Трапа́ць1 (трыпа́ць, трэпа́ць) ’ачышчаць валакно ад кастрыцы пасля апрацоўкі на церніцы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Юрч., Ян., Сл. ПЗБ, ПСл, ТС), ’біць кісцю рукі’ (Нас., Байк. і Некр.), ’тузаць, гайдаць (пра вецер)’ (ТСБМ), ’ісці вялікую адлегласць’ (ТСБМ, Сцяц.), ’хутка ісці’ (Шат., Сцяшк., Адм.; зэльв., Нар. словатв.), ’хутка ўцякаць (ад пчол)’ (Ян.), ’ісці (пра дождж)’ (Ян.), ’танцаваць, скакаць’, ’імчаць, несці, б’ючы капытамі ў перадок’ (Юрч.), трапаць ногі ’хадзіць пехатой у далёкую краіну’ (Юрч. Фраз.), тръпаць ’марудна ісці, ледзь рухацца’ (мёрск., Нар. лекс.), трэпа́ты ’ачышчаць валакно’ (Сл. Брэс.), Укр. тре́паты ’трэсці’, ’ісці’, ’прагна есці’, трі́пати ’трэсці, вытрэсваць’, ’трапятацца на ветры’, ’матляцца’, ’дрыжэць’, ’ляскаць, лопаць (крыламі, хвастом)’, ’трэсці галавой, адмаўляючы што-небудзь’, ’бегчы’, рус. трепа́тьперабіраць, тузаць, тармасіць, торгаць, мяць, скубсці, ірваць, драць, бузаваць’, польск. trzepać ’штурхаць, біць, лупіць, махаць, трэсці чым-небудзь з размаху’, ’выбіваць пыл з адзежы, дываноў’, ’трэсці’, ’трапаць лён’, ’выганяць мёд з сотаў’, ст.-польск. trzepać konie ’чысціць коней’, каш. třepać ’брудзіць’, ’біць’, ’карыстацца анучкай’, н.-луж. tśepaś, tśapaś ’выбіваць’, ’грукаць’, ’махаць’, ’пастукваць’, ’сцябаць каго-небудзь’, в.-луж. třepać ’махаць’, чэш. třepat ’узмахваць крыламі’, ’ляпаць, ляскаць’, ’узбоўтваць’, ’трэсці будзячы’, мар. ’трапаць лён, каноплі’, славац. trepať ’махаць, размахваць’, ’стукаць’, ’трапаць лён’, ’біць, разбіваць (талеркі)’, славен. trepáti ’міргаць вачыма’, ’трапаць’, ’біць’, ’вытрэсваць, чысціць махаючы’, ’грукаць’, ’гнаць’, ’круціць’, ’пацепваць па плячы’, ’апладзіраваць’, ст.-славен. ’злёгку ўдараць’, харв. trȇpiti ’дрыжаць’, ’трапятацца, матляцца’, ’баяцца’, trȅnuti (< trepnuti), trȅpnut ’недасыпаць’, ’заплюшчваць вочы’, na‑trepati ’страсаць, скідаць’, ’уздрыгнуцца’, старое trepati ’біць’, балг. трѐпкам ’уздрыгваць’, ’міргатаць’, трѐпам ’забіваць’, трепвам ’дрыжэць’. Прасл. *trepati ’хутка ўдараць, біць’, ’рваць, раздзіраць’, ’пырхаць’, ’лётаць’, ’трэсці’, якое генетычна звязана з прасл. *trepetъ ’трапятанне, дрыжанне’, *tropa ’дарога’ (ЕСУМ, 5, 644) і роднаснае літ. trepsė́ti, trepénti ’тупаць нагамі’, trepinė́ti, trepsénti ’патупваць, таптацца, таўчыся’, ст.-прус. ert‑reppa ’пераступаць’, trapt ’ступаць’, гоц. þrabōn ’бегчы рыссю’, лац. trepidus ’неспакойны, які часта перабірае нагамі’, trepidāre ’тупаць нагамі’, ’бегаць туды-сюды’, ’кідацца’, ст.-грэч. τρέπω ’паварочваю, адхіляю, зменьваю’, τραπέω ’нагамі выціскаю віно з вінаграду’, алб. shtyp ’лаўлю, сціскаю’, ст.-інд. tṛprá‑, tṛpala‑ ’нясталы, рухомы’, афг. drabəl ’трэсці, сыпаць, націскаць’ (Фасмер, 4, 98–99; Сной₂, 781; Чарных, 2, 261; Брукнер, 581; Махэк, 657; Скок, 3, 496–497), якія ўзводзяцца да і.-е. *trep‑ ’таптацца, дробненька тупацець’ — гукаперайманне (Борысь, 649). Анаматапеічнае значэнне больш уласціва славянскім мовам, у той час як балтыйскім і іншым індаеўрапейскім мовам характэрна значэнне ’работа ног’ (Скок, 3, 496–497). Сюды ж трапа́ць ’вастрыць касу мянташкай’ (Ян.), трапа́ць ’знясільваць (ад хваробы)’ (Юрч. Вытв.), трапа́цца (перан.) ’цяжка працаваць, трацячы сілы’ (Юрч. СНС), трэпону́ті ’ўдарыць’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое Мацкевіч (там жа, 141) выводзіць з польск. trzepnąć ’тс’, што не абавязкова, бо гэта рэгулярнае ўтварэнне з прасл. суф. *‑nǫ, параўн. трэпну́ць ’стукнуць’ (ТС), трапну́ць ’тс’ (Шат.), трапану́ць ’ударыць’ (Нас.; шальч., Сл. ПЗБ); трапа́лка ’дошчачка, якой трэплюць валакно лёну’ (ігн., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Касп.), трапа́ло, трэ́пало ’тс’ (Чэрн.; пруж., Сл. ПЗБ), трэпло́ ’тс’ (Пятк. 1), трапа́чка ’тс’ (Сцяц., АБ, 9; шчуч., З нар. сл.; Скарбы, Сл. ПЗБ), трапы́шка ’тс’ (Бяльк., Юрч.; чач., ЛА, 5; Мат. Гом.; бялын., Янк. 3.), трапа́шка, трапу́шка ’тс’ (Сцяшк., Сцяц.; баран., Сл. ПЗБ; лях., Янк. Мат.; Жд. 3; Абабур.; Мат. Гом.), трэпа́лка, трэпа́шка ’тс’ (ПСл, ТС), тропа́чка ’тс’ (ТС), трыпа́чка, трэпа́шка ’тс’ (Сл. ПЗБ), трыпа́шка ’тс’ (в.-дзв., віл., воран., Шатал.; лях., Янк. Мат.; Бір. Дзярж.), трапёшка ’тс’ (талач., Шатал.), трэпа́чка, трэ́пач ’падстаўка (калодка з прымацаванай да яе вертыкальнай дошкай), на якой адбываецца трапанне’ (Уладз.; івац., Нар. сл.), трэпа́чка ’тс’ (драг., Выг.; Бес., Дразд.; бяроз., Шатал.), тряпы́шка ’тс’ (Юрч.; чэрык., ЛА, 5; Мат. Маг. 2), трапло ’тс’ (Дразд., Сцяшк.), стряпы́шка ’тс’ (касцюк., ЛА, 4), трэпа́чка (пін., ЛА, 5), трапаві́ла ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.). Сюды ж трапа́льніца ’жанчына, якая трэпле лён’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; брэсц., гродз., мін., маг., віц., добр., ЛА, 3), трапа́нніца (Сцяц., ЛА, 3, Мат. Гом.), трапа́льшчыца ’тс’ (шальч., калінк., Сл. ПЗБ; аг.-бел. (без зах.-палес.), ЛА, 3), тріпа́ньніца ’тс’ (Юрч.), трэпа́льніца ’тс’ (Выг.), трэпа́лъныца ’тс’ (Сл. Брэс.), трэпа́лныця, трыпа́льныця ’тс’ (жабін., кам., ЛА, 2), тропа́льніца, трапа́тальніца ’тс’ (кобр., навагр., ЛА, 3), трапа́лка ’тс’ (рагач., чаш., ЛА, 3), трапа́чка ’тс’ (віц., гродз., мін., мазыр., бялын., ЛА, 3), трапло́ ’тс’ (шарк., чавус., ЛА, 3), трапа́льня ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 3), трапля́ ’тс’ (навагр., ЛА, 3), трапа́ха ’тс’ (валож., ЛА, 3), трэпа́ло ’тс’ (пруж., Сл. ПЗБ), тряпе́ц ’трапальшчык ільну’ (беш., шуміл., ЛА, 3; шуміл., Сл. ПЗБ; беш., Нар. сл.), тріпа́ньнік ’тс’ (Юрч.), трэпа́ч ’тс’ (Нас.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), трэпа́льніца ’драўляная падстаўка для трапання лёну’ (пін., Шатал.), трэ́пало ’тс’ (пін., ЛА, 5), трапа́шка ’тс’ (стаўб., чырв., З нар. сл.; навагр., Жыв. сл.); трапа́чка ’церніца’ (шчуч., ЛА, 4), трапа́лка, трапальня ’тс’ (зах.-гом., Трух.), трыпа́льня ’тс’ (драг., ЛА, 4); трапа́чка ’мухабойка’ (астрав., Ск. нар. мовы); тро́панка ’дзве жмені цёртага лёну, якія браліся для трапання’ (Бір.; чырв., З нар. сл.; ст.-дар., капыл., Сл. ПЗБ), тре́панка, трэ́панка, тро́панка ’мера вытрапанага лёну’ (петрык., мазыр., слуц., глус., ЛА, 4), трэ́пач ’жменя трапанага лёну’ (лун., Шатал.), трапа́шка ’звязка кудзелі’ (жытк., Мат. Гом.).

Трапа́ць2 ’балбатаць, малоць языком’ (Шат., Юрч.; бых., ЛА, 2), ’гаварыць недарэчнасці’ (Сл. ПЗБ), трапа́ць языко́м ’гаварыць лухту’ (Шат.), трапа́цца (разм.) ’гаварыць лухту, бязглуздзіцу, няпраўду; гаварыць несупынна’, ’расказваць, прагаварыцца аб чым-небудзь’ (ТСБМ), ’кепска сябе паводзіць’ (Касп.), трапану́ць ’сказаць не падумаўшы’ (Юрч. Сін.), трапа́цца языком ’пустасловіць, балбатаць’ (Растарг., Юрч. Фраз.), трапатну́ць, трапану́ць ’тс’ (Юрч. СНЛ). Сюды ж тръпа́чка ’балаболка’ (мёрск., Шатал.), трэпа́лка, трэпло́ ’балбатуха’ (Растарг.), ’балбатун’ (ТСБМ, Касп., Мат. Гом.; бых., ЛА, 2; глус., Янк. Мат.); трэпло́ ’тс’ (ТС), тряпло́ (шуміл., ЛА, 2), трапло́ ’рот’ (Мат. Гом.), трапло́ ’языкаты, балбатлівы’ (Сцяшк.), трапатанік, трапач, трапа́ннік ’балбатун’ (Юрч. СНЛ), трапа́к ’балбатун, лапатун’ (шальч., Сл. ПЗБ), трапа́ч ’пустамалот’ (Скарбы), трэ́пля ’пустая гутарка’ (Бяльк.), трапані́ца, трапня́, трапа́нне ’балбатня’ (Юрч. Вытв.), траплі́вы ’балбатлівы’ (Юрч. СНЛ), тряплі́высць ’балбатлівасць’ (Юрч. СНЛ), трапатня́ ’тс’ (там жа), трапу́шка, тряпышка ’той, хто многа, без толку гаворыць’ (Мат. Маг. 2), трапу́н, трапату́н ’балбатун’, трапу́ньня, трапу́ха, трапату́ння, трапату́ха ’балбатуха’ (Юрч., Вытв.), троп ’балбатня’ (мсцісл., Нар. ск.). Рус. трепа́ть ’малоць языком’, трепа́ться ’балбатаць’, польск. trzepać ’балбатаць, лапатаць, малоць языком’, чэш. třepatí ’гаварыць бязглуздзіцу, пустасловіць’, славац. trepať ’тс’. Познепраславянская семантычная інавацыя паводле падабенства дзеяння з дзеясловам трапа́ць1 (< прасл. *trepati) (гл.), параўн. асабліва значэнне ’трапаць языком’. Не выключаны пераход значэння ’грукаць, таптаць моцна нагамі, хадзіць з грукатам’ (гл. тропаць ’тс’) > ’балбатаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

чо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае колер сажы, вугалю, самы цёмны з усіх колераў; проціл. белы. Чорны атлас. Чорная фарба. □ Над галовамі часта праляталі самалёты — цяжкія бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі на бартах і вёрткія тупарылыя «ястрабкі» з чырвонымі зоркамі. Якімовіч. А над травою звіняць, таўкуцца жаўтаватыя камары, стаяць слупы чорных мошак. Бяспалы. / у перан. ужыв. Дарогу чорны снег заносіць — Загінуць можа чалавек. Чарот. // у знач. наз. чо́рныя, ‑ых. Шашкі, шахматы цёмнага колеру ў процілегласць белым. Гуляць чорнымі. // Апрануты ў адзенне такога колеру. Уперадзе коннікаў ціха пасоўваўся вялізны аўтобус. Праз адкрытыя вокны бачыў ён [Міколка] чорныя мундзіры, чорныя шапкі з чырвонымі кантамі. Лынькоў. // у знач. наз. чо́рнае, ‑ага, н. Адзенне, убранне такога колеру. Мужчына быў увесь у чорным. Чорны. // Які мае пер’е, поўсць такога колеру. Чорны сабака. □ Арол чорны ўецца ў высі. Чарот. / У назвах птушак, жывёл. Чорны бусел. Чорны дзяцел.

2. Цёмны, больш цёмны, чым звычайна. Чорная зямля. □ Зноў, як тады, гатоў да ранку ў цішы на беразе сядзець, і слухаць голас малдаванкі, і ў вочы чорныя глядзець. А. Вольскі. Даша павярнулася. На парозе стаяў высокі чалавек. Бровы над чорнымі вачамі многа цямнейшыя за светлыя валасы. Пішчыкава. // Смуглявы, чарнявы, цёмнавалосы. Банда ўвалілася ў хату.. Адзін з шапкі, чорны, калматы, як звер, узламаў шабляю скрыню і пачаў перабіраць і выкідваць адтуль рэчы, якія яму больш падабаліся, а больш дробныя і каштоўныя — клаў у кішэню. Колас. // Які пасмуглеў ад сонца. Тут, пад разгалістай вярбой на беразе ракі, іх двое: амаль чорны ад загару Ілья Нікіценка і крыху хударлявы Толя Ярмакоў. Шыловіч. // Які мае цёмную скуру (як адзнаку расы). А белыя, жоўтыя, чорныя расы Да мовы супольнай прачысцяць дарогу... Купала. Не ведалі .. [пані], што гэта не божыя слёзы, а слёзы маленькага голага чорнага Тубі з вострава Цэйлона. Маўр. // Вельмі цёмны, змрочны. Працавалі Пры вогнішчаў яркім святле, Слыхам сочачы Ворага ў чорнай імгле. Куляшоў. На чорным начным полі ляжала нешта белае, распластанае. Сабаленка. // Цёмны, неасветлены. А ў сяле яшчэ не спяць... Міма чорных вокнаў Давядзецца нам ступаць, Нібы пад канвоем. Жычка. // Непранікальны, шчыльны; цёмны (пра хмару, дым і пад.). Над усходнім краем лесу стаяла чорнае воблака. Кулакоўскі. Чорнай хмарай Кружаць галкі; — І ў аконца бачна мне: Грак з грачыхай У садзе ціха След пракладваюць вясне. Шуцько. У чорных снегавых хмарах з поўначы насоўвалася зіма. Мурашка. // Зроблены, прыгатаваны або выпечаны з цёмнай, жытняй мукі. Нічога ў жыцці не трэба. Са мной толькі будзьце заўжды, Лустачка чорнага хлеба, Глыточак крыштальнай вады. Матэвушаў.

3. Разм. Брудны, запэцканы, зашмальцаваны. Абціраючы чорныя рукі падолам, цётка Катрына патрухала ў хату. Брыль. [Вера:] — Лазню я і сёння яшчэ ўспею выпаліць. .. Сподняе зменіш. Што так мяняць без лазні — на чорныя плечы. Пташнікаў.

4. Некваліфікаваны, які не патрабуе пэўных ведаў і навыкаў, звычайна фізічна цяжкі і брудны (пра чарнавую работу і пад.). Памятае Змітрок і апошнія словы бацькі, які ўсё сваё жыццё аддаў аднойчы выбранай любімай справе: — Помні, сынку, што не чорная праца ганьбіць чалавека, а яго чорныя справы, душа. Ваданосаў. Чорная, самая цяжкая справа — найлепшая навука для чалавека. Лужанін. [Лірнік:] Чорная работа не сажа — душы не замажа. Вітка. [Дырэктар:] — А цяпер, у дадзены момант, такой [учотчыцы] работы няма. А на чорную на якую вы не пойдзеце. Сабаленка. // Найменш значны, дапаможны (пра адпаведную частку якой‑н. працы, справы). Інжынер Прыстром бачыў у рабочых толькі сілу, здольную на чорную работу, на выкананне задум і планаў інтэлігентаў. Арабей.

5. Не галоўны, не цэнтральны, не парадны, які выкарыстоўваецца для штодзённых патрэб (пра дзверы, ход, уваход і пад.). Праз чорны ход Эма знікла з дому. Машара. [Чарвякоў:] — Цяпер нам трэба ціхенька выйсці праз кухню на чорную лесвіцу, каб яны [вартавыя] не пачулі. Мяжэвіч.

6. перан. Дрэнны, адмоўны; які не выклікае адабрэння. Яны [сусед і вусаты] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны.

7. перан. Нізкі, каварны, подлы. Хіба Колас мог заставацца спакойным! Гаварыць, расказваць свету аб чорным злачынстве! Лужанін. Не было б, уласна, мне і справы, Вытрымаў бы я нейтралітэт, Ды плануе новыя расправы Не адзін там чорны прайдзісвет. Панчанка. // Які губіць, знясільвае. У душы гарыць агонь нуды — пануры, чорны. Багдановіч.

8. перан. Крайне рэакцыйны, контррэвалюцыйны. [Апейка:] — Так, рэлігія — мы не тоім гэтага — адна з самых чорных сіл, якая перашкаджае нам, бальшавікам. Мележ.

9. перан. Цяжкі, змрочны, беспрасветны. Паэт непахісна верыць, што доля чорная людзей не з’яўляецца ўсемагутнай, таксама, як яна не ёсць і вечная на зямлі, налітай крывёю і потам гаротнага люду. Майхровіч. Гора складае свае калыханкі — Сумныя песні пра чорны прыгон. Танк. / Пра час, перыяд, звязаны з горам, няшчасцем. Аднойчы, як чорны выдаўся час, Юнак пакідаў айчыну. Лось. / у вобразным ужыв. Чорнай бездані чорны рот Разяўляеш [акіян] не ў час, відаць. Вельмі ж рана ў дваццаць год, Рана хлопцам пра смерць гадаць! Гілевіч.

10. Які ў дарэвалюцыйныя часы адносіўся да ніжэйшых слаёў грамадства, да простага народа. Вырвалі мы з коранем тое пустазелле, Што смактала сокі З чорнае галоты. Колас.

11. Гіст. У дарэвалюцыйнай Расіі — цяглавы, дзяржаўны. Чорныя землі. Чорныя двары.

12. Паводле забабонных уяўленняў — чарадзейны, звязаны з нячыстай сілай. Донна, донна! Вы ўзялі Ад маіх слядоў зямлі І зрабілі пагавары З чарадзейных чорных кніг. Багдановіч. Зайшла размова аб навуках — Старых, даўнейшых — і іх штуках, Аб кнігах з чорнаю пячаццю, Аб чараўніцтве, аб закляцці. Колас.

•••

Чорнае дрэва гл. дрэва.

Чорнае золата гл. золата.

Чорная біржа (чорны рынак) гл. біржа.

Чорная дошка гл. дошка.

Чорная ікра гл. ікра.

Чорная магіл гл. магіл.

Чорная меланхолія гл. меланхолія.

Чорны кофе (чорная кава) гл. кофе.

Чорны лес гл. лес.

Чорны шар гл. шар.

Чорныя металы гл. метал.

Чорныя сотні гл. сотня.

Чорныя спісы гл. спіс.

Зрабіць белае чорным гл. зрабіць.

Ні чорнага ні белага — не абазвацца, не сказаць ні слова каму‑н.

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

У чорным святле гл. святло.

Чорная гадзіна гл. гадзіна.

Чорная косць (костка) гл. косць.

Чорная кошка прабегла (перабегла) паміж кім гл. кошка.

Чорная няўдзячнасць гл. няўдзячнасць.

Чорны дзень гл. дзень.

Чорным па белым — дакладна, выразна, ясна, недвухсэнсава (сказаць, напісаць і пад.).

Як чорны вол гл. вол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)