адце́рці, адатру, адатрэш, адатрэ; адатром, адатраце, адатруць; пр. адцёр, ‑церла; заг. адатры; зак., што.
1. Трэннем выдаліць што‑н. прыстаўшае, прысохлае. Адцерці пляму.
2. Расціраючы, вярнуць адчувальнасць каму‑, чаму‑н. Адцерці рукі.
3. Разм. Моцна напіраючы, адсунуць; выцесніць. [Назарэўскі:] — Такім парадкам мяне адцерлі ад маці і я астаўся адзін сярод натоўпу. Чорны. // перан. Прымусіць пакінуць каго‑, што‑н. Відаць было, што памочнік хацеў завалодаць адзін увагаю панны Ядвісі, а настаўніка адцерці. Колас.
4. Разм. Прыціснуўшы, прычыніць боль, пашкодзіць; адціснуць, адцяць. Адцёр дзвярамі пальцы. / у безас. ужыв. Адцерла нагу колам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адня́ць, ‑німу, ‑німеш, ‑німе і (радзей) адыму, адымеш, адыме; пр. адняў, ‑няла, ‑няло; заг. аднімі і (радзей) адымі; зак., каго-што.
1. Раз’яднаць з чым‑н., аддзяліць ад чаго‑н. Рыгор паспешна супыніў станок і адняў разец. Гартны. // Адрэзаць, ампутаваць (канечнасць або частку яе). Адняць нагу.
2. што ад чаго. Паменшыць лік на некалькі адзінак. Ад пятнаццаці адняць сем.
3. безас. Паралізаваць, пазбавіць здольнасці гаварыць, рухацца і пад. Мову адняло. Ногі адняло.
4. Прымусіць патраціць што‑н. (час, сілы і пад.). Вячэра адняла больш за гадзіну.
5. Спыніць кармленне малаком маці; адвучыць ссаць грудзі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
папусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.
1. Уступіць у чым‑н., адступіць, адмовіцца ад чаго‑н. Ведаў [Казік], што ўсё адно маці не папусціцца, настаіць на сваім, і ён ляжа спаць, як заўсёды, роўна ў дзевяць. Шыловіч.
2. Даць сябе ў крыўду. — Не будзе гнаць [ляснічы] цябе за слова: Няма прычын. А папусціся, Тады ідзі ды хоць тапіся. Колас. У крыўду ніхто цябе не дапусціць, дый сам ты не папусцішся. Шынклер.
3. Разм. Дапусціць, дазволіць што‑н. Сёння .. [Васіль] да спадобы Галіне. Можа, таму яна і папусцілася, калі ён у Ваўкаўні папраўляў у яе лыжы. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парэ́чкі, ‑чак; адз. парэчка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.
1. Кустовая ягадная расліна сямейства агрэставых. У гародчыку буялі парэчкі і дзікая ружа з агрэстам. Пташнікаў. Грышка пераскочыў цераз плот у сад, пасля папоўз між кустоў парэчак і агрэсту аж у канец саду, дзе ўжо пачынаўся лес. Чарот. Ідуць радамі ў шапках шэрых Кусты парэчак і ажын. Глебка.
2. зб. Кіславата-салодкія ягады гэтай расліны чырвонага, жоўтага або чорнага колеру. Віно з парэчак. □ І я, задаволены гэткай сустрэчай, Успомніўшы Прыпяць і вёску сваю, Купіў на дарогу празрыстых парэчак ў жанчыны, падобнай на маці маю. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пасаро́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каго.
1. Зрабіць так, каб было сорамна каму‑н.; пасарамаціць. Данілка хацеў пасароміць хлапчукоў, але яго апярэдзіў сусед. Кавалёў. Маша знайшла конюха і пасароміла яго за.. [дрэнныя] сані, загадала зацягнуць іх на вышкі. Шамякін. — Ты ведаеш, як пасароміў мяне гэты малады чалавек? — звярнуўся Аркадзь Цімафеевіч да Веры Васільеўны і расказаў, як Андрэй вырашыў асушыць Галы. Дуброўскі.
2. Зняславіць, абняславіць. Вучань я быў кемлівы, настаўніка не пасароміў. Шамякін. Сэрца маці згаджалася, а розум пратэставаў, баяўся, каб, крый божа, не нарабіла глупства па дурноце... Не пасароміла б сябе і яе, матку... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
малі́цца, малюся, молішся, моліцца; незак.
1. Звяртацца з малітвай да бога, святых. Акрамя няньчання дзяцей, у Васількі быў яшчэ адзін цяжкі абавязак — штодзень маліцца богу. Крапіва. А маці ноч бяссонную Малілася, каб бог Ад бед, ад гора чорнага Ёй сына пабярог. Панчанка. // перан. Вельмі моцна прасіцца. — Паночку, даражэнькі, — моліцца Сяргей, — няма ў мяне каня!.. Нікановіч.
2. перан.; на каго-што. Разм. Богатварыць, абагаўляць. [Маргарыта:] — Якія ж бываюць людзі, толькі падумаць! А Барыс жа на .. [Усевалада] маліўся. Скрыган. [Васіль:] — Я не намераны маліцца на лепшых звеннявых і на звенні, як вы робіце ў адносінах да Міхальчук. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
му́ка, ‑і, ДМ му́цы, ж.
1. Фізічная або маральная пакута. Душэўныя мукі. Мукі няпэўнасці. Мукі тугі. // у знач. вык. Аб чым‑н. вельмі цяжкім, пакутлівым. Не жыццё было, а мука, Мы старэлі ў дваццаць год. Грахоўскі.
2. Фізічны здзек, катаванне. Маці ў лагеры смерці разам з намі была, Мук усіх перанесці Там яна не змагла... Смагаровіч. Чым здраднікам быць — лепш у муках памерці. Панчанка.
мука́, ‑і́, ДМ муцэ́, ж.
Прадукт размолу збожжа. Жытняя мука. Пытляваная мука. Кукурузная мука. // Размолатыя або расцёртыя ў парашок якія‑н. жывёльныя ці мінеральныя рэчывы. Фасфарытная мука. Рыбная мука.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ня́ньчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак., з кім-чым.
1. Даглядаць дзіця. — З намі жыла мая маці. Днём яна няньчылася з дзіцем. Васілевіч. Прыйдзе [муж] дахаты змардаваны, павячэрае і лажыцца спаць.. А [жонка] прадзе ды з дзяцьмі няньчыцца. Чарнышэвіч.
2. перан. Разм. Празмерна клапаціцца аб кім‑, чым‑н., аддаваць многа ўвагі каму‑, чаму‑н.; вазіцца. Дактары.. [чалавека] з рук не выпускалі. І прафесары і акадэмікі няньчыліся з ім. Паслядовіч. // Гуляць, забаўляцца. [Марына] няньчылася з.. [мопсам], нібы малое дзіця з лялькай, ад душы смяялася з яго забаўных выхадак і нават размаўляла з ім, як з чалавекам. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што. Запіхваючы ўнутр чаго‑н., напоўніць. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Колас. Я хуценька адзеўся, пабег на гумнішча, напхаў поўны кошык смецця папалам з сенам. Ляўданскі. // чаго. Разм. Палажыць, пакласці ўнутр чаго‑н. нейкую колькасць чаго‑н. [Гаспадыня] дала Сашы клуначак з ежай, напхала сабе ў кішэні яшчэ нейкіх маленькіх пакункаў, бутэлечак. Шамякін. // перан.; каго. Разм. Сабраць у адным месцы, запоўніўшы яго да адказу. [Немцы] напхалі ў вагон сто пятнаццаць чалавек [вязняў]. Кухараў.
2. перан.; што. Груб. З’есці многа чаго‑н. Напхаць жывот бульбай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насле́даваць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак. і незак.
1. што. Атрымаць (атрымліваць) у спадчыну якія‑н. уласцівасці, якасці бацькоў, продкаў. Паэт [М. Багдановіч] наследаваў многія рысы свайго характару ад маці, Марыі Афанасьеўны. Майхровіч.
2. толькі незак., што і каму-чаму. Быць прадаўжальнікам якой‑н. дзейнасці, традыцый. Паэма «Хлеб» наследуе традыцыі народна-песеннай лірыкі, паэтыку фальклору, схільную да ўзбуйнення вобраза. Гіст. бел. сав. літ. Паэтызацыя чалавечай працы — гэта адна з лепшых традыцый рускай і беларускай літаратуры, якой наследуе М. Лынькоў. Пшыркоў. // Браць што‑н. за ўзор. У «Сказе пра Вяля».. [М. Танк] сапраўды наследуе былінны верш. У. Калеснік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)