цяплі́цца, цепліцца; незак.

1. Слаба, невялікім полымем гарэць. У гушчары на невялікай палянцы цепліцца з сухога галля касцёр. Няхай. // Слаба свяціцца. У акне Аўдзеевай хаты цепліўся слабы агеньчык лямпы, дзверы былі зачынены. Дуброўскі.

2. перан. Быць, мецца, праяўляцца ў малой, нязначнай ступені (пра жыццё, надзею, пачуццё і пад.). І толькі па стогну .. можна было меркаваць, што ў распластаным целе цепліцца яшчэ жыццё. Якімовіч. І радасць цепліцца ў сэрцы, Што гэтым незабыўным днём Нам шчасце выпала сустрэцца З узнятым сцягам над Крамлём. Танк.

3. Зал. да цяпліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́сахнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. высах, ‑сахла; зак.

1. Стаць сухім, прасохнуць. Памалу высахла зямля, Зарунелі чорныя абрывы. Танк. // Спыніць існаванне, страціўшы вільгаць (пра вадаёмы). Як высеклі лес, дык і раўчук высах. Чарнышэвіч. // Выпарыцца, знікнуць (пра ваду, вільгаць). Слёзы высахлі ў малой, Пачала смяяцца: — Раз не страшна ёй [вавёрцы] адной, Мне чаго баяцца!.. Муравейка.

2. Звяць, засохнуць (пра расліны). Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно [ш]алашоў тоўстым пухкім пластом. Колас.

3. перан. Схуднець. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе.., то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыра́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Доўгая фраза, урывак прамовы, асобная шматслоўная рэпліка, якія гаворацца звычайна прыўзнятым тонам. Тырада ветліва-пустая. Ніхто брывом не варухне. — Вы есці будзеце, пытаю? Вы сядзеце абедаць? — Не! Вялюгін. Холад не звяртаў і самай малой увагі на гэтыя ўзнёслыя тырады свайго памочніка, бо лічыў іх вынікам Сашынай маладосці. Васілёнак. — Чакай, Андрэй, не хітруй, — перарваў я яго высокую тыраду. — Ты ж добра ведаеш, што пасля таго, што ты расказаў, ні да якога Кузьмы я не паеду з табой. Краўчанка. // Маналог такога характару ў рамане, п’есе. Тырады Чацкага. □ У «Песні» [М. Гусоўскага] знаходзім такую, непаўторную, здаецца, па сваёй гістарычнай праўдзівасці, тыраду. Майхровіч.

[Фр. tirade.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хранало́гія, ‑і, ж.

1. Навука, якая вывучае гісторыю летазлічэння. // Дапаможная гістарычная дысцыпліна, што ўстанаўлівае гістарычныя даты, час з’яўлення дакументаў і пад.

2. Пералік падзей у іх часавай паслядоўнасці. Храналогія беларускай гісторыі.

3. Паслядоўнасць паяўлення чаго‑н. у часе. Храналогія падзей. □ Цыкл гэтых твораў будзе ісці не толькі па лініі храналогіі, а адначасна і па лініі ідэ[йн]ых катэгорый (носьбітамі і творцамі якіх ёсць чалавечыя вобразы): бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва і г. д. Чорны. Знаходка ўнікальнага экземпляра «Малой падарожнай кніжыцы» ў капенгагенскай бібліятэцы ўносіць істотную папраўку ў храналогію скарынінскіх выданняў. «Помнікі».

•••

Геалагічная храналогія — устанаўленне перыядаў узнікнення розных пластоў Зямлі.

[Ад грэч. chronos — час і logos — вучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Мосенж ’латунь’ (ТСБМ), мосенз ’бронза’ (Нас., Мядзв.), масензовік ’невялікі бронзавы грэбень’ (Мядзв.), мосанз (Кюнэ, Poln., 78), ст.-бел. мосязъ, мосендзъ, мосенц, мосиондзъ, мосяжъ ’латунь’ (XV ст.) запазычаны са ст.-польск. mosiądz ’тс’, якое з с.-в.-ням. messinc (Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Лекс. запазыч., 141) < ст.-в.-ням. massing < лац. massa (Шварц, ZfSlPh, 5, 400; там жа, 42, 304). Клюге₁₉ (388) выводзіць гэту лексему з Mοσσύνοικος χαλκός — назвы народа на паўн.-усх. Малой Азіі (Герадот, Ксенафонт), што Фасмер (ZfSlPh, 19, 450) лічыць беспадстаўным. Пра даўнюю сувязь з гэтым народам піша Махэк (LF, 72, 76), прыводзячы ў якасці доказу ст.-слав. сынъ ’башня’ = ст.-грэч. μόσσυν πύργος (Гесіхій), якое супастаўляецца з асец. mκsug, mκsyg ’вежа’ і лічыцца фракійска-фрыгійск. словам (Лідэн, Зб. П. Персану, Упсала, 1922, 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Нарт ’упарты чалавек, які хоча усё рабіць па-свойму’ (Бяльк.), ’назола, упарты’ (Юрч. Фраз.), нарт і нард ’упартае, сярдзітае дзіця ці жывёла’ (Нас.), сюды ж нарціцца ’ўпарціцца’ (Юрч. СНС). Згодна з Фасмерам, з *na і *гг > /ъ ’вастрыё, шпень’ (гл. рот), параўн. фразеалагізм лезці на ражон ’быць настырным, упартым’ (гл. Фасмер, 3, 46); вывядзенне Насовічам нард < нарад ’нараджэнне’, параўн. вырадак, рус. урод і пад., здаецца менш пераканальным у сувязі з малой распаўсюджанасцю форм слова з канцавым -д, якія самі маглі ўзнікнуць пад уплывам народнай этымалогіі; балтыйская этымалогія, якую прапанаваў Вяржбоўскі для бел. дыял. нарт, анарт, нард ’дэспат, вупар’ < літ. nartus ’наравісты, упарты’ і якую Лаўчутэ. (Балтизмы, 56) лічыць надзейнай, пры наяўнасці назоўніка nartas /нораў’ і дзеяслова nertėti ’шалець’ здаецца больш пераканальнай, асабліва ўлічыўшы лакальны характар беларускага слова. Параўн., нарат ’чорт’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

малы́, ‑ая, ‑ое.

1. Нязначны па велічыні, памерах; невялікі. Наша школа здалася нам, помню, малой І малым здаўся сад, і малым — школьны двор... Куляшоў. Гальштук быў новы, бліскучы і слізкі, і вузел атрымліваўся то вялікі, то малы, то крывы. Шыцік. // Невялікі ростам, нізкі. І дуб-крапак і куст малы Стаяць у мудрым задуменні. Колас. // Не доўгі, кароткі. У момант праскочыць .. [хутаранец] з мястэчка на хутар. Аж шкода, што гэтакая малая дарога. Чорны.

2. Нязначны па колькасці. Малы атрад. // Нядоўгі (пра час). Праз малы час .. [Бумажкоў] назначаецца дырэктарам.. завода. Чорны.

3. Меншы, чым патрэбна. Малыя туфлі.

4. Які праяўляецца ў нязначнай ступені, слабы. Пагашаюць яны [вятры] аганёчак малы, А вялікі — крапчэй раздуваюць. Багдановіч. // Які не мае істотнага значэння; малаважны. І дзіўна стала: з гэтай малой справы, з гэтых гаворак пачалося штосьці большае. Чорны.

5. Які займае нязначнае службовае або грамадскае становішча. Нічым [мае знаёмыя] не слаўны і не значны, Усё людзі простыя, малыя. Колас.

6. Малалетні. Марта з двума малымі дзецьмі жыла на выгане ў старой хатцы. Бядуля. / у знач. наз. малы́, ‑ога, м.; мало́е, ‑ога, м.; мала́я, ‑ой, ж. Кастусь выязджаў ужо з двара, калі выбег з агарода Юзік і з плачам кінуўся наўздагон. Хлопец прыпыніў .. [каня] і ўзяў малога на воз. С. Александровіч.

7. У складзе некаторых назваў і ўласных імён. Малы тэатр. Малая канферэнц-зала.

•••

Малая калорыя гл. калорыя.

Малая Мядзведзіца гл. мядзведзіца.

Малая скорасць (спец.) гл. скорасць.

Малы ход гл. ход.

Малыя формы гл. форма.

Ад малога да вялікага — усе да аднаго, абсалютна ўсе.

Без малога — амаль (не), чуць (не).

Бяда малая гл. бяда.

З малых гадоў (год) гл. год.

І стары і малы гл. стары.

Самае малое — найменш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

корм, ‑у; мн. кармы, ‑оў; м.

Ежа жывёлы. Волька рабіла ўсё ціха, нячутна: перастаўляла чыгункі, вёдры, рыхтавала корм парасяці, карове. Васілевіч. // звычайна мн. Розныя віды прадуктаў, якія ідуць у ежу жывёле. Сіласаванне кармоў.

•••

Грубыя кармы — раслінныя кармы (сена, салома, мякіна і пад.) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў.

Дражджаваныя кармы — кармы, прыпраўленыя кармавымі дражджамі.

Зялёны корм — зялёная маса кармавых раслін, каштоўны корм для ўсіх сельскагаспадарчых жывёл.

Падножны корм — раслінны корм, які з’ядаецца жывёлай на корані. Каб знайсці падножны корм, козы і авечкі робяць вялікія пераходы і па нізіне, і па гарах. В. Вольскі.

Сухія кармы — кармы, прыгатаваныя ў выглядзе канцэнтратаў.

На падножны корм (ісці, адпраўляцца і пад.) — пачынаць жыць на сродкі, здабытыя дзе прыйдзецца і як папала. — Схуднееш, калі паходзіш, як я, ды пахарчуешся на падножным корме. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кро́пля, ‑і; Р мн. ‑пель; ж.

1. Маленькая круглая часцінка якой‑н. вадкасці; капля. Упалі першыя буйныя кроплі дажджу і, нібыта крупінкі жывога срэбра, задрыжалі і пакаціліся па дарожным пыле. Грахоўскі.

2. перан.; толькі адз., чаго. Самая малая колькасць чаго‑н. Я шчаслівы, што ўзяў для жыцця Хоць па кроплі малой ад цябе — Працавітасці шчырай тваёй, І сардэчнай любві, і спагады. Гілевіч.

•••

Да (апошняй) кроплі — усё без астатку (выпіць, расходаваць і пад.).

Да апошняй кроплі крыві — ахвяруючы ўсім, не шкадуючы жыцця (змагацца, біцца, абараняцца і пад.).

Кропля ў кроплю — абсалютна, поўнасцю (падобен, супадае і пад.).

Кропля ў моры — вельмі нязначная колькасць у параўнанні з чым‑н. вялікім.

Ні кроплі — нічуць, ніколькі.

Ні кроплі ў рот не браць гл. браць.

Як дзве кроплі вады — абсалютна, поўнасцю (падобны, супадае і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цьмець, ‑ее; незак.

Разм.

1. Цьмяна гарэць; ледзь свяціцца. Толькі каля вакзальчыка цьмеў ліхтарык. Пестрак. Там-сям у лесе цьмелі чырвоныя вогнішчы, .. цямнеліся фурманкі, кухні. Гарэцкі. // перан. Скрыта існаваць, тлець. У ягонай [Турковай] душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Быкаў.

2. Станавіцца цьмяным, цямнейшым. Неба на ўсходзе пачынала шарэць і зоры цьмелі. Чорны. // перан. Станавіцца менш выразным, менш яскравым, нязначным. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Мележ. Тое, што .. [Марына] цяпер не адна, а з бацькам, вярнула да яе многа дзіцячага, што ў адзіноце пачало ўжо цьмець і губіцца. Чорны.

3. Вылучацца сваім цьмяным колерам; цямнецца. Наперадзе, метраў за дзвесце ад хаты, чарнелі сцены старой пуні, за ёй слаба цьмеў лясок. Хадкевіч. [Рыбак] павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)