напярэ́ймы, прысл. і прыназ.

Разм.

1. прысл. З мэтай перахапіць каго‑, што‑н., рухаючыся яму насустрач; наперарэз. Бегчы напярэймы. □ Людзі павыбягалі з хат і зямлянак, бягуць напярэймы, каб спыніць вала. Марціновіч.

2. прыназ. з Д. Спалучэнне з прыназ. «напярэймы» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на асобу або прадмет, якім імкнуцца зайсці наперад, каб перахапіць іх. Ад лесу ўлева напярэймы ўцекачу выбег польскі салдат. Колас. Удалечыні быў відзён яшчэ адзін трактар, і я пайшоў напярэймы яму. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прада́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да продажу (у 1 знач.). Прадажная цана.

2. Прызначаны для продажу. — А браток, а галубок, прадай нам свайго звярка! — Не, — кажа падарожны, — звярок гэты не прадажны. Якімовіч.

3. Такі, які прадае сябе і свае пачуцці за грошы. У Парыжы.. [пан] захапляўся рэстаранамі і сувязямі з прадажнымі жанчынамі. Казека.

4. Такі, якога можна падкупіць, здольны за грошы да ганебных учынкаў. Не! Не кароткая ў людзей савецкіх памяць, Каб так вітаць прадажны зброд! Маеўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́нства, ‑а, н.

1. зб. Паны. Шыш-Шышнеўскі быў нядрэнны настаўнік, але цягнуўся за мясцовым панствам, з вучнямі і іх бацькамі трымаўся здалёк і афіцыйна. С. Александровіч.

2. Панаванне, улада паноў. — Уціск вечнага панства палажыў на.. [чалавека] свой адбітак. Чорны.

3. Спешчанасць, імкненне жыць у раскошы, пагардлівыя адносіны да працы, уласцівыя панам. [Лоўгач:] — Ці правільна гэта? Адзін пакой на чацвярых. А ў нас пяць пакояў на чацвярых. І якія? Амаль удвая большыя. Панства нейкае ў нас з табой... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паўдзённы 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паўдня ​2; які бывае ў поўдзень ​2. У паўдзённую спякоту яны былі ўжо каля.. лясной рачулкі. Сачанка. Слязіцца, смолкаю пацее Сцяна ў паўдзённы сонцапёк. Бялевіч.

паўдзённы 2, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і паўднёвы ​1. Гэта — дар паўдзённы ад братоў, Пэўна з Ерэвана і з Тбілісі, З цёплых чарнаморскіх берагоў. Танк. Веюць ветры з паўдзённых зямель, Ахінаюць цяплынню зямлю ўсю. З добрым ранкам, сяло Церабель — Любы сэрцу куток Беларусі. Ляпёшкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сігна́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сігналу, з’яўляецца сігналам (у 1 знач.). Сігнальныя знакі. □ Рыгор не паспеў адказаць, як збоку іх, пры паркане, пачуўся ціхі сігнальны кашаль. Гартны. Перад вачамі замільгацелі сігнальныя кастры. М. Ткачоў. // Які служыць для падачы сігналаў. Успыхнула сігнальная лямпачка — і адразу запрацавалі маторы. Гамолка. Толькі замест палачкі ў руках у.. [Віталя] сігнальны флажок. Васілёнак. Вось адна вялізная крыга з ходу ўдарыла ў сігнальны ліхтар. Краўчанка.

•••

Другая сігнальная сістэма гл. сістэма.

Сігнальны экземпляр гл. экземпляр.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скептыцы́зм, ‑у, м.

1. Ідэалістычны філасофскі напрамак, які імкнецца даказаць няпэўнасць усякага пазнання, абвергнуць магчымасць дасягнення аб’ектыўнай ісціны. Скептыцызмам называе Юм адмаўленне ад тлумачэння адчуванняў уздзейнічаннем рэчаў, духу і т. п., адмаўленне ад звядзення ўспрыйманняў да знешняга свету, з аднаго боку, да бажаства або невядомага духу, з другога. Ленін.

2. Крытычна-недаверлівыя адносіны да чаго‑н., сумненне ў магчымасці, правільнасці чаго‑н. [Васіль:] — Усё ты ставіш пад сумненне, з усіх кпіш. Ведаеш, скептыцызм не да твару... Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спро́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спрасціць.

2. у знач. прым. Больш просты; прасцей, чым раней. Спрошчаная арфаграфія. Спрошчаны механізм.

3. у знач. прым. Недастаткова глыбокі, прымітыўны. Бясспрэчна адно: дзіцячы пісьменнік не мае права даваць чытачу спрошчанае ўяўленне аб жыцці, ён павінен умець проста і зразумела гаварыць аб складаным. Шкраба. Спрошчаны фінал у пэўнай меры перашкодзіў твору стаць цэласным, унутрана завершаным. Мушынскі.

4. у знач. прым. Разм. Вызвалены ад патрабаванняў маралі; празмерна вольны. Спрошчаныя адносіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сябро́ўскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сябра; належыць сябру. Падзяліся ж даўнім сваім болем. Вось табе — сяброўская рука. Зуёнак. // Які выражае дружбу, прыхільнасць сябра. Сяброўскае слова і жарты Адгоняць і смутак і жаль. Хведаровіч. [Васіль] прывітаў .. [Машу] добрай, сяброўскай усмешкай. Шамякін. Сяброўская гутарка вучоных зацягнулася. Гамолка.

2. Заснаваны на дружбе; добразычлівы. Перагаворы [паміж СССР і ЧССР] праходзілі ў сяброўскае атмасферы і ў духу ўзаемаразумення. «Звязда».

3. Які ўмее сябраваць. — А ты [Барашкін] хлопец сяброўскі, — зазначыў .. [Мятліцкі]. — Не заціскаеш махру. Савіцкі.

•••

Сяброўску шарж гл. шарж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тава́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тавару (у 1, 2 знач.). Таварны склад. Таварныя запасы. // Прызначаны для перавозкі тавараў. Таварны вагон. Таварная станцыя. □ Паўз акно з лязгам і скрогатам марудна поўз таварны састаў. Мележ. На станцыю Полацк кожны дзень прыбывалі таварныя саставы з кароткім адрасам: «Нафтабуд». Грахоўскі.

2. Які з’яўляецца таварам (у 1, 2 знач.), прызначаны для гандлю. Таварнае збожжа. Таварны лес.

•••

Таварная вытворчасць — форма грамадскай вытворчасці, пры якой прадукты вырабляюцца для абмену.

Таварны фетышызм гл. фетышызм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уздо́ўж, прысл. і прыназ.

1. прысл. Тое, што і удоўж. Урач — высокі і худы — усхвалявана прайшоў уздоўж пакойчык, шпарка павярнуўся. Мележ. / З прыназ. «па» утварае спалучэнне з М. Кірмашны гандаль ішоў уздоўж па Нямізе. Чорны.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «уздоўж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання напрамку дзеяння па даўжыні чаго‑н. Сонца схілілася на захад, і цені ад будынкаў падалі ўздоўж вуліцы. Шахавец. Уздоўж дарогі чынна з краю Слупы стаяць у два рады. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)