аблі́чча, ‑а, н.
1. Твар; рысы, выраз твару. Пазнаць па абліччы. Суровае аблічча. □ З галавы ні на хвіліну не выходзіла аблічча маладой дзяўчыны. Колас. Штурхаючыся, збіваючы людзей з ног, Толя бегаў.. ўзад і ўперад, выглядаючы знаёмае аблічча. Якімовіч. // Вонкавы выгляд каго‑н. Вонкавае аблічча. Дзіўна, наколькі яго [зубра] аблічча гарманіравала з навакольным лясным пейзажам. В. Вольскі. Усё.. аблічча [дзяўчыны] выдавала яе ўсходняе паходжанне. Васілевіч.
2. Агульны вонкавы выгляд, сукупнасць адметных рыс, характэрных чаму‑н. Суровае ваеннае аблічча сталіцы. Пераўтварыць аблічча зямлі. □ Камуністы аблічча краіны змяняюць, Упрыгожваюць гарадамі, садамі, Небывалыя ў полі расцяць ураджаі, Азараюць зямлю залатымі агнямі. Танк. Сціраецца аблічча старой вёскі. Дуброўскі.
3. перан. Індывідуальнасць, унутраны змест каго‑, чаго‑н.; духоўны склад, характар. Маральнае аблічча савецкага чалавека. Творчае аблічча пісьменніка. Нацыянальнае аблічча літаратуры. □ Замаскіраваны вораг умеў схаваць сваё аблічча за гучным словам, за бездакорнымі паводзінамі ў побыце. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кручо́к, ‑чка, м.
1. Памянш. да крук (у 1–4 знач.); невялікі крук. Павесіць паліто на кручок.
2. Прыстасаванне рознай формы з загібам на адным канцы, якое служыць для зачэплівання чаго‑н. Вязальны кручок. Рыбалоўны кручок. // Прыстасаванне для віцця вяровак. Я прынёс з сяней пакулле, дастаў кручкі, пачаў віць лейцы. Асіпенка.
3. Росчырк, завіток на пісьме. Стаўшы на лаве, Ніна вымае з-за іконы сшытак, які хавае туды ад Толіка. Садзіцца за сталом і пачынае крэмзаць свае кручкі і кружочкі. Брыль.
4. перан. Разм. Зачэпка, прыдзірка да каго‑н. [Гарбулёў] стараўся збянтэжыць Саламона рознымі спосабамі, скампраметаваць яго перад людзьмі. На гэта ў Гарбулёва было шмат кручкоў: Саламон кепска [вало]дае расійскай мовай. Не ведае матэматыкі. Не ведае такту. Бядуля.
5. Неадабр. Тое, што і кручкатвор.
6. Уст. Мера гарэлкі, роўная 250 г. Лабановіч цішком паслаў бабку Параску ў манапольку па кручок гарэлкі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
куля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
Пераварочвацца цераз галаву; перакульвацца. То адзін, то другі з хлапцоў бліскаючы пяткамі, куляўся цераз галаву. Самуйлёнак. // Разм. Падаць, пераварочваючыся. Воўка аніяк не мог утрымацца на лыжах і раз-поразу куляўся ў снег. Кавалёў. Навокал шугала ўгору зеленаватае полымя выбухаў, адзін за адным куляліся ў чорную прорву вагоны. Паслядовіч. // Бегчы, перавальваючыся то на пярэднія, то на заднія ногі (пра жывёл). Вымчаўся [бацька] на дарогу, аглянуўся — куляецца здалёк за ім якаясьці звярына: ні то воўк, ні то мядзведзь. Якімовіч. // Моцна хістацца, трапляючы то пярэднімі, то заднімі коламі ў яміны, калдобіны (пра сродкі перамяшчэння). Недзе на першай палове шляху шаша прападае, і аўтобус ужо бяжыць, куляецца па прасёлкавых дарогах. Ракітны. // Рабіць мёртвую пятлю; пераварочвацца верхняй часткай уніз і наадварот (пра самалёт). [Машыніст] заўважыў, што лётчык кідаецца з боку ў бок, куляецца, значыць, у яго бомбаў няма. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заплы́сці 1 і заплы́ць 1, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.
Плывучы, трапіць куды‑н., за што‑н. Заплыць за востраў. Далёка заплыць. □ Зялёнае возера, сярод якога шэрыя выспачкі-будынкі. Куды можна заплысці па яго хвалях? Гартны.
заплы́сці 2 і заплы́ць 2, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. заплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым і без дап. Напоўніцца, пакрыцца чым‑н. цякучым, сыпкім. Вочы заплылі слязамі. □ Грузкім глеем заплылі Скрозь старажытныя дарогі. Зарыцкі. Нанава заплыла граззю, скупа зарасла зверху травою. Крапіва. // Зрабіцца маленькім, звузіцца ад распаўнелых або распухлых шчок (пра вочы). Вочы заплылі хіжаю сыццю. Гарэцкі.
2. чым і без дап. Распаўнець (ад тлушчу, ацёкаў, пухліны і пад.). [Верхаводка:] Табе хоць трохі трэба рухацца, а то заплывеш. І так на табе лопаецца ўсё, а тады зусім, як тая бочка будзеш. Губарэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ігра́,
1. Выкананне музычнага твора на якім‑н. інструменце. Час ад часу .. [Майбарада] спыняў ігру і, не адрываючы гармоніка ад губ, падоўгу глядзеў у неба, дзе плылі белыя хмаркі. Шамякін.
2. Выкананне сцэнічнай ролі. Поспех, якім карыстаецца «Паўлінка» ў пастаноўцы купалаўцаў, абумоўлен майстэрскай ігрой артыстаў. Ярош. Так забаўляла ўсіх .. ігра [дзядка], што цяпер мала хто ўжо сачыў і за ходам дзеі, і за перажываннямі герояў. Краўчанка.
3. Тое, што і гульня (у 2 знач.). Спартыўныя ігры. Ігра ў шахматы. Ігра ў карты.
4. Хуткая змена, пералівы колераў, святла і пад. Ігра фарбаў. Ігра колераў. □ [Калгаснікі] стаялі і сачылі га дзіўнай ігрой хмар. Шамякін. Коцяцца воды ўдаль, Хваляў чаруе ігра. Лявонны. // Выразная зменлівасць (твару, вачэй і пад.). Ігра мускулаў твару.
5. Наўмысныя дзеянні, якія маюць пэўную мэту; тайныя задумы, інтрыгі. Біржавая ігра. □ Пачулія, зацікаўлены, моўчкі глядзеў на Сімонавы манеўры. Ён хацеў разгадаць ягоную ігру. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
борт 1, ‑а, М ‑рце; мн. барты, ‑оў; м.
1. Верхні край бакавой сценкі, а таксама бок марскога або рачнога судна, самалёта. Дзень, калі мы ступалі на борт парахода, быў для нас сапраўдным святам. Лынькоў. Блізка берагу.. Пятрусь надумаўся перайсці ад кармы да свайго месца — бакавога вясла. Пры гэтым пераходзе ён ступіў адной нагой на борт, і... усе апынуліся ў вадзе. Дубоўка. Над галовамі часта праляталі самалёты — цяжкія бамбардзіроўшчыкі з чорнымі крыжамі на бартах і вёрткія тупарылыя «ястрабкі» з чырвонымі зоркамі. Якімовіч. // Сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і пад. Каля вагі стаяў цёмна-зялёны грузавік з адкінутымі бартамі. Паслядовіч.
2. Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і пад.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.
•••
Апынуцца (аказацца) за бортам гл. апынуцца.
Выкінуць за борт гл. выкінуць.
[Фр. bord.]
борт 2, ‑у, м.
Адна з разнастайнасцей зярністых утварэнняў алмазу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
дзед 1, ‑а, М ‑дзе, м.
1. Бацькаў або матчын бацька. А вакол стаяць дзяўчаты, Шмат хлапцоў, мужчын, кабет. Тут сынок, ды тут і тата, Тут і ўнучак, тут і дзед. Крапіва.
2. Стары чалавек. Па раёну ходзіць слава, Што Анісім — мудры дзед. Панчанка.
3. Разм. Муж. Добра каша пры хлебе, добра баба пры дзедзе. Прыказка.
•••
Дзед Мароз — казачная істота, увасабленне марозу ў выглядзе дзеда з доўгай сівой барадой, у кажуху, зімовай шапцы, з кіем у руцэ. Вокны друкарні зусім замурованы дзівоснымі ўзорамі Дзеда Мароза. Брыль.
За дзедам-шведам — вельмі даўно.
Следам за дзедам гл. следам.
дзед 2,
гл. дзяды 2.
дзед 3, ‑а, М ‑дзе, м.
Уст. Прыстасаванне, у якое ўтыкалася лучына для асвятлення хаты. Цьмяна гарэла лучына, уваткнутая ў дзеда — спецыяльна зробленую для гэтага прыладу. Чарнышэвіч. [Гаспадар] схадзіў у цёплую хату, вынес адтуль «дзеда» з лучынай, з запальніцы падпаліў. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
забі́цца 1, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; ‑б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.
1. Ударыўшыся, разбіцца насмерць. Зваліўся з дрэва і забіўся.
2. Разм. Забрацца, схавацца куды‑н. [Унук] забіўся ў куток на печ і ціха плакаў там, каб не чулі. М. Стральцоў. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. Быкаў. // Заехаць, зайсці куды‑н. далёка. [Доктар] палічыў за лепшае забіцца ў гэты сапраўды глухі, далёкі ад чыгункі і добрых дарог гарадок. Васілевіч. Страх ахапіў .. [Патапчыка], і ён зноў кінуўся бегчы ў глыб лесу. Забіўся ў такі гушчарнік, што нельга было ісці. Чарнышэвіч.
3. Пранікнуць, папасці куды‑н. (пра ваду, пыл, снег і пад.). Асцё забілася за каўнер.
4. Засмеціцца, закупорыцца. Труба забілася пяском.
5. Паддацца забіванню, аказацца забітым, увагнаным у што‑н. Паля лёгка забілася.
забі́цца 2, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; б’ёмся, ‑б’яцеся; зак.
Пачаць біцца (у 1, 3 і 5 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ныць, ныю, ныеш, ные; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Балець (пра адчуванне тупога, цягучага болю). Ныла спіна, балела шыя... балеў пад пахай рубец. Даўно ён ужо не ныў. Пташнікаў. Туравец стаў больш адчуваць, як ные параненая рука. Мележ. / у безас. ужыв. Хлопцам прыходзілася ўвесь час нізка прыгінацца, ад гэтага ныла ў паясніцы. Шахавец.
2. Надакучліва скардзіцца на што‑н. Большасць рабочых жыве ў навакольных вёсках, ходзіць на працу за 3–5 кіламетраў, і ніхто не ные, ніхто нічога не патрабуе. Грахоўскі. Адзін не мае часу носа ўцерці за работаю, а другі ные ад таго, што не ведае, куды яму дзець лішні час. Крапіва.
3. перан. Разм. Цягуча, жаласна гусці. Улетку галлём зялёным шуміць.. [шлях], а ўзімку адзінока ныюць на слупах драты. Скрыган. Пад столлю нылі камары. Самуйлёнак. У вяршалінах дрэў нудна ныў вецер. Новікаў.
•••
Душа (сэрца) ные гл. душа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.
1. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н.; згадзіцца. Пагадзіцца з прапановай. □ — Так, нялёгкі быў час, — пагадзіўся.. [Понтус], намагаючыся стаць самавітым. Карпаў.
2. Разм. Даць згоду на што‑н., згадзіцца. З Іванам дамовіцца было не цяжка: ён адразу пагадзіўся быць правадніком. Новікаў.
3. Прыйсці да згоды, сысціся на чым‑н. Усе пагадзіліся ісці пехатою. □ Пагадзіліся на тым, што за старшыню будзе Анісім Папок. Сабаленка.
4. Памірыцца з кім‑н. Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём. Колас. // Прымірыцца з чым‑н., прывыкнуць да чаго‑н. Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару. Быкаў. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. Колас.
5. Разм. Наняцца працаваць на пэўных умовах. Гаспадыня ўжо не рада была і той даплаце, за якую пагадзілася даглядаць Уладзіка. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)