сма́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., што і без дап.
1. Гатаваць на агні (мяса, рыбу, грыбы і пад.). Раскладалі вялікі агонь, на ражнах смажылі сала. Чарнышэвіч. Не паспела паказацца ў пакоі Вольга Сцяпанаўна, як Тарас Іванавіч закамандаваў: — Смаж яечню! Колас.
2. безас. Пра сухасць у роце, выкліканую смагай, жаданнем піць. Ад селядца смажыць. □ Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Пташнікаў. На другім ад Ланска прыпынку.. [Мікалай] сказаў Данілу, што ідзе напіцца халоднай вады — смажыла надта пасля сала, — і выйшаў. Пальчэўскі.
3. Апякаць прамянямі, паліць (пра сонца). Сонца не пякло, а смажыла зямлю. Капыловіч. Калі ўспыхвае пунсовы ранак, сонца неміласэрна пачынае смажыць стэп. Лукша.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чарні́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да чарніла. На жоўтым століку выразна віднелася чарнільная пляма, вельмі падобная на след дзіцячай далонькі. Лынькоў. Некаторыя з .. [выразаў] тут жа тлумачыліся, развіваліся на палях газеты дробнымі чарнільнымі надпісамі. Шамякін. // Прызначаны для чарніла. Чарнільны парашок. Чарнільны прыбор. // Такі, як у чарніла (пра колер). Змяркалася. Цемень змагалася з віднатою — неба налівалася сінім чарнільным колерам. Капыловіч. // Чорны, цёмны. Хвалі ішлі адна за адной, і процілеглы бераг губляўся ў чарнільнай навальнічнай цемры. Караткевіч. / у вобразным ужыв. Ды затапіла неба чырвань, Пабеглі цені па вадзе, І ноч ад нас чарнільнай шырмай Адгарадзіла светлы дзень. Сербантовіч.
•••
Чарнільны арэшак гл. арэшак.
Чарнільная душа гл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ох, выкл.
1. Выражае спалох, боль, адчуванне палёгкі і пад. [Маці:] — Ох, і стамілася я за дзень, Толік!.. Пакуль з гаспадаркай управілася ды грубку распаліла, і час непрыкметна прайшоў... Каршукоў. — Ох, божухна мой, божухна, — ніяк не магла маці дрыжачымі ад страху рукамі зашпіліць апошні гузік у .. [Лёнькі] на грудзях. Капыловіч.
2. Ужываецца пры выказванні, якое мае адценне шкадавання, незадавальнення і пад. Ох, паплыў бы я, здаецца, Хмаркі, разам з вамі, Каб на вёску сваю глянуць Нуднымі вачамі. Колас. — Ох, і не любіце вы, дзядзя Міша, спорт! — дакорліва ківаў галавою Смаляк. Паслядовіч. // Ужываецца пры выражэнні здзіўлення, захаплення і пад. Ох, суседка ж у мяне, Дайце ж, людзі, рады! Глянеш — сэрца растае, А я ж ёй не рады. Русак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разле́гчыся, ‑лягуся, ‑ляжашся, ‑ляжацца; пр. разлёгся, ‑ляглася, ‑лося і ‑леглася; заг. разляжся; зак.
Разм.
1. Легчы, свабодна раскінуўшыся, выцягнуўшыся. Сярод гушчарніку пушчы, каля палаючага вогнішча, разлеглася ўся каманда паўстанцаў. Нікановіч. Зіну знайшоў Валодзя, шапнуў бадзёрае: — Зараз пераб’ём фашысту сон, маленькі перапалох устроім, а то разлёгся тут у нас, як дома. Ваданосаў.
2. перан. Заняць вялікую прастору; раскінуцца. Ад Курыльскіх сопак і наўсцяж да Гродна неабдымнай сушай край разлёгся родны. А. Вольскі. Глядзі, вунь зацвітаюць ільны: возера мяккага блакітнага колеру разляглося на даляглядзе. Гамолка. Разляглася вёска Хатамі ў рад. Іверс.
3. Раздацца, далёка пракаціцца. Па лесе разлёгся вясёлы смех. Шчарбатаў. [Толік] .. паставіў касу, утыркнуўшы яе касавільнам у зямлю, узяў у руку мянташку. Жах! Жах! Жах! — звонка разлеглася рэха на поплаве. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саро́ка, ‑і, ДМ ‑роцы, ж.
1. Птушка сямейства крумкачовых з доўгім хвастом і чорным з белым апярэннем. Было ядрана і ціха, толькі недзе ў алешніку сакаталі сарокі — масціліся, мабыць, на ноч. Капыловіч. З вербалозаў пух цягала [чачотка], Не спускала вока, Каб гняздо не абакрала Хітрая сарока. Хведаровіч.
2. перан. Пра балбатлівага, шумнага чалавека. Валодзя нічога не ведаў і пачуў аб гэтым упершыню, але яму не хацелася паказваць, што ён даведаўся пра такую важную навіну пазней за дзяўчынак. І так гэтыя сарокі заўжды ва ўсім наперадзе. Шамякін.
•••
Сарока на хвасце прынесла (жарт., іран.) — пра навіну, весткі, атрыманыя невядома адкуль.
Сарока хвастом замяце — вельмі мала.
Як сарока на калу — круціцца, неспакойна сядзець на сваім месцы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хаця́, злучн. і часціца.
Разм.
1. злучн. уступальны. Падпарадкоўвае даданыя ўступальныя сказы, выступаючы ў значэнні «нягледзячы на тое, што». Няўтульнымі сталі пакоі, хаця мэбля была на месцы. Лынькоў. На перавале на хвіліну спыніліся, каб адпачыць. Цяпер можна не спяшацца, хаця і вечарэла ўжо. Шамякін. / Пры наяўнасці супраціўных злучнікаў у галоўным сказе. Стары Апанас Гарбуз хаця і лічыў сябе набожным, але ў [царкву] хадзіў рэдка. Чарот.
2. часціца ўзмацняльна-вылучальная. Тое, што і хоць (у 5 знач.). — А таварышок, а паночак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго, — загаласіла Рыпіна. Крапіва.
3. часціца ўзмацняльна-абмежавальная. Тое, што і хоць (у 6 знач.). Ад крыўды і голаду моцна засмактала ў .. [Лёнькі] пад грудзьмі: хаця б адну бульбіну з’есці. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шке́льца, ‑а, н.
1. Памянш. да шкло (у 2 знач.); невялікі выраб са шкла. Маша ўбачыла праз шкельцы яе акуляраў, што Іра глядзіць на яе зняважліва і насмешліва. Шамякін. Шкельца гадзінніка запацела ад вільгаці. Капыловіч. // Асколак, частка, кавалак шкла. Народ кінуўся за .. [Ганнаю] ў завулак, пакідаючы сляды на гарачай, як прысак, зямлі, уціскаючы драбнюткія шкельцы ад пабітых акон у асфальт. Гурскі. // перан. Пра тое, што па сваіх уласцівасцях (колеру, бляску, цвёрдасці, празрыстасці і пад.) нагадвае шкло. На .. [дарозе] то там, то тут былі раскіданы серабрыстыя шкельцы лужын, у якія глядзеліся белыя, вымытыя першымі дажджамі хмаркі. Гамолка.
2. толькі мн. (шке́льцы, ‑аў). Разм. Акуляры або пенснэ. Не знайшоўшы, відаць, злога, .. [паэт] зноў надзяваў шкельцы і тады пачынаў мармытаць-абдумваць новыя радкі... Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парва́цца, ‑рвецца; зак.
1. Разарвацца, раздзяліцца на часткі ад нацягвання. Ехала я і марыла: паставяць мяне каля машыны, што сама вяжа панчохі, буду хадзіць між станкоў, глядзець, каб нідзе нітачка не парвалася. Жычка.
2. Разадрацца на часткі, падрацца. Дастаў з камсамольскага білета яе даўняе пісьмо, што некалі ўратавала мяне, яно парвалася на складках, словы пабляклі, а то і выцвілі. Марціновіч. / Пра хмары. Бралася на добрую пагоду: хмара, што ўчора абцягнула сяло, парвалася. Капыловіч.
3. Стаць дзіравым, непрыгодным для носкі; знасіцца. Светлая дзяўчыніна сукенка прыняла дзікунскі выгляд. Блакітныя панчошкі парваліся. Маўр.
4. перан. Спыніцца, скончыцца. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі парвалася. Асіпенка. Аднак сувязь паміж паэтамі не парвалася: часта новаасуджаны нёс у турму некалькі вершаў Танка і знаёміў з імі таварышаў па камеры. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спе́рці 1, сапру, сапрэш, сапрэ; сапром, сапраце; пр. спёр, сперла; заг. сапры; зак., каго-што.
Разм.
1. Знесці, ссунуць з месца што‑н. [Сёмка:] — Зрабі ты найлепшую грэблю, а выльецца вясною вада і сапрэ яе. Колас.
2. перан. Прагнаць з пасады, службы. [Вальдамар:] — Ну, ад жонкі адаб’ешся... Але цяпер не сапрэш Купчына з брыгадзірства. Мыслівец.
3. Украсці. Круціўся хітрым лісам ён [Мікіхвер], Хапаў — І гэта факт! Сапрэ. — і тут жа спісана — І, калі ласка, акт! «Вожык».
спе́рці 2, сапрэ; безас. зак.
Разм. (звычайна ў пр. сперла). Сціснуць, здушыць. У Андрэя сперла ў грудзях, здрадніцкі горкі камяк падпёр пад горла. Асіпенка. Ад хвалявання і крыўды ў Змітрака нешта сперла ў горле. Ваданосаў. Лёнька загрузаў па пахі ў снезе, але бег і бег, пакуль у грудзях не сперла дых. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцішэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць цішэйшым, перастаць чуцца (пра гукі, шумы). Галасы птушак у полі сцішэлі, зоры міргалі ўжо не так выразна. Лупсякоў. / у безас. ужыв. Але ўсюды неяк вельмі сцішэла, як наўмысля. Кулакоўскі. // Стаць нячутным. Галасы немцаў сцішэлі. Фашысцкая лінія абароны засталася ззаду. Новікаў.
2. Супакоіцца, перастаць хвалявацца і пад. На вуліцы .. [Нахлябіч] ужо сцішэў, вельмі ж пасля спаткання з сынам. Чорны. // Спыніць свае дзеянні і пад.; уціхамірыцца. — За апошні час мы трохі сцішэлі, — Алесь таксама сеў. — Усё ж не фельдфебель над галавою. Лягчэй стала жыць. Караткевіч.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшыцца ў сіле, аслабець (пра з’явы прыроды). Дождж, які пачаўся раніцай, трохі сцішэў; у твар палілася халодная, колкая імжа. Капыловіч. // Прыйсці ў стан нерухомасці, спакою. Лясы сцішэлі. Мора сцішэла. // Крыху прыціхнуць (пра боль).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)