кро́ўны і (разм.) крэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які паходзіць ад адных продкаў; родны па крыві. Кроўная сястра. □ Была яшчэ Насцечка, былі яшчэ меншыя, кроўныя толькі па бацьку браты: Алесь, Міколка, Валодзя, Хведзя, але яны, апроч Алеся, нарадзіліся ўжо, калі я не жыў у Рагазіне. Сабаленка. / у знач. наз. кро́ўныя, ‑ых і крэ́ўныя, ‑ых. Навіны ўзбуджалі .. ў кожнага [салдата] жаданне паехаць дадому, пабачыць кроўных. Галавач. // Заснаваны на паходжанні ад адных сваякоў; сваяцкі. Кроўныя сувязі.

2. Надзвычай блізкі і важны, арганічна неабходны для каго‑н. Мужчыны доўга і дзелавіта, як кроўную справу, абмяркоўвалі ўсё: будаўніцтва заводаў, дарог, гарадоў. Брыль.

3. перан. Моцны, непарушны, заснаваны на агульнасці інтарэсаў. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын.

4. Разм. Уласнае, нажытае сваёй працай. А паўтары дзесяціны зямлі ва ўрочышчы «Навінкі» куплены, маўляў, Жуком за яго кроўныя грошы. Брыль.

•••

Кроўная крыўда гл. крыўда.

Кроўная помста гл. помста.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эпі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да эпасу (у 1, 2 знач.). Паэма «Янук Сяліба» [М. Танка] — эпічнае палатно, дзе праўдзіва паказваецца жыццё беларускай вёскі ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны. «Беларусь». // Які напісаны ў форме эпасу, з’яўляецца эпасам. Эпічная песня. Эпічны твор. □ Якуб Колас з’яўляецца паэтам шырокага літаратурнага дыяпазону, выдатным празаікам, творцам вялікіх эпічных паэм. «Полымя». Творы паэта [М. Танка].. узбагацілі ўсе яе [беларускай літаратуры] вельмі разнастайныя паэтычныя жанры, пачынаючы ад эпічнай сюжэтнай паэмы і канчаючы лірычнай мініяцюрай. Бугаёў. // Уласцівы эпасу. Эпічны стыль. □ Янка Купала змог жыва і адчувальна перадаць эпічную шырыню і глыбокую народнасць, фальклорную аснову «Слова аб палку Ігаравым». Палітыка. Любіў Максім Багдановіч народную песню за яе меладычнасць, эпічны размах і лірычную цеплыню. Майхровіч. // Поўны значнасці, гераізму, які можа быць адлюстраваны ў народным эпасе. Эпічны працоўны гераізм Аляксей Максімавіч Горкі раіў браць савецкім пісьменнікам у аснову сваёй творчасці. «Полымя».

2. Спакойны, не ўсхваляваны; без эмоцый. — Чаму не хочаш? — мяне здзіўляе ўжо не самы адказ, мяне здзіўляе эпічны Шуркаў тон. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наро́д, ‑а і ‑у, М ‑дзе, м.

1. ‑а. Насельніцтва якой‑н. краіны, дзяржавы. Народ Савецкай краіны. □ І сэрцы, і воля, І думы народа Злучыліся ў плыні адной, Як хвалі патокаў, Як шумныя воды, Дзе сонца гуляе вясной. Колас. Іду з маім народам я, Вядзе мяне дарога проста. Краіна родная мая, — Вялікія тваім мы ростам. Бялевіч.

2. ‑а. Нацыя, нацыянальнасць, народнасць. Непарушны саюз народаў. Братняя дружба народаў. □ Нямецкі народ, да цябе маё слова — Вайне сваё «не» ты скажы. Бачыла.

3. ‑а; толькі адз. Асноўная, працоўная маса насельніцтва. Працоўны народ. □ Ідзе народ сярпа, касы, станка і молата. Таўлай. // У гістарычным матэрыялізме — сацыяльная супольнасць, якая ўключае ў сябе тыя слаі і класы, якія здольны ўдзельнічаць у вырашэнні задач прагрэсіўнага развіцця грамадства.

4. ‑у; толькі адз. Людзі. Сабралася шмат народу. □ Народ з пакункамі валіў з вакзала. Чорны. Народу ў клубе ўсё прыбывала. Шахавец. // Разм. Пра групу людзей, якія маюць нейкія агульныя, аднолькавыя рысы. Хлапчукі — народ спрытны. □ [Тата:] — Тут, у школе, народ вучоны, займаецца сур’ёзнай справай. Брыль. Бацькі — нецярплівы народ! Грамовіч.

•••

Савецкі народ — новая сацыяльная і інтэрнацыянальная супольнасць людзей, якая ўзнікла ў СССР за гады сацыялістычнай будаўніцтва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)