ле́кцыя, -і, мн. -і, -цый, ж.

1. Вуснае выкладанне вучэбнага прадмета або якой-н. тэмы выкладчыкам вышэйшай навучальнай установы.

Прафесар чытаў лекцыі ў БДУ.

2. Частка вучэбнага прадмета, якая выкладаецца ў вуснай форме.

Курс лекцый па гісторыі Беларусі.

3. Публічнае чытанне на якую-н. тэму.

4. Друкаваны курс публічных чытанняў, а таксама запісы па якім-н. прадмеце выкладання.

Лекцыі па літаратуры.

|| прым. лекцы́йны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

курс², -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Закончаны цыкл, увесь аб’ём спецыяльнага навучання, якіх-н. працэдур.

К. сярэдняй школы.

К. гразелячэння.

2. Асобная гадавая ступень адукацыі ў вышэйшай школе і спецыяльных навучальных установах, а таксама група навучэнцаў гэтай ступені.

Скончыць к. ва ўніверсітэце.

Стараста курса.

Студэнт трэцяга курса.

3. Выклад навуковай дысцыпліны ў вышэйшай школе, у спецыяльнай навучальнай установе.

Прачытаць к. лекцый па гісторыі Беларусі.

|| прым. курсавы́, -а́я, -о́е.

Курсавая работа студэнта.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ста́ршы, -ая, -ае.

1. Які стаіць вышэй у параўнанні з кім-н. па званні, пасадзе, службовым становішчы.

С. навуковы супрацоўнік.

С. радыст.

С. лейтэнант.

2. ста́ршы, -ага, м.; ста́ршая, -ай, ж., мн. -ыя, -ых (у знач. наз.). Той, хто стаіць на чале якой-н. групы людзей; кіраўнік, начальнік.

Паставіць старшага на будаўнічы аб’ект.

3. Пра клас, курс і пад. ў навучальнай установе: які блізкі да выпуску, да заканчэння вучобы.

Вучні старшых класаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ка́федра ’ўзвышэнне, памост для лектара або прамоўцы’; ’аб’яднанне выкладчыкаў і навуковых работнікаў адной або некалькіх блізкіх навуковых дысцыплін у вышэйшай навучальнай установе’; ’пасада епіскапа, які кіруе епархіяй (першапачаткова — крэсла ў царкве для епіскапа)’ (ТСБМ). У царкоўным значэнні гэта запазычанне, як мяркуе Шанскі, 2, К, 100–101, з с.-грэч. і ў форме катедра ўпершыню адзначаецца ў Бярынды. Але форма катедра адлюстроўвае, хутчэй, лац. форму cathedra (< грэч.). Параўн. адносна ўплыву на націск слова лац. мовы (ка́федра замест старога кафе́дра) Фасмер, 2, 212. Сучасныя формы слова сустракаюцца з 1686 г. (ка́федра). Гл. Шанскі, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

інтэрна́т, -а, Ма́це, мн. -ы, -аў, м.

1. Памяшканне для пражывання навучэнцаў пры навучальнай установе.

І. ліцэя.

Студэнцкі і.

2. Памяшканне для пражывання асоб, якія працуюць на пэўным прадпрыемстве і не маюць уласнага жылля.

Жыць у заводскім інтэрнаце.

3. Стацыянарная ўстанова спецыяльнага ўтрымання хворых, інвалідаў, састарэлых і інш.

Псіханеўралагічны і.

4. Школа, у якой вучні жывуць і знаходзяцца на частковым дзяржаўным забеспячэнні.

Вучыцца ў інтэрнаце.

Школа-інтэрнат — навучальная ўстанова, дзе дзеці жывуць і вучацца.

|| прым. інтэрна́цкі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

прадме́т, -а, Ме́це, мн. -ы, -аў, м.

1. Канкрэтная матэрыяльная з’ява; рэч.

Адушаўлёны п.

Прадметы хатняга ўжытку.

2. чаго. Тое, на што накіравана думка, што складае яе змест або на што накіравана якое-н. дзеянне.

П. гаворкі.

П. даследавання.

3. Асобнае кола ведаў, якое ўтварае пэўную школьную дысцыпліну.

Добрыя адзнакі па ўсіх прадметах.

Прафілюючыя прадметы ў вышэйшай навучальнай установе.

|| прым. прадме́тны, -ая, -ае (да 1 і 3 знач.).

П. паказальнік (у кнігах). Прадметная агітацыя (наглядная).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ву́чань, ‑чня, м.

1. Навучэнец пачатковай або сярэдняй навучальнай установы. Вучань восьмага класа. Вучань рамеснага вучылішча.

2. Той, хто вывучае што‑н. пад кіраўніцтвам каго‑н., знаходзіцца на прафесійнай вывучцы. Вучань токара. // перан. Той, хто не дасягнуў яшчэ майстэрства ў якой‑н. справе.

3. Паслядоўнік, прыхільнік якога‑н. вучэння, поглядаў, дзейнасці. Пляханаў з гонарам называў сябе вучнем Маркса і Энгельса. «Весці».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адлічы́ць, ‑лічу, ‑лічыш, ‑лічыць; зак., што.

1. Налічыўшы, аддзяліць пэўную колькасць чаго‑н. Адлічыць сто рублёў.

2. Лічачы ад умоўнай адзнакі, паказаць, назваць колькасць чаго‑н. Гадзіннік адлічыў дванаццаць.

3. Вылічыць, утрымаць з якой‑н. сумы. Адлічыць з зарплаты за прагул.

4. Выключыць з ліку членаў якой‑н. арганізацыі, групы, з ліку навучэнцаў якой‑н. навучальнай установы і пад.; вызваліць ад пасады, звольніць. Са знішчальнага батальёна нас адлічылі як непаўналетніх. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагра́ма, ‑ы, ж.

1. План дзейнасці, работ і пад. [Вулай:] — Становішча такое, што цэх ледзь укладваецца ў праграму. Шыцік. // Спец. План дзейнасці, заданне для аўтаматычнай выканання на станку, машыне і пад. Праграма для электроннай вылічальнай машыны.

2. Дакумент, у якім выкладзены асноўныя задачы і мэты, намечаныя партыяй, грамадскай арганізацыяй і пад. Праграма КПСС. □ У «Маніфесце» намечана ў агульных рысах праграма дзеянняў пралетарыяту. «Беларусь».

3. План, парадак правядзення чаго‑н. Праграма работы з’езда.

4. Сукупнасць нумароў, твораў, якія выконваюцца на канцэрце, у цырку, перадаюцца па радыё, тэлебачанні і пад. У праграме канцэрта ёсць вельмі цікавы нумар. Самуйлёнак. // Друкаваны ўказальнік нумароў, п’ес, выканаўцаў (у канцэрце, спектаклі, радыёперадачы і пад.). Бегла кідаючы позірк на прозвішчы артыстаў у праграме,.. [Казанцаў] спыніўся на адным. Васілевіч.

5. Кароткі змест курса таго ці іншага прадмета, які вывучаецца ў навучальнай установе. Праграма па гісторыі. Праграма па геаграфіі. // Сукупнасць дысцыплін, якія выкладаюцца ў навучальнай установе, на факультэце, курсе. Праграма сярэдняй школы. Праграма матэматычнага факультэта.

6. Тэма, сюжэт музычнага твора.

[Ад грэч. programma — распараджэнне, аб’ява.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ча́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

1. Пэўная доля чаго-н. цэлага.

Разрэзаць пірог на дзве часткі.

Ч. вучняў займалася ў другую змену.

2. Прадмет як састаўны элемент якога-н. цэлага арганізма, механізма.

Запасныя часткі машын.

Часткі цела.

3. Кампазіцыйны адрэзак, раздзел літаратурнага, музычнага і пад. твора.

Аповесць у дзвюх частках.

Ч. сюіты.

4. Аддзел якой-н. установы, асобная галіна кіравання.

Загадчык навучальнай часткі.

Часткі свету — асобныя мацерыкі або вялікія ўчасткі іх тэрыторыі разам з бліжэйшымі да іх астравамі (пра Еўропу, Азію, Афрыку, Аўстралію, Амерыку, Антарктыду).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)