Вільго́та1 ’адліга’ (Яруш., Нас., КТС). Запазычана з польск. wilgota ’макрата, вільгаць, вільготнасць’.

Вільго́та2 ’ільгота, аблягчэнне’ (Нас.); ’выгада’ (карм., Мат. Гом.), перан. ’прыволле, раздолле’ (Юрч.). Укр. вільгота ’ільгота, аблягчэнне’, палес. вильгота ’тс’, рус. вольгота ’вольнае жыццё, воля, вольнасць, аблягчэнне’; ’прастор’; ’вызваленне ад дзяржаўнай павіннасці’. Беларуская лексема ўзнікла з ільгота з прыстаўным в‑. Рускія дыялектныя формы, магчыма, з’яўляюцца вынікам кантамінацыі з лексемай воля. Параўн., аднак (Шанскі, 1, В, 154–155). Украінская лексема, відаць, запазычана з бел. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прэцэдэ́нт, ‑у, М ‑нце, м.

Кніжн. Выпадак у мінулым, які служыць прыкладам або апраўданнем для падобных выпадкаў у будучым. Савецкія людзі не маюць перад сабой гістарычных прэцэдэнтаў, ідуць нязведаным шляхам. «Звязда». // Рашэнне суда або іншага органа дзяржаўнай улады, якое прымаецца за ўзор пры рашэнні аналагічных выпадкаў. Судовы прэцэдэнт.

[Ад лац. praecedens, praecedentis — папярэдні.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пяча́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Тое, што і пячаць; невялікая пячаць. І гэты корч набыў цяпер новае значэнне: гэта быў не проста выварат, а як быццам лорд-ахоўнік дзяржаўнай пячаткі, як гэта заведзена ў Англіі. Колас. На ўсім яшчэ ляжыць вельмі прыкметная жахлівая пячатка вайны. Бугаёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Слу́жачы ‘службовец, чалавек на дзяржаўнай службе’ (ТСБМ). Субстантываваны дзеепрыметнік ад служы́ць < *služiti, параўн. укр. служи́ти, рус. служи́ть, польск. służyć, чэш. sloužili, в.-луж. služić, н.-луж. služyś, славен. slúžiti, серб.-харв. слу́жити ‘быць на службе; абслугоўваць, частаваць’, балг. слу́жа ‘быць на службе; карыстацца, валодаць’, макед. служи ‘быць на службе; абслугоўваць’, ст.-слав. слоужити ‘тс’, якім адпавядаюць літ. slaugýti ‘падтрымоўваць, дапамагаць’, slaugà ‘служба, служэнне’, суадносныя з слуга (гл.). Магчыма, запазычана з рускай мовы, параўн. народнае слуга́чы ‘служка’ (Нас.), якое ў сваю чаргу можна суаднесці з польск. służący ‘тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

акру́га, ‑і, ДМ ‑крузе; Р мн. акруг; ж.

1. Адміністрацыйна-палітычнае, гаспадарчае, вайсковае і пад. падраздзяленне дзяржаўнай тэрыторыі. Нацыянальная акруга. Выбарчая акруга. Вучэбная акруга. Адміністрацыйна-эканамічная акруга. Тэрытарыяльная акруга.

2. Тое, што і наваколле (у 1 знач.). Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Гарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэпарта́мент, ‑а, М ‑нце, м.

1. У царскай Расіі і некаторых капіталістычных краінах — аддзел міністэрства ці іншай вышэйшай дзяржаўнай установы або самастойны орган. Дэпартамент земляробства. Дэпартамент паліцыі.

2. Назва ведамства, міністэрства ў ЗША, Швейцарыі і некаторых іншых дзяржавах. Дзяржаўны дэпартамент.

3. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Францыі. Дэпартамент Сена.

•••

Дзяржаўны дэпартамент — міністэрства замежных спраў у ЗША.

[Фр. dépertament.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ура́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзяржаўнай улады, які ажыццяўляе непасрэднае кіраванне краінай. Савецкі ўрад. Буржуазны ўрад. Рэвалюцыйны ўрад. □ Толькі дзякуючы Саветам удалося ў Расіі тое, што не ўдавалася ні ў адной з еўрапейскіх рэвалюцый, народ вылучыў і даў апору сапраўднаму народнаму ўраду. Ленін. // Члены такога органа. Урад пайшоў у адстаўку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кірава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. кіраваць (у 1, 2 знач.). Кіраванне машынай. Кіраванне дзяржавай.

2. Дзейнасць органаў дзяржаўнай улады. Метады дзяржаўнага кіравання.

3. Сукупнасць прыбораў, пры дапамозе якіх кіруюць машынай, механізмам і пад. Аўтаматычнае кіраванне.

4. Сінтаксічная сувязь, якая выражаецца ў тым, што адно слова патрабуе пасля сябе дапаўнення ў пэўным склоне. Дзеяслоўнае кіраванне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чыно́ўны, ‑ая, ‑ае.

Уст.

1. Які мае які‑н. чын або служыць на дзяржаўнай службе. У нашым пасёлку жылі пенсіянеры-чыгуначнікі і іншы чыноўны люд, выгнаны імперыялістычнай вайной з заходніх раёнаў і іншых далёкіх мясцін. Навуменка.

2. Які мае адносіны да чыноўніка (у 1 знач.). Да 1905 года легальны друк у Расіі цалкам залежаў ад чыноўнай бюракратыі. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падключы́цца, ‑ключуся, ‑ключышся, ‑ключыцца; зак.

Далучыцца да сістэмы забеспячэння электрычнасцю, газам і інш. Клуб, як і ўсё сяло, асвятляўся электрычнасцю, — нядаўна заракітнянцы падключыліся да дзяржаўнай кальцавой высакавольтнай лініі. Краўчанка. // перан. Разм. Уключыцца ў работу, прыняць удзел у чым‑н. — Вядома, крыху шкодзілі немцам.. Сыпалі пясок у буквы, псавалі тармазы. Адзін раз развінцілі рэйкі, скінулі цягнік. Пачалі старыя рабочыя, потым моладзь падключылася. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)