гэ́ты, ‑ага, м.; гэта, ‑ай, ж.; гэта, ‑ага, н.; мн. гэтыя, ‑ых; займ. указальны.

1. Паказвае на асобу ці прадмет, які знаходзіцца непасрэдна перад вачамі; проціл. той (у 1 знач.). У гэтым доме школа, а ў тым — бальніца. // Паказвае на адначасовасць якога‑н. дзеяння з іншым дзеяннем, пра якое гаворыцца ў сказе. Змрок крыху расступіўся, парадзеў і перад Сяргеем Карагаю вызначылася цёмная палоска — шлях яру. У гэты момант вочы яго мімаволі, як бы самі глянулі ўперад. Колас. // Паказвае на адрэзак часу, які мае месца ў цяперашнім часе або прошлым ці будучым, што непасрэдна прымыкаюць да яго. — Ды я і лавіць [рыбу] гэтымі днямі не думаю, — захітрыў Міхалка. Бядуля. У гэты дзень Андрэй Перапечкін прачнуўся як ніколі рана. М. Ткачоў.

2. Паказвае на прадмет ці асобу, што вылучаюцца з ліку іншых. Вось пад гэтым дубам — не іначай, як пад гэтым — знайшоў .. [Якуб] некалі дваццаць баравікоў за адзін раз. Зарэцкі. Праз гэты двор прайсці прыемна: Тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. / у знач. наз. гэ́ты, ‑ага, м.; гэ́та, ‑ай, ж.; гэ́та, ‑ага, н. [Рыгор] пацішэў крыху. Раней жа праз увесь век свой усё судзіўся то з гэтым, то з тым. Чорны.

3. Паказвае на які‑н. прадмет, асобу, пра якіх гаварылася нядаўна. Балота, забалаць балот, як там ні называй, Але ступіў тут бальшавік — Ён зменіць гэты край. Купала. Мікола ўсміхаецца зноў. І ў гэтай усмешцы яго многа сталасці. Брыль.

4. у знач. наз. гэ́та, ‑ага, н. Паказвае на якія‑н. акалічнасці, падзеі, дзеянні і пад., пра якія гаворыцца ў тэксце. Я расказаў — і гэтаму паверылі. □ — Але, сынок, не мой ты... Праз гэта і плачу. Якімовіч. // Паказвае на аднародныя прадметы, выконваючы ролю абагульняючага слова. Сцены, стайні, вароты, калючы дрот у невялічкіх акенцах — усё гэта было ўкрыта густым марозным інеем. Лынькоў.

5. Паказвае на вядомыя ўжо асобу ці прадмет. [Гарлахвацкі:] Харошая дзяўчына гэта, Верачка. Крапіва. Дзіўны чалавек гэты Галілей! Зарэцкі.

6. Выражае эмацыянальныя адносіны да якой‑н. асобы ці прадмета. — Ідзі, ідзі! Канца няма жабракам гэтым! Бядуля.

•••

Гэтымі днямі; на гэтых днях гл. дзень.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

няха́й, часціца і злучнік.

1. часціца. У спалучэнні з дзеясл. 3 асобы адз. і мн. ліку цяпер. і буд. простага часу абвеснага ладу ўтварае загадны лад са значэннем: а) загаду, пабуджэння, неабходнасці. — Перадай пракурору, няхай пачакае — вызвалюся, паедзем разам глядзець. Карпаў. А ён адказваў мне: — Няхай Стаяць [курганы] на страх варожай сіле. Кірэенка; б) дазволу, згоды, уступкі. — А мы.. [крыніцы] выпусцім на прастор, — няхай бягуць, няхай звіняць, няхай працуюць на нас! Брыль. — Няхай будзе так, — згадзіўся Янка. Якімовіч; в) урачыстага закліку, пажадання. Няхай наша дружба цвіце. Колас. [Дзямід Сыч:] — Няхай іржавеюць сабе дапатопныя сярпы, і няхай звініць на нашых палетках гартаваная сталь камбайнаў. Паслядовіч. [Дзед:] — Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны. Лынькоў.

2. часціца. У спалучэнні з часціцай «бы» (з дзеясловамі ўмоўнага ладу) выражае дапушчэнне з адценнем пажадання магчымасці дзеяння, якое не адбылося. [Стралец:] — Няхай бы ты хоць якую рыбіну злавіў, каб было чым чужога чалавека прыняць. Якімовіч. Вось і сама я пашкадавала чалавека. А няхай бы на прыкладзе гэтага ўчастковага навучыліся іншыя. Асіпенка.

3. часціца. Разм. У сказах з дзеясловамі загаднага ладу ўзмацняе нежаданне. Няхай ты згары! □ — Ай, няхай ты запаветрай, ты ўсё жартуеш. Чорны.

4. злучнік уступальны. а) Ужываецца ў даданых сказах з уступальным дапушчэннем у значэнні «хоць», «нягледзячы на тое», «што». Няхай імя яго Было нам невядома — Мы неслі ўсе яму Свой лепшы шчыры дар. Глебка. // У даданых сказах з уступальным дапушчэннем, толькі з адценнем проціпастаўлення. Няхай сабе пясчаны гэты кут, Няхай няма ў ім роскашы паўднёвай, Ды мілы ён. Колас. Няхай усё гэта песня нагадала, Але я веру: будзе горад мой Такім, куды Скарына і Купала З плеядай слаўных прыдуць грамадой. Танк. б) Далучае ўступальныя звароты з абмежавальным значэннем. [Уладзіміру] было прыемна ўсведамляць, што ў гэтай вялікай творчасці мільёнаў прымае ўдзел ён, няхай на першы час хоць вучнем. Данілевіч.

•••

Няхай бог крые (мілуе, ратуе, бароніць) гл. бог.

Няхай ведаюць (знаюць) нашых гл. ведаць.

Няхай жыве! гл. жыць.

Няхай яго (яе, іх, цябе, вас) качкі (стопчуць) гл. качка.

Няхай яго, (яе, іх, цябе, вас) немач гл. немач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памі́ж, прыназ. з Р і Т.

Спалучэнне з прыназоўнікам «паміж» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з Р або Т. Ужываецца для ўказання на прадметы, пасярод якіх або ў прамежку між якімі што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Граніца паміж двума светамі. Вагоны стаялі паміж акном і сталом. □ [Сашка] падаўся да стала, які стаяў пры сцяне паміж двух акон. Чорны. На плошчу паміж Домам Урада і домам насупраць увайшлі самаходкі. Мележ. // Тое ж пры ўказанні на групу прадметаў ці асоб. Паміж нізкіх цёмна-сініх хмар прабілася малінавая палоска. Грахоўскі. Па моры плывуць караблі, Плывуць паміж рыфаў і скал. Купала. // Ужываецца для ўказання на сферу, асяроддзе, у якім што‑н. знаходзіцца, адбываецца. Ў глыбі двара стаяла хата І выглядала зухавата Паміж запушчанай будовы. Колас. Вясна кругом, адгрукалі марозы, Ручай паміж палеткамі журчыць. Броўка.

Часавыя адносіны

2. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на пачатковы і канцовы моманты, якімі абмяжоўваецца пэўны прамежак часу. Паміж дзесяццю і дванаццаццю гадзінамі. Паміж захадам сонца і змярканнем. □ Высадка павінна была адбыцца паміж 28 і 29 сакавіка паблізу Палангена. Г. Кісялёў. // Ужываецца для ўказання на з’явы, падзеі, у прамежку ці ў перапынку між якімі што‑н. адбываецца. Паміж гаворкаю дымок Віецца між сябрамі. Броўка. Інтэрвалы паміж бомбавымі разрывамі бадай што ўжо і не заўважаліся. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. з Т або Р. Ужываецца для ўказання на групу прадметаў або асоб, у асяроддзі якіх наглядаюцца ўзаемасувязі, узаемаадносіны, узаемадзеянне. [Шуфт:] Будзем лічыць, што ўмова паміж намі заключана. Крапіва. Цёпла, пранікнёна гаварыў Лазавенка аб ўмацаваны дружбы паміж калгасамі. Шамякін. Паміж старых прыяцеляў павеяў нядобры халадок. Зарэцкі.

4. з Т. Служыць для ўказання на супастаўленне якіх‑н. прадметаў, асоб, з’яў. Розніца паміж прыказкай і прымаўкай. □ З’езд [дэлегатаў арміі і тылу Заходняга фронту] з’явіўся арэнай жорсткай барацьбы паміж сіламі рэвалюцыі і контррэвалюцыі за армію. «Весці».

5. з Т. Служыць для абазначэння якой‑н. групы прадметаў або асоб, у межах якой адбываецца размеркаванне, падзея чаго‑н. Падзяліць сшыткі паміж вучнямі.

•••

Паміж двух агнёў гл. агонь.

Паміж намі (кажучы) гл. мы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сардэ́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 1 знач.). Сардэчная мышца. Сардэчная дзейнасць. // Звязаны з хваробамі сэрца (у 1 знач.). Сардэчная недастатковасць. □ [Ксёндз:] — У мяне быў сардэчны прыпадак... Чарнышэвіч. У гэты ж дзень у Лукер’і Назараўны здарыўся сардэчны прыступ, і яе забралі ў бальніцу. Марціновіч. // Прызначаны для лячэння хвароб сэрца (у 1 знач.). Сардэчныя сродкі.

2. Які мае адносіны да сэрца ​1 (у 2 знач.); звязаны з пачуццямі, настроем, перажываннямі чалавека. Стройная бландынка, забіўшыся ў куток, з сардэчныя болем і смуткам думала аб тым, як коратка і няпэўна шчасце на свеце. Колас. З узрушаным сардэчным трапятаннем Яго [салаўя] ўсе слухалі наўкол. Корбан. // Звязаны з сяброўскімі адносінамі, агульнымі інтарэсамі двух або некалькіх чалавек; блізкі. Сардэчныя адносіны. Сардэчная прывязанасць. □ Сардэчным другам ён [Аляксейчык] мне быў. Бялевіч.

3. Спагадлівы, добры, чулы (пра чалавека, яго характар). Казалі: — От быў чалавек — душа, Сардэчны і прынцыповы... Прануза. [Навум:] — Мае родныя — прыемныя людзі, сардэчныя. Яны любяць цябе. Мікуліч. Такі ўжо характар у хлопца — сардэчны і просты. Брыль. // Поўны спагадлівасць добразычлівасці, дабраты. Сардэчная сустрэча. □ З кійком старая да яе [жанчыны] кульгае, сардэчным словам і яе вітае. Дубоўка.

4. Які ідзе ад сэрца, шчыры. Сардэчная падзяка. □ Маладзечна, Маладзечна, Мой паклон табе сардэчны. Русак. Аднаму хацелася выказаць .. [Дзюмону] сардэчнае спачуванне, другому — даць параду. Шамякін. // Які кранае за сэрца, поўны шчырага пачуцця. Твой голас сардэчны а мілы, як струны Пявучае ліры, спакойны, задумны. Купала. Ведала [Надзя] таксама, калі заспяваць ім, лясным салдатам, сардэчную песню. Васілевіч.

5. Звязаны з каханнем; любоўны. Сардэчная драма. Сардэчныя справы. □ Нэлі пашкадавала ўжо, што па восені адкрыла Вользе свае сардэчныя тайны. Савіцкі. Мы стаялі [ўдваіх], і тугая каса Ненарокам кранула мой твар, І тады я адважыўся і расказаў Пра сардэчны, як кажуць, пажар. Панчанка.

6. Каханы, любы. [Крочак:] — Дык гэта ваш сардэчны друг?.. Прашу даць тлумачэнне: Што значыць ваша засмучэнні? Каго ж кахаеце з нас двух? Колас.

7. у знач. наз. сардэ́чны, ‑ага, м.; сардэ́чная, ‑ай, ж. Родны, мілы (пры ўпамінанні пра каго‑н. з адценнем ласкі, жалю, спачування). — Жаць трэба, жаць, сардэчныя, Жаць грамадой адзінаю. Куляшоў.

•••

Сардэчная сарочка гл. сарочка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́цца 1, шлецца; незак.

Зал. да слаць ​1.

сла́цца 2, сцялюся, сцелешся, сцелецца; незак.

1. Ляжаць на паверхні чаго‑н. Дыванамі слалася жоўтае лісце. Гурскі. І падаюць і сцелюцца сняжынкі на шляхі. Астрэйка. І тут [на сцежцы] снег быў некрануты, і сіняваты, і мякка, як крухмал, рыпеў пад нагамі, і зноў сляды чалавека слаліся акуратна і роўна. Кудравец. / Пра святло, цені і пад. З таго боку, адкуль чароўнай вясёлкай слаўся сонечны прамень, таксама пасыпаліся стрэлы. Кулакоўскі. Касыя, доўгія цені ад прысадаў слаліся на брук. Мурашка. // Прыпадаць, схіляцца (пра расліны). Зблытаная дажджамі трава нізка слалася па зямлі. Сергіевіч. А поруч з пшаніцай, па другі бок дарожкі, зялёнай коўдрачкаю авёс сцелецца. Колас.

2. Ляжаць, рассцілацца на вялікай прасторы. Пойдзеш ты ў свет і людзі Хадою адважнай, Прад табою слацца будзе Край наш неабсяжны. Купала. Лог зялёным дываном слаўся да рэчкі. Пташнікаў.

3. Расці, распасціраючы галіны, сцёблы, лісце па паверхні чаго‑н. У садзе былі ўжо і такія яблыні, што голлем слаліся амаль па самай зямлі. Сабаленка. Пушыста ўецца-сцелецца густая дзераза. А. Александровіч.

4. Паволі распаўсюджвацца па паверхні або над паверхняй чаго‑н. На школьным двары было яшчэ многа дыму, ён слаўся па здратаванай, уезджанай траве. Кулакоўскі. Шэрыя хмары над лесам сцелюцца, Вецер снягамі палі заносіць. Кірэенка. Над прасцягамі заросшай дрыгвы слаўся рэдкі туман. Краўчанка. Над жытам, над прыдарожным ракітнікам слаўся густы пыл. Грахоўскі. Прахалода найбольш адчувалася ля рэчкі. Лёгкі халадок слаўся па зямлі, пашчыпваў падэшвы, бадзёрыў. Хадановіч. / Пра вечар, змрок. Па полі ўжо слаўся густы змрок. Мележ. / Пра гукі. З узгорка несліся насустрач сонцу словы гімна, слаліся над сумнымі палявымі прасторамі, заклікалі. Галавач.

5. Лятаць, хутка бегчы, выцягнуўшыся ў імклівым руху. Ластаўкі неяк дзіўна сцелюцца каля самай зямлі. Гарбук. А за ворагам казакі Віхрам слаліся ў пагоні. Гаўрусёў.

6. Рыхтаваць, слаць сабе пасцель. Мы сцелемся ў халодных сенцах на нейкіх нізкіх скрынях. Чорны.

7. Зал. да слаць ​2.

•••

Лістам слацца — выдыгаць перад кім‑н., падлізвацца да каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сну, звязаны са сном (у 1 знач.). Сонны стан. □ Роўны храп.. калыхаў сонную цішыню хаты. Лынькоў. // Які бывае ў сне. У зямлянцы чулася роўнае соннае дыханне.. сябровак [Каці]. Алешка. Вахву.. пачало скоўваць соннае адранцвенне.. Твар старастаў расплываўся бясформеннай плямай. Самуйлёнак. // Адведзены для сну (пра час). І вось у адну сонную ноч хлопцы Архіпа Іванюка ціха падышлі да логава і абяззброілі ўсіх да аднаго бандытаў. Кавалёў.

2. Які спіць. А «сіцыліст» усё спіць — ураднік проста не ведае, як арыштаваць соннага чалавека. Колас. Чуваць роўнае дыханне сонных людзей. Лынькоў. / у знач. наз. со́нны, ‑ага, м. [Марыся] кінулася ў спальню і пачала тармасіць сонных. Чарнышэвіч. // перан. Агорнуты сном. Сонны дом. // перан. Пасіўны, бяздзейны. Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з воляй і доляй не бачыўся: Сонны сэрцам, душой, Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Купала. // перан. Бязлюдны, заціхлы. Сонны горад. □ Хуценька памыўшыся, Вера выйшла на яшчэ сонную вуліцу. Асіпенка. // перан. Спакойны, нерухомы. Туманок, туманок! Хто цябе навалок На прадоннае, соннае возера Нарач? Лужанін. Гэтай раніцай доктар падслухаў усе птушыныя спевы, падглядзеў, як прачынаецца сонны лес. Васілевіч.

3. Які не зусім прачнуўся або хоча спаць. — Ну, чаго? — ускочыў яшчэ сонны Мікола. Новікаў. [Гайдук] млява пацягнуўся да тэлефона.. і доўга, з д’ябальскай цярплівасцю, выклікаў сонную тэлефаністку. Зарэцкі. / Пра жывёл, птушак. На верхавіне дуба спалохана затрапятала сонная птушка. Шамякін. // Уласцівы чалавеку, які хоча спаць або яшчэ не зусім прачнуўся. Сонны выгляд. □ [Дзяжурны] глядзіць соннымі вачыма, лена пытае. Данілевіч. Захрыпеў сонным голасам Скуратовіч: — Хто там? Чорны. // Вялы, слабы, пазбаўлены жвавасці. Дзе толькі дзяваліся яго запаволеныя, нібы нейкія сонныя рухі! Паслядовіч.

4. Снатворны (пра лекі). Сонныя кроплі. // Які выклікае сон, хіліць на сон. Сонны пошум лесу. □ Дзверы ў пакой, дзе былі хворыя, адкрывалі за сабою мяккі сонны змрок. Чорны. Бачыць [Ян], як хмары ўсё больш і больш закрываюць сонца і дзень робіцца шэры, дзень без руху, сонны і нудны. Пестрак.

•••

Сонная артэрыя гл. артэрыя.

Сонная хвароба гл. хвароба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Які поўнасцю здаволіўся; які не адчувае голаду. — Цяжка табе, — паспачуваў Чыжык. — А ты цяпер займіся рыбалкай. Сам будзеш сыты і цётцы што-небудзь дасі. Няхай. — Еш сам, — засмяяўся марак. — А то не вырасцеш. [Сцёпка:] — Я сыты, не хачу. Хомчанка. / у знач. наз. сы́ты, ‑ага, м.; сы́тая, ‑ай, ж. Галодных сыты зразумець не можа, пакуль самога лёс не патрывожыць. Дубоўка. Сытаму сала не сніцца. Прымаўка. // Уласцівы чалавеку, жывёле, якія добра наеліся. Вахман заліўся сытым рогатам. Брыль. Я узненавідзеў гэтых мукамолаў, І пасечнікаў (рыжыя барады, Святыя твары, сытая адрыжка). Панчанка. Далёкі помню дзень: у лесе сыты крык драздоў, стагі ў лугах. Вялюгін. // перан. Поўнасцю, цалкам задаволены чым‑н. І цэлы дзень тады Шчасцем быў ён [Янка] сыт. Бядуля. А лепей не трывожыць успаміны, На ўсё жыццё ў нас кожны імі сыт. Пысін.

2. Разм. Укормлены, тлусты. Ад’еўшыся за лета, .. [дзікі] сытыя, сала бывае на мужчынскую дал[онь]. Пташнікаў. // Які належыць добра ўкормленаму чалавеку, жывёле. Гарадавы нездаволена скрывіўся і адышоўся ўбок, пакручваючы доўгі светлы вус на тоўстым сытым твары. Якімовіч.

3. перан. Разм. Які жыве ў дастатку, у раскошы. І стварылася ўражанне, што ўсе гэтыя сытыя і задаволеныя людзі [афіцыйнай Амерыкі] толькі і думаюць, каб мы яшчэ і яшчэ цешыліся крывавым феерверкам вайны. Лынькоў. // Заможны, багаты (пра жыццё). Але што значыць для такога чалавека [здрадніка] ўдзячнасць, калі ёсць больш моцныя магніты для яго — сытае жыццё? Мікуліч.

4. Багаты на яду, харчовыя прадукты. Купіў [дзед Малах] на марскім беразе домік, сабраўся дажываць век, ды сталася з чалавекам дзіва: усё кінуў у тым прыгожым і сытым краі, паміраць прыехаў у родную вёску. Карамазаў.

5. Разм. Сытны. Пасля сытай вячэры і самакрутак з духмянай махоркі дарэчы было б расцягнуцца .. і супачыць. Брыль. Застаўляе [пан Патоцкі] стол дубовы Сытаю ядою, Мёд, віно ў жбанах б’е пенай, Як бы мора тое. Купала. / Пра пах, пару ад яды і пад. У млявым вячэрнім паветры стаяў сыты пах свежага малака. Самуйлёнак.

6. Які мае ў сабе шмат тлушчу. Сытае мяса.

•••

Сыты па горла — з лішкам, дастаткова каму‑н. чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цёплы, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе пэўную колькасць цяпла; сярэдні паміж гарачым і халодным. Цёплая вада. Цёплае паветра. Цёплае малако. □ Дзякуй цёплым дажджам і халоднай расе за жыты, што ўзраслі ў небывалай красе. А. Вольскі. Шурпатая кара дрэва была цёплай, пахучай. Лынькоў. У хаце прыемна пахла цёплым хлебам і напаленай печкай. Мележ. // Які з’яўляецца крыніцай цяпла. Цёплая печ. □ Ты закурыш пры цёплым дарожным агні І пачуеш у сэрцы шчаслівы спакой. Кірэенка. // Які вызначаецца цяплом, уласцівым жывому арганізму. Людзі.. беглі, уцякалі ў пушчу. Схапіўшы .. сваю сонную, цёплую Верачку, — паляцела і Ліда. Брыль. // Які мае адносна высокую тэмпературу паветра. Дзень быў ціхі, ясны, цёплы, нават гарачы. Колас. Вясна выдалася дружнай і цёплай. Лынькоў. // З высокай сярэднегадавой тэмпературай. Цёплыя краіны. Цёплы клімат. □ Застаўся Іліко жыць у цёплым горадзе Поці. Самуйлёнак.

2. Які добра засцерагае ад холаду; добра сагравае. Цёплае адзенне. Цёплая коўдра. □ На плечы .. [маці] была накінута цёплая хустка. Шахавец. // Які добра захоўвае цяпло. Я знайшоў цёплае гняздо для пакалечанай ластаўкі. Бядуля. Уцякала Бандароўна У поле з цёплай хаты. Купала. // Які ацяпляецца, абаграецца; уцеплены (пра памяшканне). Цёплая палавіна хаты. Цёплы хлеў.

3. перан. Які вызначаецца душэўнай цеплынёй; ласкавы, добразычлівы; сардэчны. — Я люблю дзяцей, — з цёплай, пяшчотна задуменнай усмешкай кажа Іра. Гарбук. // Прасякнуты добрымі пачуццямі да каго‑н. Можа, ніхто так не сумуе па цёплым слове з дому, як салдат. Скрыган. // Які складаецца з блізка знаёмых людзей; прасякнуты сардэчнымі, душэўнымі адносінамі. Марына Паўлаўна і Саша вячэралі ў цёплым кругу чужой і такой блізкай з гэтага вечара ім сям’і. Васілевіч. І ў цёплым сяброўстве За гэтым сталом Раскрыем душу Для ўваходу Вялікага слаўнага Новага года І чаркі напоўнім Віном. Хведаровіч.

4. перан. Мяккі, прыемны для зроку, слыху. Цёплая музыка. □ І здаровае, крамянае надвор’е, і яркія цёплыя фарбы маглі б толькі радаваць і бадзёрыць нашых хадакоў. Якімовіч. // Пра чырвона-карычневы тон спектра ў процілегласць сіне-блакітнаму. Цёплы тон пейзажу.

•••

Цёплае месца гл. месца.

Цёплая кампанія гл. кампанія ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

другі́, ‑ая, ‑ое.

1. Ліч. парадк. да два (у 1 знач.). Другі па парадку. Другі дом з краю. Другая дзея п’есы. □ Дрэва хіснулася раз, другі; за трэцім разам гучна трэснула каля кораня і ўпала. Колас. На другой старонцы [газеты] быў надрукаваны ўказ аб прысваенні пачэсных званняў настаўнікам. Корбан. // Які робіцца або адбываецца паўторна. На гэтых папялішчах і пачалося другое нараджэнне калгаса. Якімовіч. // Ужываецца ў спалучэнні «адзін — другі» пры проціпастаўленні, пералічэнні. І хаты няроўныя тут, як і людзі: адна большая, другая меншая. Колас. [Барада] няроўная ў .. [дзеда] — адна палавіна густая, другая — рэдкая. Лынькоў.

2. Не такі, інакшы, непадобны да гэтага або ранейшага. Зусім другі голас чуе Паўлік — дабрадушны, ласкавы. Сташэўскі. За край небасхілу пралезла раўніна, І воблік зямлі стаў адменны, другі. Танк. // Процілеглы. Пераехаць на другі бераг ракі. □ Павел загадаў двум рабочым перайсці на другі бок пакгауза. Лынькоў.

3. Не гэты, іншы. Людзі гавораць, кахае Хлопца дзяўчына другая. Прыходзька. — Другім разам прыходзьце. Зараз няма калі. Спяшацца трэба. Кандрусевіч. / у знач. наз. другі́, ‑ога, м.; друга́я, ‑ой, ж. Другога слухай, а свой розум май. Прыказка. Сам не гам і другому не дам. Прымаўка. // у знач. наз. другі́я, ‑іх. Астатнія, іншыя. Штось новае кожны бачыў І сам у сабе і ў другіх. Колас. О, не хадзі к другім за радай, — У пушчы сонца не шукай! Купала.

4. Які замяняе першага, сапраўднага. Другая радзіма. Быць другім бацькам для дзяцей.

5. перан. Не галоўны, другарадны. На другіх ролях. На другім плане. // Які выконвае дапаможную партыю. Другая скрыпка. // Ніжэйшы, горшы па якасці за першы. Другі сорт. Каюта другога класа.

6. Разм. Некаторы, іншы, які-небудзь. І зробіць яшчэ Сцёпка такія выбрыкі ў паветры, што і артыст другі пазайздросціць. Колас. Была Марылька такая смелая, што і хлопец другі не дакажа. Якімовіч.

7. у знач. наз. друго́е, ‑ога, н. Страва, якая падаецца пасля першай. — Што там у цябе сёння на другое? — адставіўшы пустую талерку і адсопваючыся, спытаў Харытон Ігнатавіч. Васілёнак.

8. у знач. пабочн. друго́е. Па-другое. — А другое, усе мы гарапашнікі, неўзабаве будзем мець уласныя надзелы зямлі. Бажко.

•••

Адзін другога варты гл. адзін.

Адзін за другім гл. адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Другая маладосць гл. маладосць.

Другая натура гл. натура.

Другі раз; другім разам гл. раз.

Другое дыханне гл. дыханне.

З другой оперы гл. опера.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звярну́ць, звярну, звернеш, зверне; зак., каго-што і без дап.

1. без дап. Сысці або з’ехаць з дарогі, мяняючы напрамак руху. Валодзя пайшоў налева, Сяргей — прама, а Міша звярнуў направа. Курто. Каб не ісці вуліцай, дзе — яна ведала — яе будуць сустракаць і распытваць, Таццяна звярнула са шляху на сцежку і пайшла гародамі. Шамякін. // Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). А грэбля крывая, Як той паясок, То зверне направа, То зверне набок. Бядуля. // Перайшоўшы якую‑н. мяжу, павярнуць на другую пару сутак (пра нябесныя свяцілы). На чыстым небе сонца даўно звярнула з паўдня. Алешка.

2. каго-што. Накіраваць у які‑н. бок ад дарогі (каня, машыну і пад.). Звярнуць машыну з дарогі. □ Звярнуў [мужык] каня ў лес, прывязаў да дрэва. Якімовіч. / у перан. ужыв. І ніхто цябе не зверне Са шляхоў прасторных. Купала.

3. Разм. Варочаючы, зрушыць з месца або скінуць што‑н. цяжкае. Звярнуць камень з дарогі. Звярнуць воз пяску. // Ударам, штуршком збіць набок, паваліць. Машына звярнула слуп.

4. перан. Перавесці гаворку, думкі і пад. на іншы прадмет, тэму. Сэрца з сэрцам гаварыла Цеплынёю шчырых слоў, Пачалі пра лён гаворку, А звярнулі на любоў. Русак. І ў вагоне ўжо зноў гутарку звярнулі на коласаўскіх Сцёпку і Алёнку. Васілевіч.

5. Разм. Пералажыць, зваліць (віну, правіннасць і пад.) на другога. Я расказаў Беразняку ўсё па парадку: як Усцім прывёз у млын субар, як яны з Леўкам укралі два мяхі і ўсё звярнулі на бацьку. Сабаленка.

6. Аддаць назад, вярнуць што‑н. узятае. Тут жа ляжыць і адозва акупацыйнай польскай улады да абшарнікаў, каб яны варочаліся і займалі свае «законныя» маёнткі і сядзібы, а сяляне каб звярнулі ім розны набытак, забраны імі ў часе рэвалюцыі і ўлады Саветаў. Колас.

7. Разм. Схіліць, павярнуць набок, убок. Звярнуць галаву набок. / у безас. ужыв. — Табе ж цяжка рукі завярнуць, каб табе.. яндоўку тваю на патыліцу звярнула. Крапіва.

8. Разм. Неакуратна скідаць, зваліць у адно месца многія прадметы. Звярнуць дровы ў кучу.

•••

Звярнуць горы — выканаць вялікую, цяжкую работу.

Звярнуць на сябе ўвагу — вызначыцца чым‑н., зацікавіць сабой.

Звярнуць увагу каго на каго-што — паказаць каму‑н. на каго‑, што‑н., прымусіць заўважыць.

Звярнуць увагу на каго-што — заўважыць каго‑, што‑н., зацікавіцца кім‑, чым‑н., улічыць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)