спусто́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
1. Дайсці да заняпаду. Цяпер Ніне было балюча бачыць, як усё тут спустошылася. Мележ. // перан. Страціць маральныя сілы, здольнасць да актыўнага, творчага жыцця. Душа на гэты кароткі момант як бы зусім спустошылася, каб быць гатовай для напаўнення. Чорны.
2. Стаць неўрадлівым (пра глебу); ператварацца ў пустку. Зямля спустошылася.
3. Стаць пустым, апусцець. Кішэні ўжо спустошыліся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.
1. Зведаць задавальненне; парадавацца, пацешыцца ўволю. Андрэева маці — знясіленая, хворая старая, якая рэдка калі злазіла з печы, — не магла нацешыцца з сына і нявесткі. Хадкевіч. Спаткаўшыся, сябрукі не маглі адзін з другога нацешыцца, успамінаючы даўно мінулае, перажытае. Ядвігін Ш.
2. Зведаць асалоду ўзаемнага кахання. — Не нацешыліся, не намілаваліся яшчэ, а ўжо, бедная [Гэлька], удавіца. Грахоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
Перастаць гаварыць, плакаць; супакоіцца. [Марына Андрэеўна] ішла сюды суцешыцца ад вялікага асабістага гора, а цяпер шукала ў думках суцяшэння яшчэ і ад таго балючага, што ўразіла яе тут. Марціновіч. Але ў хуткім часе бабка перастала так часта ўспамінаць сваю прапажу і крыху суцешылася. Сяркоў. // Знайсці для сябе суцяшэнне, супакаенне ў чым‑н. Ціхай надзеяй суцешуся я: Мабыць, спатрэбіцца песня мая? Чарнушэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
Перастаць гараваць, супакоіцца. Сэрца Лёнькі крыху ўцешылася.., бо.. [сабака] з’явіўся ў той момант, калі ён, пакрыўджаны Целякоўскім, збіраўся ў прочкі. Грамовіч. // Знайсці ў кім‑, чым‑н. для сябе ўцеху, задавальненне; абрадавацца. Учытаўся ў тыя байкі я і ўцешыўся вялікім адкрыццём: ага, можна пісаць пра ўсё тое, што акружае цябе. Бялевіч. Вестка аб тым, што прыйшоў новы старшыня з рабочых, з завода, мігам абляцела ўсе камунарскія кватэры і прымусіла занепакоіцца адных і ўцешыцца другіх. Барашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пару́шыцца, ‑шыцца; зак.
1. Перарвацца, спыніцца ў сваёй плыні, звычайным ходзе дзеянняў. Насцярожанае маўчанне ночы парушылася раптам нечаканым раскатам грому. Васілевіч. // Страціць стройнасць, зладжанасць, парадак. Дарога, па якой рухаліся эскадроны, вузкая, лясная, і строй адразу парушыўся. Навуменка.
2. Крануцца, сысці з месца; зрушыцца. [Зося] як абярнулася пры ўваходзе гасцей у хату тварам к дзвярам, так і стаяла, не хочучы парушыцца з месца. Гартны. Мар’янка не парушылася, не аднімала рук ад твару. Колас. // перан. Страціць упэўненасць у чым‑н.; адступіць. [Дулеба] не парушыўся ў сваіх перакананнях, нават пабачыўшы бурлівы вір маніфестантаў на вуліцах Пінска, калі паліцыя баязліва пахавалася. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
1. Перастаць хвалявацца, супакоіцца, прыціхнуць, заціхнуць. [Пагода] зарыўся тварам у куп’ё і суцішыўся. Бажко. Прыйшоўшы ў камітэт, Клара суцішылася і вельмі талкова расказала .. [Андрэю] пра недахопы ў рабоце. Асіпенка.
2. Аслабець у праяўленні чаго‑н. Закончан бой, і зарыва пажару То ўспыхне, то суцішыцца ў акне. Лойка. Свішча вецер, глуха стогне, Завывае ля дамоў, То суцішыцца, прыглохне, То усходзіцца ізноў. Васілёк.
3. Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Калі ж заліў суцішыцца да сну І стануць нанач мачты, як асверы, Ён [рыбак] пойдзе, узяўшы рыбіну адну, — Кату берагавому на вячэру. Лось. Навокал усё даўно суцішылася, усё замерла. Ус.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абру́шыцца, ‑шыцца; зак.
1. Рынуцца, паляцець, пасыпацца на каго‑, што‑н. Застрачылі кулямёты, аўтаматы, на паліцэйскіх абрушыўся град куль. Васілеўская. // перан. Наваліцца на каго‑, што‑н. (пра вайну, голад, няшчасце і пад.). Лавінай нечаканаю вайна, Усё знішчаючы перад сабой, На мірны край абрушылася наш. Танк.
2. перан. Імкліва і нечакана напасці на каго‑, што‑н.; атакаваць. Чорны груган кружыць над наваколлем і вось-вось абрушыцца на Панятоўшчыну. Кавалёў. // Напасці, накінуцца на каго‑н. з папрокамі, лаянкай, абвінавачваннямі. Як толькі Шаблюк закончыў, Мікульскі.. абрушыўся на яго з тымі ж самымі фактамі. Марціновіч. Спачатку меўся ўскочыць архірэй І гневам абрушыцца вялікім На дзёрзкага папа. А. Астапенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паце́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак., кім-чым, з каго-чаго і без дап.
1. Парадавацца, палюбавацца, атрымаць задавальненне. Пасля трэцяга ўрока ўся школа пайшла на высокі бераг пацешыцца з прыгажосці яснага дня. Чорны. Як бы пацешылася цяпер .. [Сымонава] першая жонка, Вераніка, з свайго Кастуська! Якімовіч. Даніла ўсё ж такі расказаў пра свой улоў. — Удача добрая. Завязі сваю здабычу дахаты, хай там пацешацца. Пестрак. Прыйшлі старыя маміны сяброўкі, каб разам з ёй пацешыцца маім зваротам, каб разам і паплакаць яшчэ раз аб тых, што не прыйдуць. Брыль.
2. Паздзекавацца з каго‑, чаго‑н., пазабаўляцца. — Ідзі, не бойся! — крыкнуў Сцёпа. Ён добра ведаў, што Рыгорка і кроку не зробіць. Інакш Палкан парве яго. Але хацелася пацешыцца, пазабаўляцца, паздзекавацца з маленькага Рыгоркі. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыці́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.
1. Перастаць шумець; прыціхнуць. Нават работнікі галерэі пачалі ўжо на.. [хлопцаў] падазрона паглядаць. Прыйшлося крыху прыцішыцца. Шыцік.
2. Перастаць рухацца; замерці, супакоіцца. Калі .. [матыль] сеў і прыцішыўся на бервяне, сарока хацела яго клюнуць, але перадумала і ад вярнулася. Пташнікаў. Святлана прыцішылася, трошкі супакоіла сваю крыўду і пачала слухаць, што тата дыктуе. Кулакоўскі. // Паслабець у сіле свайго праяўлення, трохі суняцца. На дварэ прыцішылася пагода, нават сонца косымі праменямі адбілася ў акно і снег быў мяккім... Каваль. — Правільна, зараз такі час, калі рэвалюцыйны рух прыцішыўся. Колас.
3. Запаволіць свой рух; замарудзіцца. Рух канвеера крыху прыцішыўся: некалькі шкляных будак стаялі на ўз’ездзе на мост. Лынькоў. Новыя казакі, чалавек дваццаць, несліся наўскач, і адзін, рабы, віхрасты, прыцішыўся і завярнуў мяне назад. Гарэцкі.
4. Паслабець, стаць менш адчувальным (пра якое‑н. пачуццё, адчуванне). Боль прыцішыўся.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.
1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.
2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.
3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.
4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.
5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)