Спіжа́рня ‘кладоўка, камора’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Нас., Булг., Касп., Сл. ПЗБ, ЛА, 4), ‘варыўня’ (Гіл.), ст.-бел. спижарня ‘кладоўка, памяшканне для захавання харчовых прадуктаў’. З польск. spiżarnia ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 163; Кюнэ, Poln., 99), якое ад ст.-польск. spiża ‘прадукты, харчаванне’, запазычанага з ст.-в.-ням. spîse ‘яда, харчаванне, правіянт; хатняя гаспадарка’, сучаснае ням. Speise ‘ада, харчаванне’, што ўзыходзіць да с.-лац. spesa < spensa < лац. expēnsa (pekunia) ‘выдатак, кошт’; гл. Борысь, 568.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адмо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адмаўляе што‑н. Адмоўны адказ. Адмоўны займеннік. □ [Гэля] раптам вырвала руку і зрабіла ёю адмоўны мах. Гартны. // Які паказвае на адсутнасць чаго‑н.; процілеглы чаканаму. Адмоўны вынік.

2. Дрэнны сваімі якасцямі, уласцівасцямі; варты асуджэння, ганьбы. Адмоўны персанаж. □ [Сцёпка:] «Пішы ў газету.., асвятляй сучаснае жыццё вёскі, змагайся з яе адмоўнымі бакамі». Колас. // Неадабральны, асуджальны. Адмоўны водгук. Выхоўваць у дзяцей адмоўныя адносіны да рэлігіі.

3. Пабудаваны, заснаваны на паняццях, якія што‑н. адмаўляюць. Адмоўнае суджэнне. Адмоўны метад доказу.

4. Меншы за нуль. Адмоўны лік.

5. Спец. Суадносны з тым відам электрычнасць матэрыяльныя часціцы якога называюцца электронамі. Адмоўны электрычны зарад.

6. у знач. наз. адмо́ўнае, ‑ага. Тое, што характарызуецца адмоўнымі якасцямі; процілеглае дадатнаму. Мікола недалюбліваў чамусьці Паўлюкоўскага і заўсёды знаходзіў у яго паводзінах і нават у вершах адмоўнае. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяго́ння і сёння, прысл.

1. У гэты дзень. [Крушынскі] сягоння яшчэ нічога не еў. Бядуля. Імяніннік аграном сягоння. Споўнілася трыццаць год яму. Смагаровіч. Некалькі дзён быў дождж, а сёння свеціць сонца. Брыль. // У сучасны момант, цяпер. Ні лапікаў, ні межаў... і сягоння я даў бы назву новую Смаргоні. А. Вольскі. Не пазнаць зямлі сягоння! Колас. Некалі правінцыяльна-мяшчанскі гарадок [Мінск], сёння адзін з прыгажэйшых гарадоў нашага вялікага Савецкага Саюза. Хведаровіч.

2. у знач. наз. сяго́ння і сёння, нескл., н. Цяперашні дзень. Білеты на сёння прададзены. □ Да сягоння жыве памяць Аб злым гэтым дусе На ўсёй чыста Украіне І на Беларусі. Купала. // Тое, што існуе, маецца цяпер; сучаснае. Наша сягоння. □ Узнімаліся тосты за гаспадароў, .. за наша шчаслівае сёння і светлае заўтра. Корбан.

•••

Не сягоння, дык заўтра; не сягоння — заўтра — вельмі хутка, у бліжэйшы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паходня1 ’пераносная свяцільня’ (ТСБМ). Відаць, запазычана з польск. pochodnia ’тс’, якое са ст.-чэш. pochodně (сучаснае pochodeň); апошняе ўзыходзіць да прыметніка pochodní ’паходны’ (< ’паходны сродак асвятлення’) (Брукнер, 423; Махэк₂, 468). Да паход1 < ход (гл.). Гл. таксама пахадня́.

Пахо́дня2 ’палавік, дарожка’ (Касп.). Утворана ад паход ’дарога, сцежка’. Аб суфіксе ‑ня гл. Сцяцко, Афікс. наз., 165. Блізкія значэнні таксама ва ўкр. похідня́ ’перакідны масток’, у рус. кастрам. похо́дни ’трап з лодкі на бераг’, цвяр. похо́дня ’масток для пешых’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асфа́льт. У сучасным значэнні, відаць, праз рускую (Крукоўскі, Уплыў, 83) ці польскую мову (у пачатку XX ст.) з нямецкай (дзе з французскай) або з французскай, дзе праз лацінскую з грэчаскай (Фасмер, 1, 194–195; Шанскі, 1, А, 167–168). Але ў перакладзе Флавія сустракаем ст.-рус. асфальтъ (XII ст.). Традыцыя ўжывання слова ў рускай мове, відаць, не перарывалася, таму, магчыма, што дакладней лічыць сучаснае рускае працягам гэтага слова па паходжанню з грэч. ἄσφαλτος. Але ў беларускай мове традыцыя ўжывання слова, відаць, была перапынена.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сфе́ра ’шар ці яго паверхня знутры’, ’прастора дзеяння; межы распаўсюджвання’ (ТСБМ), сфэ́ра ’абшар, на які сягаюць сілы, уплывы нябеснага цела; круг уплыву’ (Ласт.), ’абсяг’ (Некр. і Байк.). Ст.-бел. спе́ра (сфе́ра) ’сфера, арбіта планет’, XV ст. < ст.-польск. sfera, spera < лац. sphaera ад грэч. σφατρα ’шар, мяч, ядро’ (Булыка, Лекс. запазыч., 139). Сучаснае слова можа быць паўторным запазычаннем з рус. сфе́ра, дзе з XVII ст. праз польск. sfera або ням. Sphaere, якія, далей, да той жа крыніцы; гл. Фасмер, 3, 815.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лар ’высокая і вузкая драўляная скрыня з векам для захоўвання мукі або збожжа’ (Сіг.; малар., З нар. сл.; беласт. Сл. паўн.-зах.), рус. ларь ’скрыня’, ’куфар’, ’клетка’ (XI ст.), паўн.-рус. ’тс’, наўг. ’труна’, ’зруб для засолкі рыбы’. Запазычана са ст.-нарв. lārr ’шуфлядка’ ці са ст.-швед. lárr ’скрыня, куфар’, параўн. швед. lår ’тс’ (Міклашыч, 160; Бернекер, 1, 691; Фасмер, 2, 460). Сюды ж бел. лар ’прыстасаванне для палявання на мядзведзя’ (Інстр. 2), параўн. рус. іркуцк. ’засека з бярвення ў лесе’. Сучаснае ларок ’гандлёвая палатка’ — з рус. ларек.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плаўні́к1 ’орган руху ў рыб і водных жывёл’ (ТСБМ). З рус. плавни́к ’тс’, якое ўзнікла нядаўна як навуковы тэрмін, яшчэ ў “Поўным руска-польскім слоўніку” (Варшава, 1894 г.) польск. pletwy (сучаснае płetwa) адпавядае рус. пла́вательные перья, як і ў Даля (3, 118).

Плаўні́к2 ’вуда’ (Жд. 3). Няясна. Малаімаверна, каб слова ўтварылася з польск. pławnik ’паплавок у вуды’ — наватвор з 1908 г. (Банькоўскі, 2, 621), у выніку пераносу значэння з часткі на цэлае.

Плаўні́к3 ’рыбацкі човен’ (Бяльк.). Утворана пры дапамозе суф. ‑(н)ік ад польск. pławny ’прыдатны да плавання’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Райду́н ’той, хто гаворыць інакш, з суседняй вёскі’, райдуны́ ’назва жыхароў суседняй вёскі, якія гавораць інакш’ (Сл. ПЗБ), райду́нка ’жанчына з іншай вёскі з іншай гаворкай’ (мсцісл., пух., Нар. сл.). Параўн. польск. жарг. rajdak, rajder, rajdyn, rajdowiec ’валацуга’. Магчыма, сувязь з ням. Rede ’маўленне, размова’, reden ’гаварыць, размаўляць’ (гл. райдоліць) і адсюль развіццё семантыкі ад ’гаварыць’, ’гаварыць інакш’ > ’той, хто інакш размаўляе’ > ’прыхадзень, іншы, немясцовы’ > ’вандроўнік, валацуга’. Менш верагодна першаснае ’чужак, прыхадзень’, што ў беларускую мову магло трапіць праз сучаснае польск. rajd ’паход’ і звязана з англ. raid ’набег, налёт, напад’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрык1 ‘прыстасаванне ў возе для прыпрэжкі другога каня’ (ТС), ‘дрот або вяроўка, што праходзіць пад возам з задка ў перадок да ручак’ (Маслен.). Праз старое польск. stryk ‘матуз’, сучаснае stryczek ‘тс’, з ням. Strick ‘вяроўка’, звязанага з stricken ‘завязваць, плясці’ (Брукнер, 522; ЕСУМ, 5, 444).

Стрык2 ‘ціпун’ (Арх. Федар.): stryk tobie na jazyk! (жартам, Федар. 4). Магчыма, ад стрык ‘пстрычка’ (Нас.), што да стрыкаць (гл.).

Стрык3 ‘сажань, прылада мераць зямлю’ (Мат. Гом.). Няясна. Магчыма, да стры́каць (гл.), тут у значэнні ‘скакаць, перакідацца’, што адлюстроўвае працэс вымярэння пры дапамозе такой прылады.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)