перуно́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да перуна (у 1 знач.). Чорнае дупло, у якім хаваліся ад дажджу, стала яшчэ большае, ды верхавіна ад перуновага ўдару крыху расшчапілася і засохла. Ляўданскі. Спевы, грукат перуновы Слухаць буду рад, Толькі не грымі ты, лесе, Грукатам гармат. Русак.

2. перан. Аглушальны, вельмі моцны, гулкі. Размахнуўся з-за пляча гранатай — Раз! — і грымнуў перуновы выбух. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прагрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.

Поўнасцю пагрэцца. Стоячы на ўзгорку, дзе зямля ўжо падсохла, прагрэлася і рунь па-вясноваму зазелянела, Іван Васільевіч па жартаўлівых рэпліках, па іншых дробязях, па тым, напрыклад, як прыкурвалі, як смяяліся, адчуў: раптам змяніліся адносіны да яго гэтых двух саўгасных кіраўнікоў. Шамякін. Лес ужо добра прагрэўся сонцам, ад сасняка, які рос недалёка, патыхала цёплай смалой і багуном. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кні́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да кнігі (у 1 знач.), звязаны з кнігай. Кніжны гандаль. Кніжная вокладка. // Прызначаны для кніг. Кніжная шафа. Кніжная паліца. // Які гандлюе кнігамі. Кніжны кіёск. Кніжны магазін.

2. Пачэрпнуты з кніг, не падмацаваны жыццёвым вопытам. Кніжныя веды. Кніжная мудрасць.

3. Характэрны для пісьмовага літаратурнага тэксту. Кніжны выраз. Кніжная мова. Кніжны стыль.

•••

Кніжная палата гл. палата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кра́мны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да крамы. Над жалезным крамным дахам узвышаўся верх будынка і вежа. Чорны.

2. Фабрычнага вырабу, куплены ў краме (пра матэрыю, вырабы з яе і пад.). Маці косы заплятала Новым, крамным касніком! Броўка. / у знач. наз. кра́мнае, ‑ага, н. Апрануты [дзед Юрка] ва ўсё крамнае: белая вышываная сарочка з чорнай камізэлькай, картовыя штаны, увабраныя ў юхтовыя боты. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

легенда́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да легенды ​1; з’яўляецца легендай ​1 (у 1 знач.). Легендарнае апавяданне. // Вядомы толькі па легендах; казачны. Легендарнае тэматыка.

2. Авеяны легендамі ​1; незвычайны, небывалы. Легендарныя подзвігі. Легендарнае слава. Легендарны горад.

3. перан. Непраўдападобны, неверагодна, выдуманы. Легендарныя чуткі. □ Так многія з нас першы раз трапілі ў гэты край, дзе легендарнае і рэальнае перапляталіся так шчыльна. Залескі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пусты́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пустыні; уласцівы ёй. Пустынны клімат. Пустынныя вобласці. □ У высокіх гарах на паўдні нашай радзімы можна знайсці тры, а часам і чатыры поясы расліннасці: пустынны, стэпавы, лясны і альпійскі. Гавеман.

2. Пусты, бязлюдны. Тысячы рознакаляровых іскарак пераліваліся на заснежаным пустынным полі. Лынькоў. Яны зноў ішлі па вуліцах, ужо сцішаных па-начному і пустынных, зусім бязлюдных. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

радні́цца, раднюся, роднішся, родніцца; незак.

1. Уступаць у адносіны роднасці з кім‑н. Не хацеў радніцца з Вайцехам Андрэй... Пташнікаў. Берберы ў гарадах апраналіся, як рымляне, насілі рымскія імёны, радніліся з рымскімі пасяленцамі. В. Вольскі.

2. Мець падабенства; збліжацца. Мардва па мове раднілася больш з «рускімі» — окала. Васілевіч. Вершы Купалы перыяду 1905–1907 гг. .. родняцца з аналагічнымі творамі Някрасава. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разно́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да разносу, прызначаны для разносу (у 1 знач.). Разноснае блюда.

2. Звязаны з продажам уразнос, прызначаны для такога продажу. Разносны тавар.

3. Які служыць для рэгістрацыі выходнай карэспандэнцыі. Разносная кніга.

4. Разм. Які змяшчае рэзкую крытыку. Разносны артыкул.

5. Спец. Які перавышае дазволеную разлікам колькасць абаротаў рухавіка, выклікаючы разбурэнне частак машыны. Разносная скорасць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сілуэ́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сілуэта (у 1, 2 знач.); з’яўляецца сілуэтам. Сілуэтнае мастацтва. □ Яны стаялі побач перад апушчаным акном, глядзелі па зорнае неба, на сілуэтнае мільганне тэлеграфных слупоў і то маўчалі, то зноў гаварылі. Брыль.

2. У архітэктуры, скульптуры і пад. — контурны. Старажытныя храмы ў спалучэнні з маляўнічымі руінамі замка ствараюць своеасаблівую сілуэтную кампазіцыю Навагрудка. «Помнікі».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слюдзяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да слюды, змяшчае ў сабе слюду. // Зроблены з слюды. Слюдзяны ізалятар. Слюдзяная пракладка. □ Слюдзяная покрыўка адбівала святло і перашкаджала бачыць карту. Самуйлёнак. // Звязаны са здабычай і апрацоўкай слюды. Слюдзяныя распрацоўкі.

2. Які нагадвае слюду, падобны на слюду (бляскам, колерам і пад.). Слюдзяныя вочы шчупака. □ За цёмнымі шыбамі, зацягнутымі слюдзянымі наплывамі лёду, глухі шоргат і шапаценне. Кудравец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)