увяза́цца, увяжуся, увяжашся, увяжацца; зак.
1. Стаць увязаным, завязаным. Рэчы добра ўвязаліся. // Абвязаць сябе, укруціцца. [Кацярына:] — Гэта ж баліць, не пры вас кажучы, галава. А як увяжуся, то не так. Кулакоўскі.
2. перан. Прыйсці ў адпаведнасці з чым‑н. Увязаліся планы з мясцовымі ўмовамі. Заключэнне добра ўвязалася з асноўным тэкстам.
3. перан. Разм. Без дазволу накіравацца ўслед за кім‑н., далучыцца да каго‑н., хто ідзе, едзе. Пятым падарожнікам за імі ўвязаўся сабака, які ні на крок не адставаў ад гаспадыні, нібы баяўся яе згубіць. Дамашэвіч. // Сачыць за кім‑н., ідучы ўслед. [Кунцэвіч:] — Перш чым весці .. [Косцю] да нас, вакол дома паглядзі, каб услед за вамі ніхто не ўвязаўся. Новікаў.
4. перан. Разм. Прыняць актыўны ўдзел у чым‑н.; уключыцца ў што‑н.; умяшацца. Увязацца ў бойку. Увязацца ў спрэчку. □ Косця адразу страціў ахвоту з Веркай гутарыць і пашкадаваў ужо, што ўвязаўся з ёй у размову. Карпюк. Ужо ўвязаліся ў справу аўтаматы, вінтоўкі. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кармі́цель, ‑я, м.
Той, хто корміць, забяспечвае пражыткам, харчамі. Галя паціснула плячамі, загаварыла зноў узрушана: .. — А ён ужо не маленькі! Ён — гаспадар у хаце, карміцель дваіх дзяцей... Ваданосаў. Старая Салвесіха прыняла да сэрца тое, што забралі яе меншага сына-карміцеля, і на трэці дзень злягла ў пасцель. Сабаленка. // Пра ўсё тое, што з’яўляецца сродкам для пражыцця, крыніцай даходу. Да едакоў Спяшаецца галоўны Карміцель наш — Дзяржаўны едзе хлеб. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ліза́цца, ліжуся, ліжашся, ліжацца; заг. ліжыся; незак.
1. Лізаць сябе; лізаць адзін другога. Сабака ліжацца.
2. Разм. зневаж. Цалавацца. — Дар’я Латушка разышлася з Мацеем. А ўжо як .. лізаліся. Дуброўскі. // Разм. неадабр. Вадзіцца, знацца.
3. перан. Разм. Падлізвацца да каго‑н. [Юрка:] — А сам [бацька], дык у той жа дзень пайшоў ды ўсё шчацінне прапіў. На гэта дык ён — маўчыць. А пасля дык ужо ліжацца: можа, кажа, табе, Юрка, новую шапку купіць. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зачасці́ць, ‑чашчу, ‑часціш, ‑часціць; зак.
Разм.
1. Пачаць рабіць што‑н. у хуткім тэмпе. Конь зачасціў капытамі па знаёмай лёгкай выезджанай дарозе. Галавач.
2. Пачаць часта паўтарацца. Зачасцілі дажджы. □ Сярод руін зачасцілі аўтаматныя стрэлы, але крэпасць на іх ужо не адказвала. Лупсякоў.
3. Пачаць часта хадзіць куды‑н. Людзі з вёсак, з двароў зачасцілі ў мястэчка. Гартны. А праз тыдні два падкія да мастацтва гараджане зачасцілі ў майстэрню новага мастака. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
грэ́шны, ‑ая, ‑ае; ‑шан, ‑шна.
1. Які зрабіў многа грахоў (у 1 знач.). [Цельшынцы] неслі свае грахі яшчэ больш грэшнаму а[йцу] Мадэсту, які быў вельмі заўзяты п’яніца. Колас. // Поўны грэху, грахоў (у 1 знач.); нячысты. Грэшная душа. Грэшныя думкі. Грэшнае жыццё.
2. у знач. вык. Разм. Вінаваты. — Я не за сябе кажу, за людзей, хоць і сам я нічым так ужо не грэшны перад савецкай уладай. Галавач.
•••
Грэшным чынам гл. чын.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дарэ́мшчына, ‑ы, ж.
Разм.
1. Што‑н. дармавое, бясплатнае. Нельга квапіцца на дарэмшчыну. □ — А пан няхай скіне жупан ды сам вядзе саху! — жартавалі мужчыны. Нябось, думалі яны, каб пан меў права ні прыгон, то так лёгка не адрокся б ад дарэмшчыны! Якімовіч.
2. Несправядлівае абвінавачанне; нагавор, паклёп. — Не кажы глупства, — ужо са злосцю паглядзеў на Ягора Чубар, якому вельмі не хацелася, каб узводзілася дарэмшчына на групу палкавога камісара. Чыгрынаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
атрэ́сціся, атрасуся, атрасешся, атрасецца; атрасёмся, атрасяцеся; пр. атросся, атрэслася і атраслася; зак.
Трасучыся, ачысціцца ад чаго‑н. Алесь прыйшоў з гумна, каля парога атросся, абмёў з лапцей снег. Чарнышэвіч. // Асыпацца, апасці ад уздзеяння чаго‑н. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н. нежаданага, непрыемнага, дакучлівага. Так на самым парозе жыцця чалавек быў пляснуты няўмольным лёсам у непралазную гразь бяды і згрызот, ад якіх потым ужо не так лёгка было атрэсціся. Майхровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ры́тар, ‑а, м.
1. Гіст. Прамоўца і настаўнік тэорыі красамоўства ў Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме.
2. Кніжн. уст. Прамоўца, які гаворыць прыгожа, напышліва, але малазмястоўна. Ужо не халодны рытар і не ўмоўна-рамантычны паэт наогул, а жывы семнаццацігадовы юнак, прывабны ў сваёй шчырай усхваляванасці, закаханы «так шчыра, і так лёгка, і так сумна» паўстае перад намі. Бярозкін.
3. Вучань ці настаўнік па класу рыторыкі ў старой духоўнай семінарыі.
[Грэч. rhētōr.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сагну́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сагнуць.
2. у знач. прым. Складзены пад вуглом у суставе (пра канечнасці). Баец ужо спаў, шырока раскінуўшы рукі з сагнутымі пальцамі. Федасеенка. // Які прымае дугападобную форму пры згінанні. Толькі на астраўку між кустоў мільгалі іх [хлопцаў] сагнутыя спіны. Няхай. // Скрыўлены, згорблены. Супроць брамы гэтага доміка сядзела сагнутая худая жанчына сярэдніх гадоў. Бядуля. // Пахілены (пра дрэва, расліны). Сагнутая вярба. // Пагнуты. Сагнутая бляшанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
са́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да саней. З-пад санных палазоў ішоў скрыпучы енк. Чорны. Відаць, недалёка вёска, бо там-сям санны след быў зацярушаны сенам, а сена тут здалёк не возяць. Бураўкін.
2. Звязаны з яздой, перавозкамі на санях; які адбываецца на санях. Цяпер у цішыні музея гармата сніць Кавлова санны рэйд. Вялюгін. // Прыгодны для язды на санях. Тыдзень ужо, як лягла санная дарога. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)