хі́жы, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Драпежны (пра жывёл, птушак). Дзве пуначкі звілі гняздо сабе, у скалах выбралі высока месца. Яно адтуль і вецер не саб’е, і хіжы звер туды не дабярэцца. Дубоўка. // Які належыць, уласцівы такім жывёлам. Здымаючы густы нагар Са свечак курадымлівых, Падумаць нат не мог друкар, .. Што будзе столькі добрых кніг Пра глухамань напісана, Дзе звер знакі слядоў сваіх Абнюхваў хіжай пысаю. Барадулін.

2. перан. Які імкнецца да панавання, нажывы; жорсткі (пра чалавека). Хіжы вораг паліць хаты, разбурае гарады. Машара. [Косця:] — А такіх, як яна [Галя], толькі і шукае розная варожая нечысць. І яе знайшоў і прыбраў да рук хіжы і каварны шпіён Станіслаў Гарадзюк. Сабаленка. // Які выражае прагнасць, сквапнасць, жорсткасць. Твар [Касарэвіча] хіжы, драпежны, але на вуснах — усмешка... Навуменка. Да чаго ж я ненавіджу Пахавальны гул арганаў, Служак боскіх погляд хіжы, Шапаточак іх паганы! Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Абла́ва ’аблава (пры паляванні)’ (БРС, Бяльк., Маш., Яруш., Шпіл., КСТ); рус. облава, укр. облава, ст.-рус. облава, польск. obława. Агульнавядомае тлумачэнне да лоў, лавіць гл. Брандт, РФВ, 23, 94, які супраць тлумачэння Міклашыча, 218–219, с.-в.-ням. abelauf ’месца, дзе знаходзіцца затраўлены звер’. Больш верагодна < цюрк. (ст.-цюрк. avla Др. Тюрк., 70) (Дабрадомаў, вусн. паведамл.). Гл. таксама ab abla ’рабіць аблаву на звяроў’ (Др. Тюрк., 3). Параўн. Расянен, 1; Севарцян, 1, 63–64.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ненасы́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якога цяжка накарміць; пражэрлівы. Ненасытны звер.

2. перан. Які не можа здаволіцца дасягнутым, тым, што мае; прагны. Я быў ненасытны ў сваёй творчасці і захапляўся адначасова стварэннем у адной п’есе некалькіх характараў, не падобных адзін на аднаго і процілеглых адзін аднаму. Сяргейчык. Багацелі год ад году Ненасытныя паны, Бо схавалі ад народа Шчасце з Праўдаю яны. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыблу́да, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм.

1. Чужы, не тутэйшы чалавек. — Гэта ваша апошняе слова? — затрос галавою Шлосберг. — Не, — ледзь падняўся Качарга. — Чаго ты сюды прывалокся? Прыблуда! Гурскі.

2. Аб прыблуднай жывёліне. [Воўк] звер скупы і злосны — да логава другога не пусціць і блізка, на прыблуду кідаецца з зубамі — крыві не мінуць. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уя́ва, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і уяўленне. Мая фантазія, уява малявалі ўсё, што я страціў і што мне так хацелася бачыць... Сачанка. Камісар хмурыўся: перад ім, ва ўяве, былі жывыя знаёмыя твары сяброў, — балюча было думаць, што гэтых людзей ужо няма. Мележ. // Напамінак, вобраз, прымета. З сакавіком прыходзяць уявы вясны: зямля, нібы звер, ад зімовае спячкі пачынае прачынацца павольна, але ўпарта. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыві́цца, жыўлю́ся, жы́вішся, жы́віцца; незак.

1. Карміцца, харчавацца. [Родны:] Што ж, тыгр — звер, як звер. Яму так прыродай вызначана — жывіцца мясам. Крапіва. Наступалі голад і смага. Байцы жывіліся жменяй макухі, дзесяткам гарошын. «Звязда». // Здабываць сродкі для існавання. Людзі з трох вёсак займаліся вырабам гонты і гэтым жывіліся. Чорны. Што зарабіць Эльза, шыючы сукенкі пападзянкам, тым толькі і жывілася з бацькамі. Гарэцкі.

2. Забяспечвацца тым, што неабходна для нармальнага існавання, развіцця, дзейнасці. Ірвецца [расток] да святла, расце бясконца І п’е зямлі сыры духмяны сок, І жывіцца магутнай сілай сонца... З. Астапенка. Маторы ў майстэрнях жывяцца электрычнай энергіяй. Шахавец. // перан. Падтрымліваць, узмацняцца чым‑н. (пра разумовую і творчую дзейнасць, псіхічны стан і пад.). [Беларуская] сатыра ўрастала ў народную глебу, жывілася яе сокамі. Казека. У многіх аўтараў паэзія жывіцца ўспамінамі. «ЛіМ».

3. Разм. Атрымліваць для сябе выгаду, карысць; нажывацца, абагачацца. — Не было ў нашым родзе людзей, якія б з чужога мазаля жывіліся. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расхвалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.

1. Прымусіць хвалявацца, зрабіць бурным (пра возера, раку і пад.). Часам уварвецца і сюды вецер, загудзе, завые, як злоўлены звер, але вузкую стужку вады расхваляваць не зможа. Маўр.

2. Прымусіць моцна хвалявацца, непакоіцца; расстроіць. Відаць, успаміны расхвалявалі .. [Рынальда], і некаторы час ён маўчаў. Краўчанка. Максім, намагаючыся здавацца спакойным, каб не паказаць, што гэтыя «паказанні» расхвалявалі яго, нетаропка паклаў паперы на стол следчага. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замо́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца за морам. Даўно заморскія краіны Гукнулі ў вырай журавоў. Бялевіч.

2. Прывезены з-за мора, які прыбыў з-за мора. Заморскія госці. Заморскія тавары. □ За сталом він заморскіх крыніца цякла, Бегла музыка ўкруг на паўмілі. Купала. // Замежны, чужаземны, уласцівы чужым краям. Заморская мода.

3. (звычайна ў спалучэнні са словамі «цуд», «дзіва» і пад.). Уст. Пра што‑н. незвычайнае, нябачанае, дзіўнае. Заморскае дзіва. Заморскіх цуды. Заморскі звер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ке́пска,

1. Прысл. да кепскі.

2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, дрэннае самаадчуванне. Холадна. Вецер па полі гуляе, Вые, як звер, Снег узрывае, нуду наганяе, — Кепска цяпер! Багдановіч. // Пра нястачу, недахоп чаго‑н. — Як вы з дры[ва]мі, дзядзька Малах? — Малах ажыўляецца: — Кепска, браточак мой даражэнькі! Лічаныя паленцы ўжо асталіся. Зарэцкі.

3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі душэўны або фізічны стан. Дзяўчынаньцы кепска стала — стала плакаць ды ўздыхаць. З нар.

•••

Кепска кончыць гл. кончыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытвары́цца, ‑тваруся, ‑творышся, ‑творыцца; зак.

Прыняць на сябе які‑н. выгляд з мэтай увесці каго‑н. у зман; прыкінуцца. Прытварыцца хворым. □ І Юрка Хмялеўскі глядзеў на яго і дзівіўся, што гэты звер і прайдзісвет можа прытварыцца сапраўдным панам. Чарнышэвіч. Матацыкліст узняўся і далажыў афіцэру, што калі ён ляжаў, прытварыўшыся мёртвым, нехта ў яго з рукі зняў гадзіннік. Карпюк. Я прытварыўся, што нічога не ведаю, але тата ўжо здагадаўся, што гэта наша работа, і пагразіў пальцам. Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)