Кашала́ ’верх воза, сам воз’ (Касп.), кашала́ ’кош’, кашалы́ ’высокія драбіны ў возе, воз з такімі драбінамі’ (Сл. паўн.-зах., 2). Гэтыя бел. словы можна рэканструяваць як *košela, што з’яўляецца вытворным ад *košm ’карзіна’ пры дапамозе суф. ‑ela. Суфіксальная частка тут вельмі варыятыўная, так што ўсе вядомыя выпадкі можна прадставіць як *košelъ/*košela/*košelь. Праблематыка суфіксальнай варыянтнасці ўскладняецца яшчэ тым, што сустракаюцца таксама выпадкі іншага вакалізму ў суфіксах (параўн., напр., польск. koszałka). Падрабязна гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 187–189.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Магільнік 1 ’агатка, Antennaria dioica Gaertn.’ (маг. Кіс., Дэмб. 1). Да магі́ла (гл.). Утворана пры дапамозе суф. ‑нік. Матывацыя: расліна любіць высокія, сухія мясціны, якой і з’яўляецца могільнік. Іншыя назвы гэтай расліны таксама звязаны з паняццем ’сухата’: сухотнік палявы, сухапут.
Магільнік 2 ’братаўка лясная, Melampyrum silvaticum L.’ (маг., Кіс.). Да магі́ла (гл.). Матывацыя: росшы ў жыце, гэта расліна, якая мае цёмнае насенне, рабіла хлеб цямнейшым, а змяшчаючы ў сабе ядавітыя гліказіды, была шкоднай і небяспечнай для здароўя, што магло прыводзіць да смерці.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ма́кавіна, ‑ы, ж.
1. Адно сцябло маку. Улева адразу гарод: белыя галовы качаноў і па баках сцежкі, што ідзе ў гумно, высокія макавіны. Галавач.
2. Адно зярнятка маку.
3. Галоўка маку, макаўка.
4. Вершаліна, верхавіна (у 1 знач.). Глуха гулі макавіны соснаў; з кароткімі прыпынкамі гукаў у глыбіні лесу дзяцел. Савіцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сці́рта, ‑ы, ДМ ‑рце, ж.
1. Вялікі стог сена, саломы або снапоў збожжа і пад., прызначаны для захавання пад адкрытым небам. Непадалёку ад кароўніка ўзвышаліся вялізныя сцірты сена — запасы на зіму. Паслядовіч. Сцірты саломы, падобныя на высокія пясчаныя курганы, адзначалі месцы палявых такоў. Хадкевіч. [Жанчыны] падышлі да льняной сцірты і пачалі памалу брацца за работу. Гроднеў. [Стары Юстынь] уклаў у сцірту апошні сноп, і калі разагнуўся — пацямнела ўваччу. Чарнышэвіч.
2. Куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін. Жаўцеюць высокія сцірты дошак, брусся, апілаваных плашчакоў. Бялевіч. Сцірты сухой цэглы былі складзены на груд[зе] перад вёскай. Чорны. На дрывотніку ляжала сцірта толькі што наколаных дроў. Хведаровіч.
3. Складзены ў штабялі тавар. Гарэлі побач сцірты мяшкоў са збожжам на адкрытай платформе. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
замані́ць, ‑маню, ‑маніш, ‑маніць; зак., каго-што.
1. Прыцягваючы чым‑н. увагу, заставіць прыйсці, апынуцца дзе‑н.; завабіць. Заманіць ваўка ў пастку. □ Каб як-небудзь заманіць карову ў двор, мая маці вынесла з хаты ражку лушпаек. Сачанка.
2. Прывабіць, захапіць, зачараваць. Заманілі Даніка і гэтыя высокія бярозы, і прыгожыя дарожкі вакол школы. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
руды́, ‑ая, ‑ое.
Рыжа-карычневы. І ўсё ў гэтым чалавеку было рудым — і яркая каўбойка і калматая чупрына, і густыя калючыя бровы. Лынькоў. Хлопцы ўбачылі, як вялікая рудая вавёрка ледзь справілася ўскочыць на тоўстую елку. Ваданосаў. Па берагах канала ляжалі высокія бясформенныя груды рудой балотнай зямлі. Краўчанка.
•••
Загінуў як рудая мыш гл. загінуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзы́нкаць і дзі́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Утвараць высокія звінючыя гукі (пра шкло, метал, насякомых і пад.). Рыдлёўка глуха совалася ў зямлю, шоргалася, дзынкала аб каменне. Бядуля. Гулі і дзынкалі пчолы ў густым вецці прысад і ў пышных кветніках. Грахоўскі. На высокай лясной жоўтай мятліцы пад сонцам дзінькаюць мухі, трымціць павуціна. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пані́ч, ‑а, м.
1. Сын пана; малады пан. Даўно схавалі ў склепе пана, паніч стаў за гаспадара. Дубоўка.
2. Разм. Спешчаны чалавек; беларучка. — Збераце камсамольскі сход.. Каго-каго, а разбэшчаных панічоў трэба караць. Карпаў.
3. толькі мн. (панічы́, ‑о́ў). Абл. Тое, што і павой. Па-ранейшаму цвілі пад вокнамі чырвоныя вяргіні, высокія панічы. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тварэ́ц, ‑рца, м.
Той, хто стварае матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Шыпіць дарога, пахне ветрам. Хвала тварцам такіх дарог! Панчанка. Сягоння на Ўкраіне вялікае свята: У дзень гэты радзіўся тварэц «Кабзара». Купала. Бетховен, як тварэц, не толькі паказаў вастрэйшую сацыяльную барацьбу свайго часу, але і даў усяму свету высокія ідэалы чалавечнасці і сапраўднай свабоды асобы. Шырма.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
барацьбі́т, ‑а, М ‑біце, м.
Удзельнік барацьбы за што‑н. Барацьбіты падполля. □ У спіс барацьбітоў за мір і я Сваё імя паставіць права маю. Зарыцкі. // Актыўны дзеяч, змагар за распаўсюджанне новага, перадавога. Ударнік — барацьбіт за высокія тэмпы, за беззаганную якасць работы. Шынклер. Песенны голас паэта .. ўздымаецца да голасу барацьбіта, у якога ёсць пэўная мэта і ваяўнічы запал. Хведаровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)