скамячы́ць, ‑мячу, ‑мечыш, ‑мечыць; зак., што.

1. Змяць, ператварыць у камяк. Скамячыць паперу. Скамячыць адзенне. □ Зіна з абурэннем скамячыла прачытанае пісьмо, кінула яго ў кут. Гамолка. Курачка скамячыў у руках кашулю, якую яшчэ не паспеў надзець. Чарнышэвіч. Ну што будзе, калі я скамячу з мякішу галачку і шпурну яе ў ночвы, дзе сястра будзе мыць бялізну? Грамовіч. // Шчыльна сціснуць, самкнуць; згарнуць. Хутаранец, скамячыўшы губы, схапіў .. [Уладзю] за плечы. Чорны. — Вось якія яны [барозны] твае!!! — і ахоплены дзікай злосцю, Кузьма скамячыў здаровую фігу і з сілаю сунуў Петраку ў нос. Нікановіч.

2. перан. Сказіць, сапсаваць. Шум галасоў скамячыў.. словы [Карпуся]. Баранавых. Незнаёма-металічны тон рашучага загаду і кулямётная чарга адразу скамячылі ўсе яго гарачыя пачуцці. Паслядовіч. Аб’езд першага ўчастка не пагоршыў, не скамячыў таго радаснага настрою, які пакінуў пасля сябе другі ўчастак. Шынклер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спла́віць 1, сплаўлю, сплавіш, сплавіць; зак., што.

1. Злучыць шляхам плаўлення. Сплавіць жалеза з хромам.

2. перан. Аб’яднаць у непадзельнае цэлае; злучыць. Каб сплавіць іх характары, рысы і звычкі ў адно, то вельмі можа быць, што ў такога хлопца .. [Маша] закахалася б адразу, такі набліжаўся б да яе ідэалу. Шамякін.

спла́віць 2, сплаўлю, сплавіш, сплавіць; зак.

1. што. Адправіць уплынь па цячэнню ракі (лес і пад.). [Немцы] спяшаліся, каб да замаразкаў сплавіць лес. Гурскі.

2. перан.; каго-што. Разм. Імкнучыся пазбавіцца ад каго‑, чаго‑н., адправіць або ўладкаваць яго куды‑н. Вопытная настаўніца, палічыўшы .. [Барыса] безнадзейным, пастаралася сплавіць яго Лене. Няхай. Мы сплавілі .. [кабылу] артылерыстам: можа ў кампаніі з іншымі коньмі будзе цягнуць гармату. Лужанін. // Збыць, прадаць што‑н. [Бялькевіч:] — Я і сам яго [сома] не пакаштаваў нават. Жонка ў раён сплавіла. Прадалі. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́ва, ‑ы, ж.

1. Пэўным чынам прыгатаваныя для яды прадукты харчавання. Малочная страва. □ Танька кіслай стравы не ела, ні буракоў, ні капусты, і маці адразу паставіла перад ёй кашу на неглыбокай талерцы і кубак з цёплым малаком. Ермаловіч. Са стала паляцела, перакуліўшыся, міска з варывам, лінула гарачай стравай бацьку на грудзі. Галавач. Манька падрыхтуе чыгункі, загадае Міхалку зварыць ці даварыць страву, выгнаць карову, а сама — за касу і ў поле: касі каса, пакуль раса! Лось. // Яда. За год вайсковага жыцця .. [Віктар] не зведаў стравы болей смачнай, чым звычайны, аржаны, спецыяльна высушаны хлеб. Навуменка.

2. Адзін з відаў яды, які падаецца на абед, снеданне або вячэру. — Смачна! — прыняўшыся есці першую страву, сказаў .. [Змітрок]. Ваданосаў. Але ж куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Да яе прыбаўлялася яшчэ адзінаццаць страў або хоць бы хто колькі мог назбіраць. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою; спосабы і прыёмы вядзення бою. Тактыка марскога бою. Тактыка актыўнай абароны. □ Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі і пайшлі акружаць тое месца. Брыль. Усе дні блакады атрад Баразны трымаўся адной тактыкі: хадзіў следам за ворагам. Васілеўская. // Навука аб тэорыі і практыцы вядзення бою. Курс тактыкі.

2. Сродкі і прыёмы грамадскай і палітычнай барацьбы. Камітэт .. змяніў тактыку — загадаў гурткам рабіць сходы ў адзін дзень па ўсім павеце. Пестрак.

3. перан. Прыёмы і сродкі дасягнення якой‑н. мэты; спосаб дзеяння, лінія паводзін каго‑н. Мая Любаміраўна, убачыўшы, што .. [муж] пачынае гневацца не на жарт, адразу змяніла тактыку: ласкава абняла, пацалавала. Шамякін. Маладзіца, каб не сказаць чаго лішняга, раптам мяняе тактыку. — Такому старому, як вы [дзед Талаш], не варта глядзець на мае вочы. Колас.

[Грэч. taktike.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уну́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Утуліцца ў што‑н. [Караба] зноў унурыўся галавой у падушку і адразу захроп. Асіпенка. // Паваліўшыся з разгону наперад, уткнуцца тварам у снег, зямлю і пад. Толя ўпаў каля нейкага драўлянага доміка і ўнурыўся тварам у пясок. Якімовіч.

2. Захапіўшыся, паглыбіцца ў што‑н., задумацца. У дарозе людзі паводзяць сябе па-рознаму: хто пазірае ў акно, хто ўнурыцца ў чытанне, а хто не можа маўчаць і з незнаёмымі. Марціновіч. Адам на момант змоўк. Схіліўся над варштатам, унурыўся ў чарцёж. Мыслівец. // Апусціць галаву, панурыцца. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Унурыўся і маўчаў. Колас. [Мужчыны] вядуць на перакур купкай, а.. [Мацей] воддаль прыткнецца, закурыць, унурыцца і маўчыць. Пальчэўскі.

3. Пільна, не зводзячы вачэй, глядзець на каго‑, што‑н. Зачуўшы крокі, .. [хлопец] спалохана ўстрапянуўся, агледзеў Ілью з галавы да ног, потым зноў унурыўся ў агонь. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уссе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. уссеў, ‑села; заг. уссядзь; зак.

Разм.

1. Наваліцца ўсім сваім цяжарам. Урэшце Кастусь заламаў Віцю рукі і ўссеў яму на спіну. Марціновіч.

2. Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. Яны беглі падскокваючы. Зазяваешся — мурашкі адразу ўссядуць на ногі і пачнуць шчыпаць. Ваданосаў.

3. З лютасцю напасці. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць. Сяргейчык.

4. перан. Неўзлюбіўшы каго‑н. або раззлаваўшыся на каго‑н., папракаць, чапляцца да каго‑н. [Зорын:] — Вы будзеце ў мяне рабіць, як міленькі!.. Я вас прымушу!.. Гэта ж трэба, першакласны слесар, на кране адседжваецца... Ганьба!.. — Дарэмна вы на яго ўсселі, — спагадліва гаварыў Мюлер. — Стары чалавек... Гурскі.

•••

Уссесці па карак (шыю) каму — тое, што і сесці на карак (шыю) каму (гл. сесці).

Чорт уссеў на каго гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спачатку, упачатку, напачатку, напачатак, перш, найперш, насамперш, раней, наперад, уперад, адразу, зразу; спярша (разм.); наўперад (абл.) □ перш-наперш, перш за ўсё, першым чынам, у першую чаргу, на першы час, на першым часе, на першы раз, першай справай, з першага погляду, з першага позірку, на першы погляд, перад гэтым, перад усім

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Той — указальны займеннік м. р., у дэйксісе характарызуе аддалены ў прасторы і часе прадмет або з’яву (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ, Бес., Ян.), тэй ’тс’ (Нас., Шымк. Собр.; бялын., Янк. Мат.; Бяльк., ПСл, Мат. Гом.; в.-дзв., Сл. ПЗБ, Растарг.), тый ’тс’ (арш., Мат.), тыт ’тс’ (віц., Шн., Песні), ст.-бел. той, тотъ, тый ’той’ (1340 г., КГС); сюды ж той эўфемістычна ’чорт’ (Ластоўскі, Выбр. тв.), тэй ’тс’: тэй, што казали (Растарг.), тэй замяняе назоўнік, ужыванне якога лічыцца непрыстойным (Нас.), тамто́й ’той’ (Бес.; пад уплывам польск. tamten ’тс’), той свет ’замагілле’ (ТСБМ, Федар. 4, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), той‑сёй ’хто-небудзь (у пералічэнні)’ (ТСБМ, Варл., Арх. Вяр.), тэй‑сей ’тс’ (Нас.), то́йчас ’неадкладна, зараз’ (Гарэц., Янк. 3.), тойча́садразу’ (калінк., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), той год ’летась’ (Ян.). Параўн. укр. той, рус. дыял. той, стараж.-рус. тъи, польск. дыял. tyj, серб.-харв. та̑ј ’той, гэты’, балг. той ’ён’, дыял. ’той, гэты’, макед. тој ’той, гэты’, дыял. ’ён’, ст.-слав. тъи. Прасл. *tъjь паходзіць ад указальнага займенніка , роднаснага літ. tas ’той, гэты’, узмоцненага апафанічным *jь пасля пераходу ъ > о. Ускладненасць іншымі займеннікамі або падваенне зыходнага можна бачыць у рэдкім ст.-бел. тось (XVI ст., Карскі 2-3, 194) і тотъ ’той’. Формы з ы тлумачацца аналогіяй з формамі мн. л. (Векслер, Гіст. 167), гл. тыя, а формы з э — уплывам канчаткаў прыметнікаў, што, зрэшты, дапускаецца для ўсіх формаў (Карскі 2-3, 53, 194), параўн. развіццё канцавых спалучэнняў *‑ъjь у розных крывіцкіх гаворках у ‑ой, ‑эй, ‑ый, адлюстраванае ў берасцяных граматах, гл. Залізняк, Слав. языкозн. X, 168. Меркаванні аб вывядзенні формаў на ‑эй, ‑ый з ‑ой, а таксама аб магчымым польскім уплыве (Сабалеўскі, ЖМНП, 1887, 251, 137 і наст.; Карскі 2-3, 154–155) не пераконваюць. Гл. таксама ESSJ SG, 2, 708 і наст.; Фасмер, 4, 89.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

навалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Налегчы, націскаючы сваім цяжарам. Чалавек, на якога наваліліся Сцяпан і Юзік, ёрзаўся пад сподам, стараючыся выбрацца наверх. Чорны. Прачнуўся Язэп ад таго, што хтосьці наваліўся, прыціснуў да ложка. Асіпенка. Камендант сеў у крэсла і наваліўся грудзьмі на стол. Корзун.

2. Напасці; абрушыцца. [Ермакоў] непакоіўся, каб атрады да часу не выдалі сябе, бо хацеў наваліцца нечакана. Мележ. Эсэсаўцам не ўдалося наваліцца на лагер нечакана. Шамякін. // З’явіцца ў вялікай колькасці. Навалілася машкара на збожжа. / перан. Аб з’явах прыроды. Мора глуха зараўло, навалілася на хвалярэзы. Васілевіч. Ноч навалілася на зямлю густой цемрай і нечаканым ветрам. Хомчанка.

3. перан. Дружна ўзяцца за якую‑н. работу; пайсці ў наступ на што‑н. «Трэба будзе дапамагчы.. [Булаю], — рашыў Алесь, — навалімся гамузам — справа рушыць хутчэй». Шыцік. Нам трэба ўсімі сіламі наваліцца на балота! «Звязда». // Накінуцца з прагнасцю на што‑н. [Старшы лейтэнант:] — Пасвілі.. [хлапчукі] цялят за вёскай і бульбу пяклі. Дык мы і наваліліся на іхнюю бульбу, ажно, небаракі, пячы не паспявалі. Чыгрынаў.

4. перан. Накапіцца, сабрацца ў вялікай колькасці; нахлынуць. Пачалося лета, а з ім і работа навалілася: касьба, а там і жніво. Колас. Але справы, якія наваліліся на.. [Максіма Сцяпанавіча] адразу, як толькі ён сеў за пісьмовы стол, неўзабаве ўзялі ўсю яго ўвагу. Карпаў. // Авалодаць, ахапіць (аб пачуццях, настроі і пад.). Ахуталі шэрыя хмары зямлю, І сум наваліўся на плечы гарою. Лужанін. // Нечакана спасцігнуць, напаткаць каго‑н. Бяда навалілася. Ліха навалілася. Хвароба навалілася. // Змарыць (аб сне, дрымоце). Змора, сон наваліліся на.. [Ганну] адразу — у момант сцерлі ўсе гукі, усе думкі. Мележ.

5. Разм. Нападаць у вялікай колькасці. Цяжка было даць веры, што ўсё гэта [кучы ламачча, зламаныя дрэвы] навалілася тут выпадкова. Маўр.

6. Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі. [Мікола Шклянка] мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі. Чарот. Шалюта яшчэ доўга сядзеў за сталом, курыў, пускаў дым у адчыненае акно і ўсё думаў, за што на яго наваліўся Варановіч. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прамы́, ‑ая, ‑ое.

1. Роўна выцягнуты ў якім‑н. напрамку, без выгібаў, не крывы. Сёння сышоў адзін. І гэты пасажыр быў дэмабілізаваны сержант Сяргей Навашчокаў — малады, рослы чалавек. Адразу кідаліся ў вочы яго шырокі лоб, даўгія прамыя бровы. Чыгрынаў. А сасна, Упартая, прамая, Хоча зноў прабіцца да святла. Аўрамчык. // Які злучае напрасткі якія‑н. пункты. Апоўдні прамую дарогу на ўсход перагарадзіў высокі горны краж. Шамякін. // Гладкі, не пакручасты (пра валасы). Прамыя валасы. // Размешчаны ў цэнтры, не збоку. Была .. [Аксана] невялікага росту, ёмка складзеная, з густымі чорнымі валасамі, расчэсанымі на прамы рад. Васілевіч.

2. Які забяспечвае непасрэдную сувязь каго‑, чаго‑н. з кім‑, чым‑н. Прамая сувязь. □ У прамым вагоне Мінск — Кіеў нас чалавек дваццаць. Пянкрат.

3. Непасрэдны, без прамежкавых ступеней. Прамыя выбары. Прамыя ўказанні.

4. Шчыры, праўдзівы, прынцыповы. У сталоўцы Крэмень сустрэўся з брыгадзірам бетоншчыкаў Васілём Купчыным — ветэранам будоўлі, чалавекам сумленным і прамым. Лукша. — Дзе ж ты быў? — спытала маці. — Ды так, хадзіў поле аглядаць, сенажаці, — ухіліўся .. [Андрэй] ад прамога адказу. Дуброўскі. // Які выражае сумленнасць, праўдзівасць. Даўно .. [Рыгор] ведае Кацю, даўно знаёмы яму прамы, адкрыты позірк яе вялікіх, блакітна-прамяністых вачэй. Ваданосаў.

5. Яўны, адкрыты. Прамы выклік. Прамыя акты агрэсіі. □ Нічога не зробіш. Не палезеш у лоб, у прамую атаку. Гэтым нічога не выйграеш ні для сябе, ні для справы. Лынькоў. [Надзя] саромелася, мусіць, майго прамога позірку, бо апускала вочы. Мыслівец.

6. Не пераносны, літаральны (пра значэнні слоў). Пераноснае значэнне слова выдзяляецца ў мове і ўсведамляецца намі толькі ў супрацьстаўленні яго з існуючым прамым значэннем слова. Юргелевіч. Марына адразу зразумела гэта ў прамым сэнсе. Грамовіч.

7. Спец. Такі, пры якім павелічэнне (ці памяншэнне) аднаго выклікае павелічэнне (ці памяншэнне) другога. Прамая прапарцыянальнасць.

8. у знач. наз. прама́я, ‑ой, ж. Прамая лінія. Правесці прамую. / (з прыназоўнікам «па»). Пра напрамак, кірунак. [Камяк] круціўся ў паветры, ляцеў не па прамой. Дамашэвіч.

•••

Прамое пападанне гл. пападанне.

Ісці прамой дарогай гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)