Су́пша ’сумесь збожжа, мукі’ (Мат. Гом.). Архаізм, утвораны пры дапамозе прэфікса су- і элемента ‑пша, што атаясамліваецца з пачаткам слова пшаніца, параўн. падобныя ўтварэнні суржык (< рож ’жыта’), су́ярак, гл. (< яр ’яравое збожжа’). Выводзіцца з *pьx‑ja ад *pьxati ’таўчы’, прадстаўленага ў непша ’прымесь у просе’ (гл.), польск. samopsza ’гатунак пшаніцы’ (< *samo‑pьx‑ja, гл. Слупскі, Зб. Слаўскаму, 350).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

засмя́глы і засма́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Сухі, высахшы ад недахопу вільгаці. Хутчэй жадаючы напіцца, пад ветрам падала па дол даўно засмяглая пшаніца. Вялюгін. І засмаглая глеба Ачуняла ад спёкі, Свежым сокам набухла. Чарнушэвіч.

2. Засохлы, перасохлы (пра губы, рот). Прыпадымаю [Нініну] галоўку і ўліваю ў засмяглы рот лыжачку цёплага чаю. Брыль. [Байцы] дзялілі матчын хлеб счарсцвелы, Пілі, абцёршы на хаду З засмаглых вуснаў пыл. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перарадзі́цца, ‑раджуся, ‑родзішся, ‑родзіцца; зак.

1. Рэзка змяніцца, стаць зусім іншым. Быццам ніхто пра яго, даваеннага, паганага слова сказаць не мог, а прыйшлі немцы — перарадзіўся чалавек. Быкаў. Можна дапусціць, што на вайне чалавек перарадзіўся, стаў лепшым, але з апавядання гэтага не відаць. «ЛіМ».

2. Страціць свае папярэднія каштоўныя якасці, уласцівасці; вырадзіцца. Пшаніца перарадзілася. □ [Папас Ігнатавіч:] — Здавалася б, ненатуральна, свойская яблыня не можа перарадзіцца, а вось жа перарадзілася. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ячме́нь 1, ‑ю, м.

1. Адна- і шматгадовая травяністая расліна сямейства злакавых, зерне якой ідзе на прыгатаванне круп, мукі, соладу, на корм жывёле і пад. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ.

2. Зерне гэтай расліны. Млын меле, млын меле Ячмень гэты зорны, Аж ходарам ходзяць Грымучыя жорны. Танк.

ячме́нь 2, ‑ю, м.

Вострае гнойнае запаленне тлушчавых залоз павек. Ячмень на воку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сыры́ца ’сырамяць; свежая, саматужна вырабленая скура’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Пятк. 1, Шат., Маш., Жд. 2; Мат. Гом., ТС, ЛА, 4), ’неабпаленая цэгла’ (Сл. ПЗБ), ’сырая зямля’ (Кліх, Федар. 4), ’сырая пшаніца’ (Кліх, Федар. 6), сюды ж з іншай суфіксацыяй сырэ́ц ’нявырабленая скура, сырамяць’ (Арх. Вяр., Сцяшк., Варл., Гарэц., ТС, ЛА, 4, Сл. ПЗБ), ’неабпаленая цэгла’ (Касп., Сл. ПЗБ, Гарэц.), сыроўка ’тс’ (Сл. ПЗБ, ТС). Вытворныя ад сыры (гл.) з суф. ‑ыц‑а; паводле Сцяцко (Афікс. наз., 110), у сучаснай мове рэдкае ўтварэнне пры больш прадуктыўных тыпах на ‑эц і ‑оўк‑а (там жа, 102, 170).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

некрану́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога не краналі, да якога не дакраналіся. Некрануты абед. □ У маім некранутым куфлі апала пена, і піва зрабілася светлае, празрыстае. Васілёнак. Жыта зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. // Цэлы, не разбураны. У Магілёў калона прыехала па світанні. Горад быў цэлы, нават мост цераз Дняпро некрануты. Сабаленка.

2. Які не падпадаў пад уздзеянне чалавека; першабытны. Перада мной стаяў некрануты дрымучы лес. Чарнышэвіч. Тут [на будаўніцтве] — гарманічнае спалучэнне некрапутай прыроды і самай дасканалай тэхнікі. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Жэ́рліца ’рыбалоўная снасць’. Рус. літ. жерли́ца, дыял. же́рлица, же́рли́ка ’тс’, укр. жерлига ’вялікая вуда’ (Грынч.). Фасмер (2, 49) і Шанскі (Д, Е, Ж, 284) развіваюць дапушчэнне Праабражэнскага (1, 229) аб паходжанні ад жерло са знач. ’горла’ (таго ж кораня) або ’вуда для лоўлі з жыўцом’ ад жэрці з суф. ‑ла (< *‑dlo), улічваючы жор ’час, калі добра бярэцца рыба’. Аднак і пры гэтых тлумачэннях не зусім ясная варыянтная суфіксацыя, а семантыка патрабуе далейшых удакладненняў і пацвярджэнняў. Трэба ўлічыць, што часцей назвы прадметаў на ‑іца ад прыметнікаў (параўн. пале́гліца ’палеглая пшаніца’, кру́гліца ’круглая ніва’, гл. Сцяц., Афікс. наз., 110–111).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ка́к-то нареч.

1. (неопределённым образом, однажды) не́як, нейк;

ка́к-то непоня́тно не́як (нейк) незразуме́ла;

ка́к-то я ви́дел его́ не́як я ба́чыў яго́;

2. (при перечислении) як, як напры́клад;

зерновы́е культу́ры, ка́к-то — пшени́ца, рожь, овёс зе́рневыя культу́ры, як — пшані́ца, жы́та, авёс.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

перамяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Злучыцца, змяшацца з чым‑н. другім. Пшаніца перамяшалася з жытам. □ Дымы розных гатункаў тытун[ё]ў і папярос перавіліся, перамяшаліся і цэлым воблакам звісалі пад нізкаю столлю сялянскай хаты. Колас. / Пра гукі. Усе начныя гукі перамяшаліся і паплылі разам з ветрам. Лупсякоў. // Размясціцца ўперамешку з кім‑, чым‑н. Як вокам глянуць, мора шапак, хустак, перамяшалася, застыла ў цішыні... Пестрак. Рускія, немцы, французы .. перамяшаліся, абдымаючы адзін другога ў танцы. Скрыпка.

2. Змешваючыся, перамясціцца з аднаго месца на другое, памяняцца месцамі. // перан. Стаць невыразным, хаатычным; пераблытацца (пра думкі, уражанні і пад.). У галаве ўсё перамяшалася.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

серп, сярпа, м.

1. Сельскагаспадарчая ручная прылада ў выглядзе вельмі выгнутага дробна назубленага нажа для зрэзвання злакаў з кораня. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. Шасцяць у калоссі сярпы. Купала.

2. Пра тое, што мае форму такога прадмета. З горна ўзяў ён [каваль] прут барвовы І пачаў каваць падкову. Прывялі каня: конь Гнедзіч Серп падковы страціў недзе. Калачынскі. Ідзе ў адпачынак з дарог Серп месяца, вузкі, двурогі. Колас. Вісіць серп залаты над спалоханым борам. Бядуля.

•••

Серп і молат — дзяржаўная эмблема СССР, якая сімвалізуе ўладу працоўных, саюз рабочага класа і сялянства, мірную працу народа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)