Плю́скат ’шум ад удару чым-небудзь па вадкасці або наадварот’ (ТСБМ). Да плю́скаць 1 (гл.). Назоўнікі на *‑ot‑ъ утвараюцца часцей за ўсё ад дзеясловаў, якія абазначаюць гукі. Сюды ж плюскаце́ць ’хлюпаць (пра ваду ў ботах)’ (Сцяц.), плюската́ць ’плёскаць (аб хвалях)’ (Шат.), ’плёскацца’ (астрав., Сцяшк. Сл.), ’распырсквацца, вылівацца’ (ТСБМ). Параўн. польск. pluskot ’пляск’, ’плёскат’, ’лопат’, pluskolać ’выдаваць пляск’, ’ударыць з пляскам’, ’плёскацца’, укр. плюскота ’пляск’, плюскотати ’плёскаць’, н.-луж. pluskot ’пляск, плёскат, журчанне’, pluskotaś ’плёскаць, журчаць’, в.-луж. pluskolać ’тс’, чэш. pliskotati ’пра моцны дождж’, паўд.-чэш. pluskotati ’тс’, макед. плускот ’манатонны шум дажджу’, ’патрэскванне агню’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
змо́ўкнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. змоўк, ‑ла; зак.
1. Перастаць раздавацца, сціхнуць (пра гукі). Песня змоўкла. □ Змоўкла музыка ў гарадскім парку. Хадкевіч. Гоман працы змоўк у полі, Сціхлі гукі за ракой. Гілевіч.
2. Перастаць гаварыць, крычаць, пець і пад.; замоўкнуць, заціхнуць. Мікіта Мінавіч на хвіліну змоўк і зноў абвёў усіх спакойным поглядам. Кулакоўскі. Недзе далёка зноў закукавала зязюля і адразу змоўкла. В. Вольскі. / Пра музычны інструмент, радыё, тэлефон і пад. Ужо і радыё змоўкла, але сама [Маша] ніяк не магла заснуць. Гроднеў. // Спыніць стральбу (пра агнястрэльную зброю). Кулямёт змоўк. □ Самаходка тым часам змоўкла, затое ротныя мінамёты пачалі біць раз-поразу. Кулакоўскі. // Перастаць напаўняцца гукамі, гоманам і пад. Неяк нечакана змоўкла вёска, не чуваць было ні галасоў, ні шуму машын. Шамякін. Не інакш, як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Утвараць гукі, характэрныя для хадзьбы па гразі, забалочаным месцы і пад. Ехалі [эскадроны] па лесе доўгім, вузкім ланцугом, чвякала пад конскімі нагамі гразь. Навуменка. Хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да калень. Мележ. / у безас. ужыв. У кабінеце было светла, цёпла, і пасля вуліцы, дзе пад нагамі чвякала і хлюпала, .. Лёдзі здалося тут вельмі ўтульна. Карпаў.
2. Ісці па чым‑н. мокрым, гразкім, утвараючы характэрныя гукі. Тады ён [Юрка] пачуў, што ў яго недзе збоку нехта чвякае па гразі. Ходзіць... Пташнікаў.
3. Тое, што і чаўкаць (у 1 знач.). Булка тырчыць [у немца] з рота, рукі завязваюць торбу, перахопіць, ізноў адхваціў кус, жарэ, чвякае, цягне, нясе... Гарэцкі.
4. Падаць, утвараючы глухі, мяккі шум. Ускідваліся і ўскідваліся рыдлёўкі, чвякала і чвякала, падаючы, мокрая твань. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ні́зкі, -ая, -ае; ні́жэйшы.
1. Малы па вышыні, які знаходзіцца на невялікай вышыні ад зямлі.
Нізкае дрэва.
Н. плот.
Ляцець нізка (прысл.).
2. Які не дасягнуў звычайнай сярэдняй нормы, пэўнага ўзроўню.
Н. ціск.
Нізкая тэмпература.
3. Дрэнны па якасці або наогул дрэнны.
Нізкая якасць драўніны.
4. перан. Подлы, ганебны.
Н. учынак.
Так рабіць нізка (у знач. вык.).
5. У 18 — пачатку 19 ст. пра стыль мовы: звычайны, просты, не прыняты ў літаратуры.
6. Невялікай вышыні (пра гукі, голас і пад.).
Н. бас.
Н. голас.
Спяваць нізка (прысл.).
|| памянш.-ласк. ні́зенькі, -ая, -ае (да 1 знач.).
|| наз. ні́засць, -і, ж. (да 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
нячы́сты, -ая, -ае.
1. Брудны, неахайны.
Н. пакой.
2. Неаднародны, з дамешкамі чаго-н.; забруджаны.
Нячыстая вада.
3. Неахайна выкананы, неакуратны (разм.).
Нячыстая апрацоўка.
4. Невыразны, не зусім дакладны, правільны (пра гукі, выказванне думак; разм.).
Н. голас.
5. перан. Які не вызначаецца сумленнасцю, здольны да махлярства; заснаваны на махлярстве.
Нячыстая справа.
6. Звязаны са злым духам, чараўніцтвам; д’ябальскі (разм.).
Нячыстае месца.
7. у знач. наз. нячы́сты, -ага, м. Злы дух, чорт.
Вось табе і смяльчак, а нячыстага баіцца.
◊
Нячыстая сіла (разм.) — чорт, д’ябал.
Нячысты дух — чорт, д’ябал, нячысцік.
|| наз. нечыстата́, -ы́, ДМ -стаце́, ж. (да 1—5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
дасягну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ну́ў, -ну́ла, -лі́; -ні́; -ся́гнуты; зак., чаго.
1. Дайсці, даехаць і пад. да пэўнага месца.
Лодка дасягнула сярэдзіны ракі.
2. Распаўсюджваючыся, дайсці да якога-н. месца, да чаго-н. (пра гукі, пахі і пад.).
Пах з кухні дасягнуў пакоя.
Чуткі дасягнулі вёскі.
3. Дайсці да якога-н. узроўню ў сваім развіцці, праяўленні, у якіх-н. зменах.
Мароз дасягнуў 30°.
4. Дажыць да якога-н. узросту.
Д. паўналецця.
Д. глыбокай старасці.
5. Дамагчыся чаго-н., якой-н. мэты.
Д. згоды.
Д. поспехаў у навуцы.
|| незак. дасяга́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. дасягне́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
то́нкі, -ая, -ае.
1. Невялікі ў папярочным сячэнні, у абхваце.
Тонкія ніткі.
Тонкія пальцы.
Тонкая бярозка.
2. Невялікі па шырыні, вузкі.
Тонкая рыска.
3. Пра гукі, голас: высокі.
Т. голас.
4. Пра твар, рысы твару: не грубы, прыгожа абрысаваны.
Тонкія рысы твару.
5. Складаны, выкананы з вялікай увагай, умела, па-мастацку.
Тонкая работа.
Тонкая разьба.
6. Пра смак, пах і пад.: вытанчаны, не рэзкі.
Т. водар кветак.
7. Пра розум, мысленне, гумар і пад.: гібкі, праніклівы, які схоплівае малапрыметнае.
Т. розум.
Тонкая крытыка.
8. Чуллівы, які ўспрымае самыя слабыя раздражненні (пра органы пачуццяў і іх дзейнасць).
Т. слых.
|| наз. то́нкасць, -і, ж.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
тупы́, -а́я, -о́е.
1. Недастаткова навостраны, такі, якім цяжка рэзаць, пілаваць, калоць і пад.
Т. нож.
Тупая піла.
2. Які не звужаецца або мала звужаецца ў канцы, з закругленым канцом.
Туфлі з тупымі насамі.
3. перан. Разумова абмежаваны, няздольны, някемлівы.
Т. вучань.
Т. як абух.
4. перан. Які прыйшоў у стан атупення; раўнадушны, абыякавы.
Тупое паслушэнства.
5. Невыразны, бяздумны, бяссэнсавы.
Т. погляд.
6. Не востры, не вельмі адчувальны; глухі (пра боль).
Т. боль.
7. Глухі, не рэзкі, не звонкі (пра гукі).
Пачуўся т. трэск.
8. Пра вугал: большы за 90°.
|| наз. ту́пасць, -і, ж. (у 3 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
бульката́ць, ‑коча; незак.
1. Бурліць, бурна кіпець (пра вадкасць). Кіпіць, булькоча вада, старанна варочаючы скрылікі бульбы. Брыль. Стала ціха, ціха, і ў гэтую цішыню велічна, як з нябыту ў вечнасць, ліўся, шумеў, булькатаў горны паток. Быкаў.
2. безас. Ствараць глухія перарывістым гукі пры захворванні горла, грудзей. У горле чалавека нешта булькатала, і пры кожным выбуху ён капаў тварам зямлю. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гуча́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. гучаць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. Пераможнаю радасцю гучаць жалезныя колы вагонаў, і гэта гучанне падхоплівае зарэчны чарот, ператвараючы яго ў цэлую мяцеліцу адрывістага смеху. Колас.
2. перан. Кніжн. Значэнне, характар. Я. Купала і Я. Колас яшчэ больш узмацнілі грамадскае гучанне нашай сатыры, падалі ёй выразную рэвалюцыйную накіраванасць. Казека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)