай формы мужчынскіх і жаночых суквеццяў у кукурузы).

3. Уласцівасць некаторых рэчываў існаваць у дзвюх розных крышталічных формах.

[Ад грэч. di(s) — двойчы і morphē — форма.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сумяшча́цца, ‑аецца; незак.

1. Непарыўна спалучацца, злучацца. Пры дапамозе гэтага суфікса [-ін-а] ўтвараюцца неадушаўлёныя назоўнікі мужчынскага роду з павелічальна-ўзмацняльным адценнем, якое сумяшчаецца з адценнем адзінкавасці. Граматыка. // Выконвацца адначасова. У прафтэхшколе вучоба сумяшчаецца з працай на заводзе. // у кім-чым. Аб’ядноўвацца, існаваць адначасова ў адной асобе, з’яве, прадмеце. У гэтым чалавеку сумяшчаюцца тэарэтычныя веды і практычны вопыт.

2. Супадаць усімі пунктамі пры накладанні (пра фігуры, лініі). Сіметрычныя фігуры сумяшчаюцца.

3. Зал. да сумяшчаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ю́ны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі малады, у маладых гадах (пра чалавека). На маёўку ў бліжнія бары завуць сяброўку юныя сябры. А. Вольскі. // Малалетні (пра дзяцей, падлеткаў — удзельнікаў якіх‑н. гурткоў, аматараў якога‑н. віду мастацтва і пад.). Юны тэхнік. Юны натураліст. // перан. Які толькі што з’явіўся, нядаўна пачаў існаваць, дзейнічаць і пад. Вечарамі самы юны горад нашай рэспублікі заліты электрычнымі агнямі. Грахоўскі.

•••

Юны ленінец гл. ленінец.

Юны піянер — тое, што і піянер (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыць, жыву́, жыве́ш, жыве́; жывём, жывяце́, жыву́ць; жыў, жыла́, -ло́; незак.

1. Быць жывым, існаваць, знаходзіцца ў працэсе жыцця.

Доўга ж.

Расліны не могуць ж. у цемнаце.

2. перан., чым і без дап. Быць ажыўленым, абуджаным чым-н., поўным руху.

Дарога дзень і ноч жыла.

3. Існаваць, мець месца (пра думкі, пачуцці і пад.).

У народзе жыве ўпэўненасць у перамозе справядлівасці.

4. Знаходзіцца, пражываць дзе-н., сярод каго-н.

Ж. у Мінску.

5. чым, з чаго і на чым. Падтрымліваць сваё існаванне чым-н.

Ж. сваёй працай.

Ж. з агарода.

6. перан., кім-чым. Быць захопленым, занятым кім-, чым-н.

Ж. надзеяй.

Ж. тэатрам.

Ж. дзецьмі.

7. кім і з прысл. Весці які-н. спосаб жыцця, знаходзіцца ў тых або іншых умовах.

Ж. багата.

Ж. весела.

Ж. бабылём.

8. Быць у якіх-н. ацносінах з кім-н.

Ж. дружна з суседзямі.

Ж. душа ў душу.

Жыць з мазаля (разм.) — здабываць сродкі для жыцця сваёй уласнай працай.

Жыць чужым розумам — прытрымлівацца чужой думкі, не маючы сваёй.

Жыць як набяжыць (прымаўка) — жыць так, як дыктуюць абставіны.

Няхай жыве! — пажаданне поспеху, росквіту.

(Сам) Бог жыве — пра добрыя ўмовы жыцця, працы.

У горы жыць ды з перцам есці (прымаўка; іран.) — пра жаданне мець што-н. пры адсутнасці ўмоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ве́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які існуе заўсёды, не мае ні пачатку ні канца (у часе). Вечная матэрыя. // Які не перыстае існаваць. Вечныя снягі. Вечная мёрзлага. // Не абмежаваны тэрмінам. Акт на вечнае карыстанне зямлёй.

2. Які пастаянна паўтараецца, бесперастанны. Вечныя спрэчкі.

•••

Вечны агонь гл. агонь.

Вечны рухавік гл. рухавік.

Вечнае пяро гл. пяро.

Вечная гісторыя гл. гісторыя.

Вечная памяць гл. памяць.

Вечны спакой гл. спакой.

Заснуць вечным сном гл. заснуць.

На векі вечныя гл. век.

Спаць вечным сном гл. спаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ганта́ль ’ганталь’ (БРС, Сцяшк. МГ, Шат.). Укр. гонта́ль ’тс’, рус. дыял. (на тэрыторыі Літвы) го́нталь. Знешне падобнае на ўтварэнне ад гонт (гл.), суф. ‑аль. Але вельмі падазронае падабенства з фармацыямі тыпу ўкр. бретна́ль ’цвік для дошак’, гухна́ль ’цвік для падковы’, польск. hufnal і г. д., якія запазычаны з ням. Brettnagel, Hufnagel і дзе другая частка ням. складаных слоў (Nagel) прадстаўлена як ‑nal. Калі прыняць, што гонт некаторыя этымолагі выводзяць з ням. gant (дыял.), то можна лічыць, што магло існаваць і ням. (дыял.) gantnagel, з якога магло атрымацца (дысіміляцыя або выпадзенне аднаго з двух n — n) або *гонталь, або *готналь. Атрымалася першае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пажы́ць, ‑жыву, ‑жывеш, ‑жыве; ‑жывём, ‑жывяце; пр. пажыў, ‑жыла, ‑ло; зак.

1. Жыць, існаваць нейкі час. Не можа быць, каб.. [Карага] яшчэ не пажыў на свеце. Колас. // Пражыць яшчэ нейкі час. [Стафанковіч] думаў пра тое, што ён многа год пражыў на свеце, што ён стары, што доўга не пажыве. Чорны. Блажэвіч усміхнуўся: — Не шкадуйце мяне і не хавайце загадзя. Я яшчэ пажыву. Шыцік.

2. Прабыць нейкі час дзе‑н., у каго‑н. Пажыць у вёсцы. □ Пасля дэмабілізацыі Сяргей пажыў ва Узлессі мала. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)