зава́л, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Мноства чаго‑н. скіданага, зваленага ў беспарадку. На кожным кроку — вялізныя вываратні, завалы. Краўчанка. Каменныя нагрувашчванні сустракаліся ўсё часцей, пераходзілі ў суцэльныя завалы. Шыцік. // Штучная перашкода, мноства наваленых адно на другое дрэў, бярвён і пад. Зрабіць завал на дарозе. □ Праезду не было. Людзі выйшлі прыбіраць завал з пілкамі і сякерамі. Лужанін.

2. ‑а. Тое, што і завала (у 1 знач.). Хата Паўлюкова была завалена з сярэдзіны сакрэтным завалам. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́мак, ‑мка, м.

1. Умацаванае жыллё феадала. На сцяне вісела літаграфія ў рамцы — сярэдневяковы, з вежамі і гатычным дахам, замак на беразе возера. Карпаў. Тут, на землях радзівілаўскіх, пакутуюць людзі, а за жалезнымі варотамі, за высокім валам, у змрочным замку Радзівіла адвечнае гора народа. Бялевіч.

2. Палац, вялікі памешчыцкі дом.

3. Уст. Назва некаторых турмаў, астрогаў. Амаль два месяцы прасядзелі яны ў Мінскія замку — так тады называлася гарадская турма. «Маладосць».

•••

Паветраныя замкі — неажыццявімыя, нязбытныя мары, фантастычныя планы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заняво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

Пазбавіць волі, незалежнасць закабаліць. Ніколі, мой народзе, ты не схіляў галавы перад тым, хто калі-небудзь імкнуўся заняволіць цябе. Купала. І асабліва людзі беларускага Палесся выявілі свой гераічны патрыятызм цяпер, у час Вялікай Айчыннай вайны, калі самы найзлейшы на ўсе вякі, самы крывавы і паганы вораг уварваўся на беларускую зямлю, каб прысвоіць яе сабе, навекі яе заняволіць і ўздзець на наш народ ланцугі рабства. Чорны. // Падпарадкаваць сваёй уладзе, паставіць у залежнае становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́езд, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. выязджаць (у 1 знач.).

2. Месца, праз якое выязджаюць адкуль‑н., куды‑н. Выезд на шашу. □ Ціток абышоў усю гэту круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан. Мільгаюць голыя дрэвы, руіны, новыя домікі, людзі... Пасля мы ныраем пад арку на выездзе з гарадка. Брыль.

3. Уст. Коні з экіпажам і вупражжу. І жартавалі мы, што мае Ян Уласны выезд, як вялікі пан. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вясе́лле, ‑я, н.

1. Абрад шлюбу і ўрачыстасць, святкаванне, звязанае з гэтым. Згуляць вяселле.

2. Шлюбны поезд. Выскаквалі з двароў дзеці, .. крычалі на ўсе галасы: — Вяселле едзе! Лынькоў.

3. Разм. Вясёлае правядзенне часу; гульні, забавы. Прымітыўнае вяселле ціхіх людзей не пералятае сваімі зыкамі далей саламяных стрэх. Чорны. У мірны час людзі не заўважалі імклівай плыні часу. У свабоднай працы, у адпачынку, у вяселлі .. дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

•••

Залатое вяселле — пяцідзесяцігоддзе сямейнага жыцця.

Сярэбранае вяселле — дваццаціпяцігоддзе сямейнага жыцця.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абыхо́дак, ‑дку, м.

1. Патрэбы штодзённага жыцця. Жанкі і дзяўчаты збіраюць летам ягады і грыбы і гэтым трохі падзарабляюць на дамашні абыходак. Колас. [Федзя:] — Заўсёды нейкі грош трэба мець на абыходак. Крапіва.

2. Разм. Неабходныя рэчы, абстаноўка. [Маці:] — Стараючыся, дык і на дзвюх дзесяцінах льга жыць. Людзі жывуць. А гэта — што папрадаем увесь абыходак свой — дык яно, жывучы, нажывецца зноў. Чорны.

3. Ужытак, карыстанне. Увесці ў навуковы абыходак невядомыя дакументы.

•••

На першы абыходак — на першую патрэбу, на першы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

агле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; заг. агледзься; зак.

1. Паглядзець вакол сябе, па баках. [Настаўнік] зняў акуляры, па прывычцы працёр іх хусцінкай, адвёў і агледзеўся навокал. Даніленка.

2. Звыкнуцца, асвойтацца з новымі абставінамі. Не паспелі агледзецца [дзеці] — дзяжурны абвясціў канец перапынку, пара было збірацца ў дарогу. Пальчэўскі.

3. Хапіцца, апамятацца; заўважыць што‑н. Пакуль людзі агледзеліся, Сымон уцёк. Бядуля. Злосная Валя ўвайшла ў Любіну кватэра, не думаючы, і толькі там агледзелася, што яе акружае. Чорны.

•••

Не паспець агледзецца, як... гл. паспець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аблы́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Апавіць, абвязаць, абматаць што‑н. вяроўкай, дротам і пад. [Ніне] здавалася, што калючы дрот аблытаў, апутаў, як павуцінне, увесь горад. Мележ.

2. перан. Пазбавіць каго‑н. свабоды дзеянняў; падпарадкаваць сабе. Лазун хацеў бы валодаць усёй вёскай, трымаць яе ў сваіх руках, аблытаць павуцінай даўгоў, зрабіць залежнай ад сябе. Хромчанка.

3. перан. Збіць з толку, увесці ў зман. [Мелех:] Аблыталі мяне ліхія людзі, і я вялік грэх мог на душу ўзяць. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пара́да, ‑ы, ДМ ‑радзе, ж.

1. Прапанова як дзейнічаць, рада. Людзі з суседніх вёсак часамі ішлі да .. [настаўніка] за нарадай, чым вывесці вусень .. або якія гатункі садавіны лепей да чаго прышчэпліваць. Васілевіч. — Правей, дзеду, правей трымай, а то не ўцэліш! — дапамагаў Міколка сваімі парадамі. Лынькоў.

2. Сумеснае абмеркаванне чаго‑н., кароткая нарада. Ідучы дружнаю параю, [а. Мадэст і Нішкевіч] часамі прыпыняліся на вуліцы і рабілі кароткую параду, куды зайсці? Колас. І тады пастух Арцём аратых Склікаў разам для парады. Зарыцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

партфе́ль, ‑я, м.

1. Чатырохвугольная сумка з засцежкай, у якой носяць кнігі, паперы і пад. Васіль Дзянісавіч надзеў халат, апрануў паліто, глыбей насунуў кепку і ўзяў у рукі партфель. Мележ. Невядома, чым бы ўсё скончылася, каб у гэты час не ўвайшлі незнаёмыя людзі з вялікімі жоўтымі партфелямі... Чарот.

2. Пасада міністра. Размеркаванне партфеляў. // Кіруючая пасада наогул.

3. Сукупнасць рукапісаў, каштоўных папер і пад., якія знаходзяцца ў распараджэнні рэдакцыі, банка і пад. Рэдакцыйны партфель.

•••

Міністр без партфеля гл. міністр.

[Ад фр. portefeuille.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)