куто́к, ‑тка, м.

1. Тое, што і кут. Здаць куток. □ [Бешчат] устаў і пачаў хадзіць з кутка ў куток. Бажко. У самыя глухія куткі дайшла вестка пра Леніна, які хоча вызваліць людзей з няволі. Гурскі. Яна з мужам марылі аддзяліцца ад сям’і, каб абзавесціся ўласным кутком. Лынькоў.

2. Зацішная, прыгожая, маляўнічая мясцовасць. Прыемна прайсціся, падыхаць свежым паветрам. Ды і куток тут маляўнічы. Астрэйка. Зачаравана глядзеў я маладымі вачамі на прыгожы куток Магілеўшчыны. Кавалёў.

•••

Жывы куток — кабінет прыроды, дзе знаходзяцца жывыя жывёліны, а таксама іх чучалы.

Чырвоны куток — памяшканне ва ўстанове, інтэрнаце і пад., адведзенае для культурна-асветніцкай работы.

Мядзведжы куток — тое, што і мядзведжы кут (гл. кут).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самадзе́йнасць, ‑і, ж.

1. Праяўленне асабістага пачыну, ініцыятывы ў якой‑н. справе; актыўная самастойная дзейнасць. Сваю шматгранную культурна-асветную работу прафсаюзныя арганізацыі фабрык і заводаў рэспублікі наладжвалі на аснове самадзейнасці і актыўнасці шырокіх працоўных мас. «Весці». // Творчыя адносіны, самастойны падыход да справы. У адпаведнасці з мэтамі камуністычнага будаўніцтва грамадзяне СССР маюць права аб’ядноўвацца ў грамадскія арганізацыі, якія садзейнічаюць развіццю палітычнай актыўнасці і самадзейнасці, задавальненню іх разнастайных інтарэсаў. Канстытуцыя СССР. // Разм. іран. Самаініцыятыва, якая не ўвязваецца з арганізаванымі мерапрыемствамі. [Андрыюк:] — [Медыкаменты] я маю магчымасць даставаць... Але трэба грошы і сталая сувязь. Прадуманая арганізацыя, а не самадзейнасць. Навуменка.

2. Творчасць (музычна-харавая, тэатральная, харэаграфічная) народных мас, для якіх мастацтва не з’яўляецца прафесіяй. Мастацкая самадзейнасць. // Разм. Удзельнікі самадзейнага мастацтва. Прыехала самадзейнасць. Спяваць будзе самадзейнасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сад, ‑а і ‑у, М ‑дзе; мн. сады, ‑оў; м.

1. ‑у. Участак зямлі, засаджаны дрэвамі, кустамі і кветкамі; дрэвы, кветкі, якія растуць на гэтым участку. Фруктовы сад. Пасадзіць сад. □ Сад у нас харошы: На газонах Мак чырвоны, Ружы і гарошак. А. Александровіч. А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады. Брыль.

2. ‑а. Разм. Тое, што і дзіцячы сад. Разгаварыліся толькі вечарам у Танінай кватэры, калі .. [Віктар] прыйшоў у госці. Таня к таму часу забрала з сада Андрэйку. Паўлаў.

•••

Батанічны сад — навуковая і культурна-асветная ўстанова, якая займаецца зборам, вывучэннем і дэманстрацыяй розных раслін.

Дзіцячы сад — выхаваўчая ўстанова для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Заалагічны сад — тое, што і заалагічны парк (гл. парк).

Зімні сад — спецыяльнае памяшканне для кветак, раслін; аранжарэя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Памянш. да скура (у 1 знач.). Можна было б, вядома, знайсці, а то і самому вырабіць яшчэ адну скурку па бубен, ды нешта не з’яўлялася ўжо цяга да такіх турботаў. Кулакоўскі. // Тонкая маладая скура. Кроў прасочваецца праз тонкую аксамітную скурку. Крапіва. У фізрука на галаве тонкаю маладою скуркаю дыхала глыбокая рана. Адамчык. // Разм. Тонкае празрыстае покрыва па некаторых гастранамічных вырабах (каўбасе, сыры і пад.), плеўка. На стале былі акуркі, ад кілбас шнуркі і скуркі, ля стала стаяла урна — жыў мядзведзь больш-менш культурна. Шушкевіч.

2. Невялікая вырабленая шкура жывёлы (звычайна для пашыву шапак, каўняроў і пад.). [Багуцкі:] — Якія ж скуркі, галоўным чынам, цікавяць вашу фірму? [Прадстаўнік фірмы:] — О-о... розныя... Вавёркі, выдры... Лынькоў.

3. Верхняе покрыва, абалонка пладоў. Скурка яблыка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разві́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развіць (у 1 знач.).

развіты́, а́я, ‑о́е.

1. Які дасягнуў высокай ступені ў сваім развіцці. Развітая прамысловасць. □ Ускраіны .. [нашай краіны] ператварыліся ў культурна развітыя сацыялістычныя рэспублікі. Пшыркоў.

2. Дасканалы ў фізічных і духоўных адносінах. Усебакова развіты падлетак. □ [Юрка Пятровіч:] «Вы, Мікола Сцяпанавіч, — мужчына і з вамі я не буду цацкацца, а скажу ўсё: справа з малой вельмі дрэнная, тым больш таму, што яна-не па гадах развітая, уражлівая, нервовая». Брыль. А ў Мікуцічах сцяг навукі і годнасць «развітога» чалавека трымаліся высока сярод настаўніцтва. Колас. // Які дасягнуў значных памераў, разросся. Пярэдняя частка .. моцнага тулава [зубра], цяжкая і масіўная, здаецца непамерна развітой у параўнанні з задняй, пакрытай карацейшымі і святлейшымі валасамі. В. Вольскі.

3. Усебакова адукаваны, з шырокім кругаглядам. [Варанкову] спадабаўся пагранічнік, які ўсім цікавіўся і быў даволі развіты. Гурскі.

•••

Развіты сацыялізм гл. сацыялізм.

Развіты сказ гл. сказ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ядна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Злучаць, звязваць што‑н. з чым‑н. пэўным чынам. Ядналі мы воды: з ракою раку, І мора да мора цягнула руку. Кляшторны.

2. Злучаць, збліжаць каго‑, што‑н. з кім‑, чым‑н., утвараючы адзінае цэлае. Аксана любіла вячэры, яны хораша ядналі сям’ю, збліжалі дзяцей з бацькамі, з бабуляй. Шамякін. // Змяшчаць, аб’ядноўваць у сабе. Маладая паэзія, якая моцна стаіць на родным грунце, арганічна яднае ў сабе нацыянальныя і інтэрнацыянальныя матывы. Рагойша.

3. Аб’ядноўваць, згуртоўваць для дружных агульных дзеянняў. Рабочы камітэт яднае людзей розных прафесій і спецыяльнасцей. Сташэўскі. Спачатку камсамольцы займаюцца культурна-асветнымі справамі, яднаюць вакол сябе вясковую беднату. Хведаровіч.

4. Ствараць паміж кім‑н. блізкія, сяброўскія адносіны, падтрымліваць цесную сувязь. І дружба верная з табой, І роднасць нас яднае. Камейша. Нас з гэтай дзяўчынай яднала нешта адно, і гэта адно была наша маладосць. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Клуб1культурна-асветная ўстанова’ (ТСБМ). Праз рус. клуб з англ. club (Шанскі, 2, 8, 165).

Клуб2 ’лятучая шарападобная маса пылу, дыму, пары, клубок’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах., Дуж-Душ., КЭС, лаг.). Укр. клуб, рус. клуб ’тс’, балг. кълбо, серб.-харв. клу̏пко, славен. klóbko ’тс’, польск. kłąb, чэш. kloub, славац. klbo, н.-луж. klub ’тс’. Прасл. klǫbъ параўноўваецца з лац. glomus, globus, на аснове якіх можна рэканструяваць *klombos як крыніцу праславянскай лексемы. Параўн. Трубачоў, Ремесл. терм., 108–109; Пізані, Paideia, 24, 3–6, 212; Мартынаў, Изоглоссы, 11. Апошні — прыхільнік італійскага паходжання прасл. klǫbъ, хаця абсалютныя сінонімы з балтыйскімі адпаведнікамі ў славянскіх мовах не выяўлены. Трэба ўзяць пад увагу тое, што нельга ў даным выпадку гаварыць аб генетычнай тоеснасці, паколькі італійскія і славянскія мовы не мелі агульнай прамовы. А калі ўлічыць, што славянскія пранікненні ў італійскую прамову адсутнічаюць, мы вымушаны дапусціць італійскую крыніцу для прасл. klǫbъ.

Клуб3 ’косці таза, тазавыя косці, якія выступаюць ніжэй пояса’ (Шат., Сл. паўн.-зах., Сцяшк., Яруш., Клім., Мат. АС, Дразд., З нар. сл., КЭС, лаг.). Укр. клуб ’сцягно’, польск. kłąb, чэш. kloub ’сустаў’, славац. klb ’сустаў, сцягно’, н.-луж. klub ’сцягно’, в.-луж. kluba ’тс’, палаб. klob ’тс’. Геаграфія klǫbъ у гэтым значэнні сведчыць аб агульнапаўночнаславянскай інавацыі. Генетычна klǫbъ ’сцягно’ звязана з klǫbъ ’клубок’ (гл. клуб2).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

тавары́ства, ‑а, н.

1. Таварыскія адносіны, таварыскасць; блізкасць, заснаваная на такіх адносінах. Прайшоўшы дарогаю мужных, Пазнаўшы і радасць і сум, Цану таварыству і дружбе Я ў сэрцы трывалым нясу. Звонак. Перамогі герояў .. прасякнуты пафасам услаўлення ідэі таварыства. «Полымя».

2. зб. Разм. Група людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, заняткам і пад. У канцы вуліцы ўжо і сапраўды сабралася амаль усё Ганьчына таварыства: Грышка Адамаў, Пецька Бурбалка, Анютка Корбутава, Маня. Васілевіч. У мінулую восень, калі ўсё іх крыху старэйшае таварыства ўпершыню падалося ў школу, гэтыя дзеці таксама не хацелі адставаць. Кулакоўскі.

3. Арганізацыя (вытворчая, гандлёвая і пад.), у якую ўваходзяць раўнапраўныя ўдзельнікі. Крэдытнае таварыства. Акцыянернае таварыства. □ Гандлёвае таварыства ці, як у статут было ўпісана, «кааператыў», шырылася вельмі ўдала. Чорны. У Беларусі ... пачалі стварацца культурна-асветніцкія саюзы, выдавецкія таварыствы, бібліятэкі і чытальні. Івашын.

•••

Таварыства Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (Чырвоны Крыж) — арганізацыя для аказання дапамогі насельніцтву, пацярпеўшаму ў вайну і ад стыхійнага няшчасця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

клуб 1, ‑а, м.

1. Арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей пэўнай сацыяльнай групы для сумеснага адпачынку, забаў і пад. // Грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае спартсменаў або аматараў спорту. Яхт-клуб. Шахматны клуб.

2. Культурна-асветная ўстанова ў СССР, задачай якой з’яўляецца палітычная і вытворчая асвета працоўных, павышэнне іх культурнага ўзроўню, арганізацыя адпачынку і пад. Клуб чыгуначнікаў: Сельскі клуб. Загадчык клуба.

3. Будынак, памяшканне такіх арганізацыя, устаноў. Прыйшлі з поля, з гаспадаркі, Клуб запоўпіўшы да краю, Брыгадзіры і даяркі, Брыгадзіркі і свінаркі. Купала.

[Англ. club.]

клуб 2, а́, м.

Лятучая шарападобная маса пылу, дыму, пары і пад. Клубы туману. □ На заломе выбухнуў велізарны клуб белаватага дыму, за ім выкідаліся другія клубкі, следам за гэтым паказаўся паравоз кур’ерскага поезда. Колас. Клубы марознага паветра ўрываюцца праз адчыненыя дзверы. Асіпенка.

клуб 3, а́, м.

Знешні бок верхняй часткі бядра. Бразнулі дзверы, з сянец выскачыла дзяўчына — мабыць Волька! — і скоранька пайшла цераз двор, стукаючы загарэлымі пяткамі і лёгка пагойдваючы круглымі клубамі. Скрыган.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Калама́жка1 ’лёгкая выязная павозка на рысорах’ (БРС, ТСБМ; гродз., З нар. сл.; Касп., Нас., Серж. Грам., Чач., Шат., Янк. 3.), ’сялянскі воз’ (карэліц., Сцяш.), ’беларускі воз’ (Шпіл.), ’воз’ (дрыс., КЭС), коломажка ’малыя выязныя сані’ (ТС), каламажка ’тачка’ (Жд. 3), кылымажка ’прыгожая павозка’ (Нік., Оч., апісанне рэаліі, с. 373). Укр. усх.-палес. каламашка ’воз прымітыўнай канструкцыі’, рус. дыял. каламажка, каламашка, коламажка, колымажка і колымашка ’двух- або трохколавыя тачкі, вазкі; павозкі і да т. п.’ Махэк (2, 269) без асобых падстаў лічыць, што бел. каламажка ўзыходзіць да ст.-польск. kolimaga (хутчэй ужо ад формы kolomaga). Магчыма, усх.-слав. дэрыват ад колымага ’воз, павозка’ з наступнай асіміляцыяй галоснага. Апошняе слова вядома шэрагу слав. моў: бел. калымага, укр. колимага, рус. колымага, польск. kolimaga і kolomaga (XV–XVI стст.), ст.-чэш. kolimah, чэш. дыял. kolmaha, славац. kolimaha ў значэннях, падобных да вышэй прыведзеных ’воз; тачка і інш.’ Серб.-харв. kolimog ’шацёр’ у кнізе, напісанай ц.-слав. мовай XIII ст. У рус. ц.-слав. колимогъ, колимагъ ’шацёр і інш.’, колымагъ, коъмагъ ’tentorium стан’. RHSJ (5, 205) мяркуе аб тым, што слова, або па меншай меры аснова, яшчэ праславянская, аднак памылкова далучае сюды літ. kalmogas (параўн. у Фрэнкеля, 207: kalmõgai ’від павозкі’, з бел.). Слаўскі (2, 34) больш асцярожна дапускае магчымасць даўняга (яшчэ прасл. дыял.) запазычання. Мяркуюць аб запазычанні з усходу, найбольш абгрунтаваным лічыцца распрацаваная Менгесам, ZfslPh, 23, 327–334, версія (якая ўзыходзіць да выказанай Кортам у рускім акадэмічным слоўніку думкі) аб суаднясенні слав. лексемы з племянной назвай калмыкаў Xalʼmag (*gali‑mag), пры гэтым мяркуецца, што значэнне ’высокія вазы-шатры’ было запазычана. Гэта верагодна з культурна-гістарычнага погляду і пацвярджаецца рус. мажара ’воз’ ад назвы венграў — мадзьяр, гл. Трубачоў, Дополн., 2, 291. Іншыя этымалогіі не пераконваюць на шэрагу прычын, параўн. агляд версій у Фасмера, 2, 291; Слаўскага, 2, 34–35.

Калама́жка2 ’чарнільніца’ (шчуч., Сцяшк.). Рэгіянальны дэрыват ад каламаж ’тс’, якое з польск. kałamarz. Адносна этымалогіі апошняга гл. каламар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)