Пы́шны ’раскошны, прыгожы; горды, фанабэрысты, непадступны’ (Нас., ТСБМ), ’напышлівы’: пышна цешча пышна, што къ зяцю не вышла (Нас., з вясельнай песні), пы́шны ’паважны, велічны, магутны’ (Варл.), ’пышлівы, ганарлівы’: баба тады пышна, як замуж вышла (Стан.), сюды ж пышне́ць ’рабіцца ганаровым, напышлівым’ (Нас., Гарэц.), пы́шніцца ’пахваляцца, фанабэрыцца’ (Др.), пышно́та ’чалавек, пераборлівы ў ежы’ (кобр., Нар. лекс.), ст.-бел. пышнитися ’тс’. Нельга аддзяляць ад пы́шны ’мяккі, пульхны’: пышны хлеб (ТСБМ, шальч., Сл. ПЗБ); параўн. укр. пи́шний ’горды, важны; раскошны, багаты’, рус. пы́шный ’тс’, дыял. ’поўны, круглы’, польск. pyszny ’фанабэрыста, напышлівы, надуты; раскошны, цудоўны, велічны, прыгожы’, чэш., славац. pyšny ’напышлівы, ганарысты, надуты’, в.-луж., н.-луж. pyšny ’раскошны, пышны, прыгожы’, балг. пи́щен ’раскошны, надуты’ (з рус. пышный, т устаўное, гл. БЕР, 5, 279). “Станоўчыя” значэнні развіліся самастойна на базе пы́хаць ’дуць, уздуваць, надуваць’, параўн. ст.-інд. púṣyati, pṓṣati ’працвітаць’, puṣṭas ’адкормлены, багаты, раскошны’ (Фасмер, 3, 492). Банькоўскі (2, 970) лічыць пеяратыўнае (“адмоўнае”) значэнне першасным, што захавалася як адзінае ў чэш. pyšný < pycha ’гордасць, гонар’ (гл. пыха), паколькі апошняе “dla Niemców і Czechów grzech główny”, у той час як у Польшчы лічылася галоўнай вартасцю (годнасцю); сумнеўна, хутчэй наадварот: пеяратыўнае значэнне — чэшская семантычная інавацыя, што распаўсюдзілася на польскую і беларускую тэрыторыю; адтуль і ст.-бел. пышнитися (< польск. pysznić się < чэш. pyšniti se, Банькоўскі, 2, 970).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туфта́ ‘хлусня’ (ТС), тухта́ ‘падман’ (Краязн. газета, 2013, 12, 6). Пранікненне з турэмна-лагернага жаргону, параўн. укр. аргат. туфта́ ‘падробка, фальшыўка’ (Горбач, Арго школярів), рус. туфта́, тухта́ ‘хлусня, падман, ашуканства’, ‘фальсіфікат, падробка’, туфте́ть ‘ілгаць, падманваць’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика), польск. tufta ‘кабета’, ‘прастытутка’, ‘падман’ (з рус., Каня, Słownik). Без пэўнай этымалогіі. Выводзяць з фін. tohko ‘гнілое дрэва’, фін. дыял. tohta ‘розныя рэчы, транты, смецце’, што з улікам асноўнага значэння жаргоннага слова ‘махлярства, калі замест дабраякаснай рэчы прадаюць падробку’ тлумачыць семантыку слова (Вострыкаў, Этим. иссл., 3, 37–38; Гарачава, Этимология–1982, 168; Арол, 4, 122; Анікін, РЭС, 2, 284). Горбач (Арго школярів, 27) параўноўвае з цюрк. takta ‘дошка’ як фігуральнае абазначэнне пачкі паперы, што выдаецца махлярамі замест упакаваных у банку асігнацый; на мажлівую цюркскую крыніцу арыентуе і балг. аргат. ту́фтя, туфти́свам ‘хлусіць’, ту́фа ‘крадзеж’, та́фя, та́фим ‘красці, хлусіць’, таф ‘хлусня, абман’ < тур. tav у розных значэннях, у тым ліку і ‘падман’, параўн. Стойкаў, Соф. ученич. говор, 24, 51. Былыя вязні сталінскіх лагераў бачаць у слове абрэвіятуру ТФТ (рус. «тяжёлый физический труд»), якая ў 1930‑я гады пранікла з лагернай зоны на волю (Шыдлоўскі, Рысы майго пакалення, Мінск, 2001, 126). Урэшце, з улікам сфер ужывання, варта звярнуць увагу на фармальнае падабенства з ід. tuft(e), toft(e), duft(e) ‘выдатны, цудоўны, першакласны’, адносна якога гл. Штэрн, Wörterbuch, 83.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

залаты́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з золата, з’яўляецца золатам. Залаты самародак. Залаты пясок. // Зроблены з золата. Залаты пярсцёнак. // Вытканы, вышыты пазалочанымі ніткамі. Залатыя пагоны. // Які вылічаецца на золата, па курсу золата. Залаты размен. Залатая валюта.

2. у знач. наз. залаты́, ‑ога, м. Уст. Залатая манета; чырвонец.

3. Бліскуча-жоўты, падобны колерам да золата. На неба ўсходзіў месяц залаты. Купала. Залатыя промні працягнуліся праз вокны і ў Паходнеў пакой. Хадкевіч.

4. перан. Надта добры па сваіх якасцях; цудоўны, выдатны. Залаты характар. Залатыя словы. □ «Які мілы і залаты хлопец, — падумала.. [Магдалена]. — Як ён завіхаецца каля машыны і які рухавы». Чорны.

5. перан. Шчаслівы, радасны. Залаты час. Залатое дзяцінства. □ Маладая вясна, залатая пара! Будзь красна і ясна, Не шкадуй нам дабра! Колас.

6. перан. Дарагі, любімы. Залатыя мае дзеткі.

7. Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных назваў. Залатое дрэва. Залатая рыбка.

•••

Абяцаць залатыя горы гл. абяцаць.

Залатая восень гл. восень.

Залатая галава гл. галава.

Залатая жыла гл. жыла.

Залатая моладзь гл. моладзь.

Залатая сярэдзіна гл. сярэдзіна.

Залатое вяселле гл. вяселле.

Залатое дно гл. дно.

Залатое руно гл. руно.

Залаты век гл. век.

Залаты дождж гл. дождж.

Залаты фонд гл. фонд.

Залатыя рукі гл. рука.

Залатыя словы гл. слова.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэра́са, ‑ы, ж.

1. Гарызантальная або некалькі нахіленая пляцоўка, якая ўтварае ўступ, часам зробленая штучна (для пракладкі дарог, стварэння архітэктурнага ансамбля і пад.). Там, дзе выразна выступае высокая пясчаная рачная тэраса, пралягае паласа сасновых бароў. Гавеман.

2. звычайна мн. (тэра́сы, ‑рас). Спец. Гарызантальныя або некалькі нахіленыя ўступы паверхні зямлі (на схілах гор, рачных далін і на ўзбярэжжы азёр і мораў), размешчаныя адзін над адным. [Балотаўтварэнне] шырока распаўсюдзілася на згладжаныя бяссточныя водападзелы і надпоймавыя тэрасы. «Беларусь». Дрэмле Ялта, па крутых тэрасах Льецца вішань белы вадаспад. Танк. Рачныя даліны ў нізінах даволі шырокія і маюць тэрасы. Прырода Беларусі.

3. у знач. прысл. тэра́самі. У выглядзе ўступаў, прыступкаў, размешчаных адзін над адным. Насупраць бальніцы, на схіле ўзгорка, быў разбіты малады парк, што тэрасамі спускаўся да Першамайскай вуліцы. Карпаў. У сярэдзіне гары тэрасамі — адзін над другім — павінны былі прайсці тры тунелі. Даніленка.

4. Летняя прыбудова да дома ў выглядзе пляцоўкі са страхой на слупах. З тэрасы кафэ, куды мы падняліся па прыступках, адкрываецца цудоўны від па Карфагенскі заліў. В. Вольскі. Спіны ў хлопцаў блішчаць, і .. [Антон] вядзе сваіх сыноў за рукі да хаты, і ўзыходзіць на тэрасу, дзе ўжо накрыты стол, і на стале іх чакае сняданак, і Тося разлівае па кеартах малако... Савіцкі.

[Фр. terrasse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пера- — прыстаўка дзеясловаў і іх вытворных з шырокай семантыкай (накіраванасць, паўтарэнне, паслядоўнасць, дасягненне выніку дзеяння і пад.): пераслаць, перабіць, перакласці, перачакаць і г. д. (ТСБМ). У якасці дзеяслоўнай прыстаўкі (якая з прасл. *per‑) пашырана ў адпаведных формах (> prě‑/pre‑/pere‑) па ўсёй слав. тэрыторыі ў асноўным значэнні ’праз’. У асобных дыялектах (мовах) ужываецца ў значэнні ’перад’: ст.-слав. прѣдѣдъ ’продак’, макед. предедо, пребаба, ст.-чэш. přiemluva ’уступ’, славац. priedomie ’дворык перад хатай, домам’. Шырока прадстаўленыя і іншыя значэнні дзеяслоўнай прыстаўкі: ’на другі бок’, ’перарваць’, ’перашкаджаць’, ’зрабіць нанава, зноў’ і інш. У назоўнікаў гэтая прыстаўка свайго значэння не мае. У прыметнікаў і прыслоўяў выступае ва ўзмацняльнай функцыі: ст.-слав. прѣбогатъ ’вельмі багаты’, прѣвеликъ ’вельмі вялікі’ і мае найбольш дакладныя і.-е. паралелі: літ. per‑dìdelis альбо per dìdelis ’тс’, permãžas ’вельмі малы’, лац. peramārus ’вельмі горкі, жудасны’, per‑bene ’вельмі добра, цудоўна’, ст.-грэч. (часціца) περ ’вельмі’, πέρι і περί ’тс’ (περικαλλήςцудоўны’), ст.-інд. pari‑prī ’вельмі мілы’. У асноўным значэнні ’праз’ прасл. прэфіксу *per адпавядаюць: літ. per‑, дыял. par‑, лат. pār‑, авест. pairi, гальск. eri (ст.-ірл. ’з, для, з-за’), гоц. faír‑ (ням. ver‑), алб. për. Прыстаўка per‑ узыходзіць да прыназоўніка *per, які разам з *pro і *pri ўваходзіць у і.-е. групу прыназоўнікаў *p‑r‑, развіццё якіх паралельнае ў і.-е. мовах: гоц. faír‑/faúr/fra‑ адпавядае ст.-грэч. περί, παρά, πρό, ст.-інд. pári, purā, prā‑, авест. pairi, para‑, fra‑, лац. per, per‑ (por‑), pro, ст.-ірл. er‑ і ro‑. У аснове ўсіх іх ляжыць значэнне ’праніканне праз што-небудзь’ і ’да чаго-небудзь’ ці ’каля чаго-небудзь’ (Вальдэ-Гофман, 2, 283; Мее, Études, 155; Фасмер, 3, 236; ESSJ, 1, 162–169).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

усталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.

1. Надзейна ўстанавіцца, умацавацца. Міналі гады... У нас усталявалася Савецкая ўлада. Астрэйка. Палкавы камітэт разагнаў эсэраў і бундаўцаў і памог бальшавіцкай меншасці ўсталявацца ў пасялковым Савеце. Чыгрынаў. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Зіма ўсталявалася ўжо ў лістападзе. □ Пасля непагодлівых дзён з дажджамі і сцюдзёнымі вятрамі нарэшце ўсталявалася ціхае яснае надвор’е. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. А ў нас усталяваўся цудоўны пах перасушанага сена: відаць, ад таго раскошнага сенніка, на якім спіць маці. Каршукоў. // Стаць прыгодным для карыстання (пра дарогу і пад.). Гулі машыны, мчалі з Асіпаўскага ў Грыні і назад. Для іх усталявалася дарога, як цэмент. Пташнікаў.

2. Асесці, уладкавацца дзе‑н. Усталяваўшыся на сталай базе ў лесе, Алег з групай партызан выйшаў на заданне. «Маладосць». [Маці:] — Няхай едзе, усталюецца, напіша, з’ездзіш паглядзіш, а пасля таго — забірай дзяцей і ўсе рэчы. Дубоўка. Мы дамовіліся перапісвацца, калі ўсталюемся на рабоце. Марціновіч.

3. Наладзіцца, замацавацца. Толькі пасля вайны ўзаемаадносіны ў нашай сям’і ўсталявалася, як прыязныя: мачыха, мабыць, ужо не баялася, што я буду прэтэндаваць на нейкую часціну спадчыны. Сабаленка. У літаратурным асяроддзі ўсталявалася думка, што другая кніжка часцей за ўсё бывае слабейшая за першую. Грахоўскі. // Стаць звычаем, традыцыяй. Леанід Ляонцьеў выказаў, бадай, агульную думку ўсіх удзельнікаў семінара: — Каб нам часцей так сустракацца, каб усталявалася гэтая традыцыя — традыцыя творчых сустрэч, творчага адзінства! «Маладосць». // Разм. Устанавіцца, наступіць. Нарэшце гоман сціх. Усталявалася цішыня. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

на́доI безл., в знач. сказ. трэ́ба, разг. трэ; (нужно) патрэ́бна; (следует) нале́жыць, ва́рта;

(ведь) на́до же! (і) трэ́ба ж!;

как на́до як трэ́ба, як след;

как не на́до лу́чше як найле́пш;

на́до быть в знач. вводн. сл. ма́быць, му́сіць;

на́до быть, бу́дет дождь ма́быць (му́сіць), бу́дзе дождж;

на́до ду́мать (полага́ть) трэ́ба ду́маць (меркава́ць);

так ему́ и на́до так яму́ і трэ́ба;

то́лько того́ и на́до то́лькі то́е і трэ́ба;

что на́до (в знач. сказ.: очень хороший) хоць куды́, як ма́е быць; (прекрасный, отменный) цудо́ўны.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пато́к, ‑у, м.

1. Ручай або рака, звычайна з вузкім рэчышчам, камяністым ці жвірыстым дном і бурным імклівым цячэннем. Града камення загароджвала шлях вадзе, і разгневаны паток дыбіўся, лез на кам[яні]. Шамякін. Няўжо магчыма, каб з такой Крынічкі вырас пакрысе Паток і слаўнай стаў ракой? Кірэенка. // чаго і без дап. Вялікая колькасць вадкасці, якая імкліва цячэ. А на другі дзень пайшоў дождж. Мутныя патокі сцякалі па шыбах вагончыка, шумелі па даху. Даніленка. [Дзеці] бегалі басанож па вадзе, крычалі, смяяліся, пакуль новы паток ліўня не разганяў іх па дварах. Бяганская. Кроў гарачым патокам ў жылах пераліваецца... Бядуля. // чаго або які. Маса паветра, святла, гукаў і пад., якія распаўсюджваюцца ў пэўным напрамку. Паветраны паток. □ А на дварэ дзень быў цудоўны: ласкавае чэрвеньскае сонейка лілося ў вокны патокамі цяпла і святла. Сабаленка.

2. перан. Вялікая колькасць каго‑, чаго‑н., што ідзе, рухаецца ў адным напрамку. Гаманлівы людскі паток хлынуў па лесвіцы з другога паверха ў вестыбюль да выхаду. Хадкевіч. Па тратуарах рухаліся патокі людзей, паўз іх прабягалі аўтобусы і тралейбусы. Дубоўка. Журавы развярнуліся ў клін. Ззаду адзін прыкметна асядаў, намагаўся ўздымацца вышэй, у сяброўскі паток. Брыль. Па доўгай і шырокай вуліцы бясконцым патокам ідуць грузавікі і легкавыя машыны розных марак. В. Вольскі.

3. перан.; чаго або які. Вялікая група навучэнцаў, з якой праводзяцца заняткі ці экзамены ў пэўнай чарговасці з іншымі падобнымі групамі. [Цімка:] — Яна [Рая] пасля першай тройкі забрала дакументы і, здаецца, здавала ў другім патоку ў медыцынскі. Карпаў. // Вялікая колькасць чаго‑н., група, аб’яднаная пэўнымі агульнымі рысамі. Другі, больш значны паток цюркізмаў, непасрэдна запазычаных беларускай мовай, адносіцца да перыяду Крымскага ханства і Турэцка-асманскай імперыі. Жураўскі.

4. Спец. Бесперапыннасць вытворчасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

небе́сный

1. нябе́сны; (о цвете — ещё) нябе́сна-блакі́тны, блакі́тны;

небе́сная во́ля (власть, си́ла и т. п.) рел. нябе́сная во́ля (ула́да, сі́ла і да таго́ падо́бнае), во́ля (ула́да, сі́ла і да таго́ падо́бнае) Бо́жая;

небе́сная канцеля́рия уст. нябе́сная канцыля́рыя;

Цари́ца Небе́сная Цары́ца Нябе́сная;

небе́сные тела́ нябе́сныя це́лы;

небе́сный свод, см. небосво́д;

2. (восхитительный) чаро́ўны, цудо́ўны;

небе́сный гром, небе́сные гро́мы, небе́сный гнев (бич) рел. гнеў Бо́жы, кара Бо́жая, нябе́сная ка́ра;

Ца́рство (Ца́рствие) небе́сное уст. Ца́рства Нябе́снае;

Влады́ка (Оте́ц) небе́сный рел., высок. Улады́ка Нябе́сны;

ма́нна небе́сная ма́нна нябе́сная;

как пти́ца небе́сная як пту́шка нябе́сная.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Вясёлы ’пранікнуты весялосцю, радасцю; прыемны для погляду, не пануры’; ’той, хто дае, выклікае радасць’; ’яркі, светлы’ (БРС, КТС, Бяльк.), драг. высёло́ (прысл.) ’прыгожае месца, асветленае, з буйнай расліннасцю, магчыма, на ўзвышшы’ (Лучыц-Федарэц, вусн. паведамл.), укр. веселий, рус. весёлый ’вясёлы, радасны’, каз. ’хуткі’, смал. ’ласкавы’, у спалучэннях ’рознакаляровы (камень, кветкі)’; ’асветлены, светлы, ясны (пра ноч)’; ’шматлікасць (рыбы, суквецця)’, ст.-рус. веселый ’вясёлы, які радуе багаццем, дастаткам’; польск. wesoły (ст.-польск. wiesioły), н.-луж. wjasoły, в.-луж. wjesoły ’вясёлы’, чэш. veselý ’тс’, валаш. veseła ’карова з белымі нагамі і хвастом’, мар. veselý ’светлы, чырвоны (колер)’, славац. veselý ’вясёлы’, славен. vesę̑ł ’тс’, серб.-харв. ве̏сео ’прыгожы, пагодлівы (дзень, месяц’; ’светлы, ззяючы’; ’ясны, каляровы’; ’буйны, свежы (расліна)’; ’хуткі, жвавы’; ’цудоўны, незвычайны’, макед., балг. весел ’вясёлы’, ст.-слав. веселъ. Прасл. vesel‑ъ мела значэнне ’буйны, пышны, паўнакроўны; каляровы, які іграе жывымі, яснымі колерамі, які радуе, вясёлы’. Самымі блізкімі і.-е. адпаведнікамі з’яўляюцца лат. vęsęls ’здаровы, поўны, цэласны, цэлы, непашкоджаны’, прус. wessals, ілір. анамаст. Veselia ’Felicitas’ (Будзімір, RIEB, 1, 284; Краэ, IF, 57, 113). Відавочна, ‑elъ з’яўляецца суфіксам, тады корань ves‑ < і.-е. *u̯es‑ са значэннем ’добра’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 543) ці ’жыць’ (Праабражэнскі, 1, 78); таксама Младэнаў (63) і Покарны (826) звязваюць гэты корань з лац. vēscor ’атрымліваць асалоду ад ежы’, санскр. vas‑ ’ем’, vásu‑ ’добры’, кімр. gwest ’бяседа’, гоц. wisan ’банкетую’, ірл. feis ’есці’. Фасмер (1, 303) адносіць сюды яшчэ авест. vaηhu‑, voku, гальск. ves(u)‑ (ва ўласных імёнах Vesunertus, Vesclevesis), ірл. fíu ’варты, роўны’. Фік (545), Буасак (234) і Гараеў (1896, 46) адносяць аснову ves‑ да і.-е. *u̯ekʼ ’хацець’ (ст.-інд. vaś‑mi ’хачу, жадаю’, грэч. ἑκών ’ахвотны’, ἕκηλος ’спакойны’). Тое ж Махэк₂ (685), які праводзіць паралель паміж слав. vesel‑ъ і ням. lustig (< Lust ’радасць, захапленне, жаданне, ахвота’, ’юрлівасць’), суадносячы яго з лексемай vášeň ’страсць’. Торп (405), Скок (3, 578), КЭСРЯ (77) звязваюць вясёлы з лексемай вясна́ (гл.), што зусім імаверна, калі прыняць пад увагу значэнні лексемы ў паасобных слав. гаворках: ’месца з буйной расліннасцю’; ’рознакаляровыя кветкі’; ’свежыя, буйныя расліны’; ’здаровы, цэласны’, а таксама ўкр. квітень, польск. kwiecień — назвы вясенніх месяцаў. Сюды ж прысл. вясёла (КТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)