насы́ціцца, ‑сычуся, ‑сыцішся, ‑сыціцца; зак.

1. Наесціся ўволю, дасыта. [Дзямід:] — Алень паваліўся на зямлю, а рысь пачала кавалкамі рваць яго мяса, аж пакуль не насыцілася так, што і паварушыцца ёй цяжка было. В. Вольскі. // перан. Разм. Поўнасцю задаволіць свае патрэбы, жаданні і пад. Глядзіш і не можаш наглядзецца, не можаш насыціцца белай радасцю, што апанавала ўсё наваколле, што адна непадзельна ўладарыць зараз над прыродай. Кандрусевіч.

2. Прасякнуцца, набрыняць якім‑н. рэчывам; увабраць у сябе што‑н. у дастатку. Глеба насыцілася вадой.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

неціка́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не выклікае цікавасці. Нецікавы кінафільм. □ — А ўсё ж нецікавая нам работа выпала, — праз нейкі час скардзіўся.. [Міхась], касавурачыся на Васіля. Якімовіч.

2. Разм. Непрыгожы. Са старою паняй жыла адзіная дачка, якую з-за ваеннага ліхалецця і нецікавага выгляду не ўдалося выдаць замуж. Брыль.

3. Разм. Не зусім добры; пасрэдны. Нарада пакінула нецікавае ўражанне... Гартны. [Бабка] проста думае свае старэчыя думкі, сухія, як і сама старасць, простыя, як і ўсё жыццё яе, нецікавыя, як і яе доля. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падазрэ́нне, ‑я, н.

1. Меркаванне аб несумленнасці чыіх‑н. паводзін і намераў. Лабановіч часцей заўважаў нейкія таемныя цені пад вокнамі свае кватэры. Пачаў прыглядацца. Ясна, што ён быў на падазрэнні, і за ім сачылі. Колас. [Банадзюк:] — Арыштавалі мяне па падазрэнню ў заражэнні коней сапам... Пестрак.

2. Здагадка, дапушчэнне. — Можа [Ліза] закахалася? — выказала аднойчы сваё падазрэнне маленькая вяртлявая Таня. Арабей. // Меркаванне аб магчымасці якога‑н. захворвання. Падазрэнне на шкарлятыну. □ Іван Аляксеевіч нават пачуў, як .. [асістэнт] сказаў, што ёсць падазрэнне на наяўнасць у правым воку глаўкомнай вадкасці. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паста́віцца 1, ‑ставіцца; зак.

Быць пастаўленым. — Прадаў [зруб]. Яшчэ і другі, як толькі паставіцца, сплавіць. Савіцкі.

паста́віцца 2, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.

Праявіць, выказаць якім‑н. чынам свае адносіны да каго‑, чаго‑н. [Нявідны] адразу паставіўся варожа да свайго допыту і ўзяў курс на тое, каб меней гаварыць і нічога не расказваць аб тым, што іх будзе найбольш цікавіць. Колас. Нарэшце і Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія.. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыбядня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

Прыкідвацца бедным, менш забяспечаным, чым у сапраўднасці. — Ат, швагер, не прыбядняйся, — прамовіў Карусь Дзівак. — Кавалак хлеба і да хлеба ты маеш, а што больш трэба? С. Александровіч. Потым Марцініха так пачала прыбядняцца, што выходзіла: дапамагаць трэба не сям’і Враніслава, а сям’і Марцінавай. Карпюк. // Перамяншаць свае заслугі, магчымасці і пад. — Вы ўжо, Стась, не прыбядняйцеся. Вы б і за Зеўса маглі сысці, — сказала Галя. Сабаленка. — Можна, не хвалячыся і не прыбядняючыся, сказаць: тое-сёе зрабілі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прэтэндава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак., на што.

1. Прад’яўляць свае правы на што‑н., дамагацца чаго‑н. [Берднікаў] не прэтэндаваў на кіруючую ролю ў той арганізацыі, якая была створана пры яго бліжэйшым удзеле. Мікуліч. Наплыў быў вялікі. На адно месца прэтэндавала да дваццаці чалавек. Губарэвіч. У нас ёсць яшчэ асобы, якія прэтэндуюць толькі на чын, на званне, а не на карысную для грамадства працу. Паслядовіч.

2. Дамагацца прызнання за сабой якасцей, асаблівасцей, якіх звычайна няма. Прэтэндаваць на талент. Прэтэндаваць на інтэлігентнасць.

[Ад лац. praetendere.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разява́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑вацы, Т ‑вакай (‑аю), ж.

Разм.

1. Той, хто бяздумна прыглядаецца да каго‑, чаго‑н. Збягаліся цікаўныя да сенсацый разявакі, газетныя рэпарцёры і ўсякі іншы народ. Лынькоў. На тратуарах спыняліся разявакі, праводзячы вачыма салдат. Гурскі.

2. Тое, што і разява. — Няхай не будзе разявакам і кладзе грошы так, каб не губляць, — даводзіў Толя. Пальчэўскі. Азіраюся назад, на свае сляды, і бачу на тым месцы, дзе круціўся, раздушаны грыб. А-я-яй, разявака... Місько.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскі́дзісты, ‑ая, ‑ае.

1. Шырока раскінуты ў бакі. Сядзібу .. [Казачэнкі] аздабляе старая бяроза з раскідзістым, як шацёр, голлем. Навуменка. Грозна схіліўшы свае раскідзістыя рогі, .. [алень] з сілай ударыў імі аб зямлю і кінуўся да ворагаў. В. Вольскі. // З шырока раскінутымі галінамі (пра дрэва, куст). Цьмяна чарнелі паблізу абрысы дрэў, высокіх, вастраверхіх, і нізкіх, раскідзістых, якія ціха, але неспакойна шумелі. Мележ.

2. Раскінуты, размешчаны на вялікай прасторы. Мястэчка відаць адсюль як на далоні, — вялікае, раскідзістае, яно цягнецца праз усю раўніну ад лесу да лесу. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смяшлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны часта, з усялякага выпадку смяяцца. Цяпер Жэнька быў другім, зусім не падобным да таго вясёлага, смяшлівага хлопца. Шамякін. // Уласцівы такому чалавеку. Смяшлівы характар. // Разм. Такі, пры якім хочацца смяяцца. Смяшлівы настрой.

2. Які выражае гатоўнасць да смеху, смяшлівасць, весялосць. — У пана настаўніка і грэчкі няма, — сказала Ядвіся і ўскінула на настаўніка свае вясёлыя смяшлівыя вочы. Колас. Сяргей павярнуўся на голас. Яго абветраны твар адразу зрабіўся смяшлівым. Капусцін.

3. Такі, што можа выклікаць смех; смешны. [Медзведзяняты] лагодненькія, калмаценькія, смяшлівыя. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спачы́ць, ‑чну, ‑чнеш, ‑чне; ‑чнём, ‑чняце; зак.

1. Правесці некаторы час адпачываючы, аднавіць свае сілы ў адпачынку. Я вярнуся спачыць пасля цяжкіх дарог... Таўбін. На аселіцы.. [сябры] ўгледзелі сцірту саломы. Тут і засталіся спачыць. Кухараў. // Разм. Паспаць; аднавіць сілы сном. А там горац, пакінуўшы [статак], Лёг на ўзвышшы спачыць да зары. Гурло.

2. перан. Высок. Памерці, супакоіцца. Не будуць дзеткі Знаць, дзе татка іх спачыў. Колас. Імёны, імёны, імёны... Хто ўчора спачыў, хто даўно... Чэрня.

•••

Спачыць на лаўрах — задаволіўшыся дасягнутым, спыніць работу, дзейнасць і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)