По́лаз1 ’дэталь саней, полаз’ (ТСБМ, ТС), полозінец ’след ад палазоў’ (Сл. Брэс.), палазо́к ’дэталь плуга, якая слізгаюць па зямлі’ (Сл. ЦРБ). Укр. по́лоз ’полаз’, рус. по́лоз ’полаз’, ’санны след’, польск. płoza ’полаз’, płóz ’частка плуга, якая слізгаюць па зямлі’, чэш. plaz ’тс’, славен. plaz, серб.-харв. плаз ’частка плуга’, балг. плаз ’полаз; частка плуга’. Прасл. *polzъ, і.-е. корань *polgʼ‑ (Чарных, 2, 53). Фасмер (3, 314) прыводзіць роднаснае англа-сакс. fealg ’вобад, барана’, ст.-в.-ням. fëlga ’тс’. Анікін (Этимология–1980, 44, 48) выключае магчымасць сваяцтва з герм. *felgō ’вобад’, і, зыходзячы з семантыкі ’след’, якая развілася з першапачатковага значэння ’паўзці’, прапануе іншыя адпаведнікі: герм. *fulg‑ ’рухацца ўслед’, англ.-сакс. folgian, fylgan ’рухацца ўслед, ззаду’, follow ’ісці ўслед, суправаджаць’, ням. folgen ’тс’; рэканструяваныя і.-е. *pelgʼh‑/*polgʼh са значэннем ’паўзці, слізгаць’ з далейшым развіццём семантыкі ў асобных індаеўрапейскіх мовах (’паўзці, слізгаць’ > след’ > ’ісці па следзе’ > ’рухацца ўслед’), якія маюць надзейную паралель у сям’і слоў, што групуюцца вакол і.-е. кораня *(s)leigh‑/*(s)loidh‑/*(s)lidh‑ ’слізгаць’, параўн. прасл. *slědъ, *slěditi, *slědovati. Гл. яшчэ паўзці.

По́лаз2 ’крыло брадніка’ (КЭС), палазэ ’рыбалоўная крыга’ (ЛА, 1). Называецца так паводле падабенства: прылада складаецца з двух палазоў, за якія яе цягнуць па дне, параўн. іншую назву гэтай прылады — сані (ЛА, 1). Да полаз1 (гл.).

По́лаз3 ’неядавітая змяя сямейства вужоў’ (ТСБМ), ’капрызная асоба’ (Юрч. СНС). Укр. по́лоз, плазу́н, рус. по́лоз ’тс’; польск. płaz ’земнаводнае’. Банькоўскі (2, 621) лічыць біблейскім багемізмам са ст.-чэш. plaz, чэш., славац. plaz ’тс’. Прасл. *polzъ, ідэнтыфікуецца з полаз1 (гл.), Фасмер, 3, 314.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паўзці́, драг. поўзтэ́ ’павольна перамяшчацца па паверхні, рухаючыся ўсім целам, на жываце, на карачках; слацца па паверхні, чапляючыся за што-н.’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. повзти́, рус. ползти́, польск. pełzać, pełznąć, чэш. plazit se, plznouti, славац. plaziť sa, славен. pólzati ’паўзці’, plȇzati ’узбірацца’, polzéti ’коўзацца’, pláziti ’датыкацца, кратаць што-н.’, серб.-харв. пу̏зати, пу́зити, макед. ползи, балг. пълзя́, пле́зя, ст.-слав. плъзати, плъзати, плѣсти, плѣсти. Прасл. pьlzti (polzíti sę, pelzati) < і.-е. *pel‑g̑h‑/*polg̑h‑/*pḷg̑h‑, якія маюць іншыя варыянты гэтага кораня: *plou̯‑ (ст.-слав. плоути ’плыць’, літ. plústi ’паплыць’, ст.-інд. plávate ’плыве, ляціць’) і з суфіксам ‑g‑ *plou̯g‑ (прасл. plugъ ’плуг’, чэш. plouhati ’цягнуць па зямлі’, ст.-польск. płużyć ’швэндацца’). І.‑е. варыянты *pel‑g̑h‑/*pleu̯‑gh‑ адлюстраваны ў формах: прагерм. felgan/flogan (ст.-англ. fielg, ст.-в.-ням. felga ’ўзаранае поле’, ’барана’ — бел. паўзу́ха ’плуг’, ст.-ісл. fliugą ’ляцець’ і інш. — гл. В. Мартынаў, Лекс. взаим., 175–178). Беручы пад увагу семантычную прыкмету ’слізганне па паверхні, пакіданне следу’, Анікін (Этимология–1980, 41–49) суадносіць прасл. pelz‑/polz‑/pьlz‑ з герм. *fulge‑ ’ісці ўслед’, ’ісці па следу’ < ’след’ < ’паўсці, коўзацца’ і з кельц. (брыцк.) *olg(os) ’след, ісці па следу’, новабрэтонск. heul ’вынік, працяг’, кімрск. ol ’след, тыл’, olaf ’апошні’. Сюды ж паўзу́н ’дзіця, якое яшчэ не ходзіць, а толькі поўзае’ (ТСБМ, Нас.), ’земляная жаба’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’вазон’ (раг., Мат. Гом.), ’бярозка палявая, Convolvulus arvensis L.’ (Касп.), ’плывун’ (швянч., Сл. ПЗБ), паўзун палявы, кам. пувзу́н ’вязель стракаты, Coronilla varia L. (брэсц., гродз., Кіс.; Выг.), паўзу́ха ’павітуха, Cuscula L.’ (шум., Сл. ПЗБ), паўзу́чік ’гарлянка. Ajuga reptans L.’ (петрык., Мат. Гом.), паўзунцы ’вазон’ (Ян.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плячо, плечо́, плечэ́, плічо́, плычэ́, плечко́, плы́чко, плячу́к, пляча́к, пле́чухна, пле́чы, плэ́чэ, плэ́чы ’частка тулава ад шыі да рукі’, ’частка рукі да локцевага сустава’, лудз. ’частка тулава каня вакол шыі’; плечы ’спіна’, ’лапаткі’, ’верхняя частка спіны’, ’задняя частка вопраткі паміж двума рукавамі’, ’падкладка ў кашулі’, ’ватныя плечыкі ў вопратцы’, ’пройма рукава’ (ТСБМ; Нас.; Бес.; Шат.; Сл. ПЗБ; ашм., Стан., Бяльк., Сцяц.; Сцяшк. Сл.; Сцяшк. МГ; ТС; Клім.; З нар. сл.; Ян.), сюды ж плячкі́ плечы’ (латг., Нар. сл.), навагр. плячу́к ’шво на плячы’; (тамсама); пле́чы ’тарэц, зад’ (ТС), пле́чыкі ’спінка ў ложку’ (бых., ЛА, 4), плэчувы́й стовб ’шула’ (драг., Нар. лекс.), плячны́й ’прызначаны на плечы’ (чэрык., Мат. Гом.), плячы́сты (ашм., Стан.), плячэ́ць ’раздавацца ў плячах’ (Нар. Гом.). Укр. плече́ ’плячо’, ’шула’; рус. плечо, дыял. плеча́ ’плячо’, ’пярэдняя чвэрць тушы барана, цяляці’; пле́чко ’частка рукі ад пляча да локця’, стараж.-рус. плече; польск. plec, plecy ’спіна’, ’спінка ў вопратцы’, plece ’лапатка’; палаб. plicě; н.-луж. placo ’шынка’, ’сцягняк’, в.-луж. pleco ’тс’, чэш. plec, plece, мар. дыял. pľeco, славац. plece ’плячо’, славен. pléče, серб.-харв. пле̏ће, макед. пле́ки, балг. плещи́, пле́щи, ст.-слав. плеште ’плячо’, плешти ’спіна’, перан. ’крылы’. Прасл. *pletʼe (Бязлай, 3, 52; Махэк₂, 457), *pletje (Банькоўскі, 2, 602; БЕР, 5, 351; Борысь, Czak. stud., 64); калі ж улічыць рус. пле́ко ’плячо’, белоплёкий ’белакрылы’, подоплёка ’падкладка’, зыходнай формай можна было б лічыць *plekti̯‑ і параўноўваць з лат. plęcs ’плячо’, літ. plókščias ’плоскі’, ст.-грэч. πλάξ, Р. скл. πλακός ’горная раўніна’, ст.-ісл. flá ’ўступ стромай скалы’, лац. placidus ’роўны’ (Фасмер, 3, 281), а таксама з ірл. leithe ’лапатка’, літ. plė̃sti ’рассцілаць’, platùs ’шырокі’. Гл. таксама Міклашыч (250). Фрэнкель (581 і 606), Траўтман (225), Голуб-Копечны (227).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)