німб, ‑а, м.

1. Ззянне ў выглядзе круга вакол галавы як сімвал святасці (на іконах, карцінах рэлігійнага зместу). // Пра які‑н. ззяючы круг. Ліхтары ў німбах, як месяц пад поўню, калі варожыць на змены, — угары туман. Пташнікаў.

2. перан. Атмасфера славы, поспеху вакол каго‑, чаго‑н. Німб славы. □ Я ганарыўся німбам сваім, я шанаваў сваё званне. Вярцінскі.

[Ад лац. nimbus — воблака, туман.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няўто́льны, ‑ая, ‑ае.

Такі, што нельга здаволіць, наталіць. Няўтольны голад. Няўтольная смага. □ Некаторыя птушкі маюць няўтольны апетыт. Гавеман. / Пра пачуцці, перажыванні і пад. Жалі парабчанкі — і ціха луналі іх песні над полем, песні жальбы і скаргі, песні гора няўтольнага. Хадкевіч. Перада мной [аўтарам], па сутнасці, былі толькі руіны крэпасці, а ў сэрцы — няўтольнае жаданне напісаць аб іх. Губарэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

о́птам, прысл.

1. Вялікай колькасцю (пра куплю і продаж тавараў). [Лялькевіч] вельмі ўзрадаваўся, калі нейкі камерсант, відаць, гандляр мясам ці, можа, іншым чым, запрапанаваў купіць усе яго бочкі, цэбры, вёдры оптам. Шамякін.

2. перан. Разм. Поўнасцю, адразу. Нельга таксама ацэньваць творы оптам, абоймамі, калі да адных прад’яўляюцца сапраўдныя крытэрыі, а другім свядома робіцца скідка на важнасць тэмы. Шкраба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павялі́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

1. Зрабіць большым па колькасці, велічыні, аб’ёму. Павялічыць плошчу пасеву. Павялічыць прадукцыйнасць працы. □ Сонца павялічыла цень чалавечы на цэлую галаву. Мурашка.

2. Зрабіць большым па сіле, інтэнсіўнасці, ступені. Адзін толькі .. [Максім] раскажа .. [Веры] пра ўсё, бо адны хаваюць праўду, шкадуючы яе, другія хлусяць, імкнучыся павялічыць яе гора. Машара. [Гастэла] павялічыў даўгалецце сваёй радзіме дарагой. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падупа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да заняпаду, запусцець. Гаспадарка падупала.

2. Стаць слабым, хваравітым. Чалавек, мусіць, падупаў здароўем — не прайшла дарам блакада. Новікаў. // (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Панізіцца; паслабець (пра настрой, духі пад.). Дух на паляванні — магутная сіла. Падупаў духам — удачы не будзе... Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазакру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Закруціць, завіць (пра валасы). Пазакручваць вусы. // Замацаваць, завязаць усё, многае. Пазакручваць дротам клямкі дзвярэй.

2. Абвязаць, абматаць чым‑н. усё, многае. Пазакручваць бінтам пальцы.

3. Загарнуць у што‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. [Маці] пазакручвала ў лахманы малодшых Сяргеевых сясцёр і брата. Чарнышэвіч.

4. Круцячы, завінціць усё, многае. Пазакручваць гайкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазакрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Закрыць, накрыць чым‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. Пазакрываць дзяцей коўдрамі.

2. Скласці што‑н. разгорнутае — пра ўсё, многае. Пазакрываць парасоны.

3. Закрыць, спыніць доступ куды‑н. ва ўсіх, многіх напрамках. Пазакрываць усе дарогі ў горад.

4. Спыніць дзейнасць, існаванне ўсіх, многіх устаноў, прадпрыемстваў і пад. Пазакрываць магазіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакалы́хваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Час ад часу калыхаць. Лёгкі ветрык пакалыхваў фіранкі на расчыненых вокнах. Вірня. У пяцісценным дамку свайго зяця Міканор сядзеў за аклеенай перагародкай і ледзь чутна пакалыхваў унука. Кулакоўскі. // безас. Пра гайданку на вадзе, у цягніку і пад. У вушах яшчэ стаяў шум колаў [поезда], і, здавалася, нават крыху пакалыхвала. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасо́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які зрабіўся, стаў сухім, страціўшы вільгаць. // Які перасох (пра вусны). Пасохлыя ад смагі губы.

2. Які завяў, засох ад неспрыяльных умоў. На шмат кіламетраў цягнуліся бязводныя, высушаныя гарачым ліпеньскім сонцам палі — іржышча з невялікімі сціртамі, пасохлая белая кукуруза... Шамякін. Навалілася хмара дымная, Цёмная, неабдымная.. Маці глянула, ціха вохнула: — Ажывуць мае грады пасохлыя! Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пачва́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі непрыгожы, агідны, брыдкі; такі, як у пачвары. Нос ці, праўдзівей, бязноссе робіць твар жанчыны страшэнна брыдкім, пачварным, а голас гугнявым. Колас. [Сашынаму] хвораму ўяўленню здаецца, што твар .. [немца] нечалавечы, пачварны, аброс дзікай шчэццю... Шамякін.

2. Незвычайны, выключны (пра якія‑н. адмоўныя якасці). [Янка Брыль] .. выступае, як удумлівы, назіральны бытапісьменнік, якога глыбока хвалююць пачварныя з’явы сялянскага побыту. Майхровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)