адкры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Тое, што і адчыніць. Адкрыць акно. Адкрыць шафу. □ Міхась адкрыў сундук і хутка знайшоў там, на дне, хімічны карандаш. Якімовіч. // Распячатаць, разарваць. Хвіліну.. [Маша] паглядала на канверт, не адважваючыся адкрыць, затым хутка разарвала яго і, нічога не гаворачы, упілася вачыма ў пісьмо. Мележ. // Адаткнуць што‑н., адкаркаваць. Адкрыць бутэльку. // Пакруціўшы, павярнуўшы кран, клапан і пад. пусціць у дзеянне што‑н. Адкрыць ваду. Адкрыць газ. // Расплюшчыць (пра вочы). — Што такое? Якое данясенне? — раптоўна адкрыў вочы Перапечкін і паспрабаваў падняць галаву. М. Ткачоў. // Агаліць, зняўшы што‑н. зверху. Стала горача, і Іван адкрыў галаву. Чарнышэвіч.

2. Даць шырокія магчымасці для развіцця чаго‑н. Ты [партыя] у людзі нас вывела, родная, Нам адкрыла прасторы жыцця. Непачаловіч.

3. Арганізаваць, стварыць што‑н. і абвясціць пра пачатак дзейнасці яго. Адкрыць завод. Адкрыць яслі.

4. Паслужыць пачаткам чаго‑н.; пачаць што‑н. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла новую эру ў гісторыі чалавецтва. Адкрыць тэатральны сезон.

5. Абвясціць пра пачатак пасяджэння, вечара і пад. Адкрыць сход. □ Усе з нецярплівасцю чакалі, калі дырэктар школы адкрые вечар і раскажа аб жыцці дзеда Ягора. Скрыпка.

6. Заўважыць, знайсці ў выніку экспедыцыі або навуковага даследавання нешта зусім новае або даўно забытае. Пры дапамозе мікраскопа былі адкрыты мікраарганізмы. □ Калі заўважыў Архімед Між з’яў цікавую прыкмету, Яе ён вывучыў як след — Адкрыў закон, вядомы свету. Непачаловіч. Калумб, караблі правёўшы Праз акіян свае, Адкрыў Амерыку, — Новым Назваўшы светам яе. Куляшоў. // Выявіць наяўнасць, існаванне чаго‑н. шляхам даследавання. Адкрыць радовішча алмазаў. □ [Дзянісаў:] — Палёт на Месяц — гэта выдатна! Ён дапаможа нашай навуцы адкрыць многа новага, пашырыць яе гарызонты. Гамолка.

7. Зрабіць вядомым тое, што доўгі час скрывалася, утойвалася, было невядомым; раскрыць. Адкрыць сакрэт. □ Адкрыла маці дачцэ сваю тайну, праўду аб тым, хто яе бацька. Колас. Вялікія справы, роўныя чалавечаму лёсу, кранулі.. [Марыну] і адкрылі перад яе маладой душой свае таямніцы. Чорны.

8. Заўважыць у кім‑, чым‑н. невядомыя да гэтага здольнасці, якасці. [Аркадзь:] — А я, брат, пад старасць раптам «адкрыў» у сабе талент. Васілевіч. Г.А. Ціхаў адкрыў здольнасць папараці выпраменьваць інфрачырвоныя прамені. Матрунёнак.

•••

Адкрыць агонь — ваенная каманда пачаць страляць.

Адкрыць лік — а) у спорце — атрымаць першае ачко ў сваю карысць; б) дамагчыся першага баявога трафея.

Адкрыць рахунак — а) пра ўкладчыка: зрабіць уклад у банк; б) пра банк: пачаць выдаваць грошы па рахунку.

Адкрыць Амерыку — сказаць, аб’явіць тое, што даўно вядома.

Адкрыць вочы каму — дапамагчы каму‑н. убачыць, уразумець праўду пра каго‑н., паказаць сутнасць каго‑, чаго‑н.

Адкрыць дзверы куды — даць свабодны доступ.

Адкрыць (раскрыць) душу (сэрца) — шчыра расказаць пра свае думкі, пачуцці каму‑н.

Адкрыць рот — пачаць гаварыць; выказвацца.

Адкрыць свет — зрабіць чыё‑н. жыццё радасным, шчаслівым.

Адкрыць сэрца — прызнацца ў каханні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зняць, зніму, знімеш, зніме; пр. зняў, зняла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Дастаць, узяць зверху ці з паверхні чаго‑н. (тое, што ляжыць, вісіць, стаіць на чым‑н.). Зняць тэлефонную трубку. Зняць паліто з вешалкі. □ Дзед урачыста зняў са сцяны стрэльбу. Лынькоў. // Адняць, прыняць (тое, што ляжыць, вісіць, стаіць на чым‑н.). Зняць каструлю з агню. □ Ніна па-гаспадарску зняла .. нябачную пушынку з.. пінжака. Шыцік. // Аддзяліць, адчапіць што‑н. замацаванае, пасаджанае дзе‑н., на што‑н. Зняць кола з восі. / Пра судна. Зняць карабель з мелі. // Прыбраць, знесці што‑н. часова пабудаванае, непатрэбнае. Зняць рыштаванні. Зняць апалубку з падмуроўкі.

2. Здзець тое, што было апранута, завязана; вызваліцца ад якога‑н. адзення, покрыва і пад. Зняць шапку. Зняць павязку. □ Рыгор як зняў паліто, так і стаяў з ім, забыўшыся павесіць. Гартны. // Разм. Грабячы, раздзець.

3. Спыніць дзеянне чаго‑н.; адмяніць. Зняць блакаду. Зняць судзімасць. □ — Я тады набралася гора, пакуль не з’явіўся сам гэты хлопец і не папрасіў зняць абвінавачванне, бо ён памыліўся. Чорны. // Вызваліць, збавіць сябе ад чаго‑н. (звычайна ад таго, што непакоіць, прыгнятае). Зняць з сябе віну.

4. Сабраць, садраць, зрэзаць тое, што пакрывае якую‑н. паверхню ці з’яўляецца верхнім слоем чаго‑н. Зняць вяршкі. Зняць кару з дрэва. □ Цяжка было цягнуць .. [барсука], а яшчэ цяжэй зняць скуру тымі прыладамі, якія былі ў хлопцаў. Маўр.

5. Сабраць пасля паспявання (збажыну, плады, агародніну). Зняць ураджай. □ У сонечны дзянёк харошы Плады зняў з яблынь гаспадар. Непачаловіч. // Спец. Атрымаць (прадукцыю) у выніку вытворчага працэсу. Зняць як можна больш дэталей з кожнага станка.

6. Адклікаць з якой‑н. работы, заняткаў (звычайна для іншай работы, заняткаў). Зняць жней з поля і паслаць на стагаванне сена. // Адвесці, перавесці з якога‑н. паста, пазіцыі, фронту і пад. Гвардзейскі полк па загаду Стаўкі знялі з Заходняга фронту і спехам перакінулі ў сталіцу. Сабаленка.

7. Забіўшы, звязаўшы і пад., абясшкодзіць, пазбавіць магчымасці дзейнічаць. Учора перад усходам сонца падпольшчыкі знялі патруля і ўзарвалі чыгуначны мост. Баранавых.

8. Вызваліць ад работы, звольніць з пасады. Зняць з работы. □ Праўленне зняло Шаройку з пасады брыгадзіра. Шамякін.

9. Адмовіцца ад чаго‑н. (вылучанага, прапанаванага); адмяніць, аб’явіць несапраўдным. Зняць кандыдатуру. Зняць сваю прапанову. □ Рэвалюцыя 1905 года зняла забарону з друкаванага беларускага слова. Юргелевіч.

10. Дакладна аднавіць, скапіраваць, пераносячы на што‑н. (памер, формы, аб’ём, змест і пад.). Зняць мерку. Зняць копію з дакумента.

11. Адлюстраваць на фота- ці кінаплёнцы; сфатаграфаваць. — Зараз мы выпусцім Эму і бегемота Рану, каб таварыш фотакарэспандэнт зняў іх, — сказаў.. той, у акулярах, прымаючы з Кірылкавых рук клетку. Даніленка. // Стварыць (кінафільм).

12. Узяць у наймы. — Вось кватаранта мне прыслалі. Хоча зняць у мяне пакой. Карпаў.

13. Перакласці верхнюю частку стасаваных карт уніз перад раздачай іх ігракам. Зняць калоду.

14. Спыніць дзейнасць каго‑, чаго‑н., выключыць адкуль‑н. Зняць каманду са спаборніцтваў. Зняць устарэлую марку машыны з вытворчасці. // Спец. Лічыць больш не падлягаючым чаму‑н.; пазбавіць чаго‑н. Зняць з забеспячэння. Зняць свіней з адкорму.

•••

Зняць галаву каму, у каго — а) забіць, адсячы галаву; б) сурова пакараць.

Зняць з уліку — перастаць лічыць у складзе якой‑н. установы.

Зняць (скінуць) маску — паказаць сваю сапраўдную сутнасць; перастаць прыкідвацца кім‑н. ці якім‑н.

Зняць падрад — наняцца, падрадзіцца зрабіць што‑н.

Зняць шапку перад кім — выказаць сваю павагу каму‑н.; пакланіцца.

Зняць швы — падрэзаць і выцягнуць ніткі з краёў зашытай раны.

Зняць шкуру (сем шкур) — тое, што і спусціць шкуру (гл. спусціць).

Як рукой зняло што — раптоўна прайшло, знікла бясследна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рад 1, ‑у, М ‑дзе; мн. перада, ‑ду; м.

1. Пярэдняя частка чаго‑н.; проціл. зад. Звер.. быў незвычайнае велічыні. Асабліва вялікай была яго галава і наогул увесь перад. Колас.

2. Тое, што і перадок (у 2 знач.).

3. звычайна мн. (перады́, ‑оў). Частка абутку, што ахоплівае верх ступні.

пе́рад 2, прыназ. з Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «перад» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца для вызначэння месца на невялікай адлегласці наперадзе каго‑, чаго‑н. Крыловіч стаяў перад картай раёна, што вісела на сцяне, каля акна. Шамякін. Цягнік прыпыніўся на хвіліну на невялікай станцыі, апошняй перад гарадком. Лынькоў. Па дарозе перад грузавікамі паўзлі доўгія снапы святла, а за імі, нібы даганяючы, беглі чырвоныя агеньчыкі. Грахоўскі. Папас абапёрся локцямі на стол і пазірае перад сабою на чысты, выбелены абрус. Галавач. [Зоська:] Што б там перад вамі ці за вамі ні рабілася — не аглядайцеся назад. Купала. // Уперадзе, побач з кім‑, чым‑н. і ў прысутнасці каго‑, чаго‑н. Аб’явіць падзяку перад строем. □ Ужо адтуль .. [Люба] чула, як выйшаў з хаты Стафанковіч, як падышоў аднекуль гаспадар і цешыўся перад Стафанковічам. Чорны. Праўда, наш Сымон Таўкач гаварыў, што мужык той быў чуць не сацыяліст: панскую кабылу назваў брыдка і земскага калісь дурнем злаяў перад соцкім. Колас.

Аб’ектныя адносіны

2. Ужываецца пры вызначэнні асобы ці прадмета, якія знаходзяцца насупраць каго‑, чаго‑н. і да якіх накіроўваецца чыя‑н. увага або якое‑н. дзеянне. Пакланіўся сын уважна Перад маці і сябрамі. Броўка. — А ты хацеў бы, каб я лістам слалася перад табою? Колас.

3. Ужываецца для абазначэння непасрэднай блізкасці адносін да каго‑н., якога‑н. факта, з’явы. І калі перад намі пісьменнік з іскрай мастацкага таленту, то ці можа ён абысці моўчкі хоць бы некаторыя тыповыя з’явы сучаснага яму грамадскага жыцця? Майхровіч. Квяцістыя шырокія дарогі Каберцам перад намі ў свет ляглі, Заранкі сцелюць промені пад ногі Па ўбранай пасвяточнаму зямлі. Купала. Перад вамі, дзеці, Скрозь яснеюць далі. Крапіва. // Ужываецца пры вызначэнні адносін да каго‑н., якога‑н. уяўлення, палажэння, пытання і г. д. Паставіць пытанне перад слухачамі. □ І чым вышэй мы ўзнімаемся, чым больш з кожным днём расцём, тым шырэй вырысоўваюцца перад намі нашы перспектывы і магчымасці, тым больш цвярдзей паўстаюць перад намі нашы задачы і тым больш мы адчуваеш патрэбу моцнага прытоку новых літаратурных сіл. Чорны.

4. У прысутнасці каго‑, чаго‑н. і адначасова дзеля яго. Выхваляцца перад усімі. □ Гэты парадак вядзе да павышэння адказнасці Саветаў і дэпутатаў перад выбаршчыкамі і аблягчае працоўным ажыццяўленне кантролю за іх дзейнасцю. «Весці». Ціхай ранічкай, да сонца, Хлопчык выбраўся з двара, Ідзе ён у свет бясконцы Пашукаць таго дабра, Каб змяніць свой лёс паганы, Новым спосабам зажыць, Каб увагі і пашаны Перад ёю [Ганнай] заслужыць. Колас.

5. Ужываецца пры вызначэнні асобы або прадмета, у адносінах да якіх выяўляецца якая‑н. прымета, стан ці пачуццё. Дрэнна .. [Маша] адчувала сябе перад людзьмі. Шамякін. І раптам з’явілася ў Захара Зынгі патрэба стаць блізкім гэтаму панураму чалавеку, выявіць перад ім якую-небудзь шчырасць. Чорны. Злачынства яго перад Пасцяй вырасла непамерна, і хлопец зусім страціў галаву. Колас.

6. У параўнанні з кім‑, чым‑н. Чаго варты твой конь перад маім? □ Старыя выпілі — адзін перад другім маладцавата, — паглядзелі ў вочы адзін аднаму, і вось нечакана Саёнак абняў Скібу за плечы, і сівыя вусы іх злучыліся ў пацалунку. Брыль.

Часавыя адносіны

7. Ужываецца для вызначэння падзеі або моманту, за некаторы час да якіх што‑н. адбываецца. Перад самым канцом работы да брыгадзіра прыбег пажылы чалавек і пачаў упрошваць разгрузіць чатыры вагоны шчэбеню. Грахоўскі. Мы цяпер сваё права тут пішам І не знаем заморскіх гасцей. Помнім толькі адно, што зацішак Перад громам бывае часцей. Хадыка. Перад світаннем запальваюцца зоры. Чорны. // Разм. Раней за што‑н., да каго‑, чаго‑н. Перад супам падалі закуску.

•••

Перад тым, як (у знач. падпарадкавальнага злучніка) — раней за што‑н. Я збіраў басанож крапіву каля плота Перад тым, як зямля наліецца цяплом... Глебка. І ў грудзі ўпёршыся напасці, стары салдат насмерць стаяў: ён перад тым, як доле ўпасці, яшчэ раз кулю пасылаў. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)