ца́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цара, належыць яму. Царская карона. Царскі тытул. // Звязаны роднаснымі адносінамі з царом. Тут паказвалі на князёўну царскай крыві — на ёй была дыядэма. Самуйлёнак.

2. Які адносіцца да палітычнага рэжыму на чале з царом. Царскае самадзяржаўе. Царскі рэжым. □ Царскае самаўладства не лічылася з духоўнымі запатрабаваннямі народа і ўсяляк перашкаджала развіццю беларускай культуры, друкаванню кніг на роднай мове, не прызнавала нават і існавання самой мовы беларусаў. Суднік. Калісьці даўняю часінай, Пад царскім гнётам і ярмом Мая цудоўная краіна Была магілай і турмой. Глебка. // Звязаны з перыядам царызму. А ён [Сяргей Карага], па праўдзе сказаць, яшчэ і не жыў. То бадзянні па астрогах у царскія часы, то работа ў падполлі, то гэтая вайна... Колас. // Які мае такі палітычны рэжым. Была Расія царскіх дзён, А дні былі, як ночы; Душыў бязлітасны прыгон. Купала. // Пра грошы царскіх часоў. Пакуль Міхась корпаўся, завязваючы ў клунак сваю цывільную вопратку, да яго падышоў Крываручка і ціхачом дастаў з кішэні дзве царскія сторублёўкі, усунуў яму ў кішэню. — Гэта ад мяне перадай. Машара.

3. перан. Вельмі багаты, раскошны; як у цара. — Ідзі запрагай каня, — сказаў Ян, — і прыязджай забіраць лён. — У гэтым годзе, брат, лён у цябе царскі. Чарнышэвіч. [Бацька:] — Сёння ў нас, маці, царская вячэра! Гамолка. І вінаграднік, ветрам абласканы, Спяліў пад небам царскія плады. Чэрня. / у жарт. ужыв. [Коля:] — Трэба зрабіць палаці, нацягаць туды травы, густа выкласці, і пасцеля, брат, будзе царская. Спі і радуйся. Ставер. — Вядома, работа не царская, — пажартаваў .. [Сцяпан], з крэктам узнімаючы рыдлёўку, — але грашавітая. Савіцкі.

•••

Царская гарэлка гл. гарэлка.

Царскія дзверы гл. дзверы.

Царскі абед гл. абед.

Царскі стол гл. стол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гвалт, ‑у, М ‑лце, м.

1. Прымяненне фізічнай сілы ў адносінах да каго‑н.; здзек. Выходзяць на бітву аршанцы, Суровы ідзе Магілёў, Каб помсціць фашысцкім паганцам За гвалты, за здзек і за кроў. Астрэйка.

2. Прымусовае ўздзеянне на каго‑н.; уціск. Паказваючы, напрыклад, урадніка, Ф. Багушэвіч падкрэслівае, што ён чыніць гвалт і прымус імем цара. Шкраба.

3. Крык, шум, лямант. Убачыўшы мядзведзіцу ў лесе ці на дарозе, людзі страшэнна палохаліся, узнімалі гвалт. В. Вольскі. Да сябе.. [Люба] не запрашала Ігнася. Ведала, як скрыва паглядзелі б бацькі і які гвалт узняўся б .. у хаце. Мурашка.

4. у знач. прысл. гва́лтам. Супраць волі, жадання; сілай. Мужчыны гвалтам пасадзілі.. [Грэт] у лодку. Маўр.

5. у знач. выкл. Разм. Кліч аб паратунку ў выпадку небяспекі. Ратуйце, гвалт!

•••

Хоць гвалт крычы гл. крычаць.

[Польск. gwalt з ням.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

драпе́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які корміцца іншымі жывёлінамі (пра звяроў, птушак і пад.). Драпежны звер. Судак — драпежная рыба. □ У лесе жылі звяры і драпежныя птушкі: каршуны, совы, пугачы, ястрабы. Колас. // Які належыць, уласцівы такім жывёлінам. Кручкаватая драпежная дзюба раскрылася, на Сашку ўставілася мёртвае злоснае вока. Даніленка. З другога ж боку, гэты самы гук, драпежны і злосны, памагаў .. [Сяргею] крыху агледзецца і больш-менш пэўна вызначыць сваё становішча, бо ён заблытаўся ў незнаёмай мясцовасці. Колас.

2. перан. Поўны імкнення да нажывы; прагны, хцівы (пра чалавека). Драпежная натура. □ Постаць цара вынікала ва ўяўленні ў сваёй страшнай дваістасці: цар лагодны, партрэтны цар, і цар, паказаны ў кніжачцы, драпежны цар — ашуканец са злосна вышчаранымі зубамі, гатовымі грызці людское цела. Колас. // Які выражае прагнасць, сквапнасць, хцівасць. Драпежны выраз твару. Драпежны позірк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак.

1. з кім і без дап. Гаварыць або рабіць што‑н. несур’ёзна, смехам, для пацехі. Звінелі коні цуглямі, Паводдзе з плота рвалі, А з коннікамі смуглымі Дзяўчаты жартавалі. Гаўрусёў. // Весела вастрасловіць. — А ты, бачу, не забыў, што граблямі завецца, — жартаваў старшыня. Васілевіч.

2. з каго-чаго і без дап. Насміхацца, кпіць. Партызаны жартавалі з дзеда: — Ажэнім вас, дзед Цімох, навошта вам бабылём прападаць. Шчарбатаў.

3. з кім-чым. Несур’ёзна, безуважна адносіцца да каго‑, чаго‑н., недаацэньваць каго‑, што‑н. Са здароўем чалавека жартаваць нельга. Шахавец. З хваробай не жартуй: яшчэ другім наваратам адкінецца... Якімовіч.

4. Гаварыць, рабіць што‑н. нарокам, легкадумна. — Прыйшоў сватаць тваю малодшую дачку за цара Пастаянца. — Ну што ж, сватай, калі не жартуеш. Якімовіч.

•••

Жартаваць (гуляць) з агнём — рабіць тое, што можа пацягнуць за сабой непрыемныя вынікі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кабіне́т, ‑а, М ‑неце, м.

1. Рабочы пакой у доме, кватэры. Як пісьменнік працуе над словам? Звычайна адбываецца гэта ў цішыні кабінета, за зачыненымі дзвярамі. Шкраба. // Службовае памяшканне ва ўстанове, на прадпрыемстве для адказнага работніка. Кабінет старшыні. □ Кабінет Ніны Іванаўны, дырэктара дзіцячага дома, быў квадратным з адным шырокім акном на паўднёвы ўсход. Васілевіч. Начальніка цэха, які.. ўсіх навічкоў прымаў асабіста, .. [Міхал і Лёдзя] знайшлі ў кабінеце. Карпаў.

2. Спецыяльнае памяшканне, абсталяванае для заняткаў, працэдур (у навучальных і навукова-даследчых установах, паліклініках і пад.). Хімічны кабінет. Рэнтгенаўскі кабінет. Кабінет мовы і літаратуры.

3. Урад у некаторых дзяржавах (Індыі, Аўстраліі і інш.), які складаецца з міністраў. Змена кабінета.

4. У Расіі 18 — пачатку 19 ст. — назва некаторых урадавых устаноў (асабістай канцылярыі цара, кіраўніцтва гаспадарчымі і фінансавымі справамі царскага двара). Кабінет яго вялікасці.

•••

Кабінет міністраў — тое, што і кабінет (у 3 знач.).

[Фр. cabinet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́ца, ‑ы, ж.

1. Працэс уздзеяння чалавека на прыроду; чалавечая дзейнасць, накіраваная на стварэнне матэрыяльных і культурных каштоўнасцей. Фізічная праца. Наёмная праца. Прадукцыйнасць працы. Прылады працы. □ Мірная праца і радасць шчаслівага сямейнага жыцця — вось яе светлы сённяшні дзень. Брыль.

2. Работа, якая патрабуе затраты фізічнай ці разумовай энергіі. Гануля была ў бацькоў адной дачкою і, яшчэ будучы дзіцём, дапамагала маці ў цяжкай сялянскай працы. Гурскі.

3. Вынік творчай, разумовай дзейнасці; твор. Друкаваная праца. Матэматычная праца. Лінгвістычная праца. // толькі мн. (пра́цы, прац). Назва навуковых часопісаў, зборнікаў. Працы Інстытута Мовазнаўства Акадэміі навук БССР.

4. Тое, што і работа (у 4 знач.). Хадзіць на працу.

•••

Біржа працы гл. біржа.

Герой Сацыялістычнай Працы гл. герой.

Інспекцыя працы гл. інспекцыя.

Сізіфава праца — цяжкая да знясілення марная праца (ад імя міфічнага цара Сізіфа, прыгаворанага багамі вечна каціць на гару камень, які, дасягнуўшы вяршыні, падаў назад).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сві́та 1, ‑ы, ДМ свіце, ж.

1. Асобы, якія суправаджаюць важную, высопапастаўленую асобу. Світа караля. □ [Мартын:] — Едзе, бывала, пані, дык хто-небудзь з яе світы крычыць на нас, хлапчукоў: «Здымайце шапкі, галганы, на калені!». «ЛіМ». // Разм. Асобы, якія пастаянна, увесь час ходзяць за кім‑н. Я з усёй вясёлай світы Маладзейшы. Барадулін.

2. Афіцэры, якія складалі ваенна-прыдворны штат цара ў дарэвалюцыйнай Расіі.

[Фр. suite.]

сві́та 2, ‑ы, ДМ свіце, ж.

Спец. Сукупнасць пластоў горных парод, аб’яднаных узростам, агульнасцю ўмоў утварэння і падобным саставам. Вапнавая світа. Вугляносная світа. Світа пясчанікаў.

сві́та 3, ‑ы, ДМ свіце, ж.

Доўгая сялянская верхняя вопратка з сукна. Смалою, сасняком прапахла твая світа, шапка; у крывавых мазалях, нібы тыя таркі, твае далоні, а ты [плытагон] гоніш плыты ў чужыя краіны, гоніш золата роднага краю. Бялевіч. Максім ускочыў з пасцелі, хуценька апрануўся, паснедаў на хуткую руку і, уздзеўшы на свой паўкажушак шырокую світу з башлыком, падперазаўся тоўстым поясам і выйшаў з хаты. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тужы́ць, тужу, тужыш, тужыць; незак.

1. Сумаваць, маркоціцца. — Ды ўжо ж, жывём, не скардзімся. І вы, бачу, не тужыце, — грымеў незнаёмы бас. Парахневіч. / у перан. ужыв. Вайна... Адзінокія фабрыкі тужаць,.. Апусцелі палі — Ні касцоў, ні аратых... Па загаду цара Усіх здаровых і дужых .. Назвалі ў салдаты. Глебка.

2. Нудзіцца, быць ахопленым сумам. То яго [малога] зводзіла рэха, то спаць зоры не давалі, то яго паліла сонца, то завеі асыпалі, то спяваў палям, дуброве, то тужыў па чарнабровай, Аж ад гэтых чараў ён І спакой згубіў і сон. Танк. Там мацяркі гатуюць вячэру на агні І тужаць і сумуюць Па хатняй цеплыні. Гілевіч. / у перан. ужыв. Не тужы ты, Нёман, адзінока па Красуні — Прыпяці далёкай. Русак.

3. Гараваць, знаходзіцца ў стане смутку, перажываць якое‑н. няшчасце. Па-жабрацку нясмела грукае дзвярыма ўбогай хаты начны вецер, а старая маці, якіх я бачыў навокал многа, прадзе бясконца, тужыць па сыне, які сядзіць у турме за праўду. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́ра, ‑ы, ж.

1. Вецер вялікай разбуральнай сілы, звычайна з дажджом або снегам. Бура ўзнялася. Бура сціхла. □ Дзед з Сымонам пад вярбою Селі буру пераждаць. Колас. Пералівы ветру пераходзяць у буру. Бядуля.

2. перан. Пра сацыяльныя з’явы вялікай гістарычнай важнасці, якія выклікаюць істотныя перамены ў жыцці грамадства. І вось паўстаў крылаты пралетарый, — І бура ўміг з зямлі змяла цара — драпежніка арла. Крапіва. Раскаты рэвалюцыйнай буры ў пралетарскіх цэнтрах Расіі ўскалыхнулі і Беларусь. Івашын.

3. Шум, крык. Лабановіч дагадаўся, што падлоўчы Баранкевіч падняў у доме буру. Колас. [Насця:] — Што ж гэта, памочнікі мае дарагія, у ясны дзень буру паднімаеце? Мележ. // перан. Моцнае душэўнае хваляванне. Бура, якая бушазала ў душы [Пятра] ўсю дарогу, пакрысе сціхала. Шамякін. // перан.; чаго або якая. Яркае гарачае выяўленне пачуццяў. Пасля буры воплескаў шалёных Мы сябе не помнілі ў фінале І свае сапраўдныя імёны У ролях закаханых называлі. Непачаловіч.

•••

Магнітная бура — раптоўнае кароткачасовае, хуткае і незаканамернае змяненне магнітнага поля Зямлі, звязанае з утварэннем і развіццём па Сонцы цёмных плям.

Бура ў шклянцы вады — моцнае хваляванне, гарачая спрэчка з-за дробязных прычын.

Якой бурай прынесла — пра нечаканае з’яўленне непажаданага чалавека.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

турну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм.

1. Прагнаць адкуль‑н. або куды‑н. Стары ўгледзеў, што хлопец па вушы мокры, і, не пытаючыся і не дапытваючыся, што з ім сталася, турнуў яго ў хату. Сабаленка. Калі гітлераўцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў. Мележ. [Крылоў:] — Прагналі цара — добра. Але гэта паўсправы. Наша рэвалюцыя яшчэ наперадзе. Ёй Касоўскі не ўзрадуецца, бо мы турнём і радзянак, і мілюковых, і паскевічаў, і ўсіх крывасмокаў, а разам з імі і халуёў іх — касоўскіх. Шамякін. // Звольніць з пасады. — Калі верыць розным чуткам, то цябе, Мікалай, даўно трэба было турнуць з твае работы і аддаць пад суд за розныя вымаганні і пагрозы, — спакойна адказаў дзед Піліп. Ваданосаў. [Ганна:] [Старшыня] спачатку разгубіўся, а пасля так турнуў мяне з брыгадзірства, што і сёння апамятацца не магу. Губарэвіч.

2. Піхнуць, штурхнуць каго‑н. Тады, нават не заўважыў я, хто, — вырвалі ў мяне туза з рук, зграблі мяне ў ахапак ды як турнулі з гарышча па драбіне далоў, ледзьве я галаву не скруціў. Дубоўка. Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся. Чарот. / у перан. ужыв. Патрашчыць ён [агонь] там, патрашчыць, набіраючыся сілы ды ад злосці пыхкаючы дымам, а тады як турне гэты дым у неба і сам за ім. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)