гарачыня́, ‑і, ж.

1. Высокая тэмпература паветра, нагрэтага сонцам, печчу і інш. З поля.. шугалі хвалі гарачага паветра. Сцяпан ажно захлынуўся ад гарачыні. Шамякін. Ад печы дыхала гарачынёй. Алешка. // Гарачы летні час; спёка. Над палеткамі вісіць жнівеньская гарачыня. Васілевіч.

2. Цеплыня, якая выклікаецца ў целе прылівам крыві ў час моцнага душэўнага ўзрушэння. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.

3. перан. Парыў, запал. Гарачыня пачуццяў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́за, ‑ы, ж.

Порцыя лякарства, прызначаная на адзін прыём. Сцяпан хутка ўліў у знясіленае цела дзіцяці дозу камф[о]ры. Шамякін. // Колькасць рэчыва, якое ўносіцца ў што‑н., уваходзіць у састаў якой‑н. сумесі. Палікарпаўна.. настойліва параіла звяну зменшыць дозу азоту. Кулакоўскі. // перан. Некаторая колькасць чаго‑н. Сама справа была з вялікай дозай прыгодніцтва. Чорны. Гаўляйтэр не разумее.. сэнсу гэтых слоў, прасякнутых добрай дозай іроніі і нават яўнай знявагі. Лынькоў.

[Грэч. dosis.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўця́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Такі, што цяжка зразумець, усвядоміць; незразумелы. Няўцямныя думкі прыгняталі Андрыяна. Марціновіч. Базыль нешта няўцямнае мармытнуў і заспяшаўся даганяць Піліпа. Сачанка. // Які выклікае недаўменне; загадкавы. Здарылася нешта няўцямнае. Адбыўся неверагодны выпадак, верыць якому не хацелася. Лупсякоў.

2. Які выяўляе неразуменне чаго‑н. або адсутнасць думак аб чым‑н. На гэты раз Сцяпан даўжэй глядзеў няўцямнымі вачыма на прысутных. Пальчэўскі. Надзя расплюшчыла вочы, няўцямным поглядам абвяла клець. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

залічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., каго-што.

1. Уключыць у склад каго‑, чаго‑н., у якую‑н. катэгорыю. Залічыць студэнтам. Залічыць на работу. □ — Можаш, Сцяпан Захаравіч, залічыць мяне ў брыгаду па зборцы машын, — сказаў Амяллян. Хадкевіч. // Адвесці да ліку пэўных асоб, прадметаў, з’яў. Залічыць у адстаючыя. Залічыць раман да лепшых твораў.

2. Прылічыць каму‑н., занесці на чый‑н. рахунак. Залічыць працадзень.

3. Палічыць засвоеным, выкананым, паставіўшы залік (у 1 знач.). Залічыць курсавую работу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памаўзлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Шкадлівы. Да чаго ж была памаўзлівая [кошка]! Як ні хавай мясное ці малочнае, — адведае. Пальчэўскі. — Ну і памаўзлівая карова, каб на яе ліха. — Сцяпан загнаў Рэпку ў статак, але ўжо праз хвіліну яна зноў ішла па пашы, падняўшы рогі. Асіпенка.

2. Ласы, прагны да чаго‑н. смачнага, прыгожага. Памаўзлівы на пачастункі. □ [Іна:] — Ты спадабаўся ёй... Толькі глядзі-і... — яна падышла і ўдарыла яго пальцам па носе. — Не будзь памаўзлівы! Ваданосаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шкі́пер, ‑а, м.

1. Уст. Капітан камерцыйнага судна. Ён бы стаў шкіперам кабатажнага буксіра. Рыкарда з маладых год марыў вывучыцца на шкіпера. Беразняк.

2. Капітан несамаходнага рачнога карабля. Сцяпан, муж, шкіперам хадзіў на баржы. Ракітны.

3. Асоба, адказная за маёмасць, якая знаходзіцца на палубе марскога карабля. Дзядзька Зыгмусь прапанаваў перабрацца да яго. Я адразу згадзіўся і, ядаўшы каюту шкіперу, пайшоў пад канец дня з маім выпадковым знаёмым уніз па рацэ. В. Вольскі.

[Гал. schipper.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гібе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Мучыцца, пакутаваць ад нястачы, голаду, цяжкай працы і пад. Пралетарыят павёў за сабой мільённыя масы сялянства, якое гібела ў галечы і цемры. «ЛіМ». — Кім бы я быў, — падумаў сам сабе Зорын, — каб не савецкая ўлада? Гібеў бы, пэўна, недзе ў кулака ці ў памешчыка за кавалак хлеба парабкам. Гурскі. // Весці пустое, бязмэтнае жыццё; марнець. Сцяпан рэдка сустракаецца з людзьмі, гібее ў сценах сваёй хаты, нібы той пацук у нары. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́гнасць, ‑і, ж.

1. Імкненне задаволіць свае празмерныя жаданні, патрэбы. Сцяпан Самасейка навучыў мяне ненавідзець багацце, уладную сілу грошай, раскошу, асабісты дабрабыт і чалавечую прагнасць. Асіпенка. [Грышук:] — Паўнюткая торба [рыбы]! Дык не, яшчэ давай... Да чаго даводзіць прагнасць чалавечая! Ракітны. // Выяўленне жадання задаволіць якія‑н. патрэбы. Патржанецкі ўхапіўся за ежу з такой прагнасцю, нібы тыдзень нічога не еў. Чарнышэвіч.

2. Скупасць, жадлівасць. [Гаспадыня] ад прагнасці, што страціць дарэмныя рукі, аж задыхалася, твар у яе быў пабіты на плямы. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

працэду́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да працэдуры (у 1 знач.); звязаны з афіцыйнай працэдурай чаго‑н. Працэдурныя пытанні. Працэдурныя правілы. Працэдурная камісія.

2. Які мае адносіны да працэдуры (у 2 знач.); прызначаны для выканання працэдур. Працэдурны кабінет. Працэдурная сястра. // у знач. наз. працэду́рная, ‑ай, ж. Кабінет, у якім робяцца працэдуры (у 2 знач.). У той вечар яны доўга раіліся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевіч, Раіса Сяргееўна, Вася Адзінец і яшчэ тры ці чатыры незнаёмыя мужчыны. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спецыя́льнасць, ‑і, ж.

1. Асобная галіна навукі, тэхнікі, мастацтва; сфера чыёй‑н. дзейнасці або вывучэння чаго‑н. [Гарлахвацкі:] І спецыяльнасць такую ўдружылі, з якой нікуды не паткнешся — палеанталогія. Крапіва. // Прафесія, асноўная кваліфікацыя. Механік па спецыяльнасці, Гнядкоў хутка пазнаў сакрэт мін і снарадаў і стаў камандзірам групы падрыўнікоў. Шамякін. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў. / у іран. ужыв. [Гаспадыня:] — Ён [Бычкавіцкі] мае спецыяльнасць выслужвацца ў начальства. Бядуля.

2. Уласцівасць спецыяльнага (у 2 знач.). Спецыяльнасць тэрміна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)