малады́, -а́я, -о́е.

1. Юны, які не дасягнуў сталага ўзросту.

Маладое пакаленне.

2. Уласцівы маладому ўзросту, маладым людзям.

М. задор.

Маладая душа.

3. Які нядаўна пачаў расці, існаваць, нядаўна ўтварыўся.

Маладое дрэўца.

4. Які нядаўна вырас, свежы.

Маладая бульба.

5. Нядаўна прыгатаваны (аб напітках, прадуктах).

Маладое піва.

6. у знач. наз. малады́, -о́га, м., малада́я, -о́й, ж., мн. малады́я, -ы́х. Жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля.

Віншаваць маладых.

|| памянш.-ласк. маладзе́нькі, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

га́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак. і аднакр.

Разм.

1. Ударыць з вялікай сілай. Молат жылістай рукой Возьме [каваль] ды як гакне. Бялевіч.

2. Ужываецца замест некаторых дзеясловаў для абазначэння дзеяння, якое адбываецца з асаблівай сілай, запалам, азартам (з захаваннем кіравання гэтых дзеясловаў). Выйшаўшы ад Хурса, не чуючы пад сабою ног, Фартушнік кінуўся ў піцейны дом і гакнуў паўтузіна піва. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дро́жджы, дражджэй; адз. няма.

Род аднаклетачных мікраскапічных грыбоў, якія выклікаюць браджэнне, а таксама рэчыва з такіх грыбоў, якое прымяняецца ў хлебапячэнні, прыгатаванні піва і пад. Піўныя дрожджы. Цеста на дражджах.

•••

Кармавыя дрожджы — каштоўны бялковы корм для сельскагаспадарчай жывёлы, які атрымліваецца вырошчваннем дражджэй на адходах харчовай прамысловасці і іншых прадуктах.

Як на дражджах — вельмі хутка (расці, паднімацца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звары́ць, звару, зварыш, зварыць; зак., што.

1. Прыгатаваць або атрымаць пры дапамозе варкі. Зварыць варэнне. Зварыць суп. Зварыць абед. // Вырабіць, выплавіць (метал). Зварыць сталь.

2. Зрабіць зварку чаго‑н.; злучыць шляхам зваркі. Зварыць рэйкі.

•••

Галава зварыла гл. галава.

Кашы (піва) не зварыш з кім — не дагаворышся з кім‑н.

Як варам зварыла — пра раптоўнае адчуванне млосці, знямогі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

папаўне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць поўным; патаўсцець. Шчочкі папаўнелі. □ Ніна ў адзін момант акінула Веру позіркам і з прыемнасцю заўважыла, што тая папаўнела. Сіўцоў. — Люблю піва, — нібыта апраўдваючыся, сказала Лілія Віктараўна і наліла сабе ў фужэр. — Кажуць, ад яго паўнеюць. Вось і я хачу трошкі папаўнець. Васілёнак.

2. Стаць паўнейшым, павялічыцца ад дабаўлення чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрашы́ць, ‑трашу, ‑трошыш, ‑трошыць; незак., каго-што.

1. Вымаць вантробы. Патрашыць курыцу. □ [Дзядзька:] — Будзеш патрашыць рыбу і класці ў крапіву... Місько. [Матросы-рыбакі] рыхтавалі на зіму дробную камбалу пад піва: патрашылі, трохі салілі і развешвалі вяліцца на снасцях. Караткевіч.

2. перан. Разм. Даставаць, выцягваць усё тое, што знаходзіцца ў чым‑н. Тры немцы патрашылі ранцы і рэчавыя мяшкі палонных. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

по́йла, ‑а, н.

Піццё для жывёлы, звычайна з мукой, вотруб’ем і пад. Андрэй прынёс з хаты цёплае пойла, забеленае мукой. Чарнышэвіч. // Разм. Пра напітак, непрыемны на смак. [Хальс:] Што ж, калі няма віна, прыдзецца паспрабаваць гэтае пойла. Мележ. [Кушнер:] — Ехалі назад, — заехалі ў чайную ў Вярбовічах. І, канешне, выпілі. Ды што пілі! Піва і нейкае пладовае віно .. Пойла. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пітво́ ’(хмельны) напітак; тое, што п’юць’ (Касп.; Бяльк.; шуміл., Сл. ПЗБ). Утворана ад дзеепрыметніка пі́т‑ы < піць (гл.), як шыт‑во ад шы́т‑ы; у піцьво ’напітак’, мьцьво ’бялізна’ адваротнае чаргаванне цʼ/т (Сцяцко, Афікс. наз., 34) другаснае. Суфікс ‑в‑о, як у ст.-рус. питвопіва, брага і іншыя хмельныя напіткі’, ці прасл. *pi‑v‑o ’тое, што п’юць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вар ’кіпецень, вар’ (БРС, КЭС, Гарэц., Мядзв., Яруш.). Рус. вар, ст.-рус. варъ, укр. вар, польск. war ’тс’, чэш. var ’кіпенне’, славац. var ’тс’, в.-луж. war ’кіпецень’, балг. варя́ ’варыць, кіпяціць’, серб.-харв. ва̑р ’кіпенне’, славен. vȃr ’тс’, ц.-слав. варъ (у розных значэннях). Да прасл. *varъ, *variti, даўшых шмат семантычных вытворных; параўн. садовы вар ’рэчыва для замазвання паламаных дрэў’ (КТС), вар ’варыва, суп, вараная страва’ (Сцяшк. МГ; Інстр. I); ’падкормка для маладых пчол’ (Сцяшк. МГ); ’колькасць мёду, піва, гарэлкі, атрыманая ад аднаго разу’ (Федар., 7); ’гарачыня, парнасць’ (КТС, Гарэц.), ст.-бел. варъ ’адзінка вымярэння піва’ (Скурат, Меры, 97), вара ’згатаваная страва’ (Сцяшк. МГ, Сцяц., Клім., КЭС). Паралелі да вар: літ. vìrti ’кіпець’, гоц. warmjan ’грэць’, ст.-в.-ням. warm ’цёплы’, арм. varim ’запальваю’. І.‑е. *u̯er‑ ’гарэць’ (Фасмер, 1, 273; Праабражэнскі, 1, 66–67; Покарны, 1166; Шанскі, 1, В, 21; Рудніцкі, 1, 311–312; Брукнер, 633; БЕР, 1, 122).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́трубіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., што.

1. Разм. Сыграць на трубе якую‑н. мелодыю.

2. Абл. Выпіць шмат чаго‑н. Душою гэтай кампаніі быў Букраба. Здаравенны, увесь з сухажылля, азартны і ў рабоце і ў адпачынку, ён працаваў «акорднікам», на звышурочных пагрузках ды выгрузках, больш за ўсіх зарабляў, найчасцей выйграваў у ачко, мог вытрубіць зараз шэсць, сем і восем кухляў піва. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)