узлі́ць, узалью, узальеш, узалье; узальём, узальяце і ‑лью, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; пр. узліў, ‑ліла, ‑ло; заг. узлі; зак., што і чаго.

Разм. Лінуць якую‑н. вадкасць па паверхню чаго‑н. Узліць масла на скавараду. □ Пра свае забыўшы мукі, Усхапілася [Кацярына] тады. Кубак трапіўся пад рукі, Узліла на твар вады. Броўка. Хлапчукі, зачарпнуўшы ў рэчцы конаўку вады, узлілі на вогнішча і паварушылі яго альховымі дубцамі. Ус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аха́пак, ‑пка, м.

Такая колькасць чаго‑н., якую можна панесці, абхапіўшы дзвюма рукамі; абярэмак. Непадобна было, што і.. [Лінкевіч] часам нёс дадому ахапак калгаснай саломы ці канюшыны, а траплялася — і сноп. Дуброўскі. Толя ідзе да вогнішча з маленькай сякерай у руцэ і з ахапкам сушняку. Брыль. Калі паліцэйскі завярнуў на другі бок саставу, чыгуначнік з сілай адсунуў дзверы ў вагоне, схапіў у ахапак Валодзю і кінуў яго туды. Данілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

го́йсаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і гайса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Хутка і мітусліва рухацца, перамяшчацца ў розных напрамках. Ашалелы ад страху статак гайсаў па лужку. «Работніца і сялянка». Дзятва гойсала, кугікала і круцілася ля вогнішча. Каваль. // Раз’язджаць, бегаць у пошуках каго‑, чаго‑н. Гендарсан гайсаў на сваёй кабыле па вёсках, шукаў работніц капаць бульбу. Чарнышэвіч. // Хадзіць, бегаць дзе папала без пэўнай мэты. Ты ж тут не гойсай па вуліцы, а вучыся добра.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўзна́к, прысл.

1. Непрыкметна. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак. Купала. Малашкін трымаў аловак у правай руцэ, стукаў па стале няўзнак і пры гэтым крывіўся. Пестрак.

2. Хоць бы што, неўзаметку. Бывае часам стомішся, аднак пагрэешся ля вогнішча і зноўку каменні на шляху табе няўзнак. А. Вольскі. Няважна, што цэлы тыдзень я буду есці нішчымныя крупы і бульбу, гэта няўзнак. Скрыган.

3. Выпадкова, ненаўмысна. — Не шкадуеце, што пайшлі? — жуючы маласольны агурок, быццам няўзнак, спытаў у мяне доктар. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́параць, ‑і, ж.

Шматгадовая травяністая расліна аддзела папарацепадобных з буйнымі рассечанымі або складанымі лістамі, якая расце ў цяністых вільготных месцах. Стаяла чэрвеньская ноч, калі ў буйнай квецені красуе зямля, поўніцца сокамі лісцяны змрок лесу і ў цішыні ночы чуваць, як распраўляе малады ліст зялёная папараць, атрасаючы з сябе засохлую ігліцу. Лынькоў. // у знач. зб. Кусты, зараснік такой расліны. [Начлежнікі] ехалі на ўсю ноч, каб, абсеўшы зыркае вогнішча, слухаць таемныя гукі і галасы лесу, густа зарослага лапушной папараццю... Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пацве́рдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што і без дап.

Прызнаць правільнасць чаго‑н. (зробленай раней заявы, сказаных слоў і пад.). Старшы дзедаў сын Максім, нахмураны і сур’ёзны, панура пацвердзіў Панасавы словы. Колас. Усе пацвердзілі тое, што паведаміў Крук. Кавалёў. // Запэўніць, пераканаць у верагоднасці чаго‑н. Малашкін пацвердзіў, што Гусак злоўлены, але яшчэ знаходзіцца ў вобласці. Пестрак. // З’явіцца доказам правільнасці чаго‑н. І дзед прыглядаўся да зямлі, як бы шукаў даўнейшага вогнішча, каб пацвердзіла яно яго праўду. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пага́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. пагас, ‑ла і пагаснуў, ‑нула; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перастаць гарэць, свяціць, свяціцца; затухнуць. Ліхтар пагас. Пагасла святло. □ Выгарала датла і пагасла вогнішча. Бажко. // Перастаць адлюстроўваць, адбіваць. Сонца схавалася за ўзгоркам, пагаслі шыбы. Шамякін.

2. перан. Страціць бляск, жвавасць (пра вочы, позірк і пад.). Позірк пагас. □ «Грозныя» аганькі ў Маніных вачах пагаслі. Пестрак. // Страціць настрой, стаць абыякавым. Вейкі ў Лёдзі ўздрыгнулі, і яна быццам пагасла. Карпаў.

3. перан. Знікнуць; аслабець. Не, не пагасне ніколі — Ленінскай праўды святло. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рагу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

1. Разм. Памянш. да рагуля (у 1 знач.); невялікая рагуля (у 1 знач.). Другое вогнішча Коля Булкін расклаў для кухараў, паставіў рагулькі, на іх павесілі кацялкі. Жычка.

2. Памянш.-ласк. да рагуля (у 2 знач.). — Хутка на пашу пойдзеце, рагулькі, — прамовіла Таццяна, быццам каровы маглі разумець яе. Марціновіч.

3. Спец. Прыстасаванне ў прадзільных машынах, якое дае ніцям вярчэнне і накіроўвае іх на шпульку.

4. толькі мн. (рагу́лькі, ‑лек). Род аднагадовых і шматгадовых травяністых раслін сямейства казяльцовых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бо́ўтаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Рухаць чым‑н. у вадкасці; мяшаць, перамешваць што‑н. вадкае; плюхаць. Ціха ля агню, толькі трашчыць вогнішча ды ў лозах у вадзе, што злецілася, боўтае рыба. Пташнікаў. На ім [ўслоне] стаяла дзежка цеста, І апалонік то і дзела Па дзежцы боўтаў жвава, смела. Колас. Лыжкаю, якую бывалыя рукі лыкам прывязалі да галінкі, .. [Пархвеныч] боўтае ў вядзёрку, збірае накіп з юшкі. Накіпу ўжо і няма, а ён усё боўтае ды боўтае лыжкаю. Карамазаў.

2. чым. Рабіць рухі чым‑н. звешаным. Падлубны ціхенька пасвістваў, боўтаючы нагамі пад лавай. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даўне́йшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. даўні.

2. Які меў месца, адбыўся некалі, даўней, задоўга да цяперашняга моманту; мінулы. Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча, нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду. Чарот. Усе даўнейшыя сваркі забыліся. Скрыган. // Які існуе здаўна, з даўняй пары. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай, .. але ў вачах захавалася тая ж глыбокая, даўнейшая туга. Нікановіч.

3. у знач. наз. даўне́йшае, ‑ага, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Я часта ўспамінаў цябе, даўнейшае, і як гулялі разам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)